реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 21)

18

Калядку пакуль ні ў чым нельга было абвінаваціць. Нават каб ён сам падвёз таго хлопца з сумкамі, больш чым на сведку не пацягнуў бы. Таму Вадзім Аляксандравіч дакорліва паківаў галавой.

— Па абы-каго вы не паедзеце, значыць,— як мінімум, знаёмы быў.

— Вы бачылі?

— Не вас, вашага пасланца. Сказаць калі?

— Ці мала каго аб чым просіш?

— Гэты выпадак прыгадаеце,— усміхнуўся Акулік.— Не круціце, Васіль Васільевіч, ведаеце ж, што мы на пушку не бяром.

— Давялося,— Калядка хмыкнуў і ўздыхнуў, як здалося Пугацэвічу, з палёгкай.— Няўжо ўсё жыццё напамінаць будзеце?

— Не наша віна, сваю біяграфію кожны сам творыць,— развёў рукамі следчы.— Так што гаварыце, каго меліся вывезці з Падлеснай другога жніўня? — Пытанне зноў прагучала двухсэнсоўна — на Падлеснай акрамя сталовай была і абрабаваная кватэра. Перш чым адказаць, калі ён меў што ўтойваць, Калядка павінен быў паварушыць мазгамі.

Паўза сапраўды зацягнулася крыху болей, чым таго вымагала пытанне. Нарэшце Калядка адказаў, але па-свойму, спадзеючыся перахапіць ініцыятыву:

— Прасіў адзін знаёмы. А што, нельга?

— Гледзячы каго і з чым. Дык каго?

— У знаёмага не будзеш пытацца, што вязе!

— Часам варта было б. Вам гэта вядома. Але вы не назвалі прозвішча.

— Ды што тут такога…— пачаў быў Калядка, аднак пад насмешлівым позіркам следчага нехаця выціснуў: — Акадэмік…

— Быццам бы ў нашым горадзе акадэмікаў няма,— сказаў Акулік.— Лапшу вешаеце?

— Памерці мне на гэтым месцы! — Калядка ледзь не тузануў каўнер зашпіленай кашулі.— Яго ўсе клічуць Акадэмікам. Мы адзін аднаго з твару ведаем, горад невялікі, сустракаемся тады-сяды. Навошта мне прозвішча?

Акулік нецярпліва пакрывіўся.

— Ці не Руслан яго імя? — сказаў Калядка і як спахапіўся, зачасціў: — Не буду сцвярджаць, што так, сам я чысты, чысты!

— Дарослы чалавек, а паводзіце сябе, бы дзіцятка-немаўлятка,— строга папікнуў следчы.— Колькі часу патрацілі, каб хаця імя выцягнуць з вас.

— Дык вам больш нічога? — Ён аж выпрастаўся, гатовы бегчы прэч.

— Што можа быць яшчэ,— з’едліва сказаў Пугацэвіч,— вы ж чысты.

Дворнік паспяшаўся развітацца.

— Нервы падводзяць,— пазіраючы на зачыненыя дзверы, за якімі толькі што знік сведка, раздумліва зазначыў Акулік.

— Здаецца, так,— згадзіўся Сяргей Антонавіч.— Пойдзем, таварыш следчы. Раптам гаспадар пакоя прыйдзе. У мяне з’явілася патрэба паразважаць.

— Ну-ну,— задаволена прабасіў Акулік.— Цікава, што тут вышук вывудзіў.

Пасля шасці ва ўпраўленні робіцца цішэй. Менш звоняць тэлефоны, няма наведвальнікаў. Пугацэвіч любіў гэту больш-менш спакойную пару: можна падумаць, нешта няспешна прыкінуць, пагаманіць. Ён прывёў Вадзіма ў свой кабінет, пасадзіў за стол: маўляў, ты ў гэтых акалічнасцях усё-такі першая скрыпка, а сам застаўся на нагах.

Акулік паківаўся ў крэсле, не то ўладкоўваючыся, не то правяраючы трываласць казённай мэблі, а тады падміргнуў з усмешкай:

— Зусім няблага быць старшым оперупаўнаважаным вышуку. Ну, аракул, прадказвай!

Пугацэвіч спыніўся пасярод пакоя, рубануў рукой:

— Два моманты ў паводзінах Калядкі мне не падабаюцца.

Акулік з цікавасцю глядзеў на сябра. Сяргей не часта быў такі ўзбуджаны, гаваркі. I парадаваўся, бо баяўся, што ён не хутка верне сабе звычайную энергічнасць і здольнасць імгненна арыентавацца ў хітра сплеценых сітуацыях. Акулік нават паддражніў:

— Цябе б на трыбуну…

Сяргей не адказаў на ўдар, яму было не да жартаў. Ён нібы спяшаўся давесці думку і вымаўляў словы выразна, важка:

— Першы момант. Калядка не адразу назваў Руслана. Чаму? Варожасць да міліцыі, маўляў, са сваімі справамі самі разбірайцеся? Можа быць. Ды адным гэтым яго віхляння не вытлумачыш. Па маёй просьбе даішнікі агледзелі Калядкаву машыну. Самасейку ён схлусіў. У каробку перадач, як яна прыйшла з завода, ніхто не лазіў. Думаю, круціў-муціў наш дворнік таму, што не ведаў, як адказаць. А што, калі ён і сам прыязджаў у той дзень на Падлесную, па іншай нагодзе?

— Ці не надта смелы вывад, Сяргей? Але спачатку давай свой другі момант.

— Ты ўлавіў, як ён напяўся, калі нагадалі пра Падлесную? — Пугацэвіч падышоў, навіс над Акулікавым сталом.— I як ён расслабіўся, калі ты ўдакладніў пра сталовую?

— Здагадкі,— раздумліва сказаў Вадзім,— дапушчэнні…

— Гарбаценка ўпэўнены, што Калядку і Лебедзева нешта звязвае. Не гарэлка. Пытанне, ці ёсць жыццё на Марсе, яны ў рэстаранным закутку абмяркоўваць не будуць. Не тыя людзі.

— Маглі б іншае месца знайсці, каб што для іх важнае.

— Службовых кабінетаў абодва не маюць, а рэстаран для змовы зусім неблагая ўстанова — сышліся два п’яныя і высвятляюць, хто каго паважае.

— Каб то да тваіх слоў яшчэ доказы…— Акулік зірнуў на гадзіннік.— Пасядзелі… Па хатах?

— Паліклінікі цяпер да дзевяці працуюць, заеду памагу Шульжыку. Там працы — вагон.

— Ідэю Янушкевіча тыдні б на тры раней.

— Так, самі мы не даўмеліся, а часу мінула. Сябе забудзеш. Аднак я кажу не дзеля апраўдання.

13

Спадзяваўся, што Пётр Пятровіч адзаве мяне нарэшце, а ён, падсаладзіўшы пілюлю пахвалой, зноў адправіў у гэту, як я яе называю, камандзіроўку ў сваім горадзе. Ці надоўга? Хочацца верыць, што фінал пошукаў блізкі. А вось хеўра Лебедзева мяне па-сапраўднаму непакоіць. За што б калегі ні ўзяліся, на каго-небудзь з іх натыкаюцца.

Дома ў Лебедзевых я пабываў. Гэта, аказваецца, была задума Пятра Пятровіча, Пугацэвіч мне яе толькі перадаў. Цяпер я чамусьці ўпэўнены, што, выконваючы загад начальніка аддзела, я працаваў у першую чаргу на сябе. У гэтым і быў сэнс задання. Каб я болей ведаў пра магчымага злачынцу, каб, зыходзячы з гэтых большых ведаў, мог вызначыць, здольны ён на злачынства ці не. Да вывадаў мне яшчэ далёка. Пакуль толькі назіраю. I, працягваючы назіранні, праяўлю самастойнасць у дзеяннях — пагляджу на Сямёнаву сястру Святлану Макоўчык, гукааператара абласной тэлестудыі.

Прычына зайсці ў мяне слушная: прага паблісіці, ці, інакш кажучы, спроба прабіцца з парай вершаў на экран.

Да Святланы я маю двайны інтарэс. Як да чалавека — меншы, як да ўладальніцы братавага магнітафона — большы, Бадай, дакладна вядома, што магнітафона ў яе дома няма. То, можа, Сямёнава сястрыца прынесла яго на працу? Паводле адной версіі — муж не ведае пра пакупку, паводле другой — найноўшыя шлягеры запісваюцца.

Есць і трэцяя, мая версія, якая грунтуецца на матэрыялах справы аб кражы ў Канапацкіх: магнітафонную стужку заядае і студыйным умельцам дадзена магчымасць прадэманстраваць сваю высокую кваліфікацыю.

У маім раскладзе на сённяшні дзень ёсць яшчэ адзін пункт: сустрэцца з Валяй. Той самай, што працуе разам з Вялеськай. Лепшы для гэтага час — васемнаццаць гадзін. Таму я ўпершыню зраблю прагул. Шкада Наташы, бо мой столік не дасць ёй выручкі — будзе трымаць яго для мяне. Нішто, заўтра закажу што-небудзь даражэйшае, каб у Феі план не згарэў. А ўвогуле гэта прыемна, калі нехта шчыра пра цябе клапоціцца. Мне нават крыху сумна — прывык да Наташынага кафэ. Багема засмоктвае, ці што? Як балотная твань. Вось і мне пачала падабацца гульня ў паэта.

Пакуль я разважаў пра сваё заданне і да чаго яно можа мяне прывесці, апынуўся перад манументальным, з калонамі на фасадзе будынкам тэлецэнтра. 3 цэглы, патрачанай на гэтыя калоны, якія, па сутнасці, трымаюць саміх сябе, напэўна, можна было б цэлы асабнячок скласці. А можа, дзеля ўнушальнасці архітэктурнай задумы і на лішнія выдаткі пайсці можна; можа, ува мне залішні крытыцызм развіўся пад уплывам стандартызацыі гарадоў і вёсак? Ды і не мой, а архітэктараў гэта клопат. Мне зараз думаць трэба пра такое, што ніводнаму дойліду не прысніцца. Як і вахцёрцы, якая ўсё-такі спытала, куды я. Вершы, аднак, і сюды з’яўляюцца надзейным пропускам.

Кабінет Святланы Макоўчык знаходжу на другім паверсе. Калі верыць шыльдзе, разам з ёю месцяцца яшчэ тры спецыялісты па трансфармацыі шумавых эфектаў у электрамагнітныя хвалі. Я ўжо ведаю, што патрэбная мне дзяўчына паехала ў адпачынак. Пастукаўшы, адчыняю дзверы. Нахабства, кажуць, гарады ў палон бярэ. Заходжу, аглядаю пустыя, прыпыленыя сталы, глыбакадумна заяўляю:

— Нават у храме гукаў прыбіральшчыца захоўвае вернасць сваёй прафесіі,— і для пераканаўчасці праводжу пальцам наўскасяк паліраванай паверхні бліжэйшага стала.

Бліскучы карычневы след робіць уражанне. Шкада, што гледачоў мала. Толькі адна маладая жанчына. Затое якая! Я адразу пазнаў яе — і фота бачыў, і маці. Я назваў бы Святлану прыгожай, каб не грымаса незадаволенасці, якую яна, бадай, і ў сне не здымае з твару. Што чалавеку не хапае? Цёпла, светла, і мухі яшчэ не восеньскія, не куслівыя. Сядзіць, чытае тоўсты зборнік англійскіх дэтэктываў у сіняй вокладцы макулатурнай серыі. Служба, як у таго салдата, ідзе сабе. Ад маці ведаю, што дачка працай і пасадай незадаволена, што зарабляе яна пры поўным рабочым дні сто дваццаць рэ ў месяц без прагрэсіўкі і трынаццатай зарплаты, а таксама без доступу да дэфіцыту. Відаць, і гэта жывіць Святланіну незадаволенасць, з якой яна глядзіць на мяне. Мне вельмі хочацца параіць Лебедзевай-малодшай перайсці ў прыбіральшчыцы аж на дзве стаўкі: і тут, у тэлецэнтры, дзе анучу можна браць у рукі раз на тыдзень; і па-суседству, у аблювеліргандлі, дзе, здаецца, і прагрэсіўка ёсць, і яшчэ сякі-такі навар пры пэўным спрыце прыкладзецца. Аднак замест дзелавой прапановы я на імгненне бянтэжуся. Як не паказаць жанчыне, што яна захапляе! Каштуе гэта ўсяго нічога, а выгода… Пра выгоду — пажывём — пабачым, як любіць падкрэсліваць падпалкоўнік Янушкевіч, а я яму веру.