реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 29)

18

Зараз я адпраўляюся на Першамайскую вуліцу, каб пераняць Руслана па дарозе з працы. Мы з таго вечара не бачыліся. А паколькі я чалавек выхаваны, пара ўжо неяк павініцца за свае паводзіны ў яго дома. За Сямёнаў «дыпламат» я магу перад ім кім хочаш выставіцца. Дык чаму б не парадаваць хлопца: маўляў, нічога не помню, што ты гаварыў, і наогул што і як было. Хай карыстаецца маёй дабрынёй.

Руслан паказаўся мне ўзбуджаным. Так і павінна быць. Няпэўна пытаюся:

— Ну як?

— Што? — Ён паглядзеў падазрона.

— Бацькі не сварыліся? А я? Нічога такога не нагаварыў? А то, ведаеш, з непрывычкі…

Хлопец палагоднеў:

— Ты — малаток. I дома — нармальна. Мяне вось цягаюць.

Прызнацца, думаў, што Руслан хоць крыху патрымае ў сабе свае нягоды. Ды ён, аказваецца, яшчэ слабейшы духам, чым уяўлялася. Сутыкнуўся з непрыемнасцю і спяшаецца паплакацца, шукаючы суцяшальніка. Ёсць людзі, якім здаецца, што расказаная нягода тым самым дзеліцца на двух.

— Хто, куды?

— Міліцыя, хто… Помніш, я табе гаварыў, што Алег памог таго-сяго ўзяць у адной забягалаўцы?

Я паціснуў плячамі.

— А-а,— Руслан нібы узлаваўся на мяне.— Не помніш! Нехта там крадзе, а я цяпер вінаваты.

— Не трэба на дурніцу кляваць,— павучальна прамовіў я.

— Плаціў, плаціў грошы! — Ён ад абурэння аж схапіўся за гузік на маім пінжаку, быццам гэта я задаваў яму тыя пытанні, а не капітан Пугацэвіч.— Адкуль мне ведаць, што кладаўшчык там махляр?

Можна было сказаць, што чорны ход не для сумленных здзелак і ён, Руслан, не сёння нарадзіўся на свет, каб выдаваць такі наіў. Але я маўчаў, быццам нічога не разумеў. I чакаў, пацвердзіцца маё меркаванне або не пацвердзіцца. Папроцкі яшчэ доўга круціўся вакол гэтага новага факта ў сваёй біяграфіі, баюся, не апошняга ў такім родзе, але пра чамаданчык не ўспамінаў. Нібы і не было ў міліцыі гаворкі аб ім. Зыходзячы з агульных меркаванняў, ён і не павінен быў успамінаць — чамаданчык дробязь, асабіста да яго дачынення не меў.

— Як ты лічыш, што мне будзе? — Нарэшце ён падышоў да таго, што яго хвалявала больш за ўсё.

— Табе б з адвакатам параіцца,— суцяшаць, а тым болей супакойваць затрымцелую Русланаву душу я не збіраўся. Хваляванне яму не пашкодзіць, можа, задумаецца.— Могуць у інстытут паведаміць…— паддаў я пары.

— Думаеш? — Руслан панік.

Я зноў паціснуў плячамі. Але мне не хацелася, каб ён быў такім скіслым, сустрэўшыся з Лебедзевым. Урэшце не ён, а Сямён быў тут першай фігурай. I я сказаў тое, што, спадзяюся, ён чакаў:

— Не бяры да галавы, не ты адзін там пасвіўся.

Руслан запытальна паглядзеў — не верыў, што я гэта сур’ёзна, усё-такі ён быў ладным панікёрам. Напэўна, мой выгляд абнадзеіў яго, бо ўжо спакайней спытаў:

— Ты ў кафэ?

— Як звычайна. Хачу папрацаваць, ёсць настрой.

— Зайздрошчу апантанасці,— прамовіў Руслан узнёсла.— Мне б так… За год была б дысертацыя.

Як хутка мяняецца ў хлопца настрой. Толькі што вакол уяўлялася цёмная ноч, а ўжо, глядзі, упэўнены, што яму сонейка бліснула.

— Ну-ну,— я паклаў яму на плячо руку, падбадзёрыў: — Да пабачэння, Акадэмік,— падштурхнуўшы Руслана, смехам дадаў саладзейшую пілюлю: — На жаль, будучы. А яно няблага б, каб цяперашні.

Затлуміць мазгі Папроцкаму не цяжка. Ён, бадай што, сваёй думкі не мае ніколі — хто куды павядзе, туды і пойдзе. Не тое што Лебедзеў. I мне пара ў кафэ, нягожа парушаць прызнаны распарадак дня.

Наташа прынесла маю традыцыйную каву і не паспела яшчэ адысці, як з’явіўся Сямён. Адзін. Скоса зірнуў на свой пастаянны стол, дзе красавалася таблічка «занята», і падсеў да мяне.

— Крэмзаеш? — спытаў, хаця перада мной стаяў толькі кубачак з гарачай кавай, па чорнай паверхні якой слалася шызаватая пара. Спытаў проста так, па прывычцы, 6о, не чакаючы адказу, дадаў: — Мае ахламоны не прыходзілі?

— У Алега, мабыць, кліент тлусты, а Федзьку на заводзе да канца змены трубіць, раней не вырвецца ж.

Федзьку Лебедзеў прапусціў міма вушэй, а за Самсонава заступіўся:

— Між іншым, Алег паболей цябе калыміць.

Ого, і Сямён, нягледзячы на сваю падкрэсленую вытрымку, мае нервы. Рэагаваць на шпільку мне не рэзон. Узнімаю палец і ўнушальна зазначаю:

— Пакуль!

— Па мне дык зараз чырвонец у руках, чым праз трыццаць год тысяча на ашчаднай кніжцы. Усёк? — Ён павярнуўся.— Нат, радасць мая, кампрэс на сэрца. Мне і паэту.

Добра хоць, што ў кафэ пуста. Ад падобнай рэкламы мне заўсёды ніякавата. А Лебедзеў, калі Фея прынесла два кілішкі з каньяком і па цукерцы, падкрэсліў:

— Гэта і ёсць перавага маёй дзесяткі над тваёй будучай тышчай,— і кінуў на талерачку з цукеркамі новенькую хрусткую купюру.

— Ну, такімі сродкамі я і зараз валодаю,— з шыкам дадаў я свой чырвонец да Сямёнавага, балазе Вячаслаў даставіў мне зарплату.— Наташа, усё падвоіць!

— Ганарар? — У Сямёнавых вачах бліснуў цікаўны агеньчык.— Закалыміў, значыць?

— У гэтым слове ёсць нешта ад несумленнага,— чаму б не пазлаваць надзьмутага самаўпэўненага індыка? — Паэзія робіцца чыстымі рукамі!

Сямён хапіў каньяк адным махам, гэтак жа, як Грыгаровіч піў гарэлку, і некалькі імгненняў сядзеў бы язык праглынуўшы. Аднак выбуху не адбылося. Сямёнаў твар памякчэў.

— Высокая паэзія, шаноўны,— з усмешкай сказаў Лебедзеў.

Смоўж, а не чалавек. Выслізнуў. Лагодна тлумачу:

— Перакладаў для абласной газеты. Між іншым, класіку.

— Тады прымем за класіка,— засмяяўся Сямён. На гэты раз ён п’е няспешна.— Не адставай,— ківае на мой не крануты яшчэ першы кілішак.

Падымаю. Мушу. Карычневая вадкасць залаціцца ў сонечных праменнях, і я доўта разглядаю яе. Піць не хочацца. Я ніколі не быў паклоннікам Бахуса, люблю мець галаву свежай, а энергіі ў мяне і так хапае, без допінгаў.

— Не шукай там натхнення,— прыспешвае Сямён.

Падсоўваю яму свой другі келіх і на поўным сур’ёзе сцвярджаю, нібы сам гэта толькі што прыдумаў:

— У віне — ісціна.

— Тады мы з табой вялікія праведнікі,— ён жмурыцца ад сонца, і не зразумець — жартуе ён ці перакананы ў гэтым. Мужык знаходлівы, па слова ў кішэню не лезе.

Пра Сямёна думаецца горка. Развіты, не дурны. Калі ж і куды збочыў ён з прамой дарожкі, наканаванай кожнаму нармальнаму чалавеку? Куды прывядзе яго гэты наварот? Надта прывык, уцягнуўся Сэм-Сямён у бяздумнае, бестурботнае існаванне, пазбаўленае якіх-небудзь абавязкаў. Мужчыны, бацькі, грамадзяніна, нарэшце.

Для выгляду прыгубліваю келіх і падымаю вочы:

— Слухай, Сенька, як ты ўяўляеш сваю будучыню?

Хмель ужо ўдарыў Лебедзеву ў галаву, і таму пытанне ўспрымае легкадумна:

— Э-э, дасць бог дзень…

— Не мянці,— сярдзіта перабіваю я.

— Даследуеш душу ці хочаш шэфства ўзяць? — Ён быццам бы працверазеў ад майго пытання.— А я і сам не прападу!

— Здагадваюся,— назойлівасць часам таксама дае карысць.— Станеш неўзабаве інжынерам, пойдзеш на завод або да Руслана ў памочнікі, напрыклад.

— Ішачыць? — Завод ён, напэўна, сцярпеў бы, але роля падручнага ў Папроцкага завяла яго.— Пашукай іншага. Я і без таго пражыву дай бог кожнаму!

— На якія шышы?

Размова набыла востры характар. Аднак Сямёна яна не павінна здзіўляць. Я і раней не хаваў перад ім сваіх поглядаў, не падладжваўся пад іх кампанію.

— Ты што, з выканкома, з міліцыі? — пытае ён насмешліва.— Ведаю, ведаю, ты — паэт. Таму і тлумачу. Я за працу, напружаную, плённую. Але без штодзённага роспісу ў табелі. Не прымаю абмежавання маёй свабоды!

Паслухаўшы каго іншага, я сказаў бы: балбатун. Сямён таксама ўмее павылузвацца, сяго-таго нахапаўся. Аднак мне ўсё часцей думаецца, што за такім словавывяржэннем у яго нешта хаваецца. Як за размаляваным рэкламным плотам. Нават закаранелы цынік хоча выглядаць прыстойным, хаця б перад самім сабой. У Сямёна цынізму хапае. Я не рызыкнуў бы назваць таго, каго ён паважаў бы. Сямён любіў і прызнаваў толькі сябе, свае погляды. Ён гэтага не таіў, ва ўсякім разе перада мной, чалавекам, які далёкі яму па духу. Дык ці не стаў яго цынізм жыццёвай нормай? А калі так, то, значыць, няма ў Сямёна нічога святога? Мне зрабілася непрыемна: любім мы часам фармальную логіку, якая дазваляе быццам бы абгрунтавана вешаць прыдуманы загадзя ярлык. I хаця ў дачыненні да Лебедзева я, бадай, не памыляўся, былі ў мяне пакуль не факты, а меркаванні, уражанні. Паэту, можа, гэтага і дастаткова. Крыміналісту ж абапірацца на іх проста недаравальна…

— Задумаўся, вершаплёт? — Сямён адставіў каньяк, які я падсоўваў яму. Нягледзячы на штодзённыя выпіўкі, сваю меру ён ведаў, чым, прызнацца, дзівіў мяне.— Ты прасцей прымай жыццё, радуйся ўдаламу дню. А што будзе заўтра, паслязаўтра… Хай конь думае, у яго галава вялікая.

— 3 конскай галавой маёй раўняцца не выпадае, памеры не тыя,— вяду сваё.— Ды, як устанавілі вучоныя, і маленькія птушкі ў адпаведнасці са сваімі патрэбамі кемяць. От я і пытаю: хто табе паднясе занятак, каб былі і шышы,— для нагляднасці я паціраю вялікі і ўказальны пальцы,— і неабмежаваная твая свабода?