реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 7)

18

Як бы там ні было, да рэстарана «Дняпро» мы падкацілі з шыкам. I тут ужо раскашэліўся сам Лебедзеў: зачыняючы за сабой пярэднія дзверцы, паклаў на сядзенне побач з шафёрам тры рублі. Развітаўся з ім велічна:

— Да пабачэння, шэф!

Напэўна, усё-такі для Лебедзева гэта было звычайным, бо яго хлопцы не адрэагавалі на купецкі жэст. А мне стала няёмка за шафёра, які з такой гатоўнасцю прадаваўся першаму стрэчнаму. Хацелася крыкнуць: дзе тваё рабочае сумленне! Але толькі моўчкі правёў вачамі па нумары машыны і адвярнуўся да вогненнай шыльды з назвай рэстарана, у якой у надпісе адваліўся хвосцік літары «р», і яна цяпер чыталася неяк касмічна: «Дняпоо».

Перад зачыненымі дзвярамі, за якімі бачылася грозная фірменная постаць швейцара, тоўпіліся людзі. У гэтым не было нічога дзіўнага. Горад наш немалы, прамысловы. Акрамя сваіх шмат камандзірованых, і ім, можа, не выпіць, а павячэраць ці проста, не маючы куды дзецца, пасядзець у цяпле-святле хочацца. Да іх я адчуваю спагаду — не соладка быць чужым у горадзе. Ды каб толькі дарослыя пнуліся ў тлумны рэстаранны чад. Свае, мясцовыя, развязныя юнцы, шумлівыя нафарбаваныя дзяўчаты, сярод якіх заўважаю дзвюх зусім маладзенькіх. Мітусяцца, заглядваюць у шыбы прагнымі вачамі, быццам за гэтым тоўстым шклом для іх прыгатаваны заморскія цуды. Баюся, хто-небудзь і правядзе, і кілішак-другі паднясе, не за так, вядома, а яны, гуляючы ў сучасных, не адмовяцца і потым не адмовяць… На жаль, бывае. Узяць бы добрую папружку ды ўрэзаць гэтым недаросткам па тым месцы, якое завуць мяккім і якое ў іх яшчэ аб’ёмнасці не набыло, каб не бадзяліся, дзе не трэба. А я нават турнуць адсюль іх не магу. Звычайнага грамадзяніна не паслухаюцца, бо, напэўна, і на бацькоў не зважаюць. А пасведчанне супрацоўніка міліцыі — адзінае, што на іх, можа, яшчэ падзейнічае, з кішэні не выцягнеш. Хаця б дружыннікі падышлі…

Для нас дзверы адчыніліся. Ніяк не магу спасцігнуць, чаму звычайна ў рэстаранах шалапутам выказваюць павагу і швейцары, і гардэробшчыкі, і метрдатэлі з афіцыянткамі? Гатовыя пылінку з пляча языком злізаць, крэсла патрымаць, пакуль зад зручней не ўладкуюць, а ўсядуцца — з усмешачкай адразу заказ прымуць. Побач жа будзе сядзець сталы і сціплы чалавек; і на яго, як нехта добра сказаў, нуль увагі, фунт знявагі. Наўрад ці справа толькі ў шчодрасці, якую праяўляюць Лебедзевы і Самсонавы. Хутчэй за ўсё гэта — еднасць душ, непераборлівасць, калі наперадзе замаячыць капейка. Як змагацца з гэтым злом, з гэтай багнай, што паглынае і старога швейцара, і маладога Грыгаровіча? Аднымі ўшчуваннямі, якіх мы не шкадуем, спрабуючы выхоўваць, бадай, не абысціся. Патрэбны нейкія іншыя, рашучыя меры. А якія канкрэтна — не ведаю ні я, ні, мабыць, тыя, хто павінен гэтым займацца. Усе мы толькі паабураемся, як вось я зараз, і адразу забудзем…

У вестыбюлі было змрочна. Нешматлікія цьмяныя бра, вакол якіх клубіўся цыгарэтны дым, паднімаючыся пад столь, давалі мала святла. Можа, такі стыль падобных устаноў, а можа, адміністрацыя эканоміла на асвятленні. 3 залы, куды вяла шырокая паўкруглая лесвіца з белага мармуру, неслася бадзёрая музыка. Там танцавалі. Хто што ўмеў. Ды не дзіва. Я, напрыклад, не мог улавіць нейкія пастаянныя рытмы. Відаць, танцору з затуманенымі віном мазгамі дастаткова, каб толькі нешта гучала. Ён, мабыць, і пад тамтам скакаў бы з не меншай асалодай. Абы звінела, ляпала, завывала.

Аднак музыка не мой клопат. Мне не спадабалася іншае. У маіх спадарожнікаў тут аказалася шмат знаёмых. Быццам гэта не рэстаран, а калідор нейкай установы ў час абедзеннага перапынку. I мае падапечныя займаюць у ёй важныя пасады. 3 аднымі хлопцы толькі віталіся, з другімі перакідваліся словам, з трэцімі абдымаліся, нібы пасля доўгага расстання… Лебедзеў, здалося, аж змяніўся з выгляду. Нават звычайная сутуласць знікла, а ён сам стаў быццам больш сталым і значным. Кагосьці ляпаў па плячы, камусьці нешта шаптаў у вуха. Увогуле, гэта было натуральна. Як мне вядома, і Сямён, і яго прыяцелі былі тут сваімі. Але паспрабуй у такіх абставінах выявіць іх сапраўдныя сувязі, якіх, можа, і няма наогул у тым сэнсе, што ўяўляецца нам. Даў жа Пётр Пятровіч мне задачку!

Наверх мы не пайшлі. Абмінуўшы лесвіцу, Сямён павёў нас у бар. Па-першае, сказаў, мы сюды не харчавацца прыйшлі, а па другое, менавіта ля стойкі з кактэйлямі збіраюцца вяршкі гарадской моладзі. Ну што ж, паглядзім гэту смятанку. Хаця не думаю, каб ён сцвярджаў гэта сур’ёзна. Лебедзеў, як я ўсё больш пераконваўся, зусім не дурань. Мне нават здалося, што ён насміхаецца з тых, з кім побач бавіць вечары. Вось толькі ці з усіх? Можа, і ў яго тут ёсць кумір?

У бары святло было прыглушанае і амаль не даносілася музыка, якая грымела ў рэстараннай зале. Умовы як спецыяльна для задушэўных размоў.

Мы селі за нізенькі столік непадалёк ад дзвярэй. Я ледзь прыстроіў свае доўгія ногі. Агляд не надта добры, ды самыя ўтульныя і зручныя месцы даўно захоплены больш увішнымі юнцамі і дзяўчатамі. Гэтыя, напэўна, штовечар прыходзяць сюды. Выпіць, пагаварыць. Пра што, цікава? У мяне такое ўражанне, што ўсе яны адно аднаму абрыдлі, прыеліся. Усё перагаворана даўно, здарэнняў у іх жыцці ніякіх. Але не прыйсці нельга. Тут у іх своеасаблівы клуб, тут можна адно перад адным павылузвацца. Няўжо гэта задавальняе?

Чацвёрка недаросткаў сядзіць злева ад нас пад бра з жоўтым шкляным абажурам, і я магу разгледзець іх лепш за астатніх. Доўгавалосыя хлопцы, падобныя на дзяўчат, у аблезлых джынсах і падобныя на хлопцаў худыя анемічныя дзяўчаты з яркай фарбай на губах і абы-як рассыпанымі па плячах валасамі. 3 глыбакадумным выглядам, быццам абмяркоўваюць найсур’ёзнейшую праблему, пыхкаюць цыгарэтамі і слухаюць хліпкага бледнага юнака. Пайшлі ж мужчыны! Міжволі пераводжу позірк на сваіх застольнікаў. Не, мае мужнейшыя. I то, Самсонаву з Грыгаровічам нагрузкі мускулам хапае на працы, а Лебедзеў, няйначай, раніцай гантэлі рукамі ўзважвае.

Злавіўшы мой погляд, Сямён з усмешкай круціць галавой.

— Падабаецца?

Ківаю на суседзяў і кажу:

— Саплюкі…

— А дзе спагада да чалавечых слабасцей? — ён гучна смяецца.

От і маеш, чаго добрага, выхоўваць возьмецца. Трэба, мабыць, агрызнуцца, усё-такі універсітэцкі дыплом у мяне, а не ў яго:

— Распуста, а не слабасць.

— Мы сюды таксама не на чай прыбылі,— Сямён не гарачыцца, і мне гэта падабаецца. Хаця першы раунд я і не выйграў. А ён звяртаецца да Грыгаровіча: — Федзя, чаго-небудзь лёгенькага.

Грыгаровіч паслухмяна кіруецца да стойкі, за якой сумуе прылізаны круглатвары бармен.

— Між іншым, машынабудаўнічы скончыў,—тлумачыць мне Самсонаў пра хлопца, які ў гэты момант нешта цыркае з бутэлькі ў высокія вузкія келіхі.— За трох інжынераў мае.

— Крадзе па дробязях,— зняважліва дапаўняе Лебедзеў.

Пра гэта я здагадваюся і без яго. Я наогул не магу зразумець пры ўсёй павазе да прафесій сферы абслугоўвання, чаму маладыя людзі з дыпломамі інжынераў або настаўнікаў раптам перакваліфікоўваюцца ў афіцыянтаў і барменаў. Аднак зараз я адзначаю для сябе іншае. Сямён зусім не зайздросціць гэтаму дыпламаванаму спецыялісту па недаліву і збору чаявых, ён нібы толькі выконвае абяцаную мне ролю — быць аб’ектыўным гідам і знаёміць з чарговым экспанатам. Так яно, зрэшты, і павінна быць. Барменства — не яго ідэал. Лебедзеў жа дэклараваў, што сам наймае, сам дае на чай. Вось толькі з якой крыніцы чэрпае? У бацькі, хоць ён і важны чалавек, зарплаты на сям’ю і сынавы гулянкі не хопіць. Бацька чалавек сумленны, не злоўжывае службовым становішчам, не крадзе. Спадзяюся што і сынавы даходы да кватэрных або якіх іншых краж не маюць дачынення. Не верыцца, што разумны ўвогуле хлопец з прыстойнай сям’і можа апусціцца да злачынства. Я абдумваю гэта даўгавата, і Лебедзеў насмешліва ставіць кропку:

— Паслугач!

Сябе ён, няйначай, бачыць у іншай якасці.

I тут Сямён раптам, узвысіўшы голас, весела камандуе:

— Федзька, два салодкіх для дам!

Тады і я заўважаю, што ў дзвярах, адхінуўшы і не выпускаючы з рук цяжкую плюшавую парцьеру, стаіць чарнявая маладзіца, а з-за яе выглядае другая, вышэйшая.

Што за яны?

Пачуўшы вокліч Лебедзева, чарнявая ўзняла руку і памахала, ці то вітаючыся на адлегласці, ці то падаючы знак, што бачыць нас, і дзяўчаты накіраваліся ў наш бок.

А я ажно разявіў рот ад захаплення. Першая з дзяўчат была не проста шыкоўная. Яна была — крык, нават лямант моды. Ён ірваўся з квяцістага, надта паўднёвага плацця; з гладка зачэсаных валасоў — доўгіх, цёмных, перахопленых нейкай неверагоднай заколкай, пералівіста-зіхатлівай у змрочным святле насценных бра-плафонаў; з яркіх чорных вачэй, абведзеных па павеках серабрыстымі бліскаўкамі. Дзяўчына ішла, не, больш дакладна, несла сябе і, як магніт, прыцягвала поўныя захаплення і зайздрасці позіркі юных марнатраўцаў жыцця. Яна была з тых, хто і на вуліцы не саступіць дарогу нават самазвалу.

— Марсіянка! — нарэшце здолеў прашаптаць я, далучаючыся да агульнага нямога крыку, і ўскочыў з месца.

Хіба я мог сядзець, калі такія дамы стаяць стойма.

— Усход, Індыя,— павучальна вымавіў Самсонаў. Якая эрудыцыя! Не ўстаючы, нагой падчапіў свабоднае крэсла, якое пуставала крыху воддаль ля сцяны, і пасунуў да нашага стала, потым гэтак жа прыдбаў другое і паставіў абодва паміж сабой і Лебедзевым.