реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 28)

18

— Самсонаў, Самсонаў… Ён што, там працуе?

— Алег? Не, грузчык, у мэблевым магазіне. У яго сувязі — дай бог,— на імгненне ў Руслана скрозь прыгнечанасць пракінулася зайздрасць да пранырлівага Алега. Аднак у наступны момант ён ужо лавіў позірк старшага оперупаўнаважанага.

Пугацэвіч хацеў быў папытаць у Руслана пра сувязі — добра гэта ці кепска, аднак раздумаў. Руслан скажа менавіта тое, што вымагаюць абставіны.

— Так, у мэблевым,— запісаў Сяргей Антонавіч,— хаця сам гэты факт важны толькі для пратакола.— Паспрабуйце ўспомніць сваю размову з Самсонавым. Ён вам пазваніў і што сказаў?

— Нічога такога,— адказаў Папроцкі.— «Лады, стары! Будзь у двары сталоўкі з торбай к адзінаццаці. Не спазняйся. Кладаўшчыка інфармаваў».

— Значыць, вы прыехалі на Падлесную к адзінаццаці. Што ў руках было?

— Сумка… Ну гэта, гаспадарчая, балонневая.

— Адна?

— Як Алег параіў, каб у вочы не кідалася.

— Запішам і гэта.

— Пішыце,— пытанні капітана міліцыі да яго бачнага дачынення не мелі, і Руслан супакоіўся, асмялеў: — Я не хлушу.

— Нават так? — усміхнуўся Пугацэвіч.— А вось вадзіцель «пікапа», які вас падвозіў, сцвярджае, што ў вас у руках было болей рэчаў. Можа, ён хлусіць?

Папроцкі памуляўся і зноў стаў ліслівы:

— Дык гэта і кладаўшчык скажа, колькі я чаго браў. У мяне чэк, здаецца, захаваўся,— ён апусціў руку ў адну кішэню, у другую.— Напэўна, дома пакінуў…

— Я вам адно, а вы мне — другое,— дакорліва паківаў галавой Сяргей Антонавіч.— 3 кладаўшчыком размова была. А як нам прымаць паказанні вадзіцеля, Руслан Аяяксеевіч?

— Вадзіцеля? — Ён задумаўся, быццам не здагадваўся, што ад яго трэба.— А-а, мы абодва кажам праўду. Таварыш у двары мяне ўбачыў і папрасіў прыхапіць ягоны «дыпламат». Яму самому кудысьці трэба было. Не верыце?

— Пакуль вы не давалі падстаў для сумнення,— падбадзёрыў Сяргей Антонавіч.— Але парадак ёсць парадак. Прозвішча таварыша? Лебедзеў? Добра…— Тут ён сам завагаўся: пытаць пра далейшы лёс «дыпламата» або не пытаць. Хутчэй за ўсё аб ім была гаворка ў Руслана з Лебедзевым, пра якую паведаміў Гарбаценка. А калі не аб ім? Вырашыў спытаць.— Вы Лебедзеву рэчы дадому завезлі?

— Дадому…— пачаў Папроцкі, аднак спахапіўся: — Спачатку сабе, а яму потым…— Ён вінавата ўсміхнуўся.— Прабачце, разгубіўся чамусьці. Па чамаданчык ён сам прыходзіў.

— Лебедзеў таксама ў той сталоўцы корміцца?

— Увогуле я там быў упершыню, адзін раз. А Лебедзеў… У яго маці гэтым займаецца.

— Але Лебедзеў выйшаў са сталовай? — спытаў Пугацэвіч і падумаў, што Папроцкі можа пацвердзіць гэта катэгарычнае пытанне.

— Не звярнуў увагі, можа, і адтуль, вам жа відней.

— Ну, калі пэўна не ведаеце, то запішам толькі «дыпламат». Каб не разыходзіліся вашы паказанні з шафёравымі. Так? — Але прыкрасць ад няўдалага пытання не праходзіла.

Папроцкі задаволена заматаў галавой.

— А што ў «дыпламаце» было? Можа, таксама прадукты, не пыталіся?

— Бялізна,— махнуў рукой Папроцкі,— паказаў, як забіраў. Казаў, быў пасля саўны,— і засмяяўся: — Ён з прадуктамі!

Пугацэвіч ледзь прымусіў яго перачытаць пратакол і падпісаць, дзе належыць. Руслан усё паўтараў:

— Я вам веру, веру…

3 акна было відаць, як хлопец ледзь не подбегам, не азіраючыся, кіраваў да тралейбуснага прыпынку. Сяргей Антонавіч глядзеў яму ўслед і моршчыўся. Атрымлівалася суцэльная лухта: Лебедзеў аддаў чамаданчык не з крадзеным, а з бялізнай; Грыгаровіч, які, паводле яго версіі, павінен быў мець у руках рэчы, да машыны прыбег улегцы. Гэта азначае, што да кражы ні першы, ні другі дачынення не маюць. Але ж паблізу ад месца злачынства яны не горадам любаваліся. Ды гэта сыграе толькі тады, калі з’явяцца іншыя, прамыя доказы іх віны.

Сяргей Антонавіч вярнуўся да стала, уважліва перачытаў пратакол. Здаецца, наказ следчага споўнены, Папроцкаму не задаў ніводнага пытання, якое ўводзіла б у бок ад сталовай. Так, на калег ён папрацаваў. А што мае сам? Лебедзева з чамаданчыкам бруднай бялізны. Добра было б, каб Руслан расказаў яму падрабязна пра выклік у міліцыю.

А што акрамя Лебедзева? Сяргей Антонавіч нахмурыўся. Чаму акрамя? Усё вакол Лебедзева круціцца. Ён ведаў, калі Папроцкі будзе ля сталовай. I хто можа сказаць, што гэта не па яго просьбе Самсонаў назначыў Руслану пэўны час? Пан Лебедзеў вялікі, але ж раней сам насіў свой «дыпламат». I алібі хаця б такога, як у Грыгаровіча і Самсонава, у яго на час кражы няма.

Чым далей думаў Пугацэвіч, тым болей адольвалі яго сумненні. Малаверагодна, каб Лебедзеў у адзіночку палез у кватэру. Не такі ён, не з тых, хто возьме небяспеку на сябе. Калі і замешаны ў злачынстве, то як арганізатар, потым падстрахоўшчык, а не выканаўца. Прыняўшы гэта за аснову версіі, разважанняў, Сяргей Антонавіч задаў сабе яшчэ адно пытанне: каго Лебедзеў накіроўваў на кражу? Калі не Грыгаровіча і Самсонава, то, значыць, кагосьці трэцяга, хто не трапіў яшчэ ў поле зроку вышуку. Увогуле гэта малаверагодна, але, узнікшы, пытанне патрабуе адказу. I ён, Пугацэвіч, адкажа. А пакуль не лішне ўдакладніць паказанні Папроцкага.

Сяргей Антонавіч зняў трубку. Калегі з аддзела барацьбы з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці зараз дапытвалі кладаўшчыка сёмай сталовай, і ён папрасіў задаць яму невялічкае пытанне. Адказ задаволіў Пугацэвіча — менавіта Самсонаў прызначыў час, калі Папроцкі павінен быў прыйсці па мяса. Цяпер заставалася высветліць, якая была ў гэтым неабходнасць.

Не паспеў капітан адарваць руку ад апарата, як пазваніў Шульжык. Яго паведамленне ўзрадавала: нарэшце з’явілася нешта пэўнае. Магнітафон, прынесены на студыю Святланай Макоўчык, быў украдзены ў Канапацкіх.

— Мне ва ўпраўленне? — Вячаслаў не мог стрымаць узбуджанасці, ён прагнуў рашучых дзеянняў.

— Ты ўсё-такі кушняроў абыдзі,— астудзіў яго Пугацэвіч,— словы Гарбаценкі, як магнітафон трапіў да сястры Лебедзева, у справу не падшыеш. Тут яшчэ папрацаваць давядзецца, пакуль дакажаш што трэба. Мы гэта абмяркуем пазней.

17

Шчыра кажучы, вынік праверкі магнітафона мяне засмуціў, хаця ўвогуле і чакаў нечага падобнага. Лебедзеў шалапут, распуснік, пустазвон і разам з тым далёка не дурань. Яму б у свой час добрыя цуглі, напэўна, чалавекам стаў бы. А так — банальны злодзей. I сястра, бадай, не лепшая. Ведае ж, што брат не такі мецэнат, каб за трэць цаны аддаваць дарагую рэч, а схапіла. Што за дзеці выраслі ў прыстойнага Лебедзева-старэйшага, які сам па жыцці ідзе сумленна? Відаць, у сям’і не ён, жонка галава. А яе погляды я ўжо крыху ведаю.

Наогул падпалкоўнік мне сёе-тое расказаў пра Лебедзевых, не робячы, аднак, вывадаў. Цвёрды, дзейны на працы, дома муж ва ўсім саступаў жонцы. Ці ад вялікага кахання, ці ад абыякавасці да ўсяго, што не тычылася службы, адбірала яго ўвагу. На жаль, часта бывае і так, і гэтак. Паступова мянялася атмасфера дома. Шчырая, незамутнёная, як гэта бывае ў маладосці, яна пачала поўніцца атрутай. На Таццяне Макараўне яе становішча галавы ў сям’і адбілася вельмі своеасабліва. Навучыўшыся круціць мужам, яна захацела верхаводзіць і ў школе, дзе працавала настаўніцай. Як жа, муж — намеснік старшыні райвыканкома. Райана праявіць бы прынцыповасць, падтрымаць дырэктара, тады і ў школе быў бы парадак, і ўладарная жанчына, можа, атрымала б урок. Аднак пабаяліся псаваць адносіны з кіруючым мужам, які пра канфлікт ведаў толькі тое, што казала жонка. Дырэктара перавялі ў іншую школу. А Лебедзева палічыла, што ёй усё дазволена.

Сын і дачка, якім яна ўдзяляла ў адрозненне ад бацькі шмат увагі, хутка засвоілі матчыны погляды — дзеці звычайна вельмі чуйныя і да добрага, і да благога.

А потым Лебедзевы пераехалі ў абласны цэнтр. З’ява ўвогуле звычайная. Але службовы рост мужа Таццяна Макараўна ўспрыняла як уласны. Яна ўпівалася ўяўнай важнасцю свайго новага грамадскага становішча. «Дваццаць дзевяць сем’яў!» Што ж, яна ўжо ў гадах, не працуе і можа толькі ўспамінаць мінулае. Але для яе дзяцей, на жаль, сёе-тое з гэтага мінулага засталося. У свой час нехта падтрымаў няправільныя паводзіны маці, потым выручыў самога Сямёна ад пакарання за ўчынак, які каму іншаму наўрад ці даравалі б. Ды паблажлівасць можна праяўляць не да ўсіх, справа гэта далікатная, патрабуе развагі. Адным яна можа пайсці на карысць, другім — на шкоду.

Напэўна, было ў іх жыцці і нешта яшчэ, што лёгка ім даравалася. А фінал — кепскі. Нішто не нараджаецца на пустым месцы, асабліва злачынства.

Не, я дачасна не хаваю Сямёна. Я хацеў бы, каб і заходнегерманскія маркі, і магнітафон не мелі да яго дачынення. У нашай працы здараецца, што, здавалася б, неабвержныя факты аказваюцца мыльным пухіром. Дык хай бы яно так было і ў дадзеным выпадку. Хай бы чалавек яшчэ не пераступіў бы мяжы, якая паставіць яго па-за законам. Бо адтуль вяртацца ў сумленнае жыццё вельмі няпроста.

Сяргей Антонавіч лічыць, што многае павінна праясніцца пасля допыту Папроцкага. А я думаю, што менавіта ў гэтым капітан не мае рацыі. Пра допыт хлопец дружбакам раскажа. Хаця б для таго, каб папярэдзіць Самсонава. Тут за паслугу — паслуга, прычым такая, якая асабіста яму не пагражае і нічога не каштуе. Але раскажа не ўсю праўду. Русланава балбатлівасць у міліцыі Лебедзеву спадабацца не можа. Незалежна ад таго, што было ў чамаданчыку, цікавасць следчага да гэтага нанесла шкоду таму аўтарытэту, які імкнецца стварыць сабе Лебедзеў у сваім рэстаранным асяроддзі. Даваць справаздачу ён не любіць, выстаўляе сябе незалежным і моцным. Руслан гэта добра ведае. Не трэба гнявіць чалавека, са стала якога перападае і яму, кандыдату ў акадэмікі. Так што пра некаторыя дэталі допыту ён павінен прамаўчаць. Ды пажывём — пабачым. Нават калі я занадта ўскладняю аблічча Сямёна і яго дружбакоў, шукаю ў іх паводзінах іншы сэнс, запас трываласці нам не пашкодзіць. Хлопцы яны ўсё-такі вёрткія.