Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 17)
— Не верыце? — У голасе Самасейкі прагучала роспач, і ён зачасціў: — Папрасіў падвезці знаёмага. Сам не мог, у ягоных «Жыгулях» каробка перадач паляцела.
— Чаму адразу не сказалі? — капітан спытаў абыякава, быццам яго больш цікавіў сам гэты факт, а не той дворнік, які, нягледзячы на свае сціплыя пасаду і заработак, мае даволі дарагі аўтамабіль.
— Баяўся, падумаеце, што я калымшчык…
— I сусед, мабыць, прасіў, га? — Пугацэвіч падміргнуў: — Не выдаваць яго…
— Было. А мне што — цяжка, тым болей што і час дакладны сказаў. Пад’ехаў і забраў…
— Добра,— выбіраючыся з машыны, прамовіў Пугацэвіч. Затрымаўся і папярэдзіў: — Каб дарэмна людзі не занепакоіліся, аб нашай размове прашу нікому не расказваць. А пасля працы зайдзіце да нас. Можа, прыйдзецца пратакол складаць.
Самасейка, як баючыся, каб не затрымалі, імкліва сарваў «пікап» з месца. Капітан паглядзеў яму ўслед і падумаў, што ў гэтай гісторыі нешта не так.
Са свайго кабінета Сяргей Антонавіч пазваніў у ДАІ, пацікавіўся, ці няма ў іх якіх прэтэнзій да аўтаўласніка Калядкі. I тут яму давялося за сённяшнюю раніцу здзівіцца другі раз. Уладальнік аўтамашыны пад такім прозвішчам у горадзе не значыўся. Аднак машына ў яго напэўна была, Самасейка не хлусіў. Значыць, нешта круціць сам Калядка. А гэта ўжо цікава.
Пугацэвіч задаволена ўсміхнуўся. Непрыкметна, спакваля яго папка поўнілася фактамі, звесткамі, дакументамі. Кожны паасобку яны быццам бы нязначныя. А ўсе разам ствараюць пэўную аб’ёмную карціну. Праўда, у ёй яшчэ шмат чаго не хапае. Ды ён, Пугацэвіч, цярплівы вышукнік. Вось і дворнік з дома Самасейкі, можа, дадасць да ўжо выяўленага нешта важнае.
Васіль Васільевіч Калядка меў за плячамі сорак гадоў і сярэднюю адукацыю. Працоўную дзейнасць пачынаў на заводзе, набыў кваліфікацыю, ды неспадзявана для многіх кінуў прадпрыемства. 3 таго часу прэстыжнай рабочай пасады не шукаў. Быў адзін час кладаўшчыком, за махлярствы выгналі. Уладкаваўся вартаўніком на лесасклад. Тут за службу заўваг не меў. Нутро выявілася ў іншым — спекуляваў прамысловымі таварамі, купленымі ў магазінах, за што і быў асуджаны. 3 будоўлі народнай гаспадаркі вярнуўся нядаўна — паводзіў сябе станоўча і вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Цяпер працуе дворнікам. Папракаць яго за гэта падстаў не было. Мужчына-дворнік, на жаль, сустракаецца рэдка, больш тут працуюць жанчыны. Аклад невялікі, затое час ёсць на сям’ю, на сумяшчальніцтва. Калядка пра заробкі не дбаў. Ці спадзяваўся на жонку-настаўніцу, ці наогул вялікіх прэтэнзій да жыцця не меў, бо і з жонкай перад судом развёўся.
Жонка кватэру не мяняла. Былога мужа, калі яго асудзілі, не выпісала. Суседзям тлумачыла, што пакінуць яго без кватэры з яе боку быў бы негуманны ўчынак. Выкладала яна мову і літаратуру і розныя вучоныя словы ведала. Зусім натуральна, што Калядка вярнуўся ў сваё жытло. Брак з жонкай не аднавілі, але адносіны падтрымлівалі нармальныя. I машына ў Калядкі была, цесцева, якую ён вадзіў па даверанасці, выдадзенай яшчэ да яго асуджэння. Наўрад ці цесць-пенсіянер мог сам купіць «Жыгулі», ды гэта меркаванне да справы не прыкладзеш, хіба для ўскосных доказаў спатрэбіцца.
У матэрыялах следства былі намёкі, што Калядка перапрадаваў не толькі купленае ў магазінах, але і крадзенае. Следчаму не ўдалося распрацаваць гэту версію. Пугацэвіча ж сам гэты факт насцярожыў. Пасля паказанняў Самасейкі капітан ужо не надта верыў, што Калядка вярнуўся дадому чыстым ад мінулых грахоў і перавыхаваным. У турму ён трапіў невыпадкова, усё яго папярэдняе жыццё вяло да такога фіналу. А закладзенае на працягу гадоў адным махам не разбурыш, не вытравіш. I тое, што пры сваім гуманізме Калядкава жонка не спяшалася з мэтай маральнай падтрымкі даваць грамадзянскую пэўнасць адносінам з былым мужам, таксама наводзіла на роздум.
Адміністрацыя будоўлі, дзе Калядка адбываў пакаранне, дала яму неблагую характарыстыку. Ды адзін факт Пугацэвічу не спадабаўся: на будоўлі дружыў Калядка з нейкім Кірыльчуком, асуджаным таксама за спекуляцыю. У гэтым не было б нічога такога, каб не адна ўвогуле дробязная акалічнасць,— Кірыльчук быў родам з Нікалаева. 3 таго самага горада, адкуль некалькі дзён таму назад Лебедзеў званіў сваёй Вялесьцы. А як паведамілі з будоўлі, Кірыльчук павінен быў ужо знаходзіцца дома.
Пугацэвіч разумеў, што яго факты пакуль існуюць незалежна адзін ад аднаго, паасобна. Рабіць з іх пэўныя вывады нельга. Хаця не хапала, здаецца, не вельмі многага.
Сяргей Антонавіч пасядзеў яшчэ некалькі хвілін, абдумваючы ўсё, і рашуча стаў збіраць раскладзеныя на стале, як жартавалі калегі, у мастацкім беспарадку паперы. Замкнуўшы папку ў сейф, паправіў абвіслы гальштук і пайшоў да начальніка аддзела.
11
Ад гультайства ў галаву лезуць розныя дзіўныя думкі. Прачнешся рана-рана, зірнеш на гадзіннік і тады ўспомніш, што спяшацца няма куды. Гэта значыць, што можна спаць, аж пакуль не атупееш. А да гэтага, бадай што, не так далёка. Варта заплюшчыць вочы, як пачынае мроіцца, быццам ты гэта не ты, што трапіў нейкім чынам у паралельны з нашым свет, у якім час вымяраецца зусім іншым эталонам і таму запаволены, бестурботны. Што і ў крымінальным вышуку не служу, а толькі ўяўляю сябе оперупаўнаважаным, бы на справе я яшчэ студэнт, якога выправілі на канікулы, не дазволіўшы здаць сесію,— каб не круціўся пад нагамі, чакаючы выкліку да начальства не то дзеля пахвалы, не то дзеля вымовы. Праўда, даходзячы ў мроях да гэтага моманту, я немінуча вяртаюся ў сапраўдны свет. I тады адчуваю яшчэ большую прыкрасць. Ні пахвалы, ні нават вымовы на маю долю пакуль не выпадала. Відаць, навічкоў заўсёды шануюць, мабыць, каб не расчароўваліся і не збягалі. Я здагадваюся, што мае думкі — толькі мара аб прызнанні маёй асобы ў вышуку, што я рысуюся перад сабой, выбіраючы сабе позу бывалага сышчыка, які зведаў і шышкі і пірагі. Акунуцца ў атмасферу міліцэйскай службы не паспеў, а хочацца. I хаця заданне маю, усё роўна нуджуся, думаю, што нехта ў гэты час робіць больш.
Незвычайныя канікулы мне не падабаюцца. Вершы і тыя ў галаву не лезуць. Нават пачынаю спачуваць тунеядцу Лебедзеву. У яго не жыццё, а горкая катарга: з раніцы клопат, як галаву паправіць, пад вечар — дзе атабарыцца, каб чарку ўзяць. Быў бы ён алкаголікам, усё было б ясна. А яму гарэлка — як акампанемент для нечага іншага. Лебедзеў нагадвае мне дзялка — мітуслівага, нахабнага і, бадай, жорсткага. Я чамусьці ўпэўнены, што ён, калі гэта яму спатрэбіцца, не аглядваючыся, пераступіць цераз Нініна каханне. Ён і з жонкай развёўся, не падумаўшы не толькі пра яе, але і сына.
Увогуле развод — гэта не Сямёнава прыдумка. Цяпер мяняюць жонак-мужоў нават прасцей чым працу, калі яна не задавальняе. Ведаю я адну сям’ю. I ў яго, і ў яе, як кажуць цяпер, мінулыя бракі не склаліся. У новым жывуць быццам бы няблага, відаць, няўдалы ўрок пайшоў на карысць абаім. Але ёсць там яшчэ і той, каго называюць пасынкам. Васьмігадовы разумны хлопчык. Усё сам — і лыжы наладзіць, і паламаныя санкі неяк змацуе, і клюшку ізаляцыйнай стужкай абматае. Самастойнасць — справа карысная, і да працы дзяцей трэба прывучаць. Менавіта прывучаць. Бо я ніколі не бачыў, каб айчым памагаў хлопчыку, вадзіў яго на стадыён, па-сяброўску размаўляў. Гэта ж добра, калі побач з хлопчыкам ёсць шчыры дарослы мужчына!
Не буду прадракаць, як складзецца лёс майго колішняга маленькага суседа. Спадзяюся, добрае возьме ў ім верх, і вырасце ён не такім, як Грыгаровіч. У Фёдара жыццё таксама складвалася не надта шчасліва. Бацька пайшоў да другой жанчыны, калі сыну было пяць гадоў. Маці тужыла нядоўга: неўзабаве прывяла ў дом новага мужа. А можа, хацела клін выбіць клінам, яе таксама зразумець можна. Як там было ў новай сям’і, дакладна не ведаю. У гарадскіх кватэрах людзі часта жывуць больш адасоблена, чым некалі на хутарах. Таму суседзі адчулі, што там не ладзіцца, толькі тады, калі Федзя пачаў праяўляць сябе ў двары. Жорсткі, хуліганісты, ён больш за ўсё здзекаваўся з тых равеснікаў, у якіх быў бацька. 3 сабе падобнымі — такіх сірот пры жывых бацьках хапае ў кожным доме — ён сябраваў. Напэўна, напачатку гэта быў падсвядомы пратэст. 3 часам злоснасць стала рысай характару. Ён не змяніўся і тады, калі маці зноў засталася адна, у яго яшчэ хлапчуковым сэрцы для спагады да маці не было ўжо месца. Пазней, падросшы, ён пачаў выпіваць. I аднойчы п’яны ўдарыў маці і выставіў за дзверы. Было гэта вечарам. Маці не паклікала суседзяў на дапамогу, не звярнулася ў міліцыю. Яна пераначавала ў сяброўкі. 3 таго і пачалося. Сын ператварыў кватэру ў прытон, а яго маці ўночы, калі збіраліся сынавы дружбакі, вымушана была туліцца ў знаёмых. I зноў ніхто не ўмяшаўся. А Федзя вырашыў, што яму ўсё можна. Вось такі ад’ютант-ардынарац Сэма Лебедзева.
3 Лебедзевым Сяргей Антонавіч даў мне новы клопат-задачку — пабываць у яго дома, пранікнуцца, так сказаць, духам сям’і. 3 агульных меркаванняў заданне правільнае. Калі ўзнікла патрэба мець пра чалавека пэўнае ўяўленне, павінна быць яно ўсебаковым. Хаця, па шчырасці кажучы, у гэтым канкрэтным выпадку на нешта непрадбачанае мезвычайнае разлічваць наўрад ці варта. Сям’я як сям’я.
I Сямёнавы іранічныя адносіны да бацькі пра многае гавораць. Ды начальству, як кажуць, відней. I лягчэй. Аддаў загад і чакай вынікаў. А праз які ход — парадны ці чорны — мне пранікаць у кватэру Лебедзевых, я павінен думаць сам.