Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 27)
— Н-нічога… Н-нармальна…
— Быццам я вінаваты, што ў Рамізніка нешта там паламалася і ён мне сасватаў знаёмага,— Руслан нібы не ўнікаў у мае рэплікі, гнуў сваё.— На аўтобусе! — ён паўтарыў Алегаву параду.— Самі без матора кроку не зробяць. Знайшлі вярблюда. Мае прадукты, Сэмаў чамаданчык…
— I я там быў,— перабіў я Руслана, спяшаючыся, як кожны п’янаваты, раней выказаць сваё, а потым ужо слухаць чужое.
— Ты-ы? — здзівіўся Руслан, хаця асабліва дзівіцца не было чаго.
— Ага… 3 Валяй. Добрая дзяўчына,— я падхапіўся, прынёс з калідора свой кейс, паказаў малюнкі і вершаваныя радкі пад імі.— Вось яна, праўда, прыгожая?
— Сіняя панчоха!
— Кожны мае права быць такім, які ёсць,— глыбакадумна заявіў я.
— Гуманіст,— скрывіўся Руслан,— нябось пра квартальны план тлуміць.
— Ты Валю не зневажай, мне яна падабаецца.
— На здароўе. Ці мне дзевак няма? — Ён расправіў плечы, быццам меўся зараз прайсціся гогалем перад строем прыгажунь, выбіраючы найпрыгажэйшую.
Мы пагаварылі яшчэ колькі часу. Руслан прыкметна ап’янеў. Ці не прыкладваўся да якой бутэлькі, калі пару разоў адлучаўся з кухні? Я пачаў збірацца дадому. Гаспадар памкнуўся быў праводзіць. Ледзь угаварыў не хадзіць, а то ён мог потым не патрапіць назад.
16
Напэўна, толькі па добра вядомай шашы, не задумваючыся, павернеш у час туды, куды трэба. У расследаванні крымінальнай справы незнаёмыя і неспадзяваныя павароты супрацоўнікаў вышуку падпільноўваюць на кожным кроку і найчасцей там, дзе іх быццам бы не павінна быць.
Першы пракол здарыўся ў версіі з Нікалаевам. Лебедзеў, бадай, у гэты горад не прыязджаў. Ва ўсякім разе, у цёткі не паяўляўся. Перачытаўшы паведамленне нікалаеўскіх калег, нібы між радкоў там можна было ўгледзець адваротны сэнс, Пугацэвіч падумаў, што Лебедзеў з гэтай паездкай сапраўды мог хітрыць. Вадзіў за нос сваю Вялеську, а заадно і клапатлівую маці. Але Сяргей Антонавіч не любіў хадзіць у падманутых, нават калі хлусня прызначалася зусім не яму.
А гадзінай пазней нястомны Шульжык прынёс яшчэ адну, ужо больш непрыемную вестку. У той час, калі інвалід Карповіч беспаспяхова атакаваў Калядкаву машыну, канкурэнт — той, на каго думаў Пугацэвіч, як было адзначана ў табелі — працаваў. Гэта пацвярджаў аўтаматычны кантралёр на прахадной. На ўсякі выпадак Шульжык перагаварыў з брыгадзірам, начальнікам цэха. Усё быццам бы было правільна. Грыгаровіч не адлучаўся. Людзі, праўда, маглі забыць, месяц мінуў. Але сведчанне дакумента стварала яму дастатковае алібі.
Пугацэвіч доўга чухаў патыліцу. Нешта ва ўсім гэтым выглядала не так, як трэба. А што менавіта — даўмецца не мог. Адзіны, хто на цяперашні момант мог яго прывесці да ісціны, быў Калядка. Што другога жніўня ён браў ля паліклінікі пасажыра, прычым невыпадковага, сумненняў не было. Між тым факт свайго знаходжання на Падлеснай ён чамусьці адмаўляе, і гэта падазрона. Не стаў бы вопытны Калядка ўпарціцца без дай прычыны. Наводзіць на роздум і яго клічка Рамізнік, бо гэты Рамізнік чагосьці апошнім часам занерваваўся. Ці не пасля сустрэчы са следчым?
Сяргей Антонавіч зноў парадаваўся кемлівасці Гарбаценкі, хаця і падумаў, што ўсё-такі наяўную магчымасць Павел выкарыстаў не поўнасцю. Што за чамаданчык перадаў Лебедзеў у двары на Падлеснай Папроцкаму, якога спачатку меўся адтуль вывозіць Калядка, а потым задуму перайгралі і Калядка атрымаў новае заданне? За гэтым хаваліся або выпадак, або камбінацыя. I Павел быў блізка ад рашэння задачы мог вывудзіць ад п’янаватага Папроцкага, нават калі той не ведаў падрабязнасцей, яшчэ што-небудзь патрэбнае. Пугацэвіч разумеў, што ён, думаючы так, вельмі многа хоча ад маладога супрацоўніка. Дык ці не ёсць гэта з яго боку спроба ўзваліць сваю працу аналітыка на чужыя і не надта дужыя яшчэ ў іх справе плечы? Фактаў жа для роздуму лейтэнант даў. Цяпер справа за ім, старшым оперупаўнаважаным.
Пугацэвіч доўга шукаў выйсця з сітуацыі, якая неспадзявана стварылася ў расследаванні. Нічога пэўнага ў галаву не прыходзіла. Аднак ён не прывык чакаць натхнення, якое маланкай асвятляе самы цёмны тупік. Ён быў працаўнік. Няма шляху прама, кіраваўся ў абход, не шкадуючы, можа, лішне патрачаных часу і сілы.
Сяргей Антонавіч паклікаў Шульжыка:
— Ты куды нацэліўся, Вячаслаў?
— Пагляджу магнітафон сястры Лебедзева. Мяне ўчора з майстрам па рамонту студыйнай апаратуры пазнаёмілі. Надзейны таварыш, дружыннік. Сказаў яму палавіну праўды: правяраем, маўляў, тэхніку. Зразумеў, з роспытамі не палез.
— Добра. Скончыш, зоймешся кушнярамі, прыватнымі.
— На калег стараемся? — Шульжык сустрэў загад не вельмі задаволена.— На сваё часу не хапае.
— Спачатку на сябе, оперупаўнаважаны, на сябе. Для доказаў неабходны ўкрадзеныя рэчы. Ну, а калі што — мы людзі не сквапныя, падзелімся здабыткамі.
— Не будуць яны з крадзеным тут вытыркацца.
— Перашытую з пясца або чарнабуркі шапку, нават прыватна, любая камісіёнка возьме, асабліва напярэдадні сезона. Наведай вядомых і невядомых нам кушняроў, адрасы ў калег вазьмі. Раптам хто шые, футра ж дзяржаўнай выпрацоўкі.
— Каўнер не надта апазнаеш…
— Не скажы, зачэпка можа быць. Так што бяры ногі ў рукі. А я прайдуся па тваіх слядах. Нешта з Грыгаровічам не так, табе не здаецца?
Апошнія словы капітана Шульжык прыняў як недавер да сваёй працы на заводзе. Аднак не заспрачаўся, з начальнікамі ён наогул не спрачаўся. I зараз толькі нахмурыўся і засоп.
Сяргей Антонавіч праводзіў поглядам засмучанага размовай оперупаўнаважанага і сумна ўсміхнуўся. Некалі і ён сам у кожнай нязгодзе са сваёй думкай бачыў падкоп. Толькі з цягам часу навучыўся давяраць чужому вопыту, прыслухоўвацца да вывадаў іншых. Не бяздумна, крытычна і разам з тым, не адмаўляючы адразу. Прыйшло разуменне, што ён — звычайны чалавек і адной сваёй галавой, як бы высока ні цаніў яе, усяго не ахопіць. Дык вось, калі ад гэтых крыху абстрактных разважанняў перайсці да канкрэтнага пытання, то ён, Пугацэвіч, на месцы Шульжыка паводзіў бы сябе, бадай, больш упэўнена — нельга так лёгка адмаўляцца ад уласных вывадаў. Інакш можна падумаць, што іх або не было, або з’явіліся яны без сур’ёзнага аналізу. I ты нешта ўпусціў, цябе самога грызлі сумненні, а падказка таварыша — удалы момант, каб перакласці свае клопаты на яго плечы.
У чым жа можа Шульжык сумнявацца зараз? Правяраючы Грыгаровіча на заводзе, ён дзейнічаў правільна. Дык, можа, гэта яму, Пугацэвічу, не хочацца расставацца з версіяй, што ўзнікла на няпэўных паказаннях Карповіча? Таму, што знайшоў інваліда сам, што версія напрасткі вядзе да фінішу? Пугацэвіч ведаў, што да сябе ён быў больш патрабавальны, чым да іншых. I зараз шчыра мог сказаць, што да Шульжыка не прыдзіраецца. Напэўна, непакоіць нелагічны збег фактаў, той самы, калі нехта памыляецца — можа, Шульжык, а можа, Пугацэвіч.
Звычайна Сяргей Антонавіч не любіў пакідаць у расследаванні, хаця б на час, белыя плямы. Як вось гэту, з Грыгаровічам. Аднак зараз ён не бачыў падыходаў да яго афіцыйнага алібі. 3 аднаго боку, яно было, з другога…
Пугацэвіч пазваніў спачатку следчаму, які займаўся сталовай на Падлеснай, а потым Акуліку.
— Прывітанне, Вадзім. Хачу сустрэцца з Папроцкім, не складзеш кампаніі?
— Думаеш, на маёй шыі толькі ты?
— I ў мяне хапае, таварыш следчы. Аднак калі ты заняты, дазволь правесці допыт. Папроцкі ўяўляецца слабейшым звяном у кампаніі Лебедзева, паспрабую прарваць ланцуг.
— Скажы — староннім звяном,— падправіў Акулік.
— Тады пабочным ужо, але ўсё роўна слабейшым,— не пагадзіўся капітан.— Зачэпка ёсць, не хвалюйся.
— Угаварыў,— Акулік падумаў.— Трымайся сталовай.
Парада следчага быць асцярожным нечакана ўзняла ў Пугацэвіча настрой. Вядома, Акулік кіруецца самымі добрымі намерамі. Але пакуль факты ён, Пугацэвіч, ведае лепш і больш дэталёва арыентуецца ў справе. I неўзабаве гэта дакажа.
Сяргей Антонавіч быў упэўнены, што з Русланам трэба гутарыць у сваім кабінеце. Гэтаму няўстойліваму і бязвольнаму, паводле характарыстык і Гарбаценкі, і супрацоўнікаў НДІ, хлопцу не лішне даць адчуць, што з ім не жартуюць.
Папроцкі з’явіўся неўзабаве пасля званка Пугацэвіча ў інстытут. Было прыкметна, што яму не па сабе. Ён паслухмяна сеў на прапанаванае крэсла, на самы крайчык, нібы рыхтуючыся па першаму сігналу ўскочыць, і запытальна паглядзеў на капітана.
— Вы не здагадваецеся, чаго вас выклікалі? — спакойна спытаў старшы оперупаўнаважаны.
Руслан, не адводзячы вачэй ад Пугацэвічавага твару, адмоўна пакруціў галавой.
Сяргей Антонавіч не любіў дагодлівых сведак. Не вінаваты — трымайся як чалавек, з годнасцю. Маеш грэх за душой — умей адказваць. Прыніжанасць у людзях яго абурала. Ды і непатрэбна яму, сышчыку, каб кожнае яго слова лавілі з разяўленым ротам, спяшаліся пагадзіцца, нават насуперак ісціне.
— Вы праходзіце як сведка ў справе аб парушэннях правілаў гандлю ў сталовай на Падлеснай, і следчы даручыў мне дапытаць вас.
— Але я…
— Зараз зразумееце,— Сяргей Антонавіч запісаў у першыя графы пратакола афіцыйныя звесткі.— Так, Руслан Аляксеевіч. Устаноўлена, што другога жніўня вы атрымалі ў сталовай нумар сем прадукты з чорнага ходу.
— Але я… заплаціў…
— Ніхто не кажа, што бясплатна. Нас цікавіць іншае. Кладаўшчык вам знаёмы?
— Раней — не. Тады першы раз бачыў. Самсонаў з ім дамовіўся, што я прыйду. А потым пазваніў і сказаў, каб я падышоў,— не чакаючы пытанняў, Папроцкі спяшаўся выкласці ўсё, што мела дачыненне да яго паходу ў сталовую.