реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 20)

18

— Па просьбе Калядкі,— стаяў на сваім Акулік.

— Калядка не святым духам корміцца. На гэты раз, сам не паехаў,— усміхнуўся падпалкоўнік.— Машына сапсавалася, паленаваўся або яшчэ што.

— Зноў пустышка,— засмуціўся Пугацэвіч.

— Прывык ты, Сяргей Антонавіч, да лёгкіх перамог, разбэсцілі цябе злачынцы,— Янушкевіч умеў спалучаць жарт з сур’ёзным.— Пабочны прадукт, як называюць гэта на вытворчасці, і ў нашай з табой справе — з’ява натуральная. Кантынгент, якім мы цікавімся, звычайна сумленнасцю не вызначаецца. Не адно, дык другое пацягнецца.

— Разумею, Пётр Пятровіч…

— Ведаю, што разумееш, не трэба мяне запэўніваць. Лепш давайце памазгуем разам, ці нельга з гэтай акалічнасці якую выгоду займець?

— А што? — ажывіўся Акулік.— Мы цяпер з Калядкам можам зусім проста пазнаёміцца. Повад — прадукты раскрадаюць. Калегі дазволяць?

— Не пярэчаць, Вадзім Аляксандравіч,— кіўнуў Янушкевіч.— Ды нам трэба асцерагацца, каб часам свой мурашнік не разварушыць. Тонка падысці.

— Зробім асцярожненька, Пётр Пятровіч. Ні аб чым не здагадаецца гэты… як яго, Павел?

— Васька ад ГУМа.

— Вось-вось. Не так сабе яму знатную клічку навесілі. Чуе маё сэрца. Сяргей Антонавіч, часам не правяраў, што было з яго машынай? — пацікавіўся следчы.

— Даўняя гісторыя…

Акулік хацеў спытаць пра падрабязнасці, Янушкевіч апярэдзіў:

— Ох, і настырны ты, Вадзім Аляксандравіч, далёка кручок закідваеш.

— Рыба таго вартая, Пётр Пятровіч.

— Як, Сяргей Антонавіч? — Янушкевіч пастражэў. Гэта азначала, што абмен думкамі скончаны, настала пара канкрэтных вывадаў і заданняў.— Пацешым чуйнае сэрца таварыша следчага?

— Ёсць адна ідэйка, нават разам з ім пайду.

— Добра. Так і зазначым. Цяпер другое. Ці не аднабакова ты вядзеш пошук, Сяргей Антонавіч? Ціха, выслухай спачатку да канца. Па кражы ў Канапацкіх прэтэнзій не маю. А вакол Падлеснай працуеце недастаткова. Адна група дзейнічала, дзве — істотнага значэння для нас пакуль не мае, раскрываць усё роўна трэба. Так? Дык вось, вы там не ўсё выкарысталі. Паліклініку, можа, сталовую. Прыкладны час крадзяжу вядомы. Устанавіце хворых, якія ў тую раніцу ішлі праз двор нашага дома. Раён абслугоўвання паліклінікай вялікі, у патрэбны нам бок цягнецца аж да ракі. Аўтобусным прыпынкам ля паліклінікі пацікаўцеся. Часу прайшло нямала. Значыць, трэба ў кожным выпадку знаходзіць нейкую дэталь, якая памагла б чалавеку ўспомніць той дзень. Можа, з гісторыі хваробы. Свае балячкі людзі помняць доўга.

— Рукі не дайшлі,— пагадзіўся Пугацэвіч.— Збіраліся ж…

— Не кайся, веру. Кажу, каб ты на вус намотваў. Мог бы ты ўсё сам, за што я зарплату атрымліваў бы. Ну і трэцяе. У Нікалаеў яшчэ адно запытанне пашліце. Пачалі правяраць, не спыняйцеся. Згодзен, Вадзім Аляксандравіч? Так. Ёсць пытанні?

— Няма,— за ўсіх адказаў Акулік. Сёння яму было лягчэй за астатніх. На ўпушчэнні ўказвалі не яму.

— Будзем закругляцца. Сышчыкаў да мэты не пасяджэнні вядуць, а ногі,— Пётр Пятровіч памаўчаў і зусім не па-начальніцку дадаў: — Шукайце рэчы, хлопцы. Без іх нашым здагадкам грош цана.

Выйшаўшы ад начальніка аддзела, на хвілінку сабраліся ў Пугацэвіча, каб удакладніць дэталі далейшай працы.

— Не вешайце насы, сябры! — Акулік падбадзёрваў хмурых калег. Ён спыніўся на парозе, прыхіліўшыся да вушака, усім сваім выглядам падкрэсліваючы, што ўжо гатовы дзейнічаць.

— Не звярні нам сценку,— усміхнуўся Сяргей Антонавіч.

Акулік памацаў вушак, нібы сапраўды мог яго пасунуць сваёй немалой масай, горача сказаў:

— Я сур’ёзна. Ёсць добрая праграма дзеяння.

— От мы зараз і разбяжымся. Гарбаценка ў кафэ вершы выдумляць, Шульжык — у паліклініку на Падлеснай, возьмеш, Вячаслаў у райаддзеле сабе падмогу. А я, калі не пярэчыш, Вадзім, наведаю з табой працаўніка мятлы і лапаты. Усё, знікаем.

Калядка жыў побач з домакіраўніцтвам, у якім працаваў. Гэта было недалёка ад упраўлення, і Пугацэвіч з Акулікам пайшлі да яго пяшком. Зноў устанавілася добрая пагода, хаця нядаўняй спякоты ўжо не адчувалася. Лета паварочвала на восень: пажаўцелі, парадзелі кроны ліп, абвіслі лісці-крыжы на прыгажунах каштанах. Адно таполі не здаваліся, трымалі галовы высока, але і іх колішні бляск пагас.

Нядаўнія дажджы асвяжылі паветра, і было яно чыстае, празрыстае, не набрынялае яшчэ пылам, перамешаным з аўтамабільным чадам.

— Лета прамільгнула,— не аглядзеўся,— з сумам прамовіў Акулік.

Паміж дрэвамі ўдалечыні бліснула серабрыстая рака з палоскай жоўтага пясчанага берага. Пугацэвіч паспачуваў:

— Ты сёлета, мабыць, і на пляжы не быў.

— Памыляешся,— Вадзім Аляксандравіч ужо як не тужыў пра мінулае лета,— аж два разы. Перад службай…

— Рэкардсмен,— засмяяўся Сяргей.— А я дык і разу не выбраўся. Звечара набегаешся — раніцай уставаць не хочацца. Пакуль пакрэкчаш, пасоўваешся, і на работу пара.

— А ты ў групу здароўя запішыся,— параіў Вадзім.— 3 аднаго боку маладзіцы фасоністыя побач, з другога — сам паскачаш, рукамі памахаеш, нырнеш-вынырнеш і, глядзіш, памаладзееш.

— Табе смешкі, а тут…

— Кражы, Сяргей, і на маёй шыі вісяць. Справу да выканання я прыняў, не забывай.

— Прыняў ты — гэта праўда,— уздыхнуў Пугацэвіч.— Аднак пакуль шышкі мне дастаюцца… А-а, што ныць, працаваць трэба.

— Залатыя словы і ў час сказаны, старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. Вунь якраз домакіраўніцтва,— Акулік паказаў на двухпавярховы асабнячок, на дзвярах якога красавалася адпаведная шыльда.— Так што пачынай працу.

— Можа, лепш у хату зойдзем да Калядкі, паглядзім канкрэтна на мясцовасці?

— У яго асабістым пакоі хіба голыя сцены ды сціплая канапка, не той матэрыял для вывучэння. А жончыны апартаменты нас не тычацца. Заглянеш — год апраўдвацца прыйдзецца. Яна кабета пісьменная, языкатая. У мінулай Калядкавай справе сведкай выступала. Цыцэрон у спадніцы. I бацька клапатлівы, і чалавек спакойны, і ўсё такімі мудрагелістымі слоўцамі. Ты пачытай справу, адразу моўны запас папоўніш. Ну і Калядку, насуперак ёй, зразумееш. Думаю, сустрэчу з гэтым працаўніком камунальнага фронту абставім напаўафіцыйна, у роднай яму канторы.

Акулік быў сёння надта шматслоўны. Пугацэвіч здагадваўся, што сябра такім чынам хоча маральна падтрымаць яго. I быў удзячны за гэта. А дзе гутарыць з Калядкам, гэта сапраўды вялікага значэння не мела. Сустрэча з міліцыяй для яго была не навіной.

Жыў Васіль Васільевіч Калядка ў суседнім доме. Па просьбе Акуліка па яго пайшла сакратарка кіраўніка ЖЭКа. Вадзім Аляксандравіч і Пугацэвіч занялі пусты кабінет галоўнага інжынера. Як весці размову з дворнікам, дамовіліся па дарозе. I зараз Акулік яшчэ раз праглядаў свой блакнот, а Пугацэвіч моўчкі хадзіў з кута ў кут. Даўно не фарбаваныя дошкі цягуча рыпелі пад нагамі, і Сяргей Антонавіч спыніўся ля акна. Пакой быў на другім паверсе, і ў адчыненае акно заглядвалі зялёныя галіны арабіны з паружавелымі ўжо буйнымі гронкамі гаркаватых ягад. Каб не дрэва, у даўно не рамантаваным пакоі было б зусім тужліва. Аблезлая мэбля, выцвілыя шпалеры, рыпучая падлога ніяк не настройвалі на вясёлы лад. Нездарма кажуць, што шавец не мае ботаў. Пугацэвіч падумаў, што шавец шаўцом, а ўстановы, якія штодня наведваюць людзі, павінны выглядаць неяк па-святочнаму, гасцінна, бо менавіта гэта выклікала б давер. Ды ў кожнага свае нягоды і клопаты. I раптам адчуў, што ў галаве з’явілася яснасць, што сам ён паспакайнеў, быццам і не было тых непрыемных хвілін у падпалкоўніка Янушкевіча.

— От так, Вадзім! — задаволена выгукнуў Пугацэвіч.

Акулік няўцямна адарваўся ад сваіх нататкаў. Потым усміхнуўся. Хацеў яшчэ нешта сказаць і не паспеў. Дзверы адчыніліся, і ў іх паказаўся невысокі з чырвоным не то ад сонца, не то ад ветру тварам чалавек. Пад незашпіленым светлым пінжаком угадвалася моцнае мускулістае цела.

— Васіль Васільевіч? — Акулік паказаў на крэсла побач са сталом інжынера.— Прашу.

Калядка сеў, стрэльнуў вачамі ў Пугацэвіча, які выдаваў тут староннім, і запытальна паглядзеў на Акуліка.

Вадзім Аляксандравіч назваў сябе, адрэкамендаваў Пугацэвіча.

— Чым магу?..

Пачуўшы пытанне, Акулік скоса зірнуў на дворніка. Падумаў, што так спытаць можа чалавек адукаваны, нейкіх больш інтэлектуальных заняткаў, чалавек, што прывык да адпаведнай кампаніі. Вядома, магло ўплываць і жончына асяроддзе. Аднак, як бы там ні было, прасцячком Калядка не выглядаў — у светлых вачах хавалася халодная насцярожанасць. Гэта ўвогуле дзівіла. На будоўлі і цяпер на працы яго характарызавалі станоўча. А чалавеку нават з грэшным мінулым, калі ў яго цяперашняе жыццё сумленнае, баяцца няма чаго.

— Васіль Васільевіч,— стол перад следчым быў пусты, схаваў ён і блакнот, падкрэсліваючы перад дасведчаным У допытах Калядкам, што размова будзе не зусім афіцыйная.— Мы расследуем адну справу, у сувязі з якой да вас узнікла некалькі пытанняў.

— Разумею, не на чай прывялі.

Акулік і вокам не міргнуў у адказ на прыхаваную Калядкам злосць, спагадліва пацвердзіў:

— Пра чай — ваша праўда. Хаця мушу ўнесці яснасць: не прывялі, а запрасілі. Розніца ёсць.

Дворнік паціснуў плячыма. Ад шчырасці ён ухіляўся.

— Васіль Васільевіч, з кім вы дружбу водзіце на Падлеснай?

— Дзе гэта? — Ён крыху падумаў.— Нікога ў мяне там няма.

— Ну, калі не вы, то, відаць, нехта з вашых прыяцеляў у той сталовай свайго чалавека мае…— Акулік не пытаўся, а сцвярджаў.

— А я пры чым?