Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 25)
— Прывітанне,— хлопец плюхнуўся на свабоднае ля майго стала крэсла.— Я так і думаў, што вы тут.
— Спяшаўся? — Павагі ў Лебедзева да яго не было. Ды, зрэшты, ён, відаць, наогул гэтак да ўсіх ставіўся.
Руслан не звярнуў увагі на тон, напэўна, прывык. Пабліскваючы вачамі, паведаміў:
— Пункт першы — продкі робяць ваяж у сталіцу, кватэра ў маім распараджэнні. Пункт другі — ты мне вінен, Сэм, так што маеш магчымасць разлічыцца. Пункт трэці вынікае з першых двух. Гуляем!
Ён вельмі хацеў выглядаць неардынарным, вось і мудрагельнічаў. Мне аж шкада яго стала. Чаго пнецца, ведаюць жа як аблупленага.
У Сямёна на пераноссі сышліся бровы. Усё дзіўлюся, якія яны ў яго рухомыя — часам нават словы замяняюць, На гэты раз ссунутыя бровы азначаюць роздум, ваганні. Задумваюся і я. Ёсць у маіх назіраннях хібы. Вечарам Лебедзеў быццам бы на маіх вачах. А ўдзень з кім ён водзіць кампанію, што робіць? Маці кажа, што на пляжы прападае. На негра ён, аднак, не цягне. Упэўнены, качацца на пяску — не па ім. Сямён поўны практыцызму і марна траціць час наўрад ці будзе. Мабыць, мае яшчэ адну кампанію, не такую блізкую, але ўсё роўна вартую маёй увагі. Бо не з працаўнікоў яна. Папрашу Сяргея Антонавіча пацікавіцца з дапамогай участковых пра тутэйшых тунеядцаў. Раптам хто з іх блізкі майму Сэму.
Нездарма кажуць, што прынятае рашэнне — ужо напалавіну выкананае рашэнне. Прыдумаўшы клопат капітану, я адразу супакойваюся і засяроджваюся на ідэі Руслана. Прапанова адправіцца да яго мне падабаецца. I я гляджу на Сямёна.
— Завалімся,— нарэшце дае ён згоду.— Нат, радасць мая, армянскага і шампанскага з сабой. Ну і цукерак, лімончыкаў.
— У магазіне купіш,— я праяўляю ашчаднасць. Усё-такі і мне ўступаць у долю давядзецца.
— Я бяру! — Сямён шырока абводзіць рукой над сталом, нібы там ужо красуюцца заказаныя бутэлькі, і ў яго голасе гучыць непрыхаваная перавага перада мной, прасцячком, які прапануе эканоміць на такой дробязі.
Паціскаю плячамі і лезу ў кішэню.
— Не трапячыся,— спыняе ён мой жэст.— Руслану я вінен, не ты.
Падпарадкоўваюся. Зрэшты, у іх свае разлікі, і на ражон мне перціся не варта. А я… Хоць і прынцыповы, але лапушок.
— Дзяўчат прыхопім? — Руслан гуляе з размахам.
— Мужчынскім брацтвам цяплей,— кажа Сямён, але кропкі не ставіць.— Калі табе вельмі хочацца, пазвані Вялесьцы, хай пакліча Вальку Давідзюк і яшчэ каго,— і падміргвае мне.
Руслан крывіцца, як ад кіслага, і бурчыць, што лепш перад люстэркам сам з сабой піць будзе, чым з гэтай манашкай.
Тым часам Фея прыносіць заказанае пітво і сваю сумку.
— Не ў руках несці ж,— тлумачыць, чырванеючы.
Лебедзеў глядзіць на дзяўчыну і раптам ускліквае:
— Во каго нам не хапае! Паедзеш, Нат, з намі? Стол сервіруеш, і наогул…
Фея робіцца зусім бурачковай і кідае позірк на мяне, быццам на маім твары напісана: ехаць ёй або не ехаць. Бачу, і хочацца дзеўцы ў вір, і боязна, таму, можа, і чакае маёй рэакцыі. А я што, лакмус? Раблю выгляд, што не зразумеў яе нямога запытання. Дзяўчына ўздыхае і аглядвае залу, у якой ужо занятыя ўсе столікі.
— Можа, пазней, Сэм?
— Я цябе не на ноч запрашаю,— грубіць Сямён.
— Разлічвайся, няма калі з вамі лясы тачыць! — Упершыню на маіх вачах Наташа паказвае характар. На жаль, пасля пстрычкі.
Лебедзеў кідае на стол грошы.
— Рэшту не трэба!
Наташа моўчкі адлічвае рублі і капейкі і кладзе перад Сямёнам. Малайчына. Хаця і пасля пстрычкі.
Жыве Руслан у старым раёне горада. У цэнтры. Масіўны, унушальны дом, прасторная з высокай столлю кватэра. Яе неўзабаве пасля вайны атрымаў Русланаў дзед, прафесар педінстытута. Дзеда ўжо няма, і гэта, мне здаецца, адбіваецца на ўнутраным выглядзе кватэры. Не адчуваецца не то колішняга дастатку, не то элегантнасці. Мэбля паношаная, як даўно не чышчаная. I сцены, падлога патрабуюць абнаўлення. Шэрагі кніг на паліцах парадзелі, дываны павытаптаны. Выкінуць бы іх. А гаспадары, відаць, чапляюцца за былое. Але дух абыякавасці ўсё роўна пануе ў кожным пакоі. Так бывае часам у сем’ях, дзе змоладу дзеці паспадзяваліся на вечных славутых бацькоў. А яна, уласная будучыня, таксама ёсць, настае, зусім не такая, як некалі ўяўлялася. I тады ўзнікае разлад: спажывецкія запатрабаванні ранейшыя, а магчымасці задавальняць іх не тыя, што былі. Магчымасці неяк непрыкметна зніклі — не стала шырокай бацькавай спіны і яго прафесарскай зарллаты.
Я не Шэрлак Холмс. Такі амаль катэгарычны вывад раблю не толькі са свайго знаёмства з кватэрай. Сёе-тое пра сям’ю Руслана мне ўжо было вядома. Продкі яго, як кажа сын, неблагія людзі, аднак негрунтоўныя. На працы адбываюць дзень да вечара, хаця і маці, цэхавы эканаміст на швейнай фабрыцы, і бацька, інжынер у канструктарскім бюро машынабудаўнічага завода, маглі б, думаю, і праявіць сябе, і нечага большага дамагчыся ў жыцці, на якое цяпер яны скардзяцца, што не ўдалося…
I без Наташы стол выглядае не горш за рэстаранны. Адкаркаваны бутэлькі, лімон парэзаны долькамі і пасыпаны цукрам, на талерачках сыр, у вазачках цукеркі. Відэльцы ад талерачак злева, нажы — справа. Цікава, хто гэта з іх такі мастак? Шкада, што не бачыў, кнігамі спакусіўся ў кабінеце.
Усё такім чынам гатова, можна пачынаць. Аднак без галоўных віноўнікаў імправізаванага сабантуя баляванне не пачынаецца. А яны адасобіліся ў спальні, нешта яшчэ вырашаюць. Чаму б мне іх не паклікаць? Павольна іду да прычыненых дзвярэй. Зблізу галасы чутны больш выразна. У той момант, калі я цягну прыгожую медную ручку на сябе, са спальні даносіцца:
— Бацька пытаўся чыё...— Гэта Руслан.
— Сысунок ты, Акадэмік,— Сямёну чамусьці весела,— сказаў бы…— і абарочваецца.
Дзверы зарыпелі. Ну і гаспадары, каб на іх, тавоту не могуць расстарацца.
— Табе што? — Сямён незадаволены маім уварваннем, нешта яны не дагаварылі, відаць.
— Пітво вычхаецца.
Люблю старыя кватэры. Калідор — як праспект. Вось і зараз маю магчымасць узяць Руслана за локаць і запэўніць, што ў іх мне падабаецца. За стол саджуся з ім побач. Сямён суседства з гаспадаром не дамагаецца і аказваецца збоку, злева ад мяне. Ён прыдзірліва аглядае стол, пасоўвае нож бліжэй да сваёй талерачкі, папраўляе мой відэлец і тады дае каманду пачынаць.
Размова не клеіцца. Грыгаровіч спяшаецца наліць новыя чаркі.
— Федзька,— павучае Лебедзеў,— не рабі з гарэлкі культу.
— То ж каньяк,— раптам праяўляе знаходлівасць немаваты Грыгаровіч і куляе ў рот поўную чарку. Я заўважаю, што, калі гаворка ідзе пра спіртное, Федзя бывае надзіва спрытны.
— Мастак! — цэдзіць скрозь зубы Сямён.
— Кінь, Сэм,— я заступаюся за Грыгаровіча. Ніяк не магу дапяць, чаму Сямён заўсёды стрымлівае алкагольныя парыванні свайго малодшага сябра. Быццам не дзеля чаркі ў рэстаранах ашываюцца.
— А сам не бярэш,— гаспадар паказвае на мой некрануты келіх.
— Вечар доўгі,— я махаю рукой, потым дадаю: — Не ў віне шчасце.
— Вучыся, Федзька,— хапаецца за мае словы Лебедзеў: — Каньяк — не гарэлка, інтэлігентны чалавек яго па кроплі прымае,— і сам робіць маленькі глыток.
— А мне ваша інтэлігентнасць да фенькі,— агрызнуўся Грыгаровіч.— Мне б, Акадэмік, шклянку якую большую каб зараз.
Алег, які сёння па маўклівасці нібы замяняў Грыгаровіча, зняў са сцяны павешаную на якімсьці не то ражку, не то кручку гітару і ўдарыў пяцярнёй па струнах. Узяў некалькі акордаў, як настройваючыся, а тады заспяваў. I прызнацца, здзівіў мяне. Голас у яго быў слабаваты, але чысты, прыемны, пастаўлены — не горшы, чым у некаторых спевакоў з мікрафонам.
— Талент,— падміргнуў Лебедзеў, заўважыўшы маё здзіўленне.
Алег абарваў песню, змяшаў у бакале каньяк з шампанскім, запытальна зірнуў на нас.
— Адчуваецца школа,— шчыра пахваліў я.— Ты не вучыўся часам?
— Вадзіла маці за ручку, пакуль не падрос ды розуму не набраўся,— паіранізаваў ён з сябе.
— Дарэмна кінуў,— мне па-сапраўднаму было шкада занядбаных здольнасцей Самсонава.
— Апладысменты зрываць, паэт, твая доля,— раптам загарачыўся Сямён.— Ці яны варты мэты?
— А што? — наіўна спытаў я.
Лебедзеў адказаў не адразу, я ўпэўнены, хацеў паказаць, што адносіцца да гэтага сур’ёзна. Я нават здагадваўся, пра што скажа. I не надта памыліўся.
— Гэта ты адчуеш, паэт, калі за свае вершы тугрыкі пачнеш лапатай грэбці.
— Ці будзе гэта…
— Так,— засмяяўся Алег,— да народнага табе, як Руслану да акадэміка,— і, хапіўшы па струнах, выгукнуў: — «Грошы вашы будуць нашы…»
— Ну,— засмяяўся і я,— у маёй кішэні ты хіба дзірку вывудзіш.
— «На нашу долю хопіць прасцякоў…»— Ён павярнуўся да Лебедзева: — Праўда, Сэм?
у Лебедзева на скулах захадзілі жаўлакі.
Руслан паспяшаўся разрадзіць становішча:
— Дык за што возьмем? — I сам прапанаваў: — Каб усё добра было.
Дзіўна, але цяпер гамана пайшла весялей — то агульная, то па-суседску.
— Слухай,— выбраў я момант выцягнуць з Руслана тое-сёе,— чаму Федзька называе цябе Акадэмікам?