Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 31)
— Некалі трэба пачынаць,— я спрабую змякчыць удар.
— Знайшлася,— Сямён па-сапраўднаму раззлаваўся, нават не адразу знаходзіць, што з ім на маіх вачах яшчэ не здаралася, патрэбнае слова,— а-а, меламанка. Цябе ў тэатры з буфета не выцягнеш.
— Разам з табой, з табой, родненькі.
Як ні дзіўна, пасля гэтага абмену калючкамі атмасфера ўжо не абяцае навальніцы, так пагрымлівае, але не моцна.
— Паднімаемся? — Валя ўстае.
— Я вас даганю,— папярэджваю кампанію, а сам кіруюся да Феі — трэба разлічыцца.
На вуліцы Сямён раптам упарціцца:
— Да д’ябла ваша кіно, коцім у «Дняпро»!
Не, у мяне таксама цярпенне не бясконцае. Абрыдлі мне і Сэм з Вялеськай, і п’яныя рожы ў рэстаранах. Мы з Валяй ідзём у другі бок.
18
Вымовы быццам бы не было.
Падпалкоўнік Янушкевіч не павышаў голасу, не папракаў. I тон быў звычайны, калі паведамляў пра званок-напамінак з абласной пракуратуры, дзе на кантролі ляжала скарга Канапацкага. А Пугацэвіч, выслухаўшы, успыхнуў:
— 3 райаддзела папыталі б!
— Справа цяпер у нас, і наш ранг вышэйшы,— мякка, як заўсёды пераконваючы, сказаў Пётр Пятровіч.— Нам належыць дзейнічаць інакш, адпаведна статусу і магчымасцям.
Начальнік аддзела ганарыўся, што служыць у абласным крымінальным вышуку, стараўся, каб і падначаленыя адчувалі сваю службовую вышыню. I яго апошнія словы азначалі, што менавіта Пугацэвічам ён зараз незадаволены.
Сяргей Антонавіч хацеў быў запярэчыць, давесці, што шмат дзён было страчана не па іх віне, але ў час спыніўся. Як ні круці, у адказе цяпер толькі ён, старшы оперупаўнаважаны вышуку, і ніхто іншы. Нават калі ён сяк-так апраўдаецца перад Янушкевічам, а то і пракуратурай, Канапацкім ад гэтага будзе не лягчэй.
Янушкевіч памаўчаў, як бы даючы Пугацэвічу ўсвядоміць слушнасць заўвагі, і тады ўжо іншым, заклапочаным тонам спытаў:
— Што-небудзь новае ёсць?
Новага ў тым сэнсе, які ўклаў у пытанне падпалкоўнік, не было. Сяргей Антонавіч так і далажыў.
— Надта змрочна ты глядзіш на свет, капітан,— паківаў галавой начальнік аддзела.
— Падстаў для аптымізму не бачу!
Не зважаючы на задзірлівы тон Пугацэвіча, падпалкоўнік сказаў:
— Ты вось што, Сяргей Антонавіч, пастарайся высветліць, хто садзіўся ў машыну. Калі ўсё-такі Грыгаровіч…— Ён падумаў.— Я гатовы паверыць Карповічу, што пасажыр не меў рэчаў.
— Грыгаровіч з пустымі рукамі, Лебедэеў з рэквізітам для саўны… Шпацыр па люднай вуліцы Падлеснай, дый годзе!
— Не іранізуй, у гэтым нешта ёсць.
— Пры ўмове, што Грыгаровіч адначасова быў і тут і там. Фігара, а не слесар.
— Ну, правяраць — твой клопат,— усміхнуўся Янушкевіч.
— Гэта так,— Пугацэвічава запальчывасць згасла, супраць відавочнага ён ніколі не спрачаўся…
Кажуць, трэба ўмець спасцігнуць логіку злачынца, угадаць яго хады. Ды што толку з ведання гэтай азбучнай ісціны, калі ты не можаш намацаць самую логіку. Шмат версій правераны і адкінуты, цяпер усё замыкаецца быццам бы на Лебедзеве, а менавіта ягоных паводзін ён, Пугацэвіч, і не можа зразумець. А тут яшчэ Грыгаровіч са сваім электронным алібі.
Сяргей Антонавіч дастаў з сейфа блакнот з заметкамі, зробленымі ў розны час і з розных нагод. Там было шмат карысных звестак. Ён гартаў спісаныя старонкі, прыгадваючы занатаваныя выпадкі і справы, імёны. Наўрад ці сустракаўся яму раней аналагічны выпадак, але і аддаленае падабенства магло выклікаць асацыятыўную здагадку. Думкі скіраваліся на паводзіны Лебедзева і яго дружбакоў. I раптам Пугацэвічу захацелася паглядзець на сябе збоку, староннімі вачамі. Ён не ведаў, адкуль узялося жаданне, толькі здавалася, што тады ён убачыць хібы і пралікі ў сваіх думках і дзеяннях. Гэта было як насланнё. Сяргей Антонавіч усміхнуўся, аднак перасеў за стол калегі. I дзіўна, думкі пацяклі раўней, спакайней, нібы стаў капітан Пугацэвіч сам сабе староннім чалавекам.
«Ты пасіўны, старшы оперупаўнаважаны,— гаварыў ён таму, другому Пугацэвічу, які павінен быў сядзець за яго сталом.— Ты чакаеш, што табе нехта прынясе доказы на сподачку — Гарбаценка, Акулік, Янушкевіч… А дзе ты сам?»
Сяргей Антонавіч паківаў галавой: надта нагадвае гэта нядаўнія заўвагі падпалкоўніка. Не, і за чужым сталом ад наяўнага не схаваешся. Хаця пра доказы, бадай што, правільна. Ён мусіць не толькі кіраваць групай, але і больш актыўна дзейнічаць.
Пазваніў тэлефон. Пугацэвіч скоса паглядзеў на чорны бліскучы апарат, узяў трубку. Пыталіся Шульжыка. От так заўсёды. Толькі моцна задумаешся, як некаму спатрэбіцца вярнуць цябе на зямлю. Сяргей Антонавіч адказаў, што оперупаўнаважаны будзе к канцу дня. Не паспеў адвесці руку, як тэлефон ажыў зноў. Патрабавальна, на ўвесь пакой. На гэты раз нехта набраў не той нумар. Пугацэвіч упершыню пазайздросціў падпалкоўніку, які можа даручыць тэлефон сакратару і адказваць толькі на асабліва важныя званкі. Але паколькі ён не быў начальнікам аддзела, мусіў неяк мірыцца з гэтай, можа, недасканалай, аднак вельмі патрэбнай сістэмай сувязі. Хаця…
Пугацэвіч крыху пастаяў, прыслухоўваючыся да няпэўнай думкі, што перарывістай марзянкай бліскала ў галаве, і прыкусіў губу. Што толькі не прывярэдзіцца! Ды ці адны гэтыя кражы цяжкім каменем вісяць на ім? Ён замкнуў сейф і падміргнуў прыціхламу апарату: я цябе, бяздушная скрыначка, перахітру, а тады верашчы, аж пакуль не захліпнешся. Нібы для пэўнасці памацаў трубку і імкліва выйшаў за дзверы.
Яму б крыху цярпення, а можа, і ўдачлівасці — затрымацца б на хвіліну-другую…
Дазваніўся чалавек толькі назаўтра.
Трубку падняў Шульжык. Ён выслухаў блытаную гаворку кушняра Іодаля і падумаў, што гэты сівы згорблены стары нічога вартага не паведаміў. Але вырашыў усё-такі зайсці да чалавека, найперш, каб не пакрыўдзіць. Бо наўрад ці такому грыбку панясуць заказ на шапкі, маючы на ўвазе прадаць іх потым праз камісіёнку. Нават сам Іодаль скардзіўся, што да яго ўжо ніхто не звяртаецца. Таму Вячаслаў і не сказаў, што цікавяць яго не гэтак футры, як іх уладальнікі. I нумар тэлефона пакінуў таму, што парадак ёсць парадак.
— Даў вам клопату,— збянтэжыўся кушнер, калі Шульжык прыйшоў да яго на кватэру.— Стары фантазёр. Сядзіш-сядзіш, чаго не прыдумаеш. А людзям бегай…
— Дык што вы меліся сказаць, Леанід Міхайлавіч? — Старшы лейтэнант ледзь успомніў імя і цяпер нецярпліва паглядаў на гэтага гаварлівага чалавека, які не спяшаўся пераходзіць да сутнасці справы.
— Што сказаць? Я і кажу. Усе думаюць, што стары Іодаль з’ехаў з глузду. Яны нясуць свае аблезлыя каўняры Салагубу, Скараходу, Бысавай. А гэтыя, з вашага дазволу, майстры яшчэ іголкі ў пальцах не трымалі, калі пра мяне ведаў увесь горад. Партачы!
— Леанід Міхайлавіч!..
— Не хвалюйцеся, малады чалавек, ніводнае слова стары Іодаль не пускае на вецер.— Ён паківаў тонкім сухім пальцам перад Шульжыкавымі вачамі.— У кушняра Іодаля галава яшчэ ого-го. Вы зараз самі пераканаецеся. Я вам пакажу фасоны, якімі некалі захапляўся такі інтэлігентны цэнтр, як Бабруйск,— ён ухапіў оперупаўнаважанага за руку і пацягнуў у другі пакой.
Шульжык уздыхнуў.
У прапахлым нафталінам пакоі, стоячы перад з’едзенымі моллю, запыленымі манекенамі, ён некалькі хвілін добрасумленна выслухоўваў перавагі даўнейшых фасонаў перад цяперашнімі і, хаця спачуваў гэтаму бяскрыўднаму чалавеку, улюбёнаму ў сваю прафесію, не мог у думках не пагадзіцца з сучаснымі заказчыкамі, якія шукалі іншых майстроў.
— Людзі не ідуць да Іодаля,— ён скардзіўся хутчэй па прывычцы, чым крыўдуючы.— Але праўда некалі возьме сваё. Усе моднікі зразумеюць, хто шые лепшыя баяркі, берэты, вушанкі або кубанкі…— Ён быў аптымістам і не губляў надзеі. Відаць, гэта і падтрымлівала яго нязгасную энергію.— Але ж вы да мяне не шапку шыць, малады чалавек, так? — Ён крытычна агледзеў лейтэнанта і хітра прыжмурыўся.— О-о, стары Іодаль яшчэ мае галаву. Калі да сумленнага чалавека звяртаецца міліцыя, значыць, гэта ёй вельмі трэба.
— Вы пазванілі…
— Так, так, малады чалавек. Два дні званіў. А можа, дарэмна? Навошта ўзнімаць юрхал, калі ты сам не ведаеш, дзеля чаго? Мала што прывідзіцца і прыпомніцца старому фантазёру. Вось вы, важны афіцэр, вы мне скажыце, хіба гэта не глупства? Хіба нармальнаму чалавеку прыйдзе ў галаву турбаваць міліцыю з-за такой дробязі, нават калі сама міліцыя яго просіць аб гэтым? Не-не, не спрачайцеся. Паслухайце.
Шульжык ужо не спадзяваўся, што некалі скончыцца гэты паток, што нарэшце пачуе, чаго званіў Леанід Міхайлавіч аж два дні запар. Таму пачатак новага слоўнага залпа сустрэў, не надта ўнікаючы ў сэнс.
— Ну, каму цікава, што адзін стары, якому месца ўжо на гарадскіх могілках, выпадкова бачыць на вуліцы даволі пажылога прайдзісвета?
«Увогуле прайдзісветы — не мая галіна»,— мільганула ў галаве Вячаслава, але тое, што ў размове нарэшце-такі з’явілася нешта крымінальнае, яго насцярожыла.
А Іодаль зноў нібы забыўся, пра што пачаў, і пераключыўся на іншае:
— Вы не зважайце, што я бегаю вакол гэтых чурбакоў,— ён тыцнуў кулачком у бліжэйшы манекен, ад чаго ў сонечных праменнях заструменіліся драбнюткія часцінкі пылу.— Вы садзіцеся, малады чалавек, нават у вашым раннім узросце лепш добра сядзець, чым дрэнна стаяць. Нездарма разумныя людзі кажуць, што ў нагах праўды няма і не будзе,— і раптам без перадыху вярнуўся да ранейшага: — Жора Сарвіра быў не адзін!
— Хто? — Шульжык няўцямна глядзеў на старога.