реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 36)

18

— Канчай травіць,— пасур’ёзнеў Акулік.— Пакліч Шульжыка.

Вячаслаў прыйшоў не адзін, з Гарбаценкам. Абодва ўзбуджаныя, нецярплівыя.

— Сядайце,— усміхнуўся Акулік. 3 вышыні сваіх трыццаці гадоў на няўрымслівасць маладых супрацоўнікаў ён паглядаў спачувальна і паблажліва.— Давай, Вячаслаў, што там з лазняй?

— Многа часу мінула, за дакладнасць не ручаюся, аднак быццам бы Лебедзеў другога жніўня цешыў сваё цела бярозавым венічкам.

— Ты па-людску дакладвай,— зрабіў яму заўвагу старшы оперупаўнаважаны.— Коратка і ясна.

Шульжык пачырванеў, зірнуў на Паўла, быццам шукаў калі не падтрымкі, то хаця б маўклівай салідарнасці. Аднак той не звярнуў увагі на капітанавы словы і засяроджана пра нешта думаў. Вячаслаў закончыў больш строга:

— Працэдуру перанёс на дзве гадзіны раней, з васьмі да дзесяці.

— Прымем да ведама,— кіўнуў Пугацэвіч.— Што яшчэ?

— Скупшчык футра Сарвіра ў рэстаран прыходзіў з пляменнікам і яго жонкай, за іх стол падсаджваўся Самсонаў. Ненадоўга.

— Дакладна? — зацікавіўся Акулік.

Шульжык зноў уздыхнуў, крыўдуючы на недавер, растлумачыў:

— Спадарожнікаў устанавіў, Самсонава назвала афіцыянтка.

Акулік зірнуў на хлопца, падумаў, што за гэтым «устанавіў» была і беганіна, і роздум, і, напэўна, нешта яшчэ, пра што Шульжык раскажа, можа, потым, калі адбудзецца разбор вынікаў расследавання.

— Лейтэнант,— кіўнуў Вячаслаў на Паўла,— ад жонкі Самсонава даведаўся, што той ездзіў у Мінск.

— Ты як інфармацыйнае агенцтва,— усміхнуўся Акулік Паўлу,— што яшчэ выцягнеш са свайго меха?

— Мушу, каб зарплату не зрэзалі. Выдаткі зараз ведаеце… А Самсонаў? Наўрад ці запісаўся ў турысты.

— Думаеш, вазіў футра? — спытаў Акулік.

— Магло быць і так, што тут не згаварыўся,— замест Паўла адказаў Пугацэвіч.— Дадай, Вячаслаў, да нашага ранейшага запытання сталічным калегам гэты факт, і хай паспяшаюцца.

Калі Шульжык выйшаў, Вадзім Аляксандравіч спытаў у Гарбаценкі:

— Прыбыў з камандзіроўкі? — Ён пажартаваў: — Не кожнаму шчасціць на Пегасе ездзіць.

— Без камандзіровачных, Вадзім Аляксандравіч,— падхапіў Пугацэвіч, усхваляваны навінамі.

Пегаса Павел прапусціў, на пытанне адказаў:

— Пётр Пятровіч загадаў. Кажа: «Працу шукаў? Шукаў. Дык чаму ў наша ўпраўленне не ўладкавацца. Установа не горш за іншыя». Удала атрымалася.

— Ты наогул удачлівы хлопец,— засмяяўся Акулік.— Як цяпер будзеш без кавы?

— Падпалкоўнік таксама паспачуваў,— увогуле Павел не адчуваў сябе роўным з гэтымі асамі крыміналістыкі. Але паколькі гаворка пакуль была нейтральная, то дазволіў сабе падтрымаць лёгкі тон.— Параіў у вольны час не забываць кафэ, няйначай, спадзяецца на паэму пра вышук.

— Тваё паэтычнае рэнамэ беражэ,— буркнуў Пугацэвіч.— Ды хопіць балбатні. Давай, оперупаўнаважаны, выкладвай нам са следчым, з чым, акрамя вершаў, дадому вярнуўся. Самае свежае.

Гарбаценка пастражэў, як некалі ва універсітэце, прыходзячы на экзамен, падабраўся. Расказваў, стараючыся не ўпусціць ніводнай дробязі. Пугацэвіч жа з Акулікам і вопыту маюць болей, і рукі на пульце следства трымаюць.

Калі Павел скончыў, доўга сядзелі, абдумвалі. Нарэшце Пугацэвіч сказаў:

— Я выдзеліў бы тут два моманты. Па адным мы прынялі ўжо захады, я маю на ўвазе паездку Самсонава ў Мінск. Адводжу яму ролю экспедытара. У яго шмат знаёмстваў. Згодны?

— Увогуле верагодна, хаця… Пакуль пэўна толькі адно: па кватэрах, ва ўсякім разе на Падлеснай, ён не шнарыў. Барада даволі прыкметная. Але з такой прыкметай і збываючы крадзенае запомнішся.

— Сярод знаёмых гэта не мае значэння,— запярэчыў Сяргей Антонавіч.

— Праўда,— Гарбаценка быў на баку Пугацэвіча.— Інакш навошта ён Лебедзеву?

— Як прыкрыцце, напрыклад, фінансавае. Маўляў, з прыработку поіць,— Акулік усё яшчэ трымаўся сваёй думкі.

— Надта блізкі ён Лебедзеву. Па-мойму, у яго ад Самсонава няма сакрэтаў. Не, яны хаўруснікі,— і ў гэтым Павел быў згодны з Пугацэвічам.

— Бачыш, Вадзім Аляксандравіч,— усміхнуўся старшы оперупаўнаважаны.— Нас двое. Мусіш прыняць наша меркаванне.

— Хіба як меркаванне. Пакуль не дадзіце фактаў.

— Упарты ты чалавек, капітан Акулік. Асцярожны.

— На тым стаім. Так што не вылузвайся, давай да справы.

Пугацэвіч схаваў усмешку. Ён і сам не прызнаваў беспадстаўнай катэгарычнасці. Зараз ён проста хацеў вывесці сябра з абачлівай раўнавагі. У распрацоўцы версій можна і пафантазіраваць, тым болей калі за гэтым ёсць рэальнае. Узяў быў аловак, аднак, пакруціўшы ў пальцах, адклаў.

— Самсонава ў запас, з ім усё ясна,— ён пакасіўся на следчага, падкалоў: — Пакуль. Цяпер другі момант. Так, лейтэнант?

— Я пры чым? — Павел збянтэжыўся, ён не ўяўляў задумы Сяргея Антонавіча.

— От табе і маеш,— Пугацэвіч паглядзеў на малодшага таварыша.— Адкуль мне ведаць, што Лебедзеў і Шумейка хадзілі ў госці да тваёй Валі?

— Ну і што? — намёк на дзяўчыну Паўлу быў не даспадобы.

— Чаму яму раптам захацелася ісці туды, дзе яго не надта прыветліва прымаюць? Вадзім Аляксандравіч, ты часам не помніш — на Падлесную група выязджала з кінолагам?

— I гэта пытаешся ты? Быў кінолаг, быў!

— А я што казаў? — Пугацэвіч ссунуў паперы на Акулікавым стале, які ён усё яшчэ займаў, падцягнуў тэлефон. Таропка тыкаючы пальцы ў дзірачкі цыферблата, набраў нумар.— Загдай? Пугацэвіч турбуе. Дайце, калі ласка, даведачку. Па справе аб кражы на Падлеснай вуліцы. Не скажаце, як павёў сябе сабака на лесвічнай пляцоўцы? Круціўся? А след не ўзяў? Дзякую. У мяне ўсё. Як поспехі? Пакуль ніяк, на жаль. Ага. Будзьце здаровы.

— Ты чаго замітусіўся, сышчык? — Акулік паглядаў на старшага оперупаўнаважанага падазрона. Адчуваў, што той зараз нешта выкіне незвычайнае. I не памыліўся.

— Паўлік, ты, вядома, супраць, каб я пагаварыў з Валянцінай Давідзюк?

— Не хацелася б, хаця не знаю, пра што? — Ён баяўся, каб дзяўчына не падумала, што ўсё ранейшае паміж імі было з яго боку прытворствам.

— Разумею, лейтэнант. Шкада. Валя магла б сказаць, ці пытаўся Лебедзеў пра суседнюю з іхняй кватэру. Гаспадары выехалі на Поўнач, не здаўшы нікому. Зачынілі, і ўсё. Дайшло?

— Не,— разгублена прызнаўся Гарбаценка, але на сэрцы адлягло. I яшчэ ён з зайздрасцю падумаў: як трэба арыентавацца ў справе, каб помніць такія, здавалася б неістотныя дэталі.

А Пугацэвіч ужо адвярнуўся ад Паўла і насядаў на следчага:

— Як бы зазірнуць у тую кватэрку, га? Будзь ласкавы, арганізуй, па-сяброўску.— Ён прыкметна нерваваўся.

— Табе больш нічога не трэба? — нахмурыўся Акулік.— На сподачку ключ, напрыклад?..

— Ключ вазьму ў домакіраўніцтве, сам,— Пугацэвіч ускочыў, падбег да Вадзіма. Нечаканая думка захапіла, узрушыла, не адпускала.— Ты дазвол здабудзь! Звярніся да пракурора, звяжыся з гаспадарамі. 3 Нарыльскам тэлефонная сувязь ёсць. Рабі што хочаш, але здабудзь!

— Трымаеш мяне за дурня?..

Акулік упарціўся. Аднак неяк вяла, адчуваў, што і на гэты раз паддасца. Пугацэвіч быў з тых вышукнікоў, у якіх ёсць адным ім зразумелая логіка мыслення, нейкае раптоўнае азарэнне там, дзе хто іншы пройдзе міма, не спатыкнуўшыся. Быў жа выпадак, які здзівіў нават самых умудроных крыміналістаў упраўлення. У калгасах суседніх раёнаў запар былі абрабаваны тры касы. Кожны сейф ускрываўся іншым спосабам — адзін прымітыўна ломікам, другі дрылем, трэці адмычкай, што сведчыла пра даволі «высокую» кваліфікацыю грабежніка ці грабежнікаў. Заключэнне эксперта, думка следчага былі аднолькавыя: дзейнічалі, прынамсі, два ўзломшчыкі. А Пугацэвіч насуперак аўтарытэтам заявіў, што краў адзін і той жа злодзей, што розны «почырк» — спроба абдурыць следства. Выснову зрабіў Пугацэвіч на тым, што ніяк не прыходзіла ў галаву астатнім: да ўсіх калгасаў, дзе былі абрабаваны касы, вялі асфальтаваныя дарогі з невялікага гарадка, дык чаму не дапусціць, што менавіта адтуль і робіць свае набегі злачынца? Маючы машыну, ён паспяваў уцячы раней, чым прыбывала аператыўная група. Вядома, сякія-такія дадатковыя, акрамя дарог, дадзеныя капітан меў. Як мелі іх і яго калегі. Але толькі ён звязаў усё ў адно і неўзабаве ўзяў «мядзведніка» ў гаспадарцы, куды з таго гарадка таксама была добрая дарога.

— Дык што, Вадзім?

— Калі гаспадары не будуць пярэчыць…— працадзіў Акулік,— у нас жа нічога канкрэтнага…

Пугацэвіч моўчкі чакаў, і Акулік паабяцаў, што звернецца да пракурора.

— Аднак у Нарыльск да Філімонавых ты пазвоніш сам, тады і з пракурорам будзе прасцей.

— Перастрахоўшчык! — Пугацэвіч задаволена апусціўся ў крэсла. Ведаў, што цяпер Акулік, згадзіўшыся, ужо не адступіць.

А следчы нагадаў:

— Пакуль я не пайшоў па санкцыю, зрабі ласку, падзяліся з намі, навошта табе спатрэбілася чужая кватэра?

— Не здагадваешся? — Сяргей Антонавіч любіў ставіць перад калегамі нечаканыя загадкі.— 3 чым жа да пракурора пойдзеш, або і туды мяне пашлеш?