Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 50)
— Ювеліргандаль — установа з багатымі магчымасцямі. Пацікавіўся б…
— Уся медслужба горада сцяной стане, не праб’еш,— сказаў Акулік сур’ёзна.— Дакажуць, што не бальнічны, інваліднасць даць мала будзе.
— Дыягназ — штука цёмная…— Пугацэвіч набраў патрэбны нумар.
Шумейка была дома. Сустрэча са старшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку нават на адлегласці не вельмі ўзрадавала яе. Сяргей Антонавіч уявіў сабе кіслую Нініну грымасу і наўмысна бадзёра спытаў:
— Як здароўе? Добра, што на нагах…— Ён падміргнуў Вадзіму, які прыслухоўваўся да размовы.— Не так страшна, значыць, зможаце даць нам маленькую даведачку. Помніце, мы з вамі абмяркоўвалі, дзе на самай справе быў Сямён Лебедзеў, калі нібыта званіў з Нікалаева? У каго ў Мінску ён мог спыніцца? Не ведаеце? Самсонава папытаць? Добра, папытаем. Прыгразіць Люсяй? Няўжо жонку баіцца больш за нас? Бывае…
— Пашлі каго-небудзь па Самсонава. Пагутарым,— прапанаваў Акулік, калі Сяргей Антонавіч паклаў трубку. I зусім нечакана папрасіў: — Заадно хай высветляць па нарадах і ў шафёра машыны, з якой ездзіць Самсонаў, куды і што сёння вазілі.
— Гэта навошта? — здзівіўся Пугацэвіч.
— А ты не заўважыў? Тахта ў Сямёнавым пакоі новая. Адкуль і калі з’явілася?
Самсонаў ужо разбіраўся ў тым, што можа быць за выклікам у міліцыю, асабліва калі сумленне не надта чыстае. Ён прыкметна хваляваўся. Акулік падумаў, што ён сапраўды выглядае слабейшым звяном ў злачынным ланцугу. Але рваць гэта звяно трэба так, каб даць адчуць, што следчы ацэніць, зразумее шчырасць.
— Вас запрасілі, Алег Мікалаевіч, на допыт. Што гэта такое, вам тлумачыць не трэба, рэч знаёмая вам. Аднак сёння я хачу пагутарыць перш без пратакола.
— Пра што… будзем гаварыць? — не вытрымаў Самсонаў.
— Пра многае,— адказаў Акулік, хаця звычайна не любіў, калі падследныя апярэджвалі падзеі. Праўда, Самсонаў пакуль толькі сведка, ды ці застанецца ім надалей, яшчэ невядома.— Вас выклікалі па справе аб кражах. I ў мяне, і ў старшага оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Сяргея Антонавіча Пугацэвіча ёсць да вас пытанні.
— Але я не разумею…
— Зараз скажу больш канкрэтна,— следчы трымаўся ветліва і афіцыйна.— У канцы жніўня вы з Лебедзевым ездзілі ў Мінск. Чаго?
— А якое гэта мае значэнне?
— Мае, Алег Мікалаевіч, мае. I давайце дамовімся, што я пытаюся, а вы — адказваеце. Толькі на пытанне. Паўтараю: чаго ездзілі?
— Праветрыцца…
— Дзе спыняліся?
Самсонаў памуляўся:
— Мне б не хацелася…
— Мусіце, нават калі гэта звязана з жанчынамі. Прозвішчы і адрасы запішам пазней. А цяпер нас цікавіць, з кім вы былі ў рэстаране «Юбілейны» трыццатага жніўня? Прозвішча, чым займаецца — і на службе, калі працуе, І так…
— Лебедзева Сямёна жанчына,— ён паціскуў плячамі, зноў памуляўся.— Вераніка. Прозвішча неяк не ўсплывала. У Сэма столькі знаёмых жанчын…
Магчыма, гэта была адна з каханак Лебедзева. А магло быць і інакш. Бо чамусьці гэту Вераніку ён вылучыў з астатніх, запрасіў на вячэру. Паколькі Самсонаў быў без жанчыны, то размова была хутчэй за ўсё дзелавая, іначай гэты факт Акулік растлумачыць не мог.
— Калі не прозвішча, то хаця б дзе жыве, працуе? Вы чалавек назіральны, ды і за сталом не глабальныя праблемы абмяркоўваліся. Ці, выпіўшы, не запомнілі?
— На жаль,— падхапіў Самсонаў,— я такі. Нічога тады ў чумной галаве не трымаецца.
— Зручна, але не надзейна, Самсонаў,— следчы глядзеў на Алега і дзівіўся, што ён так хутка ўхапіўся за хліпкую саломінку,— мушу папярэдзіць, гэта пазіцыя можа вас на саўдзельніцтва пацягнуць — мне чамусьці здаецца, што сустрэча ў рэстаране сумяшчала прыемнае з карысным і была яна ў вашай прысутнасці. Улоўліваеце факт? На чым паладзілі?
— Не разумею, пра што вы?
Не было відаць, каб здагадкі следчага занепакоілі Самсонава. Або ён правільна разлічыў, што сведак рэстараннай размовы не было, або здзелка тады не намячалася. Зрэшты, Акулік не вельмі разлічваў, што з Алегам даб’ецца поспеху на першым заходзе. У яго быў больш моцны козыр. А папярэдняя размова і стварыла, падрыхтавала глебу, каб можна было скарыстаць яго.
— 3 Георгіем Маркавічам пра што гаварылі або таксама не помніце?
— 3 якім?..— перапытаў ён больш па інерцыі, відаць, прыкідваючы, як быць далей.
Не адказваючы, Акулік нечакана для таго пацікавіўся іншым:
— Апішыце свой сённяшні рабочы дзень.
I вось тут у вачах Самсонава нарэшце з’явілася няўпэўненасць. А Вадзім Аляксандравіч, заўважыўшы яе, ужо больш настойліва нагадаў:
— Расказвайце, расказвайце! Такі-сякі вопыт вы маеце, не раю мудрагеліць.
Алег нехаця назваў некалькі адрасоў і мэблю, якую вазілі з магазіна.
— Алег Мікалаевіч, мы ж дамовіліся, здаецца, што вы не будзеце мудрагеліць. Ёсць жа шафёр, нарады…
Самсонаў доўга маўчаў. Следчы не прыспешваў, хаця магло здарыцца і так, што менавіта гэтых хвілін неўзабаве і не хопіць ім з Пугацэвічам. Хай думае, чалавеку ніколі не грэх падумаць.
Нарэшце Алег нешта для сябе вырашыў.
— Пішыце, раскажу,— ён ужо не вагаўся.— Лебедзеў папрасіў прывезці новую тахту…
Акулік паклаў ручку, перапыніў Алега:
— Далей будзем запісваць на магнітафон. Значыць, Лебедзеў папрасіў прывезці новую тахту?
— Сказаў, каб абавязкова сёння, з раніцы.
— Раней гаворкі пра тахту не было?
— Не.
— Прывезлі, што далей?
— Папрасіў заадно старую даставіць у скупку. Баяўся, што без мяне ў яго не возьмуць, цяпер такога дабра хапае. Пагрузілі, ён сеў у кузаў. Я ў скупцы памог. Адразу грошы выплацілі. Вось і усё.
— Пайшоў Лебедзеў пры вас? Што ў яго руках было?
— Як ехалі, нічога…
— Лебедзеў прасіў не казаць? Дык што ўсё-такі было?
— Баул,— выдавіў з сябе Самсонаў і тады раптам уздыхнуў, з палёгкай, як вызваліўшыся ад нечага цяжкага.— Са старой тахты выняў.
— Шафёр пацвярджае,— дадаў Пугацэвіч.
— Бачыце, Алег Мікалаевіч, мы гэта маглі і без вас устанавіць. Аднак далі вам шанц. Выкарыстайце яго да канца. Дзе можа быць Лебедзеў зараз?
— Думаю, паехаў у Мінск.
— Думаеце ці ведаеце?
— Здагадваюся! — Самсонаў гаварыў ужо, не віхляючы, лёгка.— На Мінскую шашу падаўся.
— Дапусцім. А ў Мінску? 3 Сарвірам вам дамовіцца не ўдалося, мы гэта ўстанавілі. То, можа, паехаў да жанчыны з «Юбілейнага»? Яе каардынаты? Хутчэй,— цяпер следчы заспяшаўся.
— Дзе жыве — не ведаю. Працуе ў камісіёнцы. У цэнтры,— Самсонаў міжволі прыняў тэмп следчага.— Калі Сэм званіў, бачыў дзве першыя лічбы тэлефона.
Ён, напэўна, сёе-тое ўтойваў, адводзячы небяспеку ад сябе. Акулік не ўдакладняў, з дэталямі і падрабязнасцямі яго ўдзелу ў кражах можна было пачакаць.
— Узрост?
— Гадоў трыццаць пяць.
— Няўжо не праводзілі пасля рэстарана?
— Лебедзеў з ёю паехаў на таксі. Вярнуўся раніцай…
Калі верыць Самсонаву, яны з Лебедзевым жылі ў розных жанчын, і ведаць, што Сямён вярнуўся пад раніцу, Алег не павінен быў. Ды гэта зараз значэння яшчэ не мела. Акулік зірнуў на Пугацэвіча.
Сяргей Антонавіч зразумеў усё і ўстаў.
28