Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 9)
— Вы не стаміліся? — спытаў я. Вяртацца ў бар мне пакуль не было патрэбы.
— Патанцуем яшчэ,— яна ўсміхнулася, ды так чароўна, што маё сэрца ледзь не правалілася ў бездань.
— Ваш знаёмы здзівіўся, убачыўшы нас,— пачаў я свецкую размову.
— А-а, той,— няпэўна прамовіла Люся і заўсміхалася зноў.
— Што вас развесяліла?
— Гэты самы знаёмы.
— Ён што, у рэстаране маладых да гульбы прывучае?
I ў гэты момант я заўважыў, што да Люсінага знаёмага падышоў Лебедзеў.
Убачыла і Люся. Яна, відаць, не забылася на нядаўнюю грубасць Сямёна, бо перастала ўсміхацца і скрывіла губы:
— Угадалі.
Мужчына і Лебедзеў усё яшчэ размаўлялі, і я рашыў удакладніць:
— У якім сэнсе?
— Настаўнік… 3 будоўлі народнай гаспадаркі. Паказваў зэкам прыклад, вось і даручылі настаўнічаць над імі. За гэта нават раней пусцілі.
Загады начальства на нашай службе не абмяркоўваюцца. Іх выконваюць. Хаця, выконваючы, думаць, вядома, таксама трэба. Таму, прымаючы як факт настаўнічанне над сабе падобнымі тых, хто не па сваёй волі накіроўваецца ў месцы з пэўным рэжымам, я ўсё роўна не магу не дзівіцца з гэтага чыйгосьці наватарства. Сумняваюся, каб парушальнік закону мог перадаць другому тое, чаго ў яго не было і не так хутка з’явіцца, — высокіх маральных прынцыпаў. Бо сутнасць настаўнічання, як я разумею, і заключаецца менавіта ў тым, каб служыць прыкладам у працы і, галоўнае, у жыцці наогул. Аднак не буду больш нават у думках крытыкаваць хаця і чужое, ды ўсё-такі начальства нашай галіны. Мяне зараз сапраўды больш цікавіць, пра што гамоняць Лебедзеў і гэты «педагог».
— За што яго туды? —пытаюся ў Люсі.
— Перапрадаваў сёе-тое. От Сямён і празваў яго Васька ад ГУМа.
— Як, як? — я шчыра зарагатаў.— Насмяшылі. Ну і выдумшчык Сямён-Сэм.
— Ён такі,— у яе голасе не чулася адабрэння, прыязнасці.
Мы яшчэ станцавалі некалькі не то вальсаў, не то факстротаў, а тады вярнуліся ў бар.
Людміла была вясёлая, узбуджаная. Алег сустрэў яе падазроным поглядам. Мяне ж быццам не заўважаў. Злаваўся?
Як мне здалося, весялосць за сталом не гуляла, хаця наш прыход і перапыніў нейкую размову. Я пачуў толькі Вялеськіны словы, што недзе ёй было сумна — кіно ды гасцініца, і нічога больш. Мабыць, расказвала пра сваю камандзіроўку. Цікава, дзе яна працуе? Люся, не зважаючы на сяброўчыну панікласць, адразу нешта зашаптала ёй на вуха. Вялеська ў знак згоды паківала галавой і ўстала.
— Мы хутка,— папярэдзіла Люся.
Атмасфера непрыязнасці за сталом пагусцела. Ну, добра, Самсонаў не даруе мне сваю індыянку-марсіянку. А Грыгаровіч чаго бычыцца, дзе я дарогу яму пераступіў? Кажуць, у канфліктных сітуацыях лепш за ўсё раскрываюцца характары. Дык што мне — нагнятаць напружанасць? Або пакрысе выпускаць пар з катла? Ды, урэшце, гэта не мае істотнага значэння.
Галоўнае — Лебедзеў, а не Федзя з Алегам.
Дамы вярнуліся з Сямёнам. Ён быў бледны, энергічны, вочы блішчалі. Ледзь не з парога пачаў наводзіць парадак за нашым сталом:
— Што занудзіліся, туземцы, хіба бармена на пяць сутак за недаліў пасадзілі?
— Твайго не возьмуць,— уставіла Люся. Не памірыліся.
— Прашу без намёкаў,— надзіва не акрысіўся на яе Сямён. От што значыць для некаторых лішні кілішак-другі. Пакінуў без увагі Люсю, пачаў выдаваць астатнім: — Ты, Самсончык, не раўнуй паэта, паэты жанчын здалёк любяць, здалёк яны прыгажэйшыя, лепш натхняюць. Федзька, ты…
Закончыць Лебедзеў не паспеў. Адміністрацыя нібы чакала, калі вернецца наш шэф,— заміргалі свяцільнікі.
— Пара вымятацца, багема,— і гэта Лебедзева не засмуціла. Чымсьці вечар задаволіў яго. Сустрэўся, выпіў, накурыўся? Апошняя Сямёнава гадзіна прайшла паўз мяне. Суцяшаю сябе, што зараз на два крэслы не сядзеш.
Рассталіся абыякава, бы людзі, якіх разам звёў выпадак. Вось ужо сапраўды: чарка збліжае, пакуль у галаве каламутна.
6
Знайсці машыну, ведаючы яе марку і колер, было справай тэхнікі, прычым нескладанай. Шульжык выявіў «пікапа» ў трэсце сталовых і рэстаранаў. Вадзіцель не адмаўляў, што падвозіў пасажыра з сумкай і «дыпламатам». Месца было свабоднае, дык чаму не памагчы чалавеку, які спяшаецца, тым болей што гэта па дарозе. На пытанне, ці ведае ён пасажыра, вадзіцель адказаў, што раней яго ў горадзе не сустракаў.
У трэсце да вадзіцеля прэтэнзій не мелі, характарызавалі станоўча. Можна было на гэтым і спыніцца. Выпадак ёсць выпадак. Але сам вадзіцель не спадабаўся Шульжыку.
— Ну, дзе вы бачылі, Сяргей Антонавіч, шафёра, які не прыгледзіцца да выпадковага пасажыра? — выкладаў свае сумненні оперупаўнаважаны.— Мала таго што твару не запомніў, дык, як па заказу, у час з’явіўся, каб забраць левака. Быў я ў таксапарку, ніхто ў той дзень з таго двара машыну не заказваў. Значыць, і хлопец з сумкамі схлусіў Лашманавай.
— Шафёр сам напрасіўся везці прадукты?
— Меўся іншы. Ды недзе затрымаўся…
— Вось бачыш, Вячаслаў,— сказаў Пугацэвіч.— Факты быццам ёсць. Давай паспрабуем асвятліць іх знутры. Які ты зрабіў бы вывад? — Шульжык быў з тых супрацоўнікаў, якія вельмі не любілі прымаць рашэнне, і капітан спакваля стараўся прывучыць яго да самастойнасці.
Шульжык памуляўся, перш чым сказаць:
— Меркаванняў два, а на каторым спыніцца?..
— Ну што ж, паспрабуем разам. Слухаю цябе.
— Усё-такі нехта па хлопца з рэчамі павінен быў прыехаць. Не стаў бы ён проста так чакаць. Думаю, рэчы не крадзеныя, не спяшаўся змыцца.
— Слушна,— пагадзіўся капітан.
— Прыехаць павінен быў або той самы шафёр «пікапа», або знаёмы таксіст, з якім была дамоўленасць і які чамусьці затрымаўся. Ці прыязджаў ён пазней, я не змог устанавіць. Месца бойкае, таксі снуюць туды-сюды.
— I гэта праўдападобна. Хаця адна хіба ў версіі ёсць. Чаго хлопец ашываўся ў чужым двары? Сапраўды, каб з крадзеным, то не стаў бы садзіцца ў выпадковую машыну. Выпадковы шафёр не будзе маўчаць, каго і куды вёз, пабаіцца, калі справа да міліцыі дойдзе.
— Чаго невінаватаму баяцца? А хлопец падазроны. Таму я яшчэ папрацую вакол вадзіцеля «пікапа».
— Толькі асцярожна, каб не кінуць цень на чалавека.
— Вядома,— адказаў Вячаслаў.— Гарбаценка што-небудзь выявіў?
— Багемнічае. А вынікі?.. Надта хутка хочаш.
Шульжык зноў адправіўся на Падлесную.
Пугацэвіч застаўся ў кабінеце. Гартаючы блакнот, ён узнаўляў у памяці людзей, з якімі бачыўся, размаўляў. Напісана было быццам нямала, а вынікі здаваліся мізэрнымі. А можа, ён проста іх не ўлоўлівае?
3 тых, з кім Пугацэвіч сустракаўся апошнімі днямі, найбольш яму спадабаўся Валодзя Гаруновіч — сябра сына Канапацкага. Спатканне адбылося ў інстытуце. Абмяняўшыся такімі-сякімі рэплікамі, звычайнымі паміж раней не знаёмымі людзьмі, Сяргей Антонавіч раптам злавіў сябе на тым, што надта пільна прыглядаецца да маладога чалавека. Ці не таму, што пра яго казалі як пра здольнага даследчыка? Усміхнуўся — Гаруновіч з выгляду быў, як многія ў гэтым інстытуце. Вышэй сярэдняга рост, спартыўнае, трэніраванае цела, прадаўгаваты з высокім ілбом твар, пад шырокімі доўгімі бровамі крыху запалыя сінія вочы. Позірк сур’ёзны, цвёрды. Адчуваецца моцны характар. 3 такім чалавекам хочацца гаварыць не толькі пра службова-неабходнае, і Сяргей Антонавіч пацікавіўся:
— Над чым працуеце, калі не сакрэт? — Ён пасунуўся з крэслам бліжэй да стала, заваленага дэталямі, інструментам, кавалкамі дроту.— Я ў такой лабараторыі ўпершыню.
— Ды ўжо ж, у вас лабараторыі іншыя, хаця, думаю, па-свойму не горшыя. А працуем? Хочам кібернетычнага робата стварыць, з праграмай, якая забяспечвала б пэўную самастойнасць у рашэннях.
— Фантастыка?
— Ужо не зусім. Сяго-таго дамагліся,— Гаруновіч падышоў да шафы, адчыніў дзверцы, пстрыкнуў тумблерам.
3 шафы на капітана ўтаропіліся зеленаватыя вочы-ліхтарыкі, яны ўспыхнулі на жоўтай панелі. Секунду-другую ў вачах пераліваліся агеньчыкі, нібы яны паміргвалі, як пасля сну, а тады пад імі прабегла і засталася двайная хвалепадобная палоска, і ў пакоі прагучала: «Чалавек мне незнаёмы».
Пугацэвіч шчыра рассмяяўся:
— Малайчына, робат!
А ў робата вочы-ліхтарыкі пацямнелі да густога зялёнага колеру, і ён прамовіў: «Прашу назваць сябе».
— От здорава,— Сяргей Антонавіч быў у захапленні.
— Хочам яму чалавечыя формы надаць,— Гаруновіч адключыў робата, зачыніў шафу і вярнуўся да капітана.— Прабачце, вы ж не на экскурсію да мяне? Усё пра Канапацкіх?
Капітан развёў рукамі: маўляў, што паробіш, служба.
— Агідная гісторыя,— перад Пугацэвічам быў ужо не лагодны хлопец, які з задавальненнем дэманстраваў тварэнне сваіх рук, а сухаваты, абураны чалавек.— На якія суткі з’ехалі — і на табе! Цікавалі за імі, ці што?
Ён нібы глядзеў у корань, і ў капітана раптам з’явілася прадчуванне, што на гэты раз размова будзе плённай.