реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 26)

18

— Не ён, Сэм прыдумаў. Я ў НДІ служу.

— Дысертацыю робіш?

— Думаю,— ён сказаў гэта важна, так што можна было і паверыць у сапраўднасць яго навуковых намераў.

— Зайздрошчу, нешта пэўнае, не тое што ў мяне…

— Ну-у, у цябе кніжка раней будзе,— збоку наша гамана, напэўна, здавалася поўнай сэнсу, ва ўсякім разе, для нас абодвух. А мы ігралі. Я дык па абавязку. А Руслан, ды калі браць шырэй, і Сямён з Алегам, і нават Федзя — дзеля чаго? Не дзеці, каб прыдумаць сабе гульню і потым выконваць яе правілы. Бяздумнасць, духоўная беднасць, спроба за нешта схавацца?

Пакуль я думаю, Руслан звяртаецца да Лебедзева, нагадвае:

— Дык ты накажы рамізніку,— а пасля зноў паварочваецца да мяне: — Тэма ў мяне цікавая, надзённая — аўтаматыка…

Слухаю і не слухаю. Не магу дараваць сабе, што не ўлавіў рэакцыі Лебедзева на Русланаву просьбу,— прамільгнула ж новае імя. Хто такі рамізнік або Рамізнік? Ладжуся пад лопуха, не ўпершыню мне такое.

— Турнэ намячаецца? — я гляджу на Сямёна. Ён не адводзіць вачэй, і мы нібы спаборнічаем у пераглядкі.

— Ага,— падае голас Алег,— кароценькі аўтапрабег, накшталт таго, што быў у Ільфа з Пятровым.

Жарт я разумею і задаволена смяюся, паказваючы што пытанне вычарпана. I працягваю з Русланам абмяркоўваць праблемы аўтаматызацыі ў век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі.

Праз хвіліну-дзве Лебедзеў устаў.

— Давай я,— прапанаваў яму Самсонаў, якому сёння таксама не сядзіцца.

Лебедзеў падумаў і кіўнуў:

— Звані…

Дзверы, якія Самсонаў прычыніў за сабой, адышлі, і было чутна, як ён некага, можа, таго самага невядомага мне Рамізніка, заклапочана суцяшаў:

— Ты не панікуй. Сам кажаш, што з іншай нагоды.

Сямён падхапіўся, са злосцю ляпнуў дзвярыма. Са шчылін паміж вушакамі і сцяной пасыпалася шпаклёўка.

— Шалёны ты, Сэм,— Руслан ці не пашкадаваў дзверы.— Чаго ты?

— Надта вы любіце, каб вас упрошвалі,— Сямён бліснуў вачамі, пацягнуўся па келіх, выплюхнуў у яго ліманад з фужэра, а туды да краёў наліў каньяку. Напэўна, здарылася нешта непажаданае. Раней пры мне Лебедзеў і за цэлы вечар такую дозу не жлукціў.

Вярнуўся Алег. Накінуўся на Руслана:

— Распанеў. Блатмайстар.

— Ты што? — здзівіўся той.

— На аўтобусе не мог мяса прывезці?

— Я ў твае справы не лезу,— агрызнуўся Руслан.

— Ціха вы, прыстойнікі! — прыкрыкнуў Сямён, слізгануў затуманеным позіркам па чарадзе апарожненых бутэлек на стале.— Вып’ем! — I калі Алег заеў сваю чарку сырам, падаў гітару: — Тромкай!

— Што-небудзь цыганскае, калі ведаеш,— папрасіў я.

Самсонаў ускінуў кучаравую галаву. Відаць, ён ганарыўся сваім умельствам спевака-гітарыста. Ён адразу забыўся на Руслана, які, здаецца, некуды з’ездзіў не на тым транспарце.

Песні мне падабаліся. Ды і астатнім таксама. Руслан слухаў, заплюшчыўшы вочы. Сямён пацішэў, хаця, выпіўшы, звычайна рабіўся экспансіўным. Нават Грыгаровіч затрымаў сваю шклянку на паўдарозе да рота і бяздумна круціў яе ў руках.

На жаль, канцэрт быў нядоўгі. Недзе пасля трэцяй песні Сямён пляснуў далонню па стале і выгукнуў:

— Пасядзелі, і годзе! Ты з намі, паэт?

У мяне былі пытанні да гаспадара, і я паказаў на кніжныя паліцы:

— Пакорпаюся ў прыватным фондзе.

— Ну-ну,— Лебедзеў выглядаў ужо ранейшым гаспадаром-бацькам кампаніі. Лагодна дазволіў: — Павышай эрудыцыю, класікам станеш — успомні.

У калідор хлопцы выходзілі на нягнуткіх нагах — выпітае нідзе не дзелася. Ля дзвярэй Лебедзеў п’янавата нешта доўга наказваў Руслану, і той згодна ківаў галавой.

Я ўключыў тэлевізар і падышоў да стэлажа з кнігамі, дзе стаяла руская класіка.

Кажуць, прафесіянальныя крыміналісты не вельмі паважаюць сваю працу ў белетрызаваным ці экранізаваным выглядзе. Нібыта ў жыцці не бывае так, як у кнігах ці ў кіно. Але ж, напэўна, гэта натуральна. Мастацкі твор заўсёды выбірае з жыцця самае адметнае, важнае, цікавае. Таму і чытач або глядач сустракаюцца не толькі з разумным следчым, але і такім, які дзейнічае ў спрыяльных умовах. Некалі, вядома, так будзе і ў жыцці. Аднак не адна ружовая будучыня прываблівае мяне ў мастацкіх дэтэктывах. Створаныя часта людзьмі дасведчанымі, яны могуць, здараецца, нешта падказаць і нам, прафесіяналам.

Пакуль я разважаю сам з сабой пра сэнс дэтэктыва, кінескоп награваецца, і на экране з’яўляецца следчы. Дапытвае затрыманага грамадзяніна. Гэтак спагадліва, ледзь не па-сяброўску даводзіць таму, што поўны чамаданчык грошай, які ў таго адабралі, маўляў, не яго і ён, значыць, невінаваты. Грамадзянін настойвае, што наогул пра чамаданчык нічога не ведае, што ён выпадкова аказаўся ў яго. Мана? Так. Гэта разумеюць і глядач, і следчы. Тым не менш следчы адпускае затрыманага, спадзеючыся, што ў таго станоўчае пераможа адмоўнае і ён раскажа пра ўсё. Крыміналіст я малады, спрачацца не буду, бо, можа, следчы дзейнічае і правільна, зыходзячы са свайго багатага вопыту. Але сцэна ўсё роўна выклікае ў мяне сумненні. Што б там ні было, а прыстойны грамадзянін, стаўшы кур’ерам злачынцаў, з’яўляецца іх памагатым, саўдзельнікам. Гэта, між іншым, мае адпаведнае вызначэнне ў крымінальным кодэксе. Дык чаму б так і не сказаць замест віхляння?

Быў я нядаўна ў судзе. Разглядалася кватэрная кража. Злодзеі, вядома, атрымалі сваё. А вось чалавек, які два тыдні трымаў у сябе ўкрадзеныя рэчы, прычым ведаючы, што яны не купленыя, прайшоў па справе як сведка. I не дурань які, а з дыпломам…

— Кавы, чаю? — Руслан ужо выправіў сяброў і цяпер ссоўвае на стале посуд у адно месца.

Кава мне абрыдла ў кафэ, і я пагаджаюся на чай. А каб гаспадару не было аднаму сумна на кухні, іду следам.

Чай пілі ў той жа кухні. Яна чысцейшая за залу. Руслан выключыў тэлевізар, пусціў магнітафон. Музыка гучала ледзь чутна, не перашкаджаючы разважлівай гаворцы.

Руслан сказаў, што не любіць дэтэктываў, бо яны для тых, хто з асалодай корпаецца ў адмоўным. Нічога не скажаш, выказванне прынцыповае. Але краем вока схопленая сцэна на экране не дае яму спакою, нечым трывожыць.

— Усеагульная сярэдняя адукацыя павысіла інтэлектуальны ўзровень злачынца,— адказваючы нейкім сваім думкам, кажа ён,— і ты можаш рукацца ў звычайных абставінах з ім, не падазраючы пра яго цень.— Сказаў і заўсміхаўся: — Добрае параўнанне, га?

— Так, Гамер, параўнанне амаль паэтычнае. Аднак — не Спіноза. Злодзей з дыпломам або атэстатам — усё роўна злодзей. Разважаць пра яго інтэлект — значыць апраўдваць злачынства.— Можна і, бадай, трэба было дадаць нешта больш рэзкае, хаця б пра еднасць душ тых, хто крадзе, і тых, хто шукае ім апраўданне. Але расстаўляць кропкі над «і» не ўваходзіла ў мае намеры. Мяняю тэму і праяўляю некаторае нахабства: — Пакажы свой катух.

Просьба не здзівіла Руслана. Асобны пакой у кватэры бацькоў мае не кожны малады чалавек, дык чаму не пахваліцца? Я аказаўся ўдзячным экскурсантам. Тым болей што сапраўды крыху пазайздросціў гэтаму пестуну лёсу. Нічога не зрабіў у жыцці, нічога не хоча зрабіць, а жыве панам. У такіх умовах горы трэба варочаць! Утрыманец… Спачатку я прайшоў да пісьмовага стала вялікага і зверху пустога, хоць бы стаканчык для ручак сюды паставілі і якую паперку паклалі. Нават чыстую. Усеўся ў крэсла з падлакотнікамі, надзьмуўся.

— Э-э, тут геніяльныя думкі самі ў галаву стукаюць. Не здзіўлюся, калі неўзабаве пачую, што мой колішні знаёмы Руслан… Э-э… А як тваё прозвішча? А-а, так і занатуем: Руслан Папроцкі паспяхова абараніў доктарскую…

Гаспадар быў сумеўся, але адразу зарагатаў, замахаў рукамі.

— Скажаш, мне б кандыдацкую…

— Кожны каваль свайго шчасця,— па-філасофску зазначыў я і апынуўся ля адзежнай шафы.— Блатмайстар… Цікава, што носяць тыя, хто можа ўсё дастаць? — Я адчыніў дзверы. Гардэроб будучага несвяцілы навукі не выдаваў унушальным. Цёмны, відаць, парадны касцюм. Паліто, вельветавыя штаны, плашч з патрончыкамі. Расчаравана сказаў: — I чаго гэта Алег цябе блатмайстрам рэкамендуе?

— Перапіў ты,— мае выбрыкі хлопцу перасталі падабацца, і ён пастараўся знайсці ім прымальнае тлумачэнне.

— Думаў, тут поўна фірмы,— не звярнуў я ўвагі на яго закід.— А яна, фірма, у цябе, значыць, толькі на мяккім месцы? — Вельмі хацелася, каб Руслан кінуўся ў амбіцыю.

— У цябе і такога няма.— агрызнуўся ён.

— А-а, успомніў,— п’янавата скаліўся я,— ты не шмотачнік. Алег нешта казаў пра мяса… Прабач.

— I ты з мясам,— відаць, гэты прадукт, а дакладней, спосаб яго транспарціроўкі, выклікаў цяпер у хлопца алергію.

— Прабач, я не хацеў пакрыўдзіць, думаў — проста жарт. Але ты нервуешся…

— Глупства, раздзьмулі.— Ён паглядзеў на мяне, нібы вагаўся — расказваць ці не. Мая асалавелая фізіяномія не выдавала хітрай, і ён паскардзіўся: — Самі прапанавалі, а цяпер…

Я зноў не выказаў асаблівай зацікаўленасці, я дэманстраваў большы клопат — адольваў пацяжэлыя павекі. Аднак я быў выхаваным чалавекам і стараўся слухаць, хаця які п’яны прызнаецца, што ён пад градусам? От і слухаю быццам, а сэнс не ўлоўліваю. Руслану, напэўна, зараз якраз і патрабаваўся такі слухач, яму вельмі хацелася паспавядацца, выгаварыцца.

— Алег пазваніў, што ў сталовай можна сяго-таго разжыцца. У яго сувязі! А ў нас збіраліся госці. А цяпер…

— Разумею,— пацвердзіў я, нічога не разумеючы. Але кручок на ўсякі выпадак закінуў: — Ты папрасіў Рамізніка, каб падвёз.— Урэшце, я быў з іх кампаніі і мог ведаць гэтага мотафурмана.

— А што тут такога, га?