реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 49)

18

— Ну было, дык што?

— Адказваць будзеце.

— Ну і адкажу. Запісвайце. Узяў я тую кватэру.

Пугацэвіч запісаў паказанні, даў Грыгаровічу падпісаць, а тады сказаў:

— Значыць, пра напарніка вырашылі не гаварыць?

— Сам быў, сам! — павысіў голас хлопец.

— Не крычыце,— абарваў яго Сяргей Антонавіч.— Не я пасылаў вас па крадзенае. Аднак гэта яшчэ не ўсё. Трэцяга жніўня, назаўтра пасля кражы на Падлеснай вуліцы, з кім вы ехалі раніцай у тралейбусе на працу?

— Адзін! — на гэты раз ён паспяшаўся адказаць — гэта пытанне ні ён, ні Лебедзеў не прадбачылі.

— Фёдар Фёдаравіч, мне што, зноў паўтарыць, што тут не выдумляюць?

— Адчапіцеся! — зноў сарваўся на крык Грыгаровіч.— Вы ўсё роўна не верыце!

Можна было, вядома, перапыніць допыт, даць хлопцу падумаць, зразумець сваё становішча. Ды ў Пугацэвіча не было часу. Калі не ўдасца знайсці рэчы Канапацкіх, Лебедзеў ад паказанняў Шумейка, не падмацаваных Грыгаровічам, таксама будзе адмаўляцца. Трэба было выбіць з-пад Федзькавых ног яго ўяўную платформу. Сяргей Антонавіч насмешліва сказаў:

— Цябе, хлопец, за прасцячка трымаюць, а ты і вушы развесіў. Друга выручаеш? Дудкі. Сябе топіш,— ён адсунуў пратакол.— Будзеш гаварыць, не будзеш — групавая забяспечана. На чамаданчыку і іншыя пальчыкі засталіся. Так што сабе горш робіш. Бо я табе ноч з другога на трэцяе жніўня таксама магу ў дэталях апісаць. Хочаш?

Грыгаровіч падазрона ўставіўся на Сяргея Антонавіча, як бы спрабуючы адгадаць, хлусіць той або кажа праўду.

— Дык з кім вы ехалі? — падштурхнуў яго пытаннем Пугацэвіч.

— А што, забаронена, ці, можа, вы мне будзеце дзевак падбіраць? — Ён і гатовы быў у нечым здацца, і баяўся, каб не ляпнуць лішняга. Не разумеў, дзе тут тоіцца небяспека.

Сяргей Антонавіч прапусціў грубасць, як не пачуў, Грыгаровіч — не Шумейка, інфантыльная, бяздумная, хаця Ў сэнсе бяздумнасці яны абое роўныя. Толькі ў яго, бадай, наогул не было патрэбы задумвацца. Над навакольным, над сваім лёсам. Жыў ён адным днём. Разам з тым Пугацэвіч не браўся б сцвярджаць, нібыта зараз Грыгаровіч не разумеў, што рабіў і чым гэта можа для яго скончыцца. За Лебедзевым ішоў слепа, не ўяўляючы, чым пахнуць турма і калонія. Ён, што не абышлося без унушэння таго ж Лебедзева, быў гатовы да ўсяго. Зняволенне не палохала яго. I, што яшчэ горш, наўрад ці напалохае. Вернецца і не адмовіцца, калі пацягне хто на старую крывую дарожку.

Паназіраўшы за Грыгаровічам, які не надта нерваваўся, Сяргей Антонавіч удакладніў:

— Дзяўчына, дапусцім, была не ваша.

— Ну і што, магу я сябрам ложак даць?

— Выгнаўшы маці? Можаце, вядома. Але вы не назвалі іх, гэтых сяброў. Тайна?

— Падумаеш, усе ведаюць, што я з Сэмам дружу, а каго ён прывядзе… У яго выбар багаты…

— Так, аднаго ўстанавілі. Цяпер другую.

Хлопец маўчаў, як бы намагаючыся нешта ўспомніць, і нарэшце выдыхнуў:

— Што з таго… Ну, Вялеська…

— Сэм — Лебедзеў, Вялеська — Шумейка,— Пугацэвіч вярнуў на ранейшае месца пратакол і зафіксаваў сказанае Грыгаровічам.— Распішыцеся.

Нешта буркнуўшы, Грыгаровіч паставіў подпіс — пра паказанні Шумейка не здагадваўся, таму сам гэты факт яму не паказаўся важным.

Допыт цяпер можна было і прыпыніць. Сяргей Антонавіч дапускаў, што насцярожаны хлопец гаваркім не будзе. Хай заспакоіцца, упэўніцца, нібы вытрымаў намечаную лінію паводзін. А потым жа, не падрыхтаваны да абароны, хутчэй разгубіцца.

Адправіўшы Грыгаровіча, Пугацэвіч па тэлефоне адшукаў у пракуратуры Акуліка і сказаў яму пра вынікі допыту. I неўзабаве следчы прыйшоў з санкцыяй пракурора на вобыск і арышт Сямёна Лебедзева.

— Давай усё-такі спачатку звернемся да бацькі Сямёна,— прапанаваў Сяргей Антонавіч.

— Эксперыментатар,— паківаў галавой Вадзім Аляксандравіч.— Якая ў гэтым неабходнасць? Мая воля — не дазволіў бы, ды пракурор, нібы згаварыўся з табой, таксама раіць. Аднак з Лебедзевым-бацькам будзеш гаварыць у маёй прысутнасці. Каб часам не расшаркаўся.

Сяргей Антонавіч усміхнуўся:

— Мы з табой, Вадзім, бадай, не адзін пуд солі разам з’елі…

— Тут справа прынцыпу!

Начальнік упраўлення лясной гаспадаркі аблвыканкома здзівіўся прыходу супрацоўнікаў міліцыі. Пакуль яны ўсаджваліся, разглядаў іх з ветлівасцю, за якой, аднак, адчувалася цікаўнасць.

— Слухаю вас,— сказаў Лебедзеў і зірнуў на гадзіннік.

Ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся і зняў акуляры. А Пугацэвіч падумаў, што гаспадар прывык, каб у яго кабінеце людзі бянтэжыліся.

— У нас далікатная справа, Валерый Канстанцінавіч,— пачаў Пугацэвіч.

Лебедзеў нахмурыўся, прыгладзіў кучаравыя валасы і ўжо болын настойліва паўтарыў:

— Слухаю вас!

Акулік кашлянуў, зірнуў з дакорам на старшага оперупаўнаважанага, які нібы не спяшаўся працягваць. Гэты нямы дыялог, які яны абодва добра зразумелі, працягваўся долю секунды. Сяргей Антонавіч ледзь прыкметна кіўнуў і коратка расказаў, што прывяло іх сюды.

— Вы не дапусцілі памылкі? — спытаў Лебедзеў. Але не чулася ў яго голасе звычайнай у такіх выпадках надзеі. Бадай што, і ён прадчуваў кепскае з сынам.— Ну што ж, дзякую, што прыйшлі. Што вы хочаце ад мяне?

— Мы маем рабіць у вашай кватэры вобыск. Пойдзе почут. Гэтага можна пазбегнуць, здаўшы…— Пугацэвіч прыпыніўся, падбіраючы больш прыстойнае слова, але ўсё-такі сказаў прама: — Крадзеныя рэчы добраахвотна.

Валерый Канстанцінавіч доўга маўчаў, гледзячы ў нейкую толькі аднаму яму вядомую на чыстай сцяне кропку, і, напэўна, не бачыў нічога. Схамянуўшыся, спытаў:

— Вы ўпэўнены, што яны ў маёй кватэры ёсць?

— Такі парадак, калі ўзнікае падазрэнне.

— Не, таварышы,— ён прамовіў гэта цераз сілу,— на жаль, я не ўмешваўся апошнім часам у справы сына, таму не буду, не маю маральнага права ўмешвацца і ў гэтым выпадку. Будзе так, як прадугледжана законам.

Акулік і Пугацэвіч падняліся. Яны не паспелі развітацца — увайшла сакратарка.

— Валерый Канстанцінавіч, на пятнаццаць гадзін вы прызначылі нараду…

— А, так, так… Адкладзіце, калі ласка, я з’езджу ў абком,-— і ў яго халодных вачах прамільгнула туга.

На вуліцы Акулік буркнуў:

— Можна было не хадзіць. Раптам пазвоніць жонцы, каб перахавала?

— Куды? Ды і не такі ён чалавек. Ён, вядома, прагледзеў сына, але, як табе сказаць, ёсць у ім грамадзянская мужнасць.

— Ідэаліст! — хмыкнуў следчы.— Давай арганізоўвай групу на выезд. Колькі часу страцілі…

Таццяна Макараўна, даведаўшыся, дзеля чаго прыйшлі чужыяі людзі ў яе дом, была хапілася за тэлефон. Акулік спыніў:

— Не званіце. Мы толькі што былі ў вашага мужа, і пракурор даў санкцыю.

Напэўна, словы пра мужа, што ён усё ведае і не прыняў мер, каб не дапусціць вобыску, вельмі ўразілі жанчыну. Яна нават не знайшлася што сказаць і, сцяўшы вусны, адступіла з праходу.

3 Паўлавага апісання Сяргей Антонавіч ведаў, дзе што ў кватэры Лебедзевых. Выйшаўшы ў доўгі калідор, ён раптам адчуў непакой. Нешта быццам было не так, як апісаў Гарбаценка.

— Дзе ваш сын?

Пакуль Акулік задаваў гэта пытанне Таццяне Макараўне, Пугацэвіч кінуўся да Сямёнавага пакоя. Сёння ён чамусьці быў не замкнёны, як звычайна.

Пакой, нават самы стандартны, шмат што можа расказаць пра свайго ўладальніка. Для Сямёна яго спальня была месцам, дзе ён не жыў, а толькі часам начаваў. Ні паліцы з кнігамі, якія чалавеку заўсёды хочацца мець пад рукой, ні пісьмовага стала, патрэбнага студэнту, хай сабе і завочніку, Пугацэвіч тут не ўбачыў. Затое побач з барам, поўным бутэлек розных фасонаў і з рознымі этыкеткамі, горбілася зашмальцаванае крэсла, стаяў столік з магнітафонам — тут Сямён, відаць, бавіў вольны час. Не ў сур’ёзным роздуме, а ў хмельных мроях. Адзін…

Вобыск, аднак, нічога не даў. Дзе сын, Таццяна Макараўна таксама не сказала. Хутчэй за ўсё не здагадвалася — ён ніколі не дакладваў маці, куды і чаго ідзе.

Ва ўпраўленне Пугацэвіч і Акулік вярнуліся злосныя. Яны не папракалі адзін аднаго. Не прывыклі перакладваць сваю віну на чужыя плечы. У іх быў агульны клопат — хутчэй знайсці Сямёна, бо ў гэты час Таццяна Макараўна, напэўна, абрывае тэлефоны, кляне міліцыю, і ў любы момант можна чакаць выкліку да начальства. А яно, начальства, звычайна нічога ў апраўданне слухаць не хоча, маўляў, рабіце так, каб на вас не скардзіліся.

У сваім кабінеце Сяргей Антонавіч таксама хапіўся за тэлефон.

— Мне, калі ласка, Ніну Іванаўну Шумейка. Захварэла? Дзякую, пазваню дахаты.

— Умеюць жа некаторыя бальнічныя лісткі атрымліваць па заказу,— усміхнуўся Акулік.