Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 30)
Лебедзеў не адказвае, пазірае ў шырокае акно, за якім на светла-блакітным асеннім ужо небе плывуць хуткія аблокі. I я працягваю, як разважаючы:
— Не бачу такой працы. Ні ў людзей так званай вольнай прафесіі, якіх натхненне закабаляе больш за афіцыйны службовы распарадак дня, ні…— прыпыняюся на імгненне, а тады рашуча кажу: — Ні ў раскрадальнікаў грамадскай або прыватнай маёмасці, свабоду якіх урэшце абмяжоўваюць не на пяць дзён у тыдні, а на доўгія-доўгія гады.
Чакаю, што крымінальны аспект Лебедзеў абміне і заспрачаецца аб нечым нейтральным. Аднак і ён, бадай што, не баіцца вострых вуглоў. Пасмейваючыся, гаворыць:
— Некалі, здаецца, я табе папулярна тлумачыў, што злодзей той, хто папаўся. А да таго…
Ён змоўк. Не разумею — думае над праблемай ці хоча падражніць мяне. Бо і я, калі не памыляюся, тады таксама выклаў свой погляд. Але ж памяць у яго! Не падловіш, помніць усё, што гаворыць. А ўвогуле, што я хачу? Каб Лебедзеў раптам пусціў слязу, маўляў, хаця мяне і не злавілі за руку, больш красці не буду і наогул стану прыкладным? Злачынца цяпер нават у кіно не адразу пачынае каяцца, хіба толькі следчы яго надта расчуліць, даводзячы, што добраахвотнае прызнанне змякчае віну. Хаця такое прызнанне больш на здзелку падобнае. У дадзеным жа выпадку да следчага яшчэ далёка, і мне рана так катэгарычна настройвацца супраць Лебедзева. Доказы ў нас хліпкія. Так што сваім крэда ён, можа, і мне дулю паказвае.
— Усёк? — Сямёну, відаць, не спадабалася мая задумлівасць, бо з прыкрасцю дадаў: — Рыфмаваў бы ты свае вершы!
— I то,— мне застаецца толькі пагадзіцца. Хаця патузаць за кончык нітачкі, якая тырчыць у Сямёнавых разважаннях, было б не грэх. Наўрад ці зараз ён іграе чужую ролю, як звычайна. Не ведаю, ці краў Сямён раней, але калі падвернецца выпадак, чужое возьме. У гэтым я перакананы. Ды не трэба лезці напралом. Можна патромкаць на іншай струне.— Што вершы, ты іх, мабыць, не чытаеш. Як і прозу.
— Твае нават вывучу,— Лебедзеў не крыўдзіцца, крыху напышліва працягвае: — Чытаю. Тое, што лічу карысным.
Паколькі тэму ўдакладняць ён не збіраецца, крычу Феі:
— Наташачка, прагну свежай кавы.
Потым з усмешкай кажу Лебедзеву:
— Ты — вядомы прагматык, ну-у, чалавек справы, калі хочаш. Але, напрыклад, дэтэктыў…
— Лухта,— адмахваецца ён.— Казкі для слабанервовых. Мараль.— Яму ўсё-такі хочацца перанесці кропку ў размове, з якой пачалася наша сённяшняя сустрэча, крыху далей.— Падумаеш, укралі. Не ў дзяржавы ж…
— Ну, Сенечка,— я не вытрымліваю і таксама паддаюся на працяг крымінальнай тэмы.— Немаўлятка і тое ведае, што Пецеў мячык — гэта Пецеў мячык, а не яго. А другое — тут ты не арыгінальны. У тых жа дэтэктывах злачынцы часта заяўляюць: маўляў, паглядзіце, у каго я браў — у злодзея ж.
— Нішто, вырасце тваё немаўлятка…— Лебедзеў пачынае як жартам, але заканчвае жорстка: — Не мячык, порткі Пецевы прыхопіць, асабліва калі яны фірмовыя і дрэнна ляжаць.
— Не падабаешся ты мне сёння. Злосны. Якая муха ўджаліла?
— Сам не ведаю,— раптам цішэе Лебедзеў.— Душа бунтуе.
На споведзь Сямён не пойдзе. Так што на сёння, бадай, хопіць хадзіць па лязу брытвы. Абыякава пераключаюся на звыклыя рэйкі:
— Дзе ж твае ад’ютанты?
Сямён кінуў на мяне хуткі позірк, сэнс якога я не зразумеў — пытанне маё было ж зусім нявіннае, і працадзіў:
— Слізнякі…
Сваіх дружбакоў ён, безумоўна, ведае лепш, хаця я таксама не бачу ў Самсонаве і Грыгаровічу чалавечай грунтоўнасці. Былі б мацнейшыя, не скакалі б пад Сямёнаву жалейку. Але чаму іх няма сёння, што выклікала Сямёнаву рэпліку? Дадумаць не паспеў, Лебедзеў раптам скрывіўся, нібы лізнуў лімон без цукру. Прасачыў яго позірк і міжволі ўсміхнуўся. Да нас, абмінаючы яшчэ свабодныя ў гэты час столікі, шыбавалі Ніна і Валя. Ай ды Вялеська, знайшла-такі! А можа, мільгае прыемная думка, Валя падгаварыла? Адно шкада: мы з Лебедзевым няблага гаманілі і, было, нават на падводныя валуны натыкаліся.
Цяпер мусім іншыя песні спяваць. Падхопліваюся насустрач дзяўчатам.
— Калі ласка, да нас,— шырока ўсміхаюся і запрашаю, быццам яны мецілі сесці недзе асобна.
— Джэнтльмен,— прабурчаў Сямён, аднак таксама крыху адарваў зад ад крэсла.
— От неспадзяванка,— весела бліскае вачамі Валя.— Мы з Нінай хацелі марожаным паласавацца, а тут вы…
— Вы часам не сёстры, цьфу, не браты Грым? — з’едліва перапыніў дзяўчыну Сямён.— Хаця не, казкі тыя ўмелі сачыняць.
— Чурбак ты, Сэм. Не спасцігаеш жаночай натуры,— Валя прытворна ўздыхнула.— Патрэбны вы нам як зайцу праязны білет на метро. Перасядзем, Нінка? — Але ўставаць не спяшаецца.
Затое зноў падхопліваюся я і кладу рукі на плечы дзяўчат, прыціскаю да крэслаў.
— Хопіць вам, пухкалкі. Чалавек жартуе. Мы вельмі рады вам.
Пакуль мы высвятлялі адносіны, падышла Наташа, хмура спытала:
— Будзеце што заказваць?
Валя з Нінай падазрона паглядзелі на яе. Фея нават сярдзітая выглядала эфектна. Падліваючы масла ў гатовы запалыхаць агонь, я ласкава сказаў:
— Наташачка, глясэ, цукеркі…
Па шчоках Феі паласнула полымя, яна была задаволена. Валя на гэту сцэнку нібы не звярнула ўвагі, а Вялеська, правёўшы афіцыянтку позіркам, зняважліва перасмыкнула плячамі:
— Ну і густ у цябе, Павел!
Гаварылася мне, а на справе папрок адрасаваўся каханаму. Нават Валя, здаецца, гэта зразумела. Я паціснуў плячамі — добрую форму выказваць ці, дакладней, не выказваць свае пачуцці прыдумаў я гэтым поціскам, часта выручае. Хаця на гэты раз павінен быў заступіцца за Наташу. Але спадзяваўся на Сямёна, мне вельмі трэба было, каб менавіта ён абараніў дзяўчыну. Гэта хутчэй за ўсё будзе ў ягоным стылі, ды хай Наташа даруе. I не памыліўся ў сваім чаканні.
— Персік! — прамовіў Лебедзеў і дапіў келіх.
Ён быў не далёкі ад ісціны. Смуглявая афіцыянтка побач з бясколернай Нінай сапраўды была падобная на гэты экзатычны плод.
— Скажы — авечка,— Ніна не на жарт узлавалася.— Такая ж бязмозглая.
— Ніна,— павярнулася да сяброўкі Валя,— ты ж яе не ведаеш.
— Дзеўка з інтэлектам сюды не пойдзе!
— Ага,— падкалоў Лебедзеў,— яна спачатку дыплом атрымае.
Ніна раз’юшана ўтаропілася ў Сямёна. Яшчэ імгненне — і выбухнула б добрая сварка. Напэўна, трэба было даць ім гэта імгненне. Бо калі ў спрэчцы нараджаецца ісціна, то ў сварцы таксама тое-сёе немінуча адкрыецца. Ды не выношу скандалаў. I Наташу было шкада. Таму паспяшаўся прысыпаць вогнішча попелам:
— Каго любім — таго чубім. Так, Валя?
— Гэта ў іх часта, Сэм не можа, каб не пажартаваць.
— Ведаю я вашы жарты, спаднічнікі,— прабуркатала Ніна, але навальніца адышла.
У нас быццам бы ўсталяваўся мір. Ці суіснаванне? Сямёна, калі не стрымліваць, сёння на доўга не хопіць. Нешта яго ўсё-такі грызе. Можа, Алега ў аддзел барацьбы з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці запрасілі? Акулік хацеў гэта зрабіць, лічыў, што пара знаёміцца з ім бліжэй. Ведаць бы! Ледзь стрымаўся, каб не пабегчы да тэлефона-аўтамата. Можна было б паказытаць Сямёнавы нервы больш…
Ніна расчырванелася. Думаю, аднак, не ад кавы. Як мала ёй трэба — Сямён побач, і яна радуецца. Не заўважае, не хоча заўважаць, што яго быццам бы лагодная ўсмешка, мяккі позірк ад каньячнай разамлеласці, звыкласці абставін. А ёй здаецца, што мае вялікую ўладу над каханым. I як кожнай капрызнай жанчыне, ёй хочацца неадкладна пераканацца ў гэтым.
— Сэм,— томна цягне Ніна,— хачу сумачку з кракадзілавай скуры.
Просьба дзіўная. Нават для Валі, якая сцяла вусны, каб не хмыкнуць.
— Больш нічога? — Лебедзеў не здагадваецца аб працягу, аднак чамусьці камянее з твару.
— Ты мне,— Ніна робіць націск на слова «мне»,— шкадуеш такую дробязь?
— Адчапіся, Нінка, ад чалавека,— уздыхае Валя. Напэўна, не ўпершыню бачыць гэта крыўлянне.— У Афрыку Сямёну ехаць па кракадзіла?
— Бліжэй! — Аказваецца, і ў пакорлівай Вялеські часам у голасе гучыць метал.— У інтурысцкі кіёск, пехам.
— Ага, чэк выпіша. Табе якую валюту? — Валя весела рассмяялася.
— Дура! — прашыпеў Сямён.
Ён хацеў нешта яшчэ дадаць, можа, што больш злоснае, і я кідаюся ратаваць становішча:
— Ніначка, Сэм сёння не ў сваёй талерцы, пашкадуй яго.— А Сямёну з дакорам: — Эх ты, дзяўчына жартуе…
Сямён хмурыцца, але ўжо спакайней кажа:
— Жарт, як у таго боцмана з тонучага карабля…
Канфлікт быццам уладжаны. Аднак павіслыя над нашым сталом хмары не сплываюць. Мы з Валяй пераглядваемся, абаім няёмка. Валя бадзёрым голасам абвяшчае:
— Сёння новы фільм. Пойдзем?
— Ідэя! — горача падхопліваю я і са свайго боку выступаю з прапановай: — I ў тэатр можна, мінчане гастраліруюць.
— Сэм у тэатры не ходзіць,— ядавіта паведамляе Ніна.