Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 32)
Леанід Міхайлавіч задаволена рассмяяўся.
— У Іодаля зрок яшчэ ого-го! Вы хочаце пачуць, хто такі той прайдзісвет, вам мала, што ён прайдзісвет! Калі ласка! Георгій Маркавіч Сарвіра — вялікі спецыяліст па футрах. Вы не ведаеце? — здзівіўся стары.— Вы не ведаеце? Яго некалі цэлы Бабруйск ведаў. Вялікі спецыяліст,— ён уклаў у свае словы, здавалася, увесь сарказм, які толькі мог трымацца ў яго лядашчым целе.— Яму ўжо стала цесна ў Бабруйску, ён перабраўся ў сталіцу.
— Дзе ж я мог пачуць пра гэтага вялікага спецыяліста? — Шульжык нахмурыўся, сцэна зацягнулася і пачала яго непакоіць. За словамі кушняра хаваўся нейкі незразумелы яму сэнс.— Пры чым тут футра?
— Я думаў, міліцыя ведае ўсё,— задаволенасць у голасе Іодаля змянілася расчараваннем. Ён асцярожна прысеў на мяккі пуф і стомлена сказаў: — У маім Бабруйску не было хітрэйшага скупшчыка крадзеных футраў.
— Магчыма,— Шульжык устаў, шкадуючы аб патрачаным марна часе.— Але нават былому злачынцу не забараняецца падарожнічаць. Мог і ў госці прыехаць.
— I гэта мне даводзіць оперупаўнаважаны! I гэта я два дні званю яму! Я так і думаў, што мая вестка мала каштуе. Прашу мне прабачыць, таварыш афіцэр міліцыі!
— Не крыўдуйце, Леанід Міхайлавіч,— павініўся Шульжык.— Мы звычайна займаемся тымі, хто зрабіў злачынства або, на крайні выпадак, мае злачынныя намеры. А якія ў нас з вамі факты супраць гэтага, як вы кажаце, прайдзісвета?
— Факты — ваш клопат. А мой — сказаць, што ён тут. Вы ў мяне пра футра пыталіся?
— За паведамленне, Леанід Міхайлавіч, дзякуй,— Вячаслаў падумаў, што з’яўленне былога скупшчыка крадзенага мае надта ўяўнае дачыненне да іх справы. Не столькі было ўкрадзена каўняроў, каб па іх прыязджаў сталічны барыга, тым болей не навічок. Каб не расчароўваць старога, спытаў: — Дзе вы яго сустрэлі, з кім? Калі?
— Век бы мне яго не бачыць,— Іодаль зноў натхніўся.— Пёрся па праспекце з нейкімі стылягамі. Напэўна, у рэстаран, у сталоўку ён і змоладу не хадзіў.
На праспекце быў толькі адзін рэстаран, праверыць словы кушняра ўвоіуле не складана. Пры ўмове, вядома, што яны кіраваліся туды. Але Вячаслаў не ўяўляў, што гэта дасць, калі былы дзялок сапраўды паабедаў у гарадскім рэстаране. Яму наогул не падабалася, што ў гэтай гісторыі занадта шмат нацяжак. А ў іх і без таго хапае непацверджаных дапушчэнняў.
Расстаўшыся з Іодалем, Вячаслаў паехаў да чарговага кушняра, якіх у яго спіску было аж восем. Пра Іодаля ён паведаміў Пугацэвічу толькі назаўтра, назваўшы яго старым дзіваком.
— Але жгэта твой адзіны здабытак у версіі «кушняры»,— Сяргей Антонавіч таксама скептычна сустрэў падазрэнне Леаніда Міхайлавіча. Аднак, у адрозненне ад Шульжыка, не любіў пакідаць што-небудзь без праверкі.— Добра, будзе час, наведаеш рэстаран. А пакуль схадзі-тка ў лазню, высветлі, прымаў другога жніўня Лебедзеў сваю саўну і калі? Раптам схлусіў Папроцкаму.
Выправіўшы оперупаўнаважанага, Сяргей Антонавіч задумаўся. Што гэта за фрукт Жора Сарвіра, чаго яго прынесла ў горад? I рашыў, пакуль там Вячаслаў пойдзе ў «Дняпро», паслаць запытанне ў Мінск, а заадно пракансультавацца з калегамі з АБРСУ. Скончыўшы з гэтай справай, хацеў быў пасядзець і яшчэ тое-сёе пракруціць у галаве. Ды не змог, нейкі непакой авалодаў ім, быццам дарэмна губляе хвіліны, якія потым паўтарыць не ўдасца. У такім стане, ведаў гэта за сабой, лепш пабегаць па горадзе, пабываць зноў у тых месцах, дзе здарылася злачынства і дзе ўсё здаецца гледжаным-перагледжаным. У гэтым было калі не само дзеянне, то хаця б падабенства яго. Разумеў, што падманвае сябе, і ўсё-такі зноў ехаў, ішоў, сустракаўся з людзьмі. А можа, і ў гэтым быў сэнс?
Так Пугацэвіч апынуўся на Падлеснай вуліцы. Яны добра папрацавалі вакол дома, дзе здарылася кража. Шмат што з выяўленага выглядала невыпадковым. Сяргей Антонавіч не раз перабіраў здабытыя факты, прасейваючы іх цераз густое сіта. Але адна акалічнасць бянтэжыла яго — і кража, і факты існавалі нібы незалежна, у паралельных плоскасцях. У гэтым не было логікі. Міжволі напрошвалася думка, што або яны не ўяўляюць, як звязаць іх у адно, або наогул пасылка, якой кіруецца вышук, памылковая ў сваёй аснове. Лёгка Пятру Пятровічу заяўляць: «У гэтым нешта ёсць». А як спасцігнуць загадкавае «нешта»?
Пугацэвіч стаяў і разглядваў дом. ён прывучыў сябе нават на добра вядомае кожны раз глядзець так, нібы бачыш гэта ўпершыню. Дом быў звычайны, тыпавы, як і некалькі іншых, пабудаваных на старой вуліцы адным заходам.
Пугацэвіч адшукаў альтанку паміж кустоў, пра якую расказваў лейтэнант Гарбаценка. Яна была амаль насупраць пад’езда, у якім жыла Валя Давідзюк. Сесці б у альтанцы, агледзецца без перашкод. Але ён пабаяўся, што хто-небудзь з жыхароў, напалоханы нядаўняй кражай, яшчэ возьме ды выкліча міліцыю. Сяргей Антонавіч павольна прайшоўся па двары туды-сюды. У некаторых вокнах мільгалі паставы гаспадынь, у пясочніцы капаліся малыя, ля паліклінікі хадзілі людзі…
Ззаду загудзеў грузавік. Саступаючы дарогу, Пугацэвіч падумаў, што гэта кепска, калі ў дварах жылых дамоў, дзе чамусьці не пакладзены тратуары, ездзяць калі трэба і не трэба машыны. Ён прасачыў за нагружаным цэглай «КамАЗам»і ўткнуўся позіркам у будоўлю — у процілеглым ад паліклінікі баку ўзводзілі шматпавярховы гмах. Муляры працавалі зусім блізка ад дома, дзе здарылася кража. 3 імі ў свой час, вядома, гаварылі супрацоўнікі райаддзела. Пугацэвіч напружыў памяць: што там у справе запісана? Ніхто з апытаных тады рабочых не заўважыў, каб з пад’езда выходзіў хто-небудзь з рэчамі ў руках. Можа, не звярнулі ўвагі, а можа, так і было. Хаця рэчы зніклі і, напэўна ж, не праз акно.
Для пэўнасці капітан абышоў дом вакол. Першы паверх быў адміністрацыйны, без балконаў і лоджый. Вуліца бойкая. Тут з акна незаўважна не скочыш, асабліва з трэцяга паверха. А каб з другога? Пугацэвіч паківаў галавой — няма чаго прыдумваць, адзіны шлях для злодзеяў быў цераз двор. Аднак чаму іх ніхто не бачыў, чаму Грыгаровіч, калі толькі гэта быў ён, прыбег да машыны з пустымі рукамі, навошта Лебедзеў пазбавіўся свайго «дыпламата» з ручніком і мачалкай? Але менавіта пра гэта і гаварылі ў кабінеце падпалкоўніка. Усё вярталася на кругі свая. Можна было ехаць ва ўпраўленне.
Пугацэвіч пайшоў да аўтобуснага прыпынку. За гадзіну-дзве перад абедзенным перапынкам у руху аўтобусаў назіраецца нібы «мёртвы час», і ходзяць яны з вялікімі інтэрваламі. Відаць, і тут іх даўно не было, бо пасажыраў сабралася шмат. Капітан пастаяў, аглядаючы неспакойны натоўп пад шыльдай з літарай «А» і раскладам, і рушыў на паралельную вуліцу. Там хадзілі тралейбусы, транспарт больш надзейны. Праўда, той маршрут не вёў ва ўпраўленне, ён быў да машынабудаўнічага завода. Ды хто дакладна скажа, які кірунак супрацоўніку вышуку прамейшы?..
19
I ў сваім горадзе камандзіроўка, аказваецца, можа зацягнуцца. У той час, калі таварышы адначасова працуюць над некалькімі справамі, я быццам саматужнік-адзіночка самым прымітыўным чынам кручуся вакол дзвюх кватэрных краж. Назіраю. Але мае назіранні пакуль даюць надта няпэўныя вынікі. Я, напрыклад, не магу адказаць на такое, здаецца, простае пытанне: у чым бачаць сэнс свайго існавання мае падапечныя? Лебедзеў, калі я паспрабаваў пад’ехаць з гэтым пытаннем да яго, забалабоніў нешта пустое; Самсонаў прамаўчаў; а Грыгаровіч, бадай што, над гэтым ніколі не думаў. Не ведаю таксама, чаму ў іх кампаніі апошнімі днямі сяброўства быццам разладзілася. Заўчора ў кафэ Сямён быў адзін, учора і ён не прыйшоў. Не знайшоў я ні яго, ні астатніх у рэстаранах, дзе яны звычайна ашываліся раней. Наўрад ці хлопцы за розум узяліся. Значыць, шукаць прычыну трэба ў іншым. Можа, у дзеяннях Акуліка і Пугацэвіча? Іх пытанні лебедзеўскай кампаніі непасрэдна не пагражаюць — і з Калядкам, і з Папроцкім гаворка была толькі пра сёмую сталовую. Ды Калядка, дасведчаны ў падобных справах, можа здзівіцца: чаго гэта сталовай раптам зацікавіўся крымінальны вышук, а не АБРСУ. Сваімі сумненнямі, не выключана, ён мог падзяліцца з Лебедзевым, і той занерваваўся. Невыпадкова ж кажуць, што кошка ведае, чыё сала з’ела.
На мой погляд, хлопцы вырашылі затаіцца. Меркаванне слушнае. Але я не спяшаюся сабе апладзіраваць. Падпалкоўнік Янушкевіч, выслухаўшы яго, сказаў бы: «Версіі мы і самі напрыдумваем, ты нам факты, назіранні давай». Мушу прызнацца, з гэтым у мяне пакуль слаба.
Чакаць вечара не выпадае. Няма ўпэўненасці, што мая троіца сёння наведае кафэ. Хаця Лебедзеў і любіць гэта слова, ім зараз не да аперытываў. Ён жартаўнік. 3 такім заморскім падыходам банальная п’янка не п’янка, а нешта прыстойнае. Ды не буду прыдзірацца, ён мне патрэбны менавіта такім, які ён ёсць.
Калі не ў кафэ, то дзе мне сустрэцца, вядома, выпадкова з кім-небудзь з хлопцаў? Прасцей за ўсё зноў выкарыстаць мэблевы магазін, магу ж я працягваць пошукі рэчыцкай кніжнай паліцы? А калі яна спакойненька стаіць, за якія шышы і навошта мне яе купляць? Да Федзькі наогул не сунешся — завод не месца для прыватных спатканняў. Даводзіцца, такім чынам, паколькі адклад не ідзе на лад, шукаць Сямёна. Некалькі магчымых пунктаў мне вядомыя, прычына сустрэцца ёсць слушная. Чалавек, на чыё месца пасля яго выхаду на пенсію мяне нібыта абяцалі ўзяць у інстытут удасканальвання настаўнікаў, неспадзявана і надоўга захварэў. Буду прасіць Сямёна — ён жа ўсіх і ўсё ведае — памагчы ўладкавацца дзе-небудзь хоць часова. Сувязі Сямёна наўрад ці цягнуцца далей рэстаранных сцен, але што мне каштуе паліслівіць яму, паказаць нейкую маю ад яго залежнасць?