реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 13)

18

8

Вадзіцель «пікапа» — каржакаваты, чырванашчокі мацачок з густой чорнай шапкай валасоў, з хітрымі, заўсёды прыжмуранымі вачамі — вяла нудзіў:

— Ну што такога я зрабіў, што? Падвёз чалавека. Дык хай лепш таксісты працуюць, а то распусціліся…

Пугацэвіч прыглядаўся да шафёра і гадаў, ці будзе ён шчырым, але прыйсці да чаго-небудзь пэўнага не мог. 3 ад-наго боку, такі хітрун павінен разумець, што асаблівых прэтэнзій да яго ў міліцыі быць не можа і прычыны хлусіць быццам бы няма; з другога — Шульжык, бадай, не памыліўся, было ў ім нешта ўвёртлівае, здавалася б, не да моманту. Ці не з тых ён, хто на сур’ёзнае злачынства не пойдзе, аднак калі выпадзе што ўрваць, не праміне? I мусіш яму верыць, бо ён пакуль адзіны, хто нешта можа сказаць пра хлопца з чамаданчыкам і пярэстай сумкай.

Даўшы шафёру нагаварыцца, Сяргей Антонавіч пажартаваў:

— Вам бы дзякаваць таксістам, а вы бочкі коціце. Прызнайцеся, рубля з левака ўзялі?

— Бяды тае,— ён не адмаўляў і не пагаджаўся.

— Рубель, траяк — узялі і на здароўе, не ўкралі ж,— Пугацэвіч вырашыў, што пара пытаць пра галоўнае.— Вас мы запрасілі з іншай нагоды. Трэба ўстанавіць вашага пасажыра.

Вадзіцель прыкметна павесялеў.

Пугацэвіч суха сказаў:

— Пра яго размова будзе афіцыйная, з пратаколам,— ён выцягнуў з шуфлядкі чысты бланк.— Ваша імя, прозвішча?.. Дык вось, Міхаіл Дзмітрыевіч, апішыце мне таго пасажыра.

Самасейка наморшчыў лоб, а тады разгублена ўсміхнуўся:

— Далібог, не помню. Не глядзеў я на яго.

— Нават калі грошы даваў? Не паверу.

— Руку помню, працавітая быццам бы, а з твару… Мне ж з ім дружбу не вадзіць.

— Добра,— Сяргей Антонавіч зрабіў выгляд, што задаволены адказам.— Так і запішам: ніколі не бачылі, не помніце,— ён адсунуў пратакол, паказваючы, што афіцыйная размова скончылася.— Матаецеся па горадзе?

— Хапае. Такая наша служба — куды пашлюць.

— Што, прадукты завозяць не па графіку?

Самасейка ахвотна растлумачыў:

— На тое ён і графік, каб ламаўся. У каго свае справы падвернуцца, у каго вымушаная затрымка, от і пасылаюць таго, хто трапіцца на вочы.

— Як вас у той дзень?

Пытанне быццам пустое, а Самасейка кінуў хуткі позірк на капітана. Пугацэвіч гэта заўважыў і раздумаў паказваць яму фатаграфіі тых, каго падазравалі ў кватэрных кражах.

Замест гэтага сказаў:

— Разумею, вас папрасілі падмяніць. Узаемавыручка — рэч неабходная…

— Праца…

— Я і кажу. Ну што? Пагутарылі мы з вамі быццам няблага. А галоўнае не зрабілі, не ўстанавілі — як выглядае ваш пасажыр,— ён падкрэсліваў сваю прыкрасць з гэтага поваду.— Міхаіл Дзмітрыевіч, вялікая просьба: успомніце што-якое ці сустрэнеце яго ў горадзе — пазваніце. Вось нумар. Спадзяемся на вас.

Самасейка паабяцаў і пайшоў.

Пугацэвіч падняўся з-за стала, адчыніў акно, сеў на падаконнік. Акно выходзіла ў завулак — ціхі, звычайна бязлюдны, на другім баку якога зелянеў невялікі сквер. Недзе на прасторы за горадам гуляў вецер, гонячы хвалі на нязжатай яшчэ збажыне, грозна раскачваючы магутныя дрэвы ў лесе, а тут таполі, абароненыя камяніцамі, толькі пагойдвалі вершалінамі, як абмахваліся, ратуючыся ад спякоты. Пугацэвіч любіў глядзець на дрэвы з густым, поўным жыццёвых сокаў лісцем. Пад іх спакойны ленаваты шум яму заўсёды думалася і лёгка, і плённа. Быў бы час, ён і зараз ірвануў бы куды ў прыгарад, каб паблукаць па глухіх, нестаптаных сцежках. Можа, і ідэя вартая прыйшла б у галаву. Ды не вырвешся. Самы разгар працоўнага дня, і на пісьмовым стале, акрамя кватэрных краж, ляжаць яшчэ справы, якія не адкладзеш, бо і на іх маецца пэўны тэрмін, не вытрымаўшы які будзеш потым пісаць тлумачэнні і апраўданні. Вось і прыходзіцца карыстацца не лесам, а яго маленькім гарадскім падабенствам насупраць кабінетнага акна.

Па адзінай дарожцы наўскасяк сквера прамчаліся на веласіпедах малыя. Голыя, у адных плаўкаў. Напэўна, на рэчку. На пляж. Аднак пляж, калі верыць Наташы, афіцыянтцы з кафэ, любяць не адны дзеці. Лебедзеў з Самсонавым, здаецца, таксама. Ды нешта не верыцца яму, старшаму оперупаўнаважанаму вышуку, што іх разбэшчаныя душы прагнуць зямной прыгажосці. Ім падавай матэрыяльнае, тое, што можна рукамі памацаць, патрымаць.

Не абарочваючыся, Сяргей Антонавіч узяў са стала цыгарэту, пстрыкнуў запальнічкай, глыбока зацягнуўся. Пазіраючы на сінія няпэўныя колцы, падумаў, што і яго меркаванні такія ж хісткія. Могуць і Лебедзеў з Самсонавым катануць на поўдзень, каб гульнуць пад пальмамі і кіпарысамі, папесціцца на гарачым каўказскім або крымскім сонцы. I Гарбаценка такі варыянт не адмаўляе, хаця дзівіцца: колькі трэба імпартных гарнітураў пусціць налева, каб мець грошы на гэты выбрык. Самсонаў не адзіны грузчык у магазіне, і далёка не кожны гарнітур сплаўляецца праз чорны ход.

Зазваніў тэлефон. Пугацэвіч прыціснуў у попельніцы цыгарэту і ўзяў трубку.

— Вячаслаў? Не будзем пакуль гадаць, якім транспартам адправіліся падапечныя Гарбаценкі. Ты пацікаўся, замест каго вазіў Самасейка прадукты ў сталовую на Падлеснай вуліцы.

Пагаварыўшы, Сяргей Антонавіч вярнуўся да расчыненага акна, прыхіліўся плячом да рамы. Дрэвы пагойдваліся, як пра нешта шапталі. Мабыць, і ў іх была свая тайна. Што ж, абмен думкамі зусім неблагі спосаб дакапацца да ісціны. Сяргей Антонавіч усміхнуўся прыгадаўшы, як настойваў Гарбаценка на сустрэчы. Маўляў, узнікла пытанне. А яно з’явілася і ў яго, Пугацэвіча, калі сутыкнуліся з ім ля пад’езда Шумейкаў. Бо калі два сышчыкі сыходзяцца ў адным месцы, то падумаць ёсць пра што. Напрыклад, чаму Вялеська, яна ж Ніна Шумейка, аказалася сяброўкай Лебедзева і дачкой старога сябра Канапацкага? Праўда, западозрыць яе падстаў няма ніякіх — на працы мае добрую рэпутацыю, у сям’і адна, і ні ў чым ёй не адмаўляюць, у Канапацкіх як свая… Сяргей Антонавіч уздыхнуў, Дзяўчына як дзяўчына, а ты мусіш капацца ў яе душы, бо ўсё, што табе кажуць пра дзяўчыну,— чужыя словы, а трэба, каб былі яны і тваімі. А можа, проста ў цябе нічога іншага няма? I гэта думка была самай прыкрай.

У дзверы пастукалі. Пугацэвіч сцепануўся — не даюць спакойна падумаць.

Увайшоў Гаруновіч.

— Сядай, Валодзя,— прыветліва сказаў Сяргей Антонавіч. Каго-каго, а менавіта Валодзю ён хацеў зараз бачыць.— Я цябе доўга не затрымаю. Глядзі сюды,— ён высыпаў з канверта дзесятак фотакартак, расклаў веерам.— Ці не бачыў ты каго з гэтых людзей і калі бачыў, то дзе, пры якіх абставінах?

Беручы па адной, Гаруновіч уважліва прыглядаўся да картачак, адкладваў, потым падсоўваў зноў. Нарэшце запытальна ўзняў вочы на Пугацэвіча:

— Падказкі не будзе, Валодзя. Сведчанне патрэбна праўдзівае.

— Вось гэтага помню дакладна,— Гаруновіч упэўнена выцягнуў з ужо складзенага ім веера фатаграфію пад пятым нумарам.— Ён стаяў тады ў тралейбусе, справа ад Ніны Шумейка.

— Ты ж, здаецца, казаў, што Нініных суседзяў з твару не разглядваў.

— Позірк запомніў. Цяжкі, злосны, напэўна, таму і твар у памяці захаваўся, падсвядома.

— Та-ак,— працягнуў капітан,— ён, канечне, мог ехаць, жыве ў тым раёне. А больш нікога не пазнаеш?

Гаруновіч зноў прайшоўся вачамі па фатаграфіях і адмоўна паківаў галавой.

— Дзякую і за гэта,— Сяргей Антонавіч паціснуў Валодзеву руку, правёў хлопца да дзвярэй.— А пра дамоўленасць не забывай. Некалі зайду ў тваю лабараторыю, проста так, экскурсантам. Вельмі твой робат-гаварун спадабаўся.

— Чакаю. Косцю заходзіць?

Сяргей Антонавіч выглянуў у калідор следам за Гаруновічам, сказаў:

— Заходзьце, Канстанцін Львовіч.— Усадзіўшы хлопца за стол, дадаў: — Давайце знаёміцца. Прозвішча і званне маё вы ведаеце, як і тое, што мне даручана расследаваць кражу ў вашай кватэры. 3 бацькам я пагаварыў ужо ў вас дома. Дзякуй, што вы прыйшлі да мяне.

Хлопец усміхнуўся, і ў ягоных вачах прамільгнула лёгкая іронія:

— Каб я знаў, хто краў!

— Я таксама не ведаю злачынцаў, Канстанцін Львовіч. Пакуль!

— Абнадзейваеце?

— Бачыце,— Пугацэвіч цярпліва вёў сваё,— расследаванне злачынства нагадвае творчы працэс. Калі, у які момант настае азарэнне — вытлумачыць не магу. Як, напэўна, і вы. От і збіраю факты, штрышкі. I назбіраў ужо. А што з гэтага спатрэбіцца, што — не, калі колькасць пяройдзе ў якасць, сказаць яшчэ не магу. Таму і сябе не шкадую, і людзей, можа, лішне тузаю. Вас таксама патурбавалі другі раз.

— Мяне — няважна…

— Не, Канстанцін Львовіч, важна. У людзей, асабліва абрабаваных, нервы не з дроту. Аднак не крыўдуйце,— ён памаўчаў, папрасіў: — Назавіце ўсіх — знаёмых, суседзяў, сяброў. Не бойцеся, не абвінавацім нікога без прычыны.

— Значыць, вывады за вамі? — Канстанцін ужо быў сур’ёзным. Ён, відаць, улавіў думку старшага оперупаўнаважанага.

— Натуральна, бо ведаю больш за вас, хаця, разумееце, дзяліцца сваімі ведамі не маю права.

— Разумею,— хлопец задумаўся.— Тут да нас мала хто заходзіць. Сябры бацькоў засталіся ў старым раёне, а ўзрост іх не той, каб па гасцях хадзіць.— Ён назваў некалькі вядомых Пугацэвічу прозвішчаў і павініўся: — Вось і ўсе…

— Хто прыносіў перадачу для сына Шумейкаў?

— Ну-у! — ускінуўся хлопец.— Мы з Шумейкамі як сваякі.

— Не пярэчу. Я нагадваю, што вы не ўсіх называеце. Валодзю Гаруновіча, між іншым, таксама не ўспомнілі. Правільна?

— Служба ж у вас,— паківаў Канапацкі галавой.

— Дакладнасцю не толькі тэхніка вызначаецца. Вашым знаёмым-блізкім таксама такія пытанні задаём.

— Прабачце… Пасылку прыносілі Іван Сямёнавіч з Нінай. Ён у брата пра свайго сына распытваў. Ніна з маёй маці шапталіся, маці спіць і бачыць, што Ніна замуж пайшла…