Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 6)
— Тут больш складана. У пад’ездзе быццам бы падазраваць няма каго, а ў доме…— Пугацэвіч паківаў галавой.— Усіх не вывучыш. Ды як бывае ў такіх дамах, людзі мала што ведаюць адзін пра аднаго. А Канапацкія пасяліліся там пазней, ні з кім не дружаць. Павітаюцца, словам перакінуцца пра пагоду або яшчэ што падобнае, і ўсё. Ну, там хлеба-солі ці яны, ці ў іх перахопяць, у сваім пад’ездзе. Не, тут нехта дакладна навёў. Той, на каго і не падумаеш. Згодны, Пётр Пятровіч?
Янушкевіч адказаў не адразу. Пытанне было не ў згодзе ці нязгодзе. Зрэшты, версія, узнікшы, патрабавала праверкі. Але заўсёды, пачынаючы, па сутнасці, расследаванне, важна было выбраць задачу першачарговую, найбольш перспектыўную. Напэўна, гэтай падказкі і чакаў зараз ад яго Пугацэвіч. Нарэшце паўтарыў сваё ранейшае:
— Акружэнне, Сяргей Антонавіч, акружэнне, на мой погляд, праверка яго была праведзена павярхоўна. Не лянуйся, паглядзі сам.
— Леў Сідаравіч мне таксама нікога новага не назваў.
— Паглыбіцеся ў вядомыя факты. Калі і была дзе, як ты кажаш, уцечка інфармацыі, то найбольш верагодна праз маладых. Справу хутка забярэ Акулік, зазнач сабе што трэба.
Пугацэвіч чмыхнуў. Прапаноўваць гэта яму, да каго калегі бегаюць па даведкі нават па даўніх справах? Ён жа выдае кансультацыю не горш за інфармацыйны цэнтр.
Падпалкоўнік лагодна прабурчаў:
— Зазнайка ты, капітан. Любіш пацешыцца сабой. Спускайся на зямлю. Я слухаю.
Апошняе прагучала як загад, і Пугацэвіч пастражэў:
— Найбольш блізкі Кастусь Канапацкі з Уладзімірам Гаруновічам. Пра яго я ўжо гаварыў, Падазроных знаёмстваў не мае.
— Катэгарычна,— у голасе падпалкоўніка, аднак, прагучала толькі прыкрасць.— Разбярэш іх, гэтыя знаёмствы. Цяпер з выгляду быццам усе прыстойныя.
— Мы карыстаемся вывадамі таварышаў. Іх работу паўтараць няма сэнсу.
Янушкевіч нецярпліва махнуў рукой:
— Да вывадаў мы яшчэ не дабраліся, працягвай.
— Ні Косця, ні яго сябра пакуль не займелі пастаянных дзяўчат, з якімі бавілі б час. I то, ім жа недзе па дваццаць тры…
— Не правярай маю памяць,— зноў буркнуў Янушкевіч.— Гаруновічу дваццаць пяць, у інстытут паступіў пасля арміі. Але пераходзь да іншых.
Падпалкоўнік і сам мог бы назваць маладых людзей з акружэння Канапацкіх. I калі пытаўся ў Пугацэвіча пра іх, то, значыць, хацеў паглядзець на тых хлопцаў і дзяўчат нібы вачамі старшага оперупаўнаважанага, які непасрэдна імі займаецца. А тады ўжо на падставе двух меркаванняў рабіць сінтэз.
— Другі сын Канапацкіх — Аляксей — даўно не жыве ў нашым горадзе. За гэты час яго былыя знаёмствы завялі. Таму ён у нашых прыкідках лішні.
— У яго часці служыць сын старога друга Льва Сідаравіча,— нагадаў Янушкевіч.
Пугацэвіч не ўлавіў у рэпліцы падпалкоўніка сувязі з папярэднім і прамовіў:
— Шумейкі? То да бацькоў прыязджаў маёр Канапацкі, а не радавы Шумейка. Яму маёр павёз пасылку.
— Павёз, дарэчы, напярэдадні кражы. А што тут агульнага ў гэтых двух фактах, і я не ведаю,— адказаў Янушкевіч.— У Шумейкаў яшчэ дачка ёсць, незамужняя.
— Летам скончыла інстытут. У Канапацкіх рэдка бывае, з хлопцам у яе ўзаемнай сімпатыі няма.
— Хто яшчэ варты ўвагі?
— Я і ў гэтых сумняваюся, Пётр Пятровіч, а вы яшчэ.
— Падсунуў ты мне задачку, капітан.
— Хутчэй вы мне, таварыш падпалкоўнік,— засмяяўся Пугацэвіч.
— Ну-ну, мая пасада ўсё-такі большая, не выскаляйся,— ён паклаў рукі на стол, як збіраючыся устаць і раптам спытаў:— А чаго муляўся паважаны Леў Сідаравіч?
— Сам над гэтым галаву ламаю, ды і паказацца магло,— з прыкрасцю прамовіў старшы оперупаўнаважаны: ён жа, здаецца, ужо казаў пра гэта.
— Магло, магло. А каб не мроілася абы-што, паспрабуй аднавіць апошнія перад кражай хаця б дня тры-чатыры. Хто заходзіў, чаго, нават калі па соль або запалкі. Не лянуйся яшчэ раз пагаварыць з усімі, каго ведаем. І гаспадарамі, і знаёмымі. Асабліва з Гаруновічам. З ім можаш больш канкрэтна, і характарыстыка, як ты сцвярджаеш, станоўчая, і да сям'і блізкі. А пра другую кражу пагаворым, калі «пікап» установіце.
5
Рабіць крок насустрач не спатрэбілася. Мая асоба такі выклікала цікавасць. Пётр Пятровіч сапраўды псіхолаг. Я сядзеў з глыбакадумным выглядам, уставіўшыся на ліст паперы, дзе паспеў вывесці толькі адзін радок, але і той адразу ж закрэсліў, што сведчыла пра сур'ёзныя творчыя пакуты. І ў гэты момант Лебедзеў грузна павярнуўся — аж крэсла зарыпела — да мяне.
— Цікуем? — падміргнуў ён, ківаючы на Фею-Наташу. На яго хударлявым твары нават пракінулася спагада.
Вядома, я чакаў, што некалі мы так ці інакш «закантачым», прычым ён клюне на мае вершы. Іначай навошта трымаць на стале часопіс? Намёк на заляцанні агарошыў неспадзяванасцю, і я не адразу скеміў, што такі повад для нашага асабістага знаёмства будзе зусім не горшы. Сапраўды, чаму не падыграць гатым цікаўным хлопцам у тым, што ім больш зразумела? Ну, а з Феяй пастараюся ўтрымаць мяжу, бо дзяўчына яна ўвогуле неблагая і крыўды не заслугоўвае.
— Нічога ў цябе, пан паэт, з гэтай цыбатай нескладзёхай не атрымаецца,— рассмяяўся Лебедзеў, нахіліўшыся бліжэй да мяне. Следам заўсміхаўся Самсонаў, бяскрыўдна, спачувальна, і нават Грыгаровіч выціснуў з сябе нешта накшталт усмешкі.
— Чаму? — Абурэнне маё было шчырым, аб сабе я быў не такой ужо кепскай думкі. Ды і Лебедзеў, хаця пазіраў быццам бы прыветна, чамусьці здаўся мне непрыемным, нахабным.— Што я — пень?
— Цюлень! — засмяяўся Лебедзеў.— Трэці вечар вачамі ясі, а пагладзіць баішся.
Ага, мяне, значыцца, прыкмецілі яшчэ ў першы дзень. Выдатна!
— Чуў, што паэты — чокнутыя, але каб так, прабачце…— гэта не было павучанне. Хутчэй за ўсё Лебедзеў проста не разумеў, як можна захапляцца дзяўчынай здаля.— Пакліч — з радасцю пабяжыць. За Алегам, за Федзькам,— ён матлянуў галавой у бок Самсонава і Грыгаровіча.— Хочаш, прадэманструю?
Зрэшты, з Наташай, можа, яно і так, бо, на жаль, чаго не бывае наогул. Дзяўчаты ў асяроддзі Лебедзевых правілаў не надта строгіх. За аплочаны вечар у рэстаране куды хочаш пойдуць. I гэта дае яму падставу зняважліва ставіцца да ўсіх. А мне, на жаль, зараз не мазгі яму на месца ставіць трэба, а дамагацца збліжэння. I я паглядзеў недаверліва.
— Э-э,— ён задаволена выскаліўся.— Не буду лезці грубымі ботамі ў тваю далікатную душу. Мне твая Натка патрэбна, як зайцу абмежавальнік хуткасці, калі за ім воўк гоніцца. Табе ж хацеў паспрыяць.
— Спатрэбіцца — сам зраблю,— буркнуў я, аднак не надта сярдзіта, і кінуў леер: — А што гэта ты мне ў апекуны наймаешся?
Лебедзеў нахмурыўся. На твары з’явілася нешта жорсткае, упартае. Узяў з майго стала часопіс, пачаў гартаць. Дайшоўшы да старонкі з маім партрэтам, нечакана сказаў:
— Бач ты, сапраўды вершаплёт. А я думаў, ты дзеўкам мазгі пудрыш. Павел Гарбаценка… Дык вось, паэт, зарубі сабе на носе: я сам наймаю! Усвядоміў? — Ён расслабіўся і зрабіўся ранейшым насмешліва-нахабным хлопцам, якому ўсё да ліхтара.— Калі так, мы з табой паладзім. Мне вальнадумцы падабаюцца. Канчай платоніку,— зноў кіўнуў на Фею, якая ў касе выбівала чэкі,— акунём цябе ў жыццё, сапраўднае. Да гэтага, здаецца, вас крытыка заклікае.
— У калгас паедзем? — іранічна спытаў я. Не варта было разыгрываць бяззубае цялё. Сваіх падатлівых дружбакоў ён, пэўна, не вельмі шанаваў.
Лебедзеў зарагатаў.
— Малайчына! Паехалі б, але там пакуль што рэстаранаў няма. А месца акцёра дзе? У буфеце! Сячэш?
— А-а, вы акцёры? — усміхнуўся я, акінуўшы дапытлівым позіркам Грыгаровіча і Самсонава.
— У жыцці, у жыцці,— Лебедзеў паляпаў мяне па плячы.— Нат, радасць мая, рахунак паэта — мне!
— Ты часам не мецэнат тутэйшы? — Я паклаў на пустую талерачку траяк. Напышліва растлумачыў: — Служыцелі муз маюць свой гонар!
Ён не пакрыўдзіўся, адно пацікавіўся:
— Вершы кормяць?
Я паціснуў плячамі: маўляў, не надта.
— А нас — Самсонаў,— развесяліўся раптам Лебедзеў.— Мэблевы магазін — гэта не рэдакцыя. Возьмеш, Алекс, паэта ў падручныя?
— Хліпкі,— Самсонаў агледзеў мяне, нібы сапраўды прыкідваў, ці маю здатнасць да пагрузкі-разгрузкі гарнітураў. Сам ён цягнуў на грузчыка, я нават сабе ўяўляю колішніх адэскіх бічоў менавіта такімі — каржакаваты, дужы. Аднак пры іншых абставінах я з ім падужаўся б, паказаў бы, хто ёсць хто. Ды нішто, дзе маё ні прападала. Хай пакуль цешыцца. Як кажа мой цяперашні кватэрны гаспадар, кожнай бульбіне свая тарка.
— Наш карміцель-паіцель пераборлівы,— у словах Лебедзева была непрыхаваная іронія.— А ты што, толькі вершамі і займаешся?
— Атрымаў накіраванне ў інстытут удасканальвання настаўнікаў,— сціпла паведаміў я свой грамадзянскі статус, прыдуманы Пятром Пятровічам.
— Не хочацца хамут на шыю? — падміргнуў Лебедзеў.
— Пайду пазней. Пакуль і месца не вызвалілася, і грошы сякія-такія ёсць, у студэнцкім атрадзе зарабіў,— легкадумна паведаміў я.— А заадно і кнігу падрыхтую. Мастацтва патрабуе ахвяр,— дарэчы ўспомніў я нядаўнія словы Пятра Пятровіча і сказаў іх з гонарам: маўляў, ведай нас.
— Ахвяр? Ну-ну,— Лебедзеў быў паблажліва вясёлы.— А цяпер — рушылі,— ён накіраваўся да дзвярэй. На вуліцы загадаў: — Фёдар, матор!
Маўклівы Грыгаровіч выскачыў на праезджую частку вуліцы і замаячыў там з паднятай рукой. Вось так, музыку заказвае адзін, а плоціць за яе другі.
Напэўна, Сямён хацеў агламошыць мяне сваёй незвычайнасцю, значнасцю, перавагай над астатнімі, уменнем прыгожа жыць. Бо не было патрэбы іранізаваць з Самсонава, камандаваць Грыгаровічам, патрабуючы машыну, каб пераехаць, як аказалася, на паралельную вуліцу.