реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 18)

18

У парадныя дзверы Сямён чамусьці мяне не вядзе. Ад сціпласці я паміраць не збіраюся і таму дазваляю сабе думку, што такім знаёмым, як я, ён мог бы дома і пахваліцца. Гэта прыдало б яго штодзённым бадзянням больш прыстойнае адценне, асабліва, мабыць, у вачах маці. Але Сямён, бадай што, да сябе наогул нікога не запрашае. Мушу з гэтым лічыцца. Тым болей што вершаплёту Паўлу Гарбаценку адрас Лебедзевых невядомы і ў бюро даведак запатрабаваць яго ён не можа — прозвішча сваё Сямён яму не называў, дзе бацька працуе таксама не казаў.

Аднак колькі б я ні даказваў сабе, што наведванне Лебедзевых нічога не дасць, што і прычыны зайсці да іх не маю, загад — не пажаданне. I я іду на вуліцу Каменную, дзе, у даваеннай яшчэ кладкі, шасціпавярховым доме ўнізе размясцілася даволі прывабная кантора з гучнай назвай: «Аблювеліргандаль». Ні золата, ні вырабаў з яго, нават аздобленых брыльянтамі і агатамі, я па блату набываць не збіраюся. Але ад сустрэчы з адной супрацоўніцай канторы не адмоўлюся. Неяк выпадкова яна напаткала мяне, дык чаму сёння я не магу разлічваць на выпадак? Тым болей што паміж намі склаліся, спадзяюся, прыязныя адносіны. Я не таю сваю сімпатыю, а якая дзяўчына астанецца да гэтага абыякавай!

Час перадабедзенны. Вось-вось са шматлікіх устаноў гандлёва-статыстычнага ўхілу, размешчаных на Каменнай вуліцы, выпырхнуць галодныя супрацоўніцы, і я павінен прыемна здзівіцца, сутыкнуўшыся нос у нос з адной з іх. Я павольна брыду па нядаўна яшчэ ціхай вуліцы і неўзабаве магу ўжо больш-менш дакладна выдаць даведку, калі хто зацікавіцца, дзе і як захоўваецца працоўная дысцыпліна. Яшчэ няма гадзіны, а ўжо то там,то тут раз-пораз ляпаюць дзверы, і потым чуецца таропкі перастук падбітых абцасікаў. Я міжволі прыспешваю крокі: хто ведае, можа тая, якую прагну бачыць, таксама захоча прыхапіць некалькі дзяржаўных хвілін.

Прадчуванне не падманула. Ля шырока расчыненых дзвярэй я апынуўся ў той момант, калі ў іх паказаліся дзве дзявочыя постаці. Дзяўчаты былі так засяроджаны нейкай сваёй гаворкай, што мне было няёмка іх перапыняць. I я не перапыняў. Проста стаў насупраць дзвярэй так, каб яны не маглі мяне абмінуць. А калі дзяўчаты здзіўлена ўзнялі вочы, разглядаючы даўжэзны слуп, што за паўдня вырас на тратуары, я, вядома, збянтэжыўся.

— Ніна?! — я зірнуў на шыльду.— Што вас прывяло сюды?

— Мы тут працуем,— смяецца Нініна спадарожніца, паколькі сама Вялеська не спяшаецца з адказам.

Я звяртаю на дзяўчыну ўвагу. Нішто, прыкметная асоба. Не толькі ростам так сантыметраў пад сто семдзесят, але і тварам. Не тое што Ніна. Смуглявая, румянец на матавых шчоках, вялікія, крыху раскосыя колеру цёмнага бурштыну вочы, добразычлівая ўсмешка на пухлых натуральна яркіх губах. На жаль, мне зараз нельга яе заўважаць наогул. Ніна павінна адчуць, што я рады сустрэчы толькі з ёю. Але пазнаёміцца з яе сяброўкай я проста абавязаны, як ветлівы і далікатны чалавек. Нахіляю галаву і кажу:

— Вельмі прыемна, Павел.

— Валя,— зусім сур’ёзна адказвае дзяўчына.

А Ніна дадае:

— Павел — паэт.

Гэта пра мяне, вядома. Цяпер я ўжо чырванею. Перад гэтай дзяўчынай чамусьці не хочацца выхваляцца. Мне здаецца, што яна іншай, не лебедзеўскай, кампаніі.

— Генія заўсёды вызначае сціпласць,— зноў смяецца Валя. Цікава, яна можа быць надзьмутай? Але яе вочы зыркаюць на мяне, як ацэньваюць: маўляў, што ты за фрукт?

Вельмі не хочацца быць фруктам. Аднак я раптам даю сабе такое слова: дакажу Валі гэта іншым разам. Вось прыйду сюды к канцу дня і дакажу. А сёння хай прабачыць. Пакрасуюся.

— Значыць, сабраліся аднаўляць патрачаныя на службе сілы? — мянчу языком. Была б Ніна адна, я, можа, і не такое выдаў бы. Прысутнасць Валі скоўвае.

Валя больш у размову не ўмешваецца Адказвае Ніна, яўна напрошваючыся на камплімент:

— Мы хіба падобныя на замардаваных?

Я маю падставу яшчэ раз паглядзець на абедзвюх дзяўчат. На Валю пільна і коратка, на Ніну даўжэй і больш уважліва. А тады ўздыхаю:

— Мне б вашы гады…— Кручу галавой.— Выгляд на ўсе сто. Але прафілактыка… Дзе мы прызямлімся?

— Тут за вуглом кафетэрый,— паведамляе Ніна,— з прызямленнем на нагах.

— О-о, гэта мяне не палохае, калі я быў на Усходзе…— Я бяру дзяўчат пад рукі.

— Вы пілі чай на персідскіх дыванах, седзячы на кукішках,— весела падпускае шпільку Валя. Бадай, нешта ёй у нашай размове не даспадобы.

— На бухарскім, на бухарскім і лежачы на падушках,— мянчу далей.

— Як хан,— нарэшце і Ніна ўхапіла тон размовы.

Неўзабаве мы п’ём каву з малаком, і , як дзяўчаты ні ўпіраюцца, я ўсё-такі спакушаю іх на пірожныя.

Час мінае хутка, у бязладнай гамане. Я праводжу сваіх дам да тых самых шырокіх і расчыненых дзвярэй, побач з якімі вісіць чорная з залацістым надпісам шыльда: «Аблювеліргандаль». 3 кожным імгненнем мае нядаўнія спадзяванні таюць, як масла на гарачай патэльні,— на вачах. Мушу, значыць, праяўляць ініцыятыву. Што было б непажадана. Ды іншага ходу не бачу. Не выпускаючы рук дзяўчат, душэўна кажу:

— Мы сёння ў «Прыемным апетыце» сустракаемся. Прыходзьце.

Валя маўчыць. Ніна пахмурнее, з прыкрасцю адказвае:

— У чатыры гадзіны з шэфам еду на рэвізію.

— Сэм ведае?

— Перад абедам мне самой аб’явілі…

— То пазваніце, чакаць будзе.— Напэўна, я надта настойлівы, бо Валя, ужо стоячы ў дзвярах, няўцямна паглядвае на мяне. Але Ніна, здаецца, нічога не заўважае. Ёй і верыцца, што Сямён сапраўды будзе яе чакаць, і не верыцца. I я, падштурхоўваючы да нейкага дзеяння, удакладняю: — Сэм, напэўна, зараз дома.— Хаця ведаю, што і ўдзень ён звычайна недзе бадзяецца.

У Нініных вачах успыхвае надзея і тут жа гасне.

— Трубку бярэ маці,— крывіцца дзяўчына.— Ведзьма!.. Сыночку прынцэсу выбірае…

— Давайце я набяру нумар,— прапаную сваю паслугу. Каб толькі не ўхапілася за яе! Таму раздумліва дадаю: — Такая пільная, як бы не здагадалася.

Валя больш не глядзіць на мяне, аднак, б’юся аб заклад, недаверлівасць яе не знікла. Я ўжо збіраюся хапацца за апошнюю сваю саломінку, як яна, нібы прачытаўшы мае думкі, выручае:

— Напішы, Нінка, запіску. Павел перадасць.

— А праўда…— згаджаецца Вялеська.

— Заадно і адрас скажыце,— выцягваю з кішэні блакноцік.— Тварыце!

Як я і спадзяваўся, Сямёна дома не было. Маці сустрэла мяне не вельмі прыязна. Добра, што хоць адразу не выставіла за дзверы. Учыніла сапраўдны допыт: хто я, навошта мне яе сын? Не горш за нашага Акуліка. Я выхваляўся як мог і, відаць, небеспаспяхова. 3 прыхожай мяне нарэшце запрасілі ў гасціную. Кватэра была сучасная, палепшанай планіроўкі, з пакоямі па абодва бакі калідора. Не багатая, хаця прыкметы дастатку, доступу да так званага дэфіцыту меліся. Літоўская секцыя, падпісныя выданні на паліцах. Праўда, кнігі цэленькія, новенькія, бы не чытаў іх ніхто і не гартаў. Ды гэта дэталь.

Гаспадыня садзіцца ў крэсла ля століка, на якім ляжыць стосік свежых газет, кладзе рукі на падлакотнікі і кажа:

— Прашу вас, малады чалавек. Можа, сын хутка будзе.— I як вініцца: — Не запрашаю вас у сынаў пакой, без яго мы туды не заходзім — дарослы, самастойны мужчына.

Яна ўсё-такі ганарыцца сынавай сталасцю, што б за ёй ні стаяла.

Апускаюся ў крэсла насупраць. Яно нізкаватае, і мне клопат з нагамі. Пад столік не падлазяць, выцягнеш — палавіну пакоя перагародзіш. Нарэшце сяк-так падкурчваю іх, прымасціўшыся ў крэсле бокам. Жанчына маўчыць, і я сам пачынаю размову:

— Колькі ў вас кніг!

— Цяпер без гэтага нельга,— адзываецца задаволена гаспадыня.— Кнігі — знак інтэлігентнасці.

Калі іх чытаюць, карціць мне ўдакладніць, аднак кажу тое, што яна, магчыма, чакае:

— Я вас разумею.

— Так, у нас дзеці. I мы самі ў горадзе не апошнія…

— Мы з Сямёнам пра многае гаворым, але ён ніколі не пахваліўся.

— Наш сын вырас сціплым чалавекам. Праўда…— яна нечага муляецца. Справядлівасць, уласцівая ёй, патрабуе, відаць, сказаць пра Сямёна нешта крытычнае, а сэрца маці пратэстуе нават супраць дробязнай ганьбы. Аб’ектыўнасць, аднак, перамагае.— Праўда, не шанцуе хлопчыку. Паступіў у інстытут у нашым горадзе, я ж раіла ехаць у Маскву ў інстытут міжнародных адносін. Быў бы дыпламатам! Тады не паслухаў, і вось вынік — расчараванне. У прафесіі, у асабістым. Марыў пра ціхую сямейную гавань. Ажаніўся. Ды хіба цяпер дзеці слухаюць бацькоў. Узяў дзяўчыну не нашага кола. Я, прызнацца, ніколькі не дзіўлюся, што ў іх разладзілася. Так яно было наканавана адразу. А ў Сені добрае сэрца, таму не знаходзіць сабе месца. Дадому не хоча прыходзіць.

Я слухаў жанчыну, і нейкая невытлумачальная крыўда запаўняла грудзі. За Сямёна. Яму змалку, напэўна, абяцалі немаведама што, дзяўблі пра яго незвычайнасць. Гэта прывычна і абыякава называюць сляпой мацярынскай любоўю. Але ж побач з маці быў зусім не сляпы бацька — кажуць, разумны чалавек. Чаму ён глядзеў спакойна? Як часта ўсё спісваецца на службовую занятасць. I ніхто не спытае з такога, можа, сапраўды неблагога работніка за выхаванне, а дакладней, невыхаванне сына або дачкі.

Пакуль такія думкі свідруюць мне галаву, гаспадыня ўсё гаворыць не сціхаючы. Мне нават здаецца, што яна баіцца, каб я раптам не перапыніў яе. Напэўна, гэта невыносна быць цэлы дзень адной, нечага чакаць, нечага падсвядома баяцца. Не можа не кранаць яе прадчуванне бяды, не можа не адчуваць яна сэрцам, што ўсё ў яе сына складваецца неяк не так, як, прынамсі, хацелася б.