реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 12)

18

Вялеська не асуджала, а ўхваляла. Ды, зрэшты, яна ж была з гэтай кампаніі. I трымала яе там, напэўна, не адно каханне, а агульныя погляды. Чытаў кніжку пад назвай «Сяброў не выбіраюць». Не ведаю, як сам аўтар паводзіу сябе ў гэтым. Але было б дзіўна, каб чалавек сябраваў толькі з тымі, хто аказваецца побач. Так можна хіба бавіць час ды зрэдку хадзіць у госці. Для шчырасці і ўзаемнасці трэба іншае…

— Вы нікуды не спяшаецеся? — я спадзяваўся, што ў дзяўчыны вечар быў вольны, і вырашыў скарыстаць выпадак. Аднак націснуў на балючае месца: — Ці, можа, Сэм чакае?

— А хоць бы і чакаў! — з выклікам прамовіла яна.— Ён мне не муж.

Значыць, праўда Лебедзева ў горадзе няма.

— Завалімся куды-небудзь?

Яна павагалася, а тады рашуча матнула галавой:

— Згодна! А куды?..

Нічога падобнага на ўчарашнюю скаванасць. Перада мной была нават крыху развязная дзяўчына. Што гэта: звычайны стан, гульня, помста Лебедзеву?

— Пасядзім, патанцуем,— я спыняю доўгі позірк на яе твары, на якім сёння мінімум касметыкі: відаць, на працы трымаецца ў прынятых рамках. Вялеська вытрымлівае позірк, і я дадаю: — Каб не нарвацца на Сэма, махнём у «Сосны». Я аднойчы быў там. Нічога. Высокая столь, прасторна, утульна.

Тлумачу, быццам і думкі не дапускаю, што яна ведае гэты рэстаран.

— Паехалі,— згаджаецца яна.— А Сэма ў горадзе няма.

— Звесткі правераныя? — зусім натуральна дзіўлюся я.

— У магазіне сказалі, што Алег адпрасіўся на тыдзень за свой кошт. Зноў разам куды-небудзь матанулі…

— Папытайце ў Людмілы, яна скажа, калі паехалі.

— Трымайце вушы!

Адной рукой хапаю яе вуха, другой — сваё і смяюся:

— Выканана! А што далей?

— Нічога не чуваць? Я і кажу,— яна таксама гучна смяецца.

От і добра. Шчыра ж кажучы, мне не да смеху, мне тэрмінова трэба пазваніць. Тое, што Люся ведае пра паўднёвы ваяж мужа з Сэмам і хавае гэта ад Вялеські, мне не падабаецца. Лаўлю таксі. Праз хвіліну імчымся ў славутыя «Сосны». Там, пакуль Вялеська круціцца перад люстэркам, я, папрасіўшы ў яе прабачэння, званю з вулічнага аўтамата дзяжурнаму па ўпраўленню.

Вяртаюся раней, чым дзяўчына паспявае змяніць свой службовы выгляд на вячэрне-рэстаранны. Цярпліва чакаю ў адным з мяккіх крэслаў, відаць, пастаўленых у вестыбюлі менавіта для такой патрэбы. Нарэшце Вялеська падыходзіць і запытальна глядзіць на мяне. Яна не зусім такая, як учора, фарбы на твары больш сціплыя і сукенка не парадная. Ды мне, зрэшты, важна не гэта. Але я джэнтльмен. Ускокваю, адабральна падміргваю, маўляў, клас. Дзяўчына цвіце. От табе і маеш. Возьме ды кіне свайго Сэма!

У летнюю пару рэстаран напаўняецца пазней, і мы выбіраем месца далей ад аркестра, ля сцяны. Каб не мазоліць каму вочы, бо маю спадарожніцу, думаю, і тут добра ведаюць.

Бяру меню і ўголас чытаю ўсё запар. Дзяўчына глытае слінкі і, смеючыся, просіць:

— Не так хутка, а то прыйдзецца вам заказваць усё, што тут напісана. Я галодная, як пантэра.

— Мяне ў абед таксама шашлыком не частавалі.

Афіцыянтка, беручы заказ, разглядала толькі мяне. Няўжо спадабаўся? Ды дзе тамі Прычына — Вялеська. Цьфу ты, што за імя. Усміхаючыся, кажу:

— Прабачце, але я так і не ведаю вашага імя?

— А Вялеська? — Яна сёння вясёлая, какетлівая. А можа, узбуджаная? — Хіба дрэнна гучыць?

— Як прозвішча. А гучыць сапраўды прыгожа.

Дзяўчына задаволена і ахвотна тлумачыць:

— I мне падабаецца, хаця ўвогуле я — Ніна. А Вялеська… Прозвішча маці. Кажуць, ёсць у ім нешта рамантычнае. Праўда?

Ну, хіба я мог не пагадзіцца?

Задаволеная Ніна-Вялеська накідваецца на вячэру з такой энергіяй, быццам з учарашняга дня хлебнай крошкі ў роце не трымала.

— Дзе ж гэта вас так змардавалі? — не без задняй думкі пытаюся я.

— На працы, я гандлёвы работнік… Рэвізор «Ювелір-гандлю». Што трэба — дастану, і ніякай адказнасці, матэрыяльнай, вядома.

— Гэта важна,— падтрымліваю я і ківаю на сярэдзіну залы, дзе ўжо віхляюцца некалькі пар. Адчуваю: дзяўчыне вельмі хочацца патанцаваць, але яна чамусьці вагаецца. Ці не баіцца Сэмавай рэўнасці? Таму не буду настойваць.

Усё вырашаецца само сабой. Спачатку замаўкае аркестр, а потым афіцыянтка прыносіць каву. Яна вініцца:

— Затрымала вас…

— Затое свежанькая,— супакойваю я, глынуўшы чорнага пітва. Трэба ж дэманстраваць і памяркоўнасць, і галантнасць. Іграць ролю, дык да канца. Калі афіцыянтка адышлася, крыху нараспеў кажу: — Вы тут бывалі, не адмаўляйцеся…

— Ад вас не схаваешся,— увага да яе асобы Вялесьцы падабаецца.

— Іду на заклад, афіцыянтка прасіла вас нешта дастаць,— зноў кажу я.

— Прайграеце, з афіцыянткамі я не знаюся.

I гэта праўда. Што можна мець ад звычайнай афіцыянткі, акрамя хіба антрыкоту без чаргі. Яго Вялеська за лішні рубель «на чай» і без таго атрымае, асабліва калі прыйдзе з Сямёнам. Таму я крыху нацягваю вяровачку:

— Але бываеце тут…

— Не сядзець жа мне дома!

Заўвага ёй не спадабалася, і я няўпэўнена працягваю:

— Ну-у… Можна ў кіно пайсці, на спектакль. Чуў, тут тэатр неблагі…

— Нудота,— у яе няма і ценю сумнення.— Мы звычайна ці сюды, ці ў «Дняпро», а калі спатрэбіцца больш інтымнае месца — у аэрапорт коцім, там без музыкі, можна адпачыць душой.

— А я дык не магу дачакацца, калі сезон пачнецца…

— Тэатральны? Было б што. Два гады не хадзіла, мусіць, і не хутка пайду. Не цягне!

Што ж, у кожнага свае запатрабаванні. Аднаму дай оперу, другому эстраду ў рэстаране. Як прызнаючы натуральнымі Нініны погляды на мастацтва, кажу:

— Калі сваёй кампаніяй, то ўсё роўна, дзе і што.

— У нас так, дружна,— яна гаворыць з выклікам, нібы спрачаецца, і зноў хмурыцца. Мне, відаць, можа ўсё сказаць, сабе цяжэй. Дапівае каву і паглядае на гадзіннік.— Прабачце, мне пара. У нас з Сэмам дамоўленасць. Калі куды едзе, то абавязкова звоніць.

Устаю і падаю Ніне-Вялесьцы руку. Чамусьці думаецца, што пра званок маніць. А калі не? Калі Сямён любіць жэсты?

Ідзём па набярэжнай. Сонца яшчэ яркае, але нядаўняй гарачыні ўжо няма. 3 ракі падымаецца прыемная свежасць. I я, бестурботна размахваючы кейсам, з зайздрасцю паглядаю на голыя целы на пясочку. Вось так і Сямён зараз недзе на беражку цешыцца. Як бы даведацца, пазвоніць ён ці не. А калі пазвоніць, то — адкуль? Заўтра Ніна, можа, пахвалілася б, каб неяк сустрэўся з ёю. Ды раптам, распытваючы, толькі навяду на непатрэбны роздум — і дзяўчыну, і, галоўнае, Лебедзева, якому яна, напэўна, раскажа пра маю цікаўнасць. Задача. Але размову з Нінай трэба падтрымліваць. Паказваючы на пляж, зайздрошчу:

— Жывуць жа людзі!

Вялеська фыркае:

— Бруд! Мазут, жыжа з свінарніка. Восенню ў адпачынак на Каўказ палячу. Вось там пляжы!

Дарога да яе дома блізкая: хвілін дзесяць пяшком і тры прыпынкі на тралейбусе. Так што неўзабаве мы апынуліся ля яе пад’езда. Нічога не прыдумаўшы наконт пытання пра званок Сямёна, спрабую затрымаць дзяўчыну стандартным прыёмам:

— Мы так хутка дабраліся…

Вялесьцы гэта падабаецца, яна зноў робіцца какетлівай:

— У нашым свеце ўсё адноснае.

Толькі хацеў сказаць нешта прымітыўна-ўзнёслае і знямеў: з пад’езда выйшаў капітан Пугацэвіч. Ад разгубленасці я ледзь не павітаўся. Добра, што ён адвярнуўся. Я паглядзеў яму ўслед і з прыкрасцю зазначыў:

— А ў вашым доме відныя мужчыны жывуць.

— Не ў нашым. Але чаму ён з нашай кватэры выйшаў? — яна таксама з цікавасцю паглядзела ўслед Пугацэвічу, затым перавяла позірк на мяне.— Дзякуй за вечар. Не сярдуйце, мы яшчэ пабачымся.

Абяцанне новай сустрэчы павінна было ўзняць мой настрой. Абнадзеены, я нясмела ўсміхаюся. Чаму б не паказаць, што прычына маіх пакут — яна? Можа, не скажа Лебедзеву пра сённяшні вечар…