реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 16)

18

Яны прамаўчалі. Лебедзеў запальваў цыгарэту, Самсонаў грэў у далонях віно, і толькі Грыгаровіч недаверліва паглядаў на мяне.

— Дык ці не надта вялікая для сябе раскоша? — гнуў я сваё.

— Раней выпусцяць,— хіхікнуў Грыгаровіч.

— Законнік! — працадзіў Лебедзеў, яму гэта яўна не спадабалася.

— Бывае, і выпускаюць,— падтрымаў я Федзю і спытаў у яго: — Ты зарабляеш сто пяцьдзесят? От і падлічы, табе ж больш выходзіць, чым таму злодзею. А то ў будатрад паехаў бы…

— Яго званок з раніцы будзіць, галава трашчыць. Якія тут заробкі,— Сямён умеў-такі зняць напружанне.

— Што вы мяне агітуеце? — Грыгаровіч дыпламатам не быў і зварот да сябе прыняў літаральна.

— Каб наперад абачлівым быў,— Лебедзеў чамусьці развесяліўся.— Табе, Пабло,— ага, і ў мяне мянушка з’явілася,— не універсітэт, духоўную семінарыю скончыць бы. Слухаючы цябе, парафіяне плакалі б. Федзьку да слёз крануў, хаця наш рабацяга ў чужых фортках хіба дзевак выглядае. А ўвогуле твая арыфметыка — глупства. Як антырэлігійная прапаганда сярод атэістаў. Твая арыфметыка для тых, хто не крадзе.

— У калоніі не працую,— пакрыўдзіўся я.

Лебедзеў не звярнуў увагі на мой тон, зацята сказаў:

— Злодзей той, хто пападаецца.

— Не ўмееш — не бярыся, так? — паддражніў я.

— У кожнай справе, нават у грэшнай, як ты кажаш,— пачаў ён сярдзіта, быццам у гарачай спрэчцы, але, не дакончыўшы, рассмяяўся: — Паэтам можна быць і выдатным і дрэнным. А як па мне, калі дрэнны — ідзі ў дворнікі,

— Намякаеш? — адступіўся і я.

— Аб прысутных гаворкі няма, я ўжо казаў,— ён падняў бакал.— За майстроў сваёй справыі

Хлопцы ахвотна падтрымалі Сямёнаў тост.

Сямён страсянуў галавой.

— Мяняем дыслакацыю! — сказаў усміхаючыся.

Падзавёў я самаўпэўненага Сэма. Цяпер, каб паглядзець, у што гэта выльецца, мушу цягнуцца следам. Не ведаю, ці здабуду што карыснае, а ў выпівохі з гэтымі валацугамі выбіцца магу.

Позна ўвечары, дабраўшыся да неяялікага пакойчыка, дзе часова кватарую, надводжу вынікі. Сёння дзейнічаў, здаецца, правілыіа, натуральна. Лебедзеў, напэўна, ужо намеціў мяне кандыдатам у світу. Я выпадкова пачуў, як ён гэтак нібы між іншым, але з націскам зазначыў нейкаму свайму знаёмаму: «Паэт, таленавіты». Адозва, нават у вуснах Лебедзева, паказытала маё самалюбства. А сан прыдворнага салаўя неяк сцярплю. Абы было яшчэ што на балансе. На жаль, маю магчымасць толькі назіраць. А галоўныя вывады пасля праверак і аналізу, здабытага мною і іншымі, як і актыўныя дзеянні, дастаюцца маім калегам. От таму я і не павінен памыляцца, не падкідаць ім у працу лішняга.

Дык вось, калі разабрацца, гэтых фактаў пакуль не густа. Па сутнасці, нават не факт, а палавіна ёсць, і то выпадак паспрыяў — у час апынуўся ля дома Шумейкаў капітан Пугацэвіч. Усё астатняе, у тым ліку, куды ездзілі Лебедзеў з Самсонавым, устанаўлівалі без мяне. Правільна, я не магу быць адначасова ўсюды. А хочацца. Бо працуючы на агульны вынік, не можаш не думаць пра ўласны ўклад.

Але вярнуся да сённяшняга вечара. Што мы маем, акрамя прызнання майго паэтычнага таленту?

Былі ў рэстаране «Сосны». Без жанчын. Сямён і Алег мала сядзелі за сталом. Толькі пад канец нагналі ўпушчанае. А паколькі Грыгаровіч не Цыцэрон, я таксама не пільнаваў свайго месца. Што люблю падрыгаць нагамі, хлопцы ведаюць. Лебедзеў быў амаль увесь час на маіх вачах. Сустракаўся ён шмат з кім, я нават усіх не запомніў. Адна размова была даволі працяглай, з вядомым мне Васькам ад ГУМа. Сур’ёзная, у закутку сам-насам. Хто б ні падыходзіў, Сямён сплаўляў прэч. Нават свайго прыяцеля, з якім мяне пазней пазнаёміў. Зрабіў гэта бы на дыпламатычным прыёме: «Павел — паэт, Руслан — навуковы супрацоўнік». Не ведаю, які ён супрацоўнік у інстытуце, але не ўпэўнены, што хапае з неба зоркі. Фанабэрысты і, галоўнае, відаць, сябра Лебедзева. Мне здалося, што паездка Лебедзева не была для яго тайнай. Прамільгнуў у словах Руслана намёк. Толькі навошта напускаць туману? Ды, можа, наогул таямнічасць, недагаворанасць — умоўны ў гэтым асяроддзі грым, які надае гультаям і абібокам значнасць хаця б ва ўласных вачах?

Такім чынам, падсумоўваючы свае здабыткі, бачу, што падкіну хлопцам на распрацоўку «настаўніка моладзі» і Руслана. Нагрузка…

10

Чым болей Пугацэвіч думаў над размовай з шафёрам Самасейкам, тым мацнелі ў ім сумненні. Урэшце давялося Шульжыку зноў наведаць трэст сталовых і рэстаранаў. Праўда, цяпер у яго ў адрозненне ад мінулага разу былі не агульныя меркаванні, а зусім канкрэтныя пытанні. Аднак атрыманыя на іх адказы не надта праяснілі сітуацыю.

У той дзень, як высветлілася, Самасейка перад абедам павінен быў везці прадукты ў рэстаран «Дняпро». На базу прыехаў раней, зайшоў да дыспетчара.

— Нешта вы сёння ранні? — пажартавала дыспетчар.

— Другая радавалася б,— у тон ёй адказаў Самасейка.— I ўвага пані начальніцы, і рэзерв на выпадковую прарэху.

Звычайныя словы, але яны чамусьці ўзлавалі жанчыну, магчыма, таму што з раніцы ёй званілі і званілі, патрабуючы транспарт, а машын, як на тое, не было. Яна і сказала Самасейку:

— Калі ты такі свядомы, то бярыся за руль. Трэба на Маякоўскага і Падлесную.

— Бяру Падлесную,— шафёр не стаў спрачацца, хаця звычайна лішняга на сябе не ўзвальваў.— Заадно да знаёмага па дарозе заскочу, пракладку абяцаў. Так ты, калі трохі затрымаюся…

3 запчасткамі ў трэсце было не густа, і дыспетчар толькі махнула рукой.

Вядома, дачаснае з’яўленне Самасейкі ў дыспетчарскай і знаёмы недзе ў раёне Падлеснай яшчэ ні пра што не сведчылі, усё бывае. Ды Пугацэвічу раптам захацелася пабачыцца з тым шчодрым уладальнікам пракладкі. Капітан адправіўся на базу.

Пугацэвіч падгадаў так, каб сустрэча з Самасейкам выглядала выпадковай. Таму, выехаўшы за вароты, вадзіцель «пікапа» ледзь не натыкнуўся на старшага оперупаўнаважанага. Прытармазіў, высунуўся з кабіны:

— Што гэта вы, Сяргей Антонавіч?..

— Напэўна, думы адолелі,— развёў рукамі Пугацэвіч.

— А ўжо ж, у каго іх няма. Садзіцеся, падкіну,— Самасейка прачыніў правыя дзверцы.— На службу?

— У нас заўсёды служба, Міхаіл Дзмітрыевіч,— усміхнуўся капітан, сеўшы побач з вадзіцелем.— Газуйце наперад, а там удакладнім маршрут.

Самасейка скоса зірнуў на Пугацэвіча і паправіў перад сабой люстэрка, нібы хацеў бачыць у ім не толькі дарогу ззаду, але і твар суседа. Машына пакаціла па пыльнай і вузкай Чыгуначнай вуліцы, забудаванай доўгімі і нізкімі складамі-баракамі.

Пугацэвіч маўчаў.

Самасейка зноў пакасіўся на яго, памацаў тумблер прыёмніка, але не ўключыў. Было прыкметна, што яму ніякавата побач з насупленым старшым оперупаўнаважаным. Ён пакруціўся на сядзенні, паўздыхаў і нарэшце знайшоў тэму:

— Усё, лету канец…

— Пара,— капітан азваўся ахвотна.

Тым часам «пікап» выехаў на Першамайскую вуліцу — шырокую, светлую, зялёную.

Самасейка прытармазіў, хіхікнуў:

— Дык куды вас? А то завязу ў рэстаран…

— Увогуле супраць такой установы нічога не маю,— Пугацэвіч павярнуўся да шафёра.— Але рэстараны некалі потым. Сёння давайце завітаем да аднаго вашага знаёмага.

— Гэта якога? — Самасейка ўскінуў галаву, а нага міжволі націснула на стартэр. Машына тузанулася і замерла зноў.

— Гэтак вы мне шышку паставіце на самым прыкметным месцы,— Пугацэвіч нават памацаў лоб.— Якога, пытаецеся? Таго самага, які пракладку мае. Вы да яго заязджалі ў той дзень, калі левака на Падлеснай бралі.

Самасейка адкрыў рот, аднак сказаў не адразу:

— Колькі іх у нас, шафёраў, левакоў. Ці помніш усіх?

— Ну, тут выпадак асобы. Па-першае, не кожны дзень вам пракладкі зычаць; па-другое, на таго левака вы нам тлумачэнне пісалі. Успомнілі?

— Пасажыра — так, а знаёмага…

— Ясна, Міхаіл Дзмітрыевіч. Тады я вам скажу: не было знаёмага з пракладкай, вы яго прыдумалі. Таму пытанне паставім інакш: хто вас прасіў узяць на Падлеснай чалавека з рэчамі?

— Чэснае слова, выпадкова атрымалася,— занепакоіўся Самасейка.— Выпадкова…

— Падумайце, Міхаіл Дзмітрыевіч. Рана ці позна мы гэта ўсё роўна высветлім без вас. Але тады вы ўжо, можа, станеце не сведкам, а саўдзельнікам. Улоўліваеце розніцу?

— Сяргей Антонавіч, чэснае слова…

— Ваша справа,— перапыніў яго капітан і ўзяўся за ручку дзверцаў.

Аднак перш чым ён адчыніў іх, Самасейка адчайна выгукнуў:

— Калядка!..

Пугацэвіч павольна адпусціў ручку, насмешліва паглядзеў на шафёра:

— Што гэта за Калядка?

— У нашым доме за дворніка.

— Так і папрасіў?