Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 34)
— Што ты лічыш чужыя грошы?
— Без падлікаў відаць, я не сляпы,— абураюся яго пагрозлівым тонам.— Не бачу, колькі афіцыянткам кідаецца? — Сцішыўшыся, спакайней дадаю: — Няўжо гэта так цікава пад купчыка падрабляцца?
— А ўжо ж,— Алегу смешна і, думаю, непрыемна,— кіно, музыка, кнігі… Да твайго ведама, у музыцы я разбіраюся больш за цябе.
— Вучыўся ж…
— I што з таго?
— Каб слухаць рэстаранны джаз, не трэба музычную школу канчаць.
— Тэарэтык, маць тваю,— лаецца Самсонаў, але ад мяне не збягае, нечым, бадай, я зачапіў яго.
— От зараз ты — сапраўдны біч,— усміхаюся,— і гама з сальфеджыо непатрэбныя.
— Многа ты разумееш,— па-сапраўднаму заводзіцца ён.— Што ты пра мяне ведаеш, што?
— Мала, так,— згаджаюся,— але будучыню прадказаць магу не горш за варажбітку-цыганку. Пачакай,— падымаю руку,— скажу, як цябе ўяўляю. Суб’ектыўна, можа, затое шчыра,— мне зусім не ўсё роўна, што будзе з Алегам нават у аддаленай будучыні, нават калі цяпер ён ужо стаіць на крывой дарожцы. Інакш не распачынаў бы размовы.
— Валяй,— бурчыць Алег і пазяхае: маўляў, паслухаю, каб ад суму не заснуць.
У гэты час адзін з яго калег крычыць:
— Самсоныч, бяры друга, ёсць ідэя!
— Адчапіся,— Алег скоса пазірае на мяне,— вас і без таго трое. Падзеліце.
— Дык вось,— пачынаю, калі хлопцы знікаюць.— Каб сёння не я са сваімі клопатамі, ты пайшоў бы з імі. Не хапіла б моцы адмовіцца, а можа…— зноў апярэджваю яго спробу запярэчыць,— няёмка трымацца ў баку ад таварышаў. Ды не гэта галоўнае. Бутэлька табе будзе маячыць часта — не то з нагоды калыму, не то наадварот. Пакуль ты дужы, ты над ёю гаспадар. А неўзабаве яна возьме над табой верх. I тады не ўспомніш пра сям’ю, пра сяброў, калі з іх пляшку не сарваць, забудзеш пра службу. Грошай будзе не хапаць, пачнеш махляваць, а то і красці, што, зрэшты, адно і тое…
Увогуле дзіўна. Чакаў споведзі Самсонава, а замест гэ-тага сам настаўляю яго на шлях ісціны. Я чамусьці думаю, што Самсонаў у прынцыпе не такі, як Лебедзеў. Мае яшчэ рэшткі сумлення. Таму і рэжу праўду-матку, спадзеючыся зачапіць якую незаржавелую струну душы. Паводле майго ўяўлення, ён зараз павінен ускочыць, мацюкнуцца і пайсці да грузчыкаў. Біцца не будзе.
— А сябе ты кім бачыш? Няйначай, народным? А бутэлька і паэта можа зацягнуць,— вочы ў Самсонава калючыя, мітуслівыя, шалёныя, а твар злым не выдае. Нават дзіўна.
— Маўляў, сам дурань, так? Гэта кепскі довад, Алег. Я, напрыклад, пастараюся не паддацца бутэльцы, яна мне наогул не патрэбна. А табе шчыра кажу, не крыўдуй, няма ў табе пэўнасці. Хаця, вер мне, хацеў бы памыліцца.
— Уцешыў,— Самсонаў крыху супакойваецца.— Бацька родны, век не забуду,— ён ужо блазнуе.
— Не дурыся, сам прасіў.
— Таму і мусіў слухаць тваю лухту, прарок. Я не краў і красці не буду. Мне людзі самі грошы давалі і будуць даваць. Вось так!
— Назвы розныя, а сутнасць…— я не заканчваю, хай сам робіць вывад.— Але ж дэфіцыт не вечны!
Самсонаў нейкі час сапе, а тады ўсміхаецца:
— Яшчэ дзякуюць!
Слізкі хлопец, з цвёрдым поглядам на праблему не надта легальнага навару. Мне раптам расхацелася працягваць спрэчку, распачатую з мэтай даследаваць Самсонава як асобу, якая не зусім ладзіць з двума кодэксамі адразу — маральным і, мабыць, крымінальным. Такога словамі не хутка проймеш.
— Гэй, працаўнічкі, перакур з дрымотай?
Занятыя нялёгкай гаманой, мы абодва не заўважылі Люсю. Не да часу яна. Ды што паробіш, калі яе з’яўленне стала фактам. Да таго ж я — джэнтльмен.
— Рад вас бачыць, Людміла Уладзіміраўна,— стаю перад ёю навыцяжку.
Яна смяецца весела, бесклапотна — ведае, што прывабная. Затое Алег па-сапраўднаму пахмурнее. Рэўнасць дзейнічае на яго мацней за мае нядаўнія празрыстыя намёкі. Ён шыпіць:
— Згаварыліся!
— Дурненькі,— Люсі падабаюцца падазрэнні мужа, з якім знаходзіцца ў афіцыйным разводзе.— Давідзючыха за Паўла мне прычоску патрэпле,— яна ласкава тузае Алега за рыжаватую дагледжаную бараду і адначасова кідае на мяне гарачы позірк.
Агонь баба, цяжка з ёй цельпукаватаму Алегу. Аднак, паколькі яна ўспомніла Валю, мне няблага пачырванець ад задавальнення, што я і раблю, праўда, не зусім па сваёй волі.
Алег святлее, але грубавата пытае:
— Чаго прыйшла? — Паглядзеў на гадзіннік.— У цябе зараз урок.
— Завуч падмяніла. Дачку замуж выдае, хоча жылы пакой падарыць. Зрабі!
— За так, вядома,— напэўна, назло мне кажа ён.
— Алежак! — какетліва вымаўляе Люся і тупае маленькай ножкай у туфельцы на моднай высокай платформе.
Што за людзі! Пасаромеліся б, гэта ж махлярства. А можа, мяне за свайго лічаць ужо? I хаця я тут старонні, сама мая прысутнасць робіць мяне нібы саўдзельнікам нячыстай справы. Пакуль раздумваю, ці трэба паэту Гарбаценку выказаць свой погляд на парушэнне гандлёвых правілаў, Люся, упэўненая, што яе просьба будзе выканана, кранае мужа за руку.
— Мне пара. Дамовіліся? Павел, праводзьце мяне,— яна ніколькі не сумняваецца, што я згодны.
— Люська! — у Алегавым голасе гучыць пагроза.
— Па-твойму, я магу адна цягнуцца праз увесь горад? — Люся дзівіцца з яго нездагадлівасці.
Самсонаў уздыхнуў, моўчкі пагаджаючыся, што сапраўды ёй адной быць на вуліцы проста непрыстойна.
I я не пярэчу. Люсіна школа з прынцыповым завучам знаходзіцца менавіта ў тым баку, куды мне было б нядрэнна накіравацца. Але на вуліцы я спытаў:
— Вы спяшаецеся?
— У вас ёсць прапановы? — Яна чапляецца за маю руку і, крыху закінуўшы сваю акуратную галоўку, хітра паглядвае на мяне.
Люся не падобная на гараджанку, большасць з якіх нібы ніколі не бывае пад сонцам. У яе здаровы колер твару, як кажуць, кроў з малаком. Яна ведае гэта і не вельмі карыстаецца касметыкай. Так, самую дробязь, каб не выглядаць у чужых вачах просценькай. Затое фіцюлек на ёй навешана столькі, што, бадай, і дзвюм модніцам хапіла б. Для настаўніцы з сціплай нагрузкай шыкоўна. Тым болей што спадчыны не было, бацькі яе і мужа звычайныя працаўнікі. Аднак над гэтым, калі спатрэбіцца, падумаю іншым разам. Зараз жа мне трэба дэманстраваць галантнасць.
— Таксі, кафэ-марожанае?
Недзе там, на другім канцы горада, неўзабаве прагучыць званок на чарговы ўрок. Аднак, як я разумею, Людміла Уладзіміраўна ў свой клас не зойдзе. Думаю, вучні не засмуцяцца. Наколькі мне вядома, іх настаўніца па матэматыцы лагоднасцю не вызначаецца. Дакладней, не да ўсіх вучняў. Ды гэта ўжо іншая тэма, больш цікавая для райана, чым для крымінальнага вышуку. А завучу давядзецца папрацаваць, калі не на карысць народнай асветы, то хаця б на імпартны гарнітур. Нічога за так не даецца, асабліва ў фірмах накшталт «Самсонаў і кампанія».
Люся не вагаецца. Яна прыжмурыла вочы і дадала да маёй прапановы:
— I каву…
Грамадскае харчаванне ў нашым горадзе яшчэ не дасягнула ўзроўню, калі ў адным прадпрыемстве аказваюцца комплексныя паслугі. У «Кафэ-марожанае», якое знаходзіцца паблізу ад мэблевага магазіна, каву не падаюць. Мушу лавіць прыватніка, бо таксі з раніцы поўзаюць, як восеньскія мухі. Не магу ж я цэлыя тры кварталы весці сваю даму пехам, яна гэтага не зразумее, асабліва калі сустрэне каго са знаёмых.
Праз якую хвіліну мы ў рэстаране «Дняпро», балазе ён адчыняецца раней за іншыя. Нязвыкла ціха. Няма ля дзвярэй швейцара, ён дрэмле ў крэсле пад пыльнай пальмай. Гардэробшчык, насунуўшы на нос акуляры, чытае газету. На нас ніхто не звяртае ўвагі.
Ад абеду мая спадарожніца адмаўляецца. Дыета. Шкада. Я дык перакусіў бы самым празаічным чынам — якога-небудзь баршчу ці крупніку і катлет з макаронамі. Нішто, дзеля ідэі можна з прыстойнай мінай глытаць слінкі, пазіраючы на добра падсмажаную свіную адбіўную, якую афіцыянтка падала на стол ля самай эстрады. Калупаюся тоненькай лыжачкай у вазачцы, дзе красуюцца аж тры паласатыя галушкі марожанага, палітыя малінавым сіропам, і слухаю Люсіна няспыннае шчабятанне. Можа, свой прадмет у школе яна выкладае даходліва і лагічна, не буду наводзіць цень на пляцень, не чуў. Аднак зараз Люся з неймавернай лёгкасцю пераскоквае з аднаго на другое, не даводзячы пачатае да канца і хапаючыся за новае. Быццам доўгі час была вымушана маўчаць і цяпер ёй важны не сэнс, а сам працэс вымаўлення вядомых слоў.
Хай шчабеча. Кажуць, у тоне пяску можна адшукаць крупінку золата.
Не паспелі мы расправіцца з марожаным, як на стале з’явіліся фарфоравы кафейнік і два маленькія кубачкі. Вось гэта сервіс! Што б яно азначала? Бо мяне аднаго яшчэ нідзе так аператыўна не абслугоўвалі, нават Фея ў «Прыемным апетыце».
Люся трымае сябе так, нібы свет створаны і існуе толькі для яе. Дробязі жыцця яе не займаюць. Размешваючы цукровы драбок у кубачку, без усякай сувязі з папярэднім заявіла:
— Сэм дрэнна ўплывае на Алега.
Сказаўшы гэта, яна адразу пераключылася на Вялеську, якую бачыла ў шыкоўным фінскім дэмі. Але Ніна Шумейка мяне не цікавіла нават у каракулевым манто, і я паспяшаўся, пакуль не астыла, вярнуць Люсю крыху назад, да Сямёна.
— Як гэта ўплывае? — здзівіўся я.
Логіка, праўда, свая, у Людмілы Уладзіміраўны маецца.
— Алег стаў такі прыжымісты… А скажыце, чаму я павінна апранацца горш за Нінку?
— Сапраўды, чаму? — Хіба я мог не згадзіцца з ёю?
— Вось бачыце! Якіх пяцьсот рублёў.
Я ледзь не папярхнуўся гарачай кавай. Тых якісьці пяцьсот рублёў мне за два месяцы не палучыць. Трымаю марку і дакорліва ківаю. Недаверліва кажу:
— Можа, не было ў Алега…