Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 33)
На ўсякі выпадак званю Лебедзевым дадому. Сямёна няма. А маці, бадай што, рада майму званку. Папракае, што не заходжу. Як бы ні песціла яна сына, што б ні даравала, яго лёс ёй неабыякавы. Не можа не адчуваць, што ў сына не ладзіцца жыццё, што ў нечым ён не апраўдвае яе спадзяванняў. Вядома, вінаваціць не сваё непуцёвае чада, а некага іншага, можа, дружбакоў. А паколькі сярод іх бачыць адзінага паэта, які пастараўся прадэманстраваць перад ёй высокую інтэлігентнасць, выказаць разуменне яе поглядаў, то няйначай разлічвае на мой станоўчы ўплыў. Маці можна зразумець, і мне няёмка за свой падман. Калі і памагу Сямёну, то зусім не так, як яна спадзяецца.
Таропка расказваю, навошта мне патрэбны Сямён, і толькі тады разумею, што для яе павінен быў прыдумаць нешта іншае. Як бы там ні выхоўвала яна сына, яна — маці і без мяне плоціць за сваю бяду надта вялікую цану. Гуляць мне з ёю ў хованкі нельга. Трубку павесіць я не паспеў і пачуў: «О-о, гэта не праблема, Павел. Скажу Валерыю Канстанцінавічу. Вы заходзьце, заходзьце». Цягнула ж мяне за язык! Вінавата дзякую і развітваюся. А на сэрцы горыч.
Панура брыду па вуліцы.
Пачатак верасня, і восень ужо ўпэўнена заяўляе аб сабе. Неба нізкае, шэрае, гатовае выцерушыцца дробным дажджом. Паветра волглае. Зябка. Самы раз наставіць каўнер. Трымаю фасон, і паўночны халаднаваты вецер абдзімае маю расхрыстаную шыю.
Дзе ж Сямён? У лазні з саўнай яго няма. Пустыя і тыя дзве кватэры, дзе, ведаю, часта збіраюцца карцёжнікі. Так што мой аптымізм, з якім я пабег па Сямёнавых слядах, аказаўся дутым. Як і мая дасведчанасць. Кепска.
На Першамайскай збочваю ў стары, зарослы кустамі жоўтай акацыі і бэзу сквер і выбіраю пустую лаўку. Сітуацыя такая, што не лішне падумаць. А паколькі службовы кабінет мне пакуль проціпаказаны, то сквер — самае найлепшае месца для гэтага. Каб яшчэ тэлефон быў…
Над галавой-шумяць таполі. Добрае дрэва. Хутка расце, догляду не патрабуе, доўга захоўвае на галінах густое зялёнае лісце. Праўда, мне больш па душы высакародны клён з яго ўнушалышй масіўнай кронай, якую пры ўсім тым сонечныя праменні пранізваюць наскрозь. Чамусьці ён рэдкі госць нашых паркаў і садоў…
Батанічныя разважанні, вядома, карысныя. Але не трэба падманваць сябе. Я не збіраюся ставіць новую праблему перад гарадскім трэстам зялёных насаджэнняў. Гэта проста спроба адсунуць свой клопат хаця б крыху, але на пасля. Бо, па шчырасці, зусім не ўяўляю, што рабіць далей. Слушная думка, з якой я спадзяваўся сустрэцца на гэтай, ці не на зіму нядаўна пафарбаванай, лаўцы, як няверная дзяўчына, носіцца недзе ў іншым месцы.
Аднекуль наляцелі шызыя лянівыя галубы. 3 незалежным выглядам паклёўваюць нешта адным ім бачнае на прытаптанай дарожцы і паволі набліжаюцца да мяне. Дзівакі, спадзяюцца на пажыву. А ў мяне, як звычайна, у кішэнях няма нічога прыдатнага для іх. Шкада. Люблю назіраць, як галубы, атрымаўшы пачастунак, пачынаюць мітусіцца, хавацца адзін ад аднаго і ад вёрткіх вераб’ёў, якія спрытна выхопліваюць скарынкі і крошкі з іх прагных дзюбаў. Птушкі неяк здагадваюцца, што я ім не дабрадзей, і, паважна перавальваючыся з нагі на нагу, сунуцца міма, да суседняй лаўкі, дзе сядзіць з гаспадарчай сумкай жанчына.
Я зноў застаюся са сваімі думкамі.
Паабапал скверыка шумныя ажыўленыя магістралі. Грузавікі, легкавушкі, аўтобусы суцэльнымі патокамі, нібы паблізу няма светафораў, імчацца ў абодвух напрамках. Згодзен, патрэба ў транспарце немалая — заводы, магазіны… Не разумею толькі, чаму ў гэтых чародах машын столькі незагружаных? Лаўлю сябе на тым, што зноў выдумляю сабе затлуму. Але працягваю ўпарта глядзець на вірлівыя транспартныя патокі. Паказваецца грузавік з поўным кузавам мэблі, клункаў, скрынь. На канапе, прыстаўленай да кабіны, урачыста тырчыць постаць хлопчыка гадоў дванаццаці. Гэту акалічнасць адзначаю як паміж іншым. Справа не ў хлопчыку і яго ўзросце, ён не болей чым штрых карціны, што раптам мільгае ў маёй галаве. Цікавая карціна, у двух планах. Падхопліваюся і тут жа нерухомею: грузавік усё роўна не даганю, ды ў гэтым і няма неабходнасці. Пастаяўшы крыху, рашуча кіруюся да аўтобуснага прыпынку.
У першых чыслах новага месяца гандаль у некаторых магазінах як замірае. Быццам усё, што толькі можна, прададзена і рэалізавана ў тыя самыя апошнія дні мінулага месяца, калі пасля доўгай раскачкі нарэшце ўспомнілі пра строгі гандлёвы план. Наш цэнтральны мэблевы магазін, бадай, не выключэнне з гэтага не надта гаспадарскага правіла. Ва ўсякім разе, у зале не бачу ні выстаўленых для рэкламы гарнітураў, ні тавараў масавага попыту, ні пакупнікоў. Пуста. Змрочна. Ціха. Не скажу, як каму, а мне асабіста гандлёвы застой павінен паспрыяць.
Алега Самсонава знаходжу ў двары склада, пабудаванага ззаду магазіна. Двор завалены хламам, быццам пасля добрага пагрому — разбітымі скрынямі, упаковачным кардонам, паламанымі дошкамі і рэйкамі. Напэўна, было тут горача, на прыборку часу не заставалася і няма дагэтуль, хаця прайшло ўжо некалькі дзён.
Алег, відаць, з паплечнікамі-грузчыкамі адпачывае пасля аўралу, у якім менавіта ім дасталося больш як каму. Мужыкі здаровыя, вытрымалі і цяпер расслаблена смокчуць цыгарэты, абыякава пазіраючы вакол сябе. Што ж, прыбіраць двор — не іх абавязак.
Падаю Алегу знак. Мажны, паўнаваты, усмешка, здаецца, не знікае з барадатага твару нават тады, калі хмурыцца, Самсонаў нехаця, абапіраючыся, нібы дзед, на скрыню, павольна ўстае. Глядзіць лагодна, быццам чакаў мяне і не мог дачакацца. Напэўна, праз гэта ў Алега шмат знаёмых.
Між намі асаблівай прыязнасці не ўзнікала. Падазраю, вінаваты ў гэтым я сам. Надта многа ўвагі выказаў прыгажуні Люсьцы. А можа, прычына не ў Люсьцы, можа, я Алегу проста несімпатычны?.. Што б там ні было, выпраўляць гэта ненармальнае ў нашых адносінах становішча неабходна. Алег незразумелы мне, не магу даўмецца, на чым грунтуецца яго сяброўства з Лебедзевым. На духоўнай еднасці, нейкіх агульных гешэфтах? Адказаць на гэта вельмі важна.
— Ну што табе? — спытаў Алег, нібы я быў патэнцыяльным пакупніком па блату мінскага гарнітура «Волма», які і без яго клопатаў набыць можна.
— Увогуле Сямёна шукаю,— я не спяшаўся фарсіраваць размову. Калі ўжо адбылася сустрэча, то варта пагаварыць на яго, спадзяюся, свежую галаву.— У цябе сёння, бачу, не гарыць,— я ўсміхаюся, паводзячы вачамі па двары.— А можа, ты дасі мне рады?
— Канапу з падушачкай? — Ён насміхаецца, а твар — свеціцца добразычлівасцю.— Ложак з сенніком марской травы?
— Абыдуся раскладушкай,— прымаю мяч,— за крэсла і ложак з торбай пусціш.— Паказваю на больш-менш цэлую скрыню, якая захавалася ў кутку двара.— Пасядзім, пагамонім…
У Алегавых вачах успыхваюць цікаўныя іскрынкі. Ён пстрыкае дакуранай цыгарэтай у кучу смецця і паблажліва лыбіцца:
— Увесь — увага.
Што Самсонаў развіты, зухаваты, я ўжо меў магчымасць пераканацца. I зараз, пакуль усаджваемся на скрыню воддаль ад грузчыкаў, думаю, што ў ім неяк дзіўна ладзяць адукаванасць і легкадумнасць. Быццам дзяцінства зацягнулася, хаця да чвэрцьвекавога юбілею яму засталося ўсяго два месяцы. Бадай, і сваю вучобу ў інстытуце Алег успрымае як моду, ці што, а не як духоўную патрэбу, імкненне да чагосьці вышэйшага. Не ён адзін такі, на жаль. Інфантыльнасць распаўзаецца, як пошасць. Колькі такіх абыякавых Алегаў тоўпіцца ў рэстаранных закутках!
— Дык што там у цябе?
Запытальна, нібы ўпершыню, гляджу на хлопца і нарэшце скарджуся:
— 3 працай замінка атрымліваецца.
Цяпер ужо ён глядзіць на мяне ўважліва, паблажлівасць змяняецца непрыхаваным здзіўленнем. Не чакаў такой просьбы.
— Чым жа я памагу?
— У цябе столькі прыяцеляў…
— Гэта верна,— пагаджаецца Алег, але неяк абыякава.— Прыяцеляў маю,— і нечакана ў голасе прарвалася горыч: — Выпіць-закусіць, сёе-тое абцяпаць…— Гэтак жа нечакана, як знікла, насмешлівасць вярнулася:— Табе імпартны?
— Балаболка ты, Алег Самсонаў,— варухнуўся я, быццам збіраўся ўстаць.
— Гумару не разумееш, таварыш паэт! — Ён паклаў руку на маё плячо.— Праясні карціну.
Слухаў Алег уважліва і, мне здалося, недаверліва. Таму я не шкадаваў падрабязнасцей і крыўды на бяздушных чыноўнікаў, абыякавых да лёсу маладога спецыяліста. Аднак спачування да сваёй асобы не адчуў, як і злараднасці. Алегу мае нягоды былі да ліхтара. Зрэшты, і мне таксама. Проста, выклікаючы на шчырую жыццёвую размову, хацеў паглядзець, зразумець, што за чалавек Алег Самсонаў, грузчык з незакончанай вышэйшай адукацыяй, ці ёсць у яго бясплатная спагада да бліжняга?
— Ат,— бесклапотна махнуў я рукой, не пачуўшы абяцання хаця б падумаць пра дапамогу,— што мне, маладому і нежанатаму? Пераб’юся.— Спытаў: — Слухай, Алег, у цябе ж сям’я, чаго ты на сталую працу не ўладкоўваешся? Ты ж без пяці хвілін інжынер-механік?
— Любіш ты выварочваць нутро,— пытанне Самсонаву не спадабалася.
— Вось-вось,— дзюбаю пальцам, быццам хачу на ягоных грудзях паставіць важную адмеціну.— Табе ўсё гэта,— я пяводжу рукой,— абрыдла, не прыкідвайся, што начамі пра пагрузку-выгрузку думаеш.
— Пацікаўся ў Акадэміка, як на інжынерскіх ста дваццаці,— зазлаваўся Алег,— за бацькамі. А ў мяне, сам кажаш, сям’я…
— Не брашы, дадому ты наўрад ці калымнае прыносіш. У рэстаранах грошы плывуць, як гарэлка ў Федзькаву глотку.