Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 22)
Закід крыху дзейнічае. На кнігу, каб не згубіць старонку, кладзецца загарэлая ручка з цёмна-вішнёвым манікюрам, і на мяне светла-шэрыя вочы глядзяць ужо больш цярпліва. Ярка нафарбаваныя губкі губляюць свой прывычны злом, твар робіцца лагаднейшым, і я чую:
— Вам каго?
— Марыну Пракаповіч…— Бездапаможна паварочваюся ўправа, хаця ведаць не ведаю, дзе яе стол і як яна сама выглядае.
Святлана ўжо больш пільна аглядае мяне, і бляск цікаўнасці ў вачах гасне. Абыякава рэкамендуе:
— Імчыце на Свіцязь. Калі яшчэ не падчапіла каго там то паспееце ў самы раз.
Яду, аднак, хапае ў гэтых колеру спелай слівы губках. А сам-насам з Марынай, мабыць, ці-ці-ці ды ля-ля-ля. Сумеўшыся, кажу:
— Абяцала пасадзейнічаць, ну, маленькі блат арганізаваць.
— Вы не памыліліся? — Святлана скупа ўсміхаецца.— Мы не гандлёвая ўстанова. Хіба ваш голас увекавечыць…
— От гэта мне якраз і трэба,— весялею я.
Падбрытыя бровы жанчыны скачуць угору.
— «Грудзінг» асіп,— разводжу рукамі. Я ўжо ўпэўніўся, што ў пакоі такіх магнітафонаў няма, і таму мне захацелася пабываць у майстэрні.— Не паможаце?
Яна ўздыхае. Падзеі ў недачытанай кнізе, дакладней, на рачной паруснай яхце, напэўна, дасягнулі кульмінацыі. Старонка-другая — і адкрыецца імя забойцы. Жах. Рамантыка. А тут я са сваёй асіплай магнітафоннай прозай. Яшчэ раз уздыхнуўшы, Святлана бярэ тэлефонную трубку. Потым падрабязна тлумачыць мне, куды і як ісці.
— Што яшчэ, малады чалавек?
Я рассыпаюся словамі ўдзячнасці і бадзёра нясуся ў майстэрню. Дамаўляюся з майстрам і заадно вывучаю апараты на паліцах. Цікаўнасць сучаснага маладога чалавека да гукатэхнікі натуральная. Пакрысе высвятляю, што патрэбнага мне «грудзінга» тут няма, але нядаўна нейкі такі быў, прыносіла мая дабрадзейка Святлана Макоўчык. Машынка зусім новая, толькі стужку заядала. Для кваліфікаванага спецыяліста гэта паправіць што раз плюнуць. Ахвотна згаджаюся з майстрам і адчуваю яшчэ большае жаданне пазнаёміцца з яго ўмельствам. Бо мой маг збіраўся не па ліцэнзіі, а на самім англійскім заводзе. Умелец запэўнівае, што гэта значэння не мае, Святланін «грудзінг» таксама з Англіі. Дарэчы, магнітафон недзе на студыі, і наступным разам, калі я прынясу свой, ён пастараецца прадэманстраваць мне сваё майстэрства рамонтніка.
Што ж, хоць нешта ёсць. Цяпер задача здабыць імпартны магнітафон патрэбнай маркі і, галоўнае, атрымаць згоду ўладальніка на невялічкую рацыяналізацыю, не прадугледжаную канструктарамі.
Пакуль я рашаў першую з намечаных на сёння задач, гадзіннік усё цікаў і цікаў. Так што паблізу ад патрэбнай мне канторы я аказаўся перад самым канцом працоўнага дня.
Пабачыўшы мяне, Валя ніколькі не здзівілася. Быццам я заўсёды сустракаю яе пасля працы. Падышла, павіталася…
— Стаміліся? — спачуваю ёй.— Можа б, куды…
— Супраць кіно не пярэчу. Пры ўмове, што дазволіце забегчы дадому.
Люблю разумных людзей. У тон адказваю:
— Пры ўмове, што дазволіце суправаджаць.
Без слоў Валя бярэ мяне пад руку і прымервае крок да майго. Мне гэта вельмі прыемна і не хочацца успамінаць, што спаткаўся з дзяўчынай зусім не з лірычнай нагоды.
Ідзём, размаўляем, нібы даўно знаёмыя. Праўда, я больш маўчу, дзівячыся, куды падзелася мая звычайная здольнасць да пустой балбатні. Маю стрыманасць Валя тлумачыць па-свойму:
— Ніна ў камандзіроўцы.
— Ніна? А-а, Вялеська. Пра камандзіроўку ведаю, яна пры вас сказала.
— Успомніла,— засмяялася Валя. Па-мойму, яна з тых дзяўчат, якія ў навакольным бачаць толькі добрае.— Вы так ўгаворвалі Нінку напісаць запіску, быццам была б яна асабіста вам.
Мне робіцца ніякавата. Канспіратар! А з Валяй, аказваецца, вуха трэба трымаць напагатове.
— Прызнаюся, паміж намі,— давяраю Валі маленькую таямніцу.— Хацеў яе Сямёна пабачыць, а дзе жыве — не ведаў.
— Сябруеце? — у голасе дзяўчыны чуецца ці не расчараванне.
— Вы яго ведаеце? — Ува мне ўсё-такі абуджаецца оперупаўнаважаны вышуку.
— Што Нінка ў ім знайшла? — раздумліва гаворыць дзяўчына.— Хаця…— Яна вагаецца.— Нешта ў іх ёсць аднолькавае…
Здалося, што Валя не знаходзіць дакладнага вызначэння, таму спяшаюся падказаць:
— Прынцыпы?
— Скажыце, што адсутнасць прынцыпаў.
Трапна. Аднак я павінен захоўваць нейтралітэт незалежна ад таго, хочацца мне гэта ці не.
— Блізка не ведаю, можа, і так.
Валя скоса паглядзела на мяне, неяк пякуча, і прымоўкла. Мы якісьці час ідзём не размаўляючы, быццам муж з жонкай, якія ўжо ўсё-ўсё паміж сабой перагаварылі і вырашылі,і да непазбежнага цяпер разводу ў іх зусім блізка. Мне гэта чамусьці не падабаецца. Падумаўшы, знаходжу хісткі масток да аднаўлення нядаўняй прыязнасці з яе боку. Затрымліваюся перад афішай і шырокім жэстам, бы гэта ўсё маё, прапаную:
— Выбірайце, самы лепшы фільм — ваш!
Дзяўчына ўсміхаецца, твар мякчэе.
— Ой, тут усё цікавае,— яна заплюшчвае вочы і торкае пальцам у афішу, трапляючы на трэці радок зверху.
Уголас чытаю:
— «Дажывём да панядзелка». Так? То мусім спяшацца, да сеанса сорак пяць хвілін, а мы без білета.
— Музы маюць апекуноў,— смяецца Валя.— Мы прыйшлі.
Толькі цяпер азіраюся. На вочы трапляе шыльда з назвай вуліцы і дома. Не хапала, каб і пад’езд быў той самы.
I калі Валя зварочвае менавіта туды, я пачынаю раздумваць пра ролю яго вялікасці выпадку. Гэту тэму мне трэба добра асэнсаваць, таму з жалем адмаўляюся ад запрашэння падняцца на чацвёрты паверх, дзе знаходзіцца яе кватэра.
Валя нырае ў расчыненыя дзверы, а я саджуся на лавачку пад навіслым кустом бэзу. Паспакайнеўшы, прыходжу да вываду, што выпадак тут, канечне, ёсць. Ды не такі ўжо нечаканы. Перад сабой магу прызнацца, што, каб не Вялеська, я не хутка яшчэ набіўся б у праважатыя да Валі. Ад думкі, што так магло быць, на імгненне робіцца страшна. А потым мне робіцца весела-весела.
…Вярталіся позна. Ноч цёплая, ціхая, зорная. Трэба быць дзіваком ці пнём, каб у такую пагоду лезці ў перапоўнены грамадскі транспарт.
Вечар, праведзены разам, зблізіў нас з Валяй, і мы ўжо на «ты». Пра што мы толькі ні гаварылі — пачалі з фільма, а скончылі палётамі ў космас. Хаця, каб давялося аднавіць размову, напэўна, не змог бы. Я не ўдумваўся ў Валіны словы, я проста слухаў яе нізкаваты, крыху хрыпаты голас. I на сэрца клалася нешта добрае, хвалюючае. Аднак, калі стаялі ўжо ля Валінага пад’езда, я ўсё-такі ўспомніў стандартную шыльду на доме.
— Адкуль ты Сямёна ведаеш?
Дзяўчына адказала, як здалося, не надта ахвотна:
— Нінка… Пазнаёміла гэтай вясной.
— Ніна ў цябе бывае?
— Давялося…
— Што так незадаволена?
— Калі бацькі ездзілі ў адпачынак…— пачала Валя і надоўга змоўкла, нешта адмысловае выпісваючы носікам туфліка на цэментаванай пліце. Потым падняла на мяне вочы і рэзка закончыла: — Аднойчы Нінка з Сямёнам увязаліся са мной. Сядзелі ў альтанцы,— яна паказала на ажурны, абвіты духмяным гарошкам лёгкі каркас, накрыты пафарбаваным шыферам.— Позна. Сямён не хацеў падымацца. Толькі як перасталі свяціцца апошнія вокны… Карацей, паперліся да мяне. Прытулку, бачыце, ім не было. Чаму не выгнала, і зараз не разумею…
Адчуваючы сябе нягоднікам, не даю тэме затухнуць:
— Больш не прасіліся?
— Хай бы заікнуліся!
Веру, цяпер Валя не пусціла б Ніну з Сямёнам, але мне важна не гэта.
— Гулякі, колькі грошай трэба, каб штодня па рэстаранах ашывацца.
— Не бойся за іх,— злосна тлумачыць дзяўчына.— Маючы такую клапатлівую маці, Сэм можа з раніцы ў рэстаране стол абаніраваць.
— Маці грошы не друкуе.
— Затое мае доступ да імпартнага адзення. Бярэ сыночку, напрыклад, джынсы па дзяржаўным кошце, а ён іх прадае з ладнай нацэнкай.
— I яна ведае? — шчыра дзіўлюся я.
— А то. Спецыяльна купляе…