Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 51)
Машына імчалася па мокрай і бліскучай пасля дажджу шашы. Стрэлка спідометра набліжалася да лічбы сто.
Седзячы ззаду, я раз-пораз паглядаў на Пугацэвіча, спрабуючы адгадаць ход ягоных думак. Ён сядзеў маўклівы, засяроджаны, спакойны. Моцны чалавек! Я на яго месцы не стрымаў бы эмоцый. Гэта ж да завяршэння аперацыі, якой было аддадзена столькі нерваў і намаганняў, заставалася, можа, зусім нічога, якіх некалькі гадзін.
Пра тое, што і мне адпраўляцца з капітанам у Мінск, я даведаўся перад самым ад’ездам. Сяргей Антонавіч, загадаўшы збірацца, сказаў:
— Могуць узнікнуць абставіны, калі мы з табой мусім раздзяліцца. У сваёй групе ты паможаш мінскім таварышам апазнаць Лебедзева.
— Раскрываеце?
Шчыра кажучы, мне ўжо абрыдла не зусім сваё аблічча. Які я паэт? Выглядаць хвалько мне не хацелася нават у вачах Лебедзева. І наогул, мне заўсёды будзе лягчай дзейнічаць у якасці оперупаўнаважанага вышуку, чым маскіравацца пад каго іншага. Вакол злачынца шмат неблагіх людзей, і менавіта іх крыўдна вадзіць за нос.
Вядома, я не выказаў сваіх думак капітану Пугацэвічу, не да таго было. Ды маіх праблем для яго, бадай, не існавала даўно. Пытанне ён успрыняў больш канкрэтна:
— Што ты, Павел, служыш у міліцыі, для Лебедзева не навіна. Як і тое, што мы не выбіраем сабе заданняў.
Як заўсёды, Сяргей Антонавіч выказаўся коратка і ясна. I я пераключыўся на больш істотнае.
Мы яшчэ не ведаем, дзе і як будзем шукаць Лебедзева. Няма нават поўнай перакананасці, што ён у Мінску. Таму Акулік з Шульжыкам таксама не будуць сядзець склаўшы рукі. А ў сталіцы нам памогуць нашы калегі.
Усё гэта так. А на душы шчымліва. Можа, таму, што ўпершыню ўдзельнічаю ў затрыманні злачынца. Хаця якое там затрыманне! Старонні чалавек хутчэй за ўсё не здагадаецца, што адбываецца. Лебедзеў не з тых, хто зробіць нешта такое, што пагоршыла б яго становішча. Магу пабіцца аб заклад, што ён даўно намеціў, як паводзіць сябе пры арышце. Не здзіўляюся, калі, напрыклад, скажа: «Прашу засведчыць, што я не аказаў супраціўлення».
На мой погляд, злачынцы, якія, крадучы, лічаць сябе пры гэтым інтэлектуаламі, самыя агідныя. У мяне яшчэ мізэрны стаж службы ў міліцыі, і сёй-той, напэўна, прыме маю думку іранічна. Аднак і тое, што я чытаў, і тое, што чуў ад таварышаў, назіраў сам, сведчыць пра адно: такіх, як Лебедзеў, турма не выхавае, не выправіць. Вызваліцца і за сваё зноў возьмецца. Бо гэта ў іх не выпадак, а, калі хочаце, пазіцыя: «На нашу долю дурняў хопіць». Інакш не было б рэцыдывістаў. Я далёкі ад думкі, што рэцыдывістаў трэба толькі караць, а не выхоўваць. Нават калі адзін з дзесяці зажыве потым сумленна, то цэлы гэты дзесятак варты клопатаў. Ды, як кажуць, з песні слоў не выкінеш.
Медыкі сцвярджаюць, што, ведаючы прычыну, лячыць хваробу лягчэй. Гэта, бадай, правільна і для юрыстаў нават на этапе расследавання. Таму я і хацеў бы, бо ведаю Лебедзева лепш за Акуліка і Пугацэвіча, знайсці адказ на пытанне: што прывяло яго да злачынства? Прасцей за ўсё было б спаслацца на маці з яе скажоным разуменнем жыцця. Прычым гэта сцвярджэнне можна было б падмацаваць спасылкай на другое яе чада — дачку Святлану, якая таксама прытрымліваецца не вельмі правільных маральных прынцыпаў. Так, зерне хутчэй прарастае на добра падрыхтаванай глебе. Але адкуль яно ўзялося, гэта зерне злачынства, знявагі да людзей, ганарлівасці? Кожны крымінальны выпадак — з’ява адзінкавая, нетыповая. Вядома, у добрай сям’і, бывае, вырастаюць кепскія дзеці і ў дрэннай — добрыя. Адзін, сустрэўшыся з негатыўным, абурыцца, пастараецца нешта змяніць у станоўчы бок; другі ў негатыўным знаходзіць сабе апраўданне, пажыўнае асяроддзе. Дык ці не таму так цяжка вынайсці універсальны рэцэпт, які гарантаваў бы правільнае выхаванне? Мне злачынцы ўяўляюцца ракавай пухлінай на целе здаровага грамадства, хаця, разумею, гэта не зусім правільна. Рак можа ўзнікнуць практычна ў любым арганізме пры пэўных умовах. Злачынцамі ж становяцца толькі вырадкі. Гэта як мутацыя…
Напэўна, я хапіў занадта глабальную праблему, якую адолець мне не па сіле. Спадзяюся, аднак, пакуль. Бо сапраўды кепскі той салдат, які не марыць стаць генералам. А я — максімаліст. I ў паэзіі, і ў службе хачу ўзысці на высокую гару. Праўда, яшчэ я ля падножжа. Ды адразу на вяршыню нікога не садзілі. Падсаджваюць, бывае. Але асабіста я абыдуся без падпорак.
Дык вось, вяртаючыся да бягучых клопатаў, што мне відаць ад падножжа? Чаму Сямён усё-такі вырас злодзеем? Паспрабую адказаць, хаця 6 сам сабе. Маці прыклала шмат намаганняў, каб сын ператварыўся ў сябелюбца і абібока, хаця, безумоўна, не хацела бачыць яго такім. Яна марыла, каб ён быў лепшы за іншых. Не добры наогул, а менавіта лепшы. I пераканала сябе ў выключнасці сына, а тады і яму ўбіла гэта ў галаву. Бацька, на мой погляд, вінаваты не ў тым, што мала ўвагі ўдзяляў сыну. Яму сапраўды не заўсёды ставала часу на сям’ю. На жаль, гэта з’ява ці не тыповая, калі чалавек самааддана служыць справе. Віна Сямёнавага бацькі ў тым, што не меў ён аўтарытэту ў сям’і, хаця, як я ведаю, варты быў гэтага. Узвысіліся ў сям’і погляды маці. А ў выніку — фінал: два супрацоўнікі крымінальнага вышуку едуць затрымліваць з доказамі Лебедзева-малодшага…
— Павел, ты Мінск добра ведаеш? — адрывае мяне ад роздуму над лёсам злодзея Сэма капітан.— За апошнія гады горад вырас…
Сяргей Антонавіч скончыў універсітэт на восем гадоў раней за мяне. 3 той пары служыць у нашым абласным цэнтры і ездзіць у асноўным у камандзіроўкі па раёнах. Таму, натуральна, непакоіцца, што без праважатага будзе лішне блукаць па сталічных вуліцах і праспектах, шукаючы магчымыя месцы туляння Сямёна Лебедзева.
— Бываў у мікрараёнах,— заспакойваю капітана.— Ды наш аб’ект хутчэй за ўсё ў цэнтры пасецца. Ускраіны не па ім.
— Ад месца жыхарства Веранікі залежыць,— падкрэсліў Сяргей Антонавіч. А я зараз разумею, што ён усю дарогу таксама пракручвае ў галаве будучую аперацыю.
— Не зусім,— у мяне раптам узнікае новае дапушчэнне.— У Веранікі можа быць муж. Самсонаў дакладна не сказаў, што Лебедзеў начаваў у яе.
Сяргей Антонавіч прамаўчаў.
У Мінск прыехалі надвячоркам. Нас чакалі і адразу пазнаёмілі з ажыццёўленымі захадамі.
Пра Вераніку звестак яшчэ не было. Можа, Самсонаў што наблытаў, а можа, таварышам проста не хапіла часу.
Мы прывезлі некалькі фатаграфій Лебедзева. Гэта была прапанова Сяргея Антонавіча на выпадак, калі Сямён сёння вечарам будзе ў якім-небудзь рэстаране або кафэ. Сумняваюся. Яго знікненне з дому нагадвае ўцёкі. А калі так, то не будзе вытыркацца, пакуль не пазбавіцца крадзеных рэчаў.
На жаль, як я і думаў, пошукі выніку не далі. Слядоў Лебедзева ні мы, ні калегі не выявілі. Адзіны наш з Сяргеем Антонавічам здабытак — вячэра ў рэстаране «Юбілейны».
У гасцініцу прыйшлі стомленыя. Гэта мы з капітанам. А што казаць пра мясцовых таварышаў? Яны — тутэйшыя і ў адрозненне ад нас, гасцей, карысталіся грамадскім транспартам і сваімі нагамі.
— А не магло быць так, што Лебедзеў сплавіў рэчы той жа Вераніцы і вярнуўся дадому? — сказаў я Сяргею Антонавічу.
— Шульжык пазваніў бы,— пазяхнуў капітан.— А мы з табой будзем спаць.
— Ага, раніца мудрэйшая за вечар,— зазначыў я крыху іранічна, хаця прапанова начальства мне спадабалася. Тым болей што патрэбныя захады, як я ведаў, былі зроблены.
Аднак заснулі мы не хутка. Падумаць было аб чым. Сяргея Антонавіча раптам занепакоіла, ці не надта паверыў ён Самсонаву. У яго маглі быць і іншыя адрасы, і Самсонаў мог падмануць, бо такі падман цяжка было б абвергнуць. Я паспрабаваў супакоіць Сяргея Антонавіча, што другой версіі мы не маем, што Самсонаў не дурань і разумее, як важна для яго памагчы нам, што наогул нам няма чаго раскідвацца і трэба працаваць у адным выбраным напрамку.
— Шчырасць у інтарэсах Самсонава,— сказаў капітан,— толькі тады, калі ён непасрэдна ў злачынстве не ўдзельнічаў, не збываў крадзенага. Ты, Павел, упэўнены ў ім?
— Каб чуць допыт…— Я разумеў, што мая колішняя ацэнка Алега аказала пэўны ўплыў на рашэнне Пугацэвіча, і зараз, хоць я мо і памыліўся, паправіць што-небудзь было цяжка. Таму адказаў не адразу.
— Ты сустракаўся з ім, калі пра допыты яны яшчэ не задумваліся,— працягваў капітан.
— Самсонаў, упэўнены, думаў.
— I піў, гуляў…
— Глушыў страх, так мне здавалася.
— Быццам астатнія не баяліся?
— Лебедзеў лічыць, што яго розуму хопіць, каб перахітрыць дзве міліцыі. Грыгаровіч над такімі праблемамі не ламаў галавы. Шумейка, гэта вы таксама бачылі, не адчувала за сабой віны.
— Што ж прымусіла Самсонава далучыцца да злачынства, хаця б ускосна?
— Няма ў чалавека свайго «я».
— Хліпка, лейтэнант.
— Паспрабую расшыфраваць. Няўстойлівы, з тых, каго вядуць. Вядзе Люська, якой заўсёды мала грошай. Павёў Лебедзеў, якому Алег спатрэбіўся і для шырмы, і для сувязі з самымі рознымі людзьмі.
— Дзіцятка…
— Розум, характар вызначаюцца не ўзростам. Гэта, бадай, ўсё. Магу, праўда, дадаць, што бяздумнае жыццё з рэстаранамі і жанчынамі засмактала Самсонава, але гэта будзе ўжо банальны вывад. А ўвогуле не павінен быў ён маніць. Хіба толькі не ўсё ведаў. Але Сямён не такі ўжо канспіратар. Без сувязей Самсонава яму было не абысціся.
3 вуліцы ў пакой свяцілі ліхтары, і сплюшчаныя шырокія залацістыя плямы, перарэзаныя аконнымі рамамі, нерухома ляжалі на сценках пад самай столлю. Яны нагадвалі пра позні час, пра заўтрашнія, або, дакладней, ужо сённяшнія турботы. Але я не асмельваўся напамінаць Сяргею Антонавічу пра гэта. Неўзабаве ён і сам падумаў пра іх, бо асцярожна, быццам баючыся пабудзіць прыціхлую гасцініцу, павярнуўся на бок і прыглушана прамовіў: