реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 8)

18

А Сямён, хаця і заказаў дзяўчатам пітво, іх з’яўленне прыняў без натхнення. Мне здалося, што, калі яны ўсаджваліся, ён крыху паморшчыўся.

Тым часам з падносам, на якім высіліся вузенькія кактэйлевыя бакалы з пластмасавымі саломкамі, вярнуўся Грыгаровіч. Дзяўчатам буркнуў:

— Здарова…

— Як вы тут, хлопчыкі? — не зважаючы на халаднаваты прыём, бадзёра спытала марсіянка.

— Знаёмся, лірык,— сказаў Лебедзеў.— Драбнейшая — Люська, мажнейшая — Вялеська.

Мая прыналежнасць да паэтычнага цэха на дзяўчат уражання не зрабіла. Або было ім усё роўна, або не прынялі Сямёнаву рэкамендацыю сур’ёзна. У гэтай кампаніі, напэўна, усе мелі мянушкі, далёкія ад сапраўдных прафесій іх уладальнікаў. Я не засмуціўся. Да славы яшчэ не прывык. А клопатаў больш важных у мяне хапала і без таго.

Жонак і Алега і Сямёна звалі Людміламі. Таму спачатку я падумаў, што гэтая Люся — Лебедзева, бо ён, казалі, хаця і не жыў з жонкай, афіцыйна не развёўся. Самсонаў жа быў у разводзе яшчэ з леташняга года. Тады ў яго магазіне выявілася спекуляцыя мэблевымі гарнітурамі, у якой ён, падазравалі, быў не апошняй фігурай. Жонка адразу падала на развод. Нібыта не хацела жыць са злачынцам. Праўда, злыя языкі плялі, што абое баяліся канфіскацыі маёмасці. Ды чаго не нагавораць… Самсонаву ўдалося выкруціцца, прайшоў па справе сведкам. А развод захаваўся.

Але я памыліўся. Прыйшла якраз Алегава Люся. Напэўна, цяпер у іх ішло на лад. Добра б. Можа, яна здолее нарэшце надзець цуглі на свайго непуцёвага мужа. Нягледзячы на залішнюю падкрэсленасць у знешнім афармленні, што не надта падыходзіла настаўніцы, Люся мне спадабалася. Менавіта імкненнем стрымаць Алега, ва ўсякім разе, мне так думалася.

Другая, з дзіўным імем Вялеська, больш падобнымі на прозвішча — відаць, чарговая выдумка Лебедзева, прайгравала сяброўцы па ўсіх паказчыках. Не, адзежа на ёй была на сучасным вельветавым узроўні. Прайгравала знешнім выглядам, уменнем падаць сябе. Сыты, ляніва бяздумны твар. Цеснаватая доўгая сукенка падкрэслівала сутуласць, якая пры іншых абставінах наўрад ці была б прыкметная, а лішняя фарба на губах рабіла большым і без таго шырокі рот. Як на мой густ, то і фіялетавыя валасы не пасавалі ёй. Дзяўчына, безумоўна, старалася выглядаць прыгожай, эфектнай. На жаль, не атрымлівалася. Мне стала шкада яе. А тут яшчэ Сямён.

— Ты адкуль узялася? — груба спытаў ён.

— Прыехала…

— Здагадваюся, што не прытопала.

Вялеська збянтэжылася, пачырванела, бездапаможна азірнулася на Людмілу. Кепскія яе справы, калі яна сур’ёзна разлічвае на Лебедзева. Яму б жанчыну ўладарную, з цвёрдым актыўным характарам, каб круціла яго, каб бегаў за ёй. А то, баюся, будзе Вялесьцы тае ж радасці, што і былой Сямёнавай жонцы: навесіць дзіця, а сам — па рэстаранах і бабах.

Люся не зважала на Сямёнаву грубасць, частка якой, напэўна, была адрасавана і ёй. Выцягнула з бакала эрзац-саломку, кінула на стол, глынула густой ружовай вадкасці, а тады фыркнула:

— Інтэлігенты! Нам пажраць бы. Ці, можа, збяднелі?

— Сэм мага збыў,— паспяшаўся паведаміць асобу сённяшняга крэдытора Алег. Ці не баяўся, каб Люся не падумала, што трацяцца яго грошы?

Лебедзеў зноў паморшчыўся. Аднак слова прагучала, і ён, як шкадуючы аб зробленым, уздыхнуў:

— Добрая машынка была. За паўцаны аддаў, сястра ж...

— А табе пякло? — Людміла, аказваецца, капейку цаніла, нават чужую. 3 такім расхлябаным мужам, як Алег, гэта якасць неблагая.

— На якія шышы я карміў бы цябе сёння? — Люсіна ашчаднасць, а хутчэй наогул заўвага Сямёна раззлавала.

На мяне пакуль ніхто не звяртаў увагі. Быццам быў я зусім свой або не было мяне тут наогул.

— Ну то заказвай,— падхапіла Люся апошнія словы Сямёна.

— Адкуль у цябе пражэрлівасць? — Лебедзеў крытычна агледзеў жанчынку. — Колькі ў цябе таго цела…

— Люблю на дурніцу. А цела — не твой клопат,— адрэзала яна, і на яе шчоках зайграў румянец. Чаму гэта дробныя людзі часта бываюць злымі? Комплекс?

— Ладна, ладна, будзе табе на зуб,— паабяцаў Сямён, каб хутчэй адчапіцца ад яе, яна магла і яшчэ што-небудзь выдаць.

— Толькі не пірожнае. Мяса хачу!

У рэстаранных барах закускі не падаюць. Але я не сумняваўся, што для гэтай кампаніі і тут будзе выключэнне. Ды мяне займала іншае. Люся з Вялеськай былі першымі, з кім мае падапечныя ўступілі ў працяглы кантакт. Праўда, філалагічная частка маёй душы пратэстуе супраць такога казённага вызначэння падзеі; затое другая, юрыдычная, успрымае яго з задавальненнем. Бо надта дакладнае і, галоўнае, кароткае яно, як матэматычны знак. Што гэта за таварышкі? 3 Люсяй, вядома, прасцей. Хутчэй за ўсё склейвае сям’ю, калі летась яна сапраўды распалася. А Вялеська? Баюся, аднак,што і з ёю ўсё проста да банальнасці — нарвалася аднойчы на Лебедзева і цяпер не можа адстаць.

— Зажурыўся, паэт? — аддаўшы чарговае распараджэнне Федзьку, Сямён нарэшце пераключыўся на маю асобу.

— Вы свае…

— А цікавасць да жыцця? Тыпажы?

Сяго-таго ён нахапаўся, язык удала падвешаны. У пэўным асяроддзі гэта гучыць. Аднак мне час паказаць што і я не лыкам шыты. Усміхаюся і прымітыўна каламбуру:

— Цікавіць цікавае…

Лебедзеў адразу адфутбольвае закід ад сябе і круціць галавой па баках:

— Ну-у, экземпляры ёсць, праўда, для сатыры больш. Часам не выкрываеш адмоўнае?

Тое, што ён не-не дый спрабуе нешта вызнаць пра мяне, натуральна. Нават калі не браць у разлік нашы падазрэнні. Узяўшы ў кампанію, хочаш разумець чалавека. А ён, напэўна, здагадваўся, што ў маіх вачах і сам на станоўчага персанажа не цягне. Аднак я за ім павалокся не на споведзь. Мне самому трэба зазірнуць Лебедзеву ў нутро, якую б заслону ён ні ставіў.

— А што,— падхапіў я, наўмысна дапускаючы двухсэнсоўнасць,— з тваіх гэтах дружбакоў,— паківаў указальным пальцам туды-сюды,— пракарміцца можна. Кожны тыдзень у сатырычны куток «Чырвонай змены» па байцы. Паможаш, га?

— Свядомасці не хопіць,— раптам азвалася Люся. Аказваецца, і яна, і астатнія прыслухоўваліся да нашай размовы.

Лебедзеў раз’юшана зірнуў на яе, але стрымаўся ў апошні момант. 3 усмешкай сказаў мне:

— Бачыш, якія ў нас падругі? — I ўсё-такі прарвалася ў ім: — Ты, Люська, у класе вучы! Сячэш?

Людміла праглынула рэпліку, толькі мацней сцяла і без таго тонкія вусны.

Задаволены, што падавіў маленькі бунт у сваёй гаспадарцы, Лебедзеў падняўся.

— Разамнуся,— і падаўся да дзвярэй.

Тым часам Грыгаровіч вярнуўся з талеркамі ў руках.

— Павесялімся, Вялесечка! — ажывілася прыціхлая Людміла, нецярпліва хапаючы сваю талерку.

А сяброўцы чамусьці было не да лангету, які спакусліва красаваўся побач з падсмажанай залацістай бульбай і салатай з буракоў і падквашанай капусты. Яе сэрца прагнула іншага. Тут мы з ёю былі як бы саюзнікі, хаця і стаялі на розных пазіцыях. Памагчы дзяўчыне? Ды я не дзед-мароз, у мяне іншая задача. Я счакаў, пакуль крыважэрная Люся расправіцца з сыраватым кавалкам мяса, і тады цырымонна спытаў, быццам не ведаў нічога:

— Хлопцы, у каго з вас я павінен прасіць дазволу патанцаваць з прынцэсай Люсяй?

Яна пырснула, але было відаць, што форма запрашэння ёй спадабалася. Няўжо і яна жыве ў прыдуманым свеце?

— Як сама,— буркнуў Алег не вельмі задаволена, паказваючы тым самым, хто ёсць хто.

Я галантна схіліўся над маладой жанчынай. Люся ўскочыла, прысела — ну проста кніксен па ўсіх правілах моветону. Забаўная маладзіца. А яна ў дадатак выдала:

— Я сама сабе гаспадыня!

У Самсонава перакасіўся твар. 3 яе дапамогай будзе ў мяне сябар!

Пакуль ішлі па вестыбюлі, паднімаліся па лесвіцы, Люся трымала мяне пад руку. Напэўна, незвычайная мы былі пара: жардзіна ў светлым касцюме і маляўка ў стракатым плацці. Ды, відаць, тут і не такое бачылі. Ніхто на нас асаблівай увагі не звярнуў.

Аркестр шпарыў нейкі хуткі вальс, і мы нырнулі ў мітуслівы натоўп. Люся ледзь дацягнулася рукой да майго пляча, нават давялося крыху згорбіцца. І мы закружыліся.

Танцавала яна лёгка, угадвала кожны мой рух. Улічваючы маю невысокую кваліфікацыю ў гэтым відзе рэстараннага мастацтва, яе практыка аказалася дарэчы. Я мог асабліва не сачыць за музыкай, а патроху аглядацца, шукаючы Лебедзева. Яго, аднак, не было відно. Кепска. Ды хіба я спадзяваўся, што ён возьме мяне за свой цень.

Так мы кружыліся і кружыліся, і ўрэшце мне гэта пачало падабацца. Усё-такі музыка, хай сабе і грымучая, быццам у аркестры адны медныя талеркі, пакрысе пранікала ў маю скептычна настроеную галаву. Ды што таіцца, партнёрка была эфектная, з такой не сорам на людзі паказацца. Не паспеў я гэта падумаць, як нарэшце заўважыў і гледача. Мужчына, немалады ўжо, гадоў пад сорак, прыстукваючы абцасамі перад сваёй дзяўчынай, не-не дый паглядаў на нас здзіўлена-зацікаўлена. Калі ён не камандзіраваны, то з тых, хто бывае тут часцяком і, значыць, ведае і Люсю, і яе мужа. Я непрыкметна падкружыў да гэтага мужчыны і, калі мая дама і ён сутыкнуліся твар у твар, крыху прытармазіў.

— Маё шанаванне, Людміла Уладзіміраўна,— крыкнуў ён, намагаючыся прабіцца ў аркестровым ляскаце і выцці.

Люся затрымала позірк на дзяўчыне і тады адказала, як папярэдзіла:

— Глядзі, Васіль Васільевіч!..

Яна не ўзвысіла голасу, і мужчына мусіў здагадвацца пра сэнс сказанага. На яго твары адбілася задаволенасць.

Вальс скончыўся раптоўна, апошні акорд абарваўся на палове такта. I гэтак жа раптоўна знерухомелі танцоры. На імгненне стала ціха, а потым усе разам загаманілі, заварушыліся, расцякаючыся паміж апусцелых крэслаў, паміж столікамі. Мы з Люсяй апынуліся на лесвіцы, прытуліліся збоку да шырокіх поручняў.