Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 11)
— Што з табой, Вадзім? — Пугацэвічу не падабалася сённяшняя сябрава напорыстасць.— Табе ці не хвост накруцілі?
— Празарлівец. Я таксама пад начальствам хаджу. Яно, як ты здагадваешся, часцяком са сваіх вышынь глядзіць. Маўляў, мала цябе нацэльваю. Быццам я без падказкі кроку зрабіць не магу.
— Не плачся, цяпер маеш што далажыць. Выкруцішся, ты ж мастак падаваць муху за слана,— падпусціў Пугацэвіч шпільку.
— Сам сябе не пахваліш… Рэклама рухае прагрэс,— Акулік крыху падбадзёрыўся.—Аднак годзе. Давай бліжэй да справы. Што канкрэтна ёсць у нас з табой?
— Заўтра будзе сёе-тое…
— Бяда мне з табой,— Акулік прыняў абяцанне не вельмі ахвотна.— Дачакаешся, што маё начальства на тваё выйдзе. Ад двух аб’яднаных не адаб’ёмся.
— 3 Янушкевічам я жыву ў згодзе. Вучыся!
— Балбатун,— следчы ўстаў.— Дзень пачакаю. Не болей.
— Пагаварылі,— нявесела ўсміхнуўся Пугацэвіч.
7
Усё было быццам як заўсёды.
Дзяўчаты-афіцыянткі сядзелі на сваім звычайным месцы ля пераборкі, якая аддзяляла залу ад калідора ў буфет і кухню,— у гэты позні для абеду і яшчэ ранні для вячэры час у кафэ было пуставата. Гэтак жа, як і надоечы, цераз цюлевыя фіранкі ў шырокія вокны струменілася гарачае сонца, а ў стандартных зялёных вазачках прыемна красаваліся сціплыя букецікі. Аднак мяне як кальнула: нешта сёння тут было не так!
— Ваша месца свабоднае,— Наташа аж прыўстала, спяшаючыся мне на дапамогу, бо я нерашуча спыніўся пры ўваходзе.
— Дзякую,— прамармытаў я, няўцямна пазіраючы на суседні з маім стол, дзе чамусьці не было звыклай таблічкі «занята».
Наташа падышла не марудзячы, ледзь я ўсеўся. Вось што значыць быць пастаянным кліентам. На жаль, гэта хутка скончыцца. Кафэ далекавата ад нашага ўпраўлення, і штодзень карміцца тут мне не ўдасца. На жаль, бо мне падабаюцца і кухня, нібы хатняя, і вясёлыя і добрыя афіцыянткі, і зноў-такі амаль хатняя цішыня. Ды пра гэта доўга думаць не выпадае. Мяне зараз займае больш блізкае пытанне: чаму раптам Лебедзева і кампаніі сёння не будзе?
— Як звычайна? — Фея ўсміхалася, не вымаючы з кішэні белага вышыванага фартушка свой маленькі блакно-цік.— А можа, сялянскай каўбасы прынесці? Смачная. Не пашкадуеце.
— Не, Нат, толькі каву.— Яна любіла сваё скарочанае імя, дык чаму не зрабіць добраму чалавеку прыемнае.— Я ненадоўга.— Чаго мне сядзець, калі падапечных няма?
— Нешчаслівы дзень,—паскардзілася дзяўчына.
— Кліенты разбегліся? — кіўнуў я на суседні стол.
— Ды ўжо ж, Сэм яшчэ ўчора папярэдзіў. А цяпер вы…
— Нічога, заўтра прыйдуць. Хіба толькі іншае кафэ нагледзелі?
— Не, Сэм сам казаў, што лепшага за наша няма. Напэўна, зноў на мора пакацілі.
— Гэта ў іх што, як прагулка? — Навіна агарошыла мяне.
— Ага, у канцы мая лёталі. Вярнуліся вясёлыя, загарэлыя. Пытаюся, дзе гэта вы счарнелі? Сэм засмяяўся: «На пясочку, на пясочку». Я і падумала, што на моры, паўднёвы загар, не наш.
— Весела жывуць…
— Ды ўжо ж,— і маленькая, ледзь улоўная кропелька зайздрасці адчулася ў Наташыным голасе. Сама яна, напэўна, ніколі не бачыла мора.
— Не бядуйце, Наталка. I план сёння без нас зробіце, і на пальмы з кіпарысамі паглядзіце некалі.
Дзяўчына сумелася, уздыхнула.
Выпіў каву, развітаўся з дзяўчатамі і, легкадумна памахваючы кейсам, нырнуў на спякотную вуліцу. Настрой быў кепскі. Ды каму ахвота заставацца хоць з маленькім, але носам. Я цягнуўся па вуліцы і стараўся аднавіць у думках учарашні вечар. Напэўна, Лебедзеў і Самсонаў, бо Грыгаровічу не так проста сарвацца з месца, намецілі паездку раней. Аднак ніхто з іх, ва ўсякім разе пры мне, ні словам, ні намёкам не прагаварыўся. Утойвалі? Ад мяне? Наўрад ці, я ім прышый кабыле хвост. Ад Грыгаровіча? Навошта? Ён каманды Лебедзева выконвае не пярэчачы. Так што больш верагодна — ад дзяўчат. Вялеська як Вялеська, а прынцэса Люська не сцерпіць, пачуўшы пра вялікія выдаткі.
Пакуль я задаваў сабе безліч пытанняў, не знаходзячы на іх адказу, ногі прывялі мяне да мэблевага магазіна.
Я нават не адразу скеміў, што мне тут трэба. Потым успомніў: даўно хацеў прыдбаць кніжную паліцу рэчыцкай фабрыкі. Грошай, вядома, не было. Як і ўласнай кватэры. Аднак хіба я не магу памарыць, тым болей што падобная хадавая мэбля стаіць побач са складам, дзе звычайна і круцяцца грузчыкі, чакаючы нагоды пагрузіць-згрузіць.
Рэчыцкіх паліц сёння не прадавалі, як я і разлічваў. Спагадлівы калега-пакупнік нават пасмяяўся з мяне:
— Будуць яны цябе чакаць.
Чаму б не падтрымаць размову? Я наіўна спытаў:
— Можа, заяўку напісаць?
— Гэта ўжо бліжэй да мэты. Толькі не адміністратару, а каму-небудзь з гэтых,— паказаў на хлопцаў, якія прымасціліся кружком на пустых скрынях і ляніва смакталі цыгарэты.— Дзесяць працэнтаў.
— Якіх?..
— Ох-хо-хо,— зусім развесяліўся мужчына,— будзеш ты свае кнігі ў кут складваць яшчэ доўга, хаця з такім разуменнем справы ты і кніг не набудзеш. Дзесяць працэнтаў — ад кошту рэчы, такая ў іх такса. Затое — гарантыя!
— Буду мець на ўвазе,— усміхнуўся я добразычліўцу, думаючы, што, пакуль атрымаю пакой, рэчыцкія мэблевікі пастараюцца, каб паліц усім хапіла.
Таго, каго я не спадзяваўся ў магазіне сустрэць, сапраўды не было. Значыць, паехаў? Можна было ісці.
А я паглядаў на гадзіннік, стрэлкі якога расцягнуліся вертыкальна зверху ўніз, і марудзіў. Спыніўся ля гарнітура жылога пакоя, прыкідваючы, як бы паставіў гэтыя тахту, крэслы, каб меў куды. Раіўся нават з нейкай жанчынай і дзівіўся, што мае меркаванні яна прымала прыхільна. Я заганарыўся і на іншых пакупнікоў паглядаў паблажліва. Адно сэрда ёкала. Вось што значыць не прыняць раніцай халодны душ. А хвіліны цяклі замаруджана, быццам гарачыня адолела і метал. Кідаючы раз-пораз позірк на стрэлкі, я адчуваў сябе нібы ў іншым вымярэнні часу.
А палове сёмай я ў апошні раз паглядзеў па баках і накіраваўся да выхаду. За столікам ля дзвярэй у сінім фірменным халаціку сядзела строгая дзяўчына. Сур’ёзнасць была проста супрацьпаказана яе смяшліваму твару, дык хіба я мог прайсці і не затрымацца?
— Э-э,— нерашуча пачаў я, яшчэ не прыдумаўшы нічога вартага.
Строгая дзяўчына задрала галаву — крэсліца пад ёй было надта нізенькае, а я, як вядома, чалавек рослы, і ад неспадзяванасці крыху прыўзнялася. Няйначай палічыла мяне заікай, бо ў вачах свяцілася спачуванне.
— Вы хочаце нешта набыць? Што? — паспяшалася яна на дапамогу.
Фантазія ў мяне не вельмі багатая, і я ўпэўнена выпаліў:
— Рэчыцкую кніжную паліцу.
— Прыходзьце пасля дваццатага.
Усё-такі строгасць, калі яна ідзе ад адчування адказнасці, зусім неблагая якасць. Я адкрыў быў рот, каб падзякаваць і развітацца, і раптам зноў пачаў заікацца:
— Э-э…
— Прыходзьце, званіце,— яна шчыра хацела неяк памагчы.
А я ўжо не слухаў. Прадчуванне, якое па-сучаснаму называюць вучоным словам інтуіцыя, не падманула. Сапраўды павінен жа быў хто-небудзь яшчэ пацікавіцца Самсонавым. 3 тых, каму таксама не сказалі пра паездку. Бо званіць, напрыклад, Лебедзеву дадому сэнсу не было — там маглі і не ведаць, дзе ён і што з ім. Кіўнуўшы адной прыемнай дзяўчыне, я кінуўся да другой. Але падышоў не адразу. Трэба было і Вялесьцы даць магчымасць даведацца, што Самсонава сёння на працы няма і не было.
3 ёй мы сутыкнуліся на выхадзе.
— О, вы?! — крыху разгубілася яна.
— Ага,— пацвердзіў я, шчыра абрадаваны, што мяне пазналі. Адразу пачаў скардзіцца: — Ніколі не купіш, што хочаш. Бегаеш, бегаеш…
— Па што вы бегаеце? — дзяўчына зацікавілася.— Рэчыцкія паліцы? О, гэта не праблема. Папрасіце Алега.
От гэта мне і было патрэбна. Я смела і наіўна спытаў:
— Якога?
— Няўжо не ведаеце? — здзівілася Вялеська.— Вечна ён туману на сябе напускае! Вы ж учора разам за сталом сядзелі. Люсьчын муж, Алег. Працуе ў гэтым магазіне.
— Першы раз чую,— запэўніў я.— Ды, прызнацца, не люблю блату.
— Які гэта блат? Для Алега дробязь падказаць, калі прывязуць паліцы. Праўда, бутэльку здзярэ,— яна ўсміхнулася.
— Ну, гэта сапраўды дробязь. А то мне тут адзін казаў пра дзесяць працэнтаў.
— Калымяць хлопцы.
— Таму Алег і трымаецца за магазін?
— А што? Грузчык зарабляе як прафесар. I знаёмствы...