реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 193)

18

– Ар-ар-ар-ар, ар-ар-ар-ар!

Ён каціўся, набліжаючыся да чалавека. Алесь ліхаманкава загнаў трэці жакан, бо запоўніць другі ствол не хапала часу.

І тут Алма, трохі рахманая і не вельмі рашучая, як усе спаніэлі, раптам кінулася да ваўка, і, забіваючы поўсцю зяпу, схапіла яго за палена. Воўк клацнуў зубамі – на шчасце, міма яе, – і яна адскочыла, пачала "абтанцоўваць" яго.

Гэта не было смешна. Часам нават дзве гончыя скачуць вось так, ля гэткага волата. А гэты яшчэ быў шалёны. І Алесь, атрымаўшы патрэбную хвіліну, адчуваючы, што ён не даруе сабе, калі з сабакам нешта здарыцца, зноў націснуў курок.

Галава ваўка тарганулася і ўпала на верас. Трыма хвілінамі пазней ягоныя сківіцы толькі слаба самкнуліся на сталі ствалоў.

Увесь абмяклы, нібы з яго вынялі косці, Алесь агледзеў сабаку. Старанна, нібы блох шукаў. Ва ўсякім разе, так магло здасца старонняму гледачу. Драпін не было. І тады, усё яшчэ дрыжучы над дрыжачым сабакам, зразумеў са страшнай палёгкай, што гэта ўсё, усё. Зразумеў, што ён перамог нешта такое, пасля чаго ён ніколі, ніколі не будзе баяцца, бо страшнейшага не было, і не будзе, і не можа быць у жыцці. Зразумеў, што ён перамог і сябе, і нават жах сабакі. Зразумеў, што там, дзе трэба, ён перамог і абет, дадзены маці ў яе смяротны час.

Мужык, праўдзівей малады хлопец, калаціўся ад жаху, седзячы на кукішках перад Алесем. Белы-белы. Белы, як палатно на траве ля крыніцы. Рот крывіўся ў чаканні немінучага. Зрэнкі былі з прасяное зернетка, з галоўкі шпількі.

– Не магу! Не магу! Дабіце! Дабіце! – хрыпла прасіў ён.

Загоршчынцы гурміліся вакол яго і войкалі.

– Дзе ён цябе? – спытаў Алесь.

Хлопец працягнуў руку. Левую. На мякаці вялікага пальца чырванела дзёртая рана, падобная на чырвоны рот. І Загорскі зразумеў, што гэта, здаецца, усё.

– Хіба руку адсячы, – сказаў нехта.

Людзі, што стаялі ля вясковай кузні, змоўклі. Потым каваль, запэцканы да апошняга, як арап, Рыгор Лунь пахітаў галавою:

– Што за мужык без рукі?

І раптам з ярасцю ўдарыў нагою ваўка па галаве. Ляснулі мёртвыя сківіцы. Звер жоўта глядзеў на людзей, што ўсё яшчэ не рызыкавалі набліжацца да яго.

– Руку не трэба, – сказаў хлопец. – Калі ўжо так, то дабіце лепей. Дабіце мяне, пане.

У гэтым была такая безнадзейнасць, што ў Загорскага як нешта перавараціла ўнутры. Нельга было прымірыцца з гэтым. Няўжо ніхто нічога не зробіць?

Ён абводзіў вачыма людзей, і тыя хавалі вочы. А ў хлопца ўжо цяпер быў выгляд вар'ята. І ў той жа час ён не верыў. Не верыў, што гэта так нечакана, што вось быў ён жывы, а цяпер неадвяртальна, непапраўна мёртвы і чужы ўсім людзям. Нават горш чым мёртвы. Горш чым чужы.

Алесь глядзеў у вочы Луню. Ён вырашыў. Нельга было так, нічога не зрабіўшы, аддаць чалавека смерці. І Загорскі павёў вачыма ў бок кузні. Лунь зразумеў, непрыкметна знік.

– Хлопча, – сказаў Алесь.

Той не чуў. Ужо на тым свеце, ужо аддзелены ад іншых ледзяным мурам. Алесь крэкнуў. Нікуды не варта гэта было, вось што. І ён штурхануў хлопца:

– Распранайся.

Той паводзіў непаразумелымі вачыма.

– Ну, – сказаў Алесь.

– Н-нашто?

– Жыць хочаш?

Укушаны ўсё яшчэ не прытомнеў.

– Хочаш жыць?

І тут нешта нібы засвяцілася ў каламутных вачах. Нясмелае, спалоханае сваёй нечаканай верай і, аднак, ужо безумоўна веручае.

Гэта было… як неба.

– Пане?… Пане?…

Алесь падавіў нешта сухое ў глотцы. Усё, усё трэба было зрабіць, абы надзея… Абы толькі на хвіліну надзея… Не даць… Вырваць…

Гэты чужы, зусім чужы для яго чалавек раптам, на хвіліну, стаў яму даражэйшы і Мсціслава, і Кастуся, і самога сябе… "Агульнае з табой няшчасце жыць" – успомніў ён… Ах, якая, якая гэта была лухта!… І гэтыя саслабелыя ад раптоўнай надзеі рукі, што расшпільваюць вопратку.

Адчуваючы, што яго нешта душыць, Алесь сказаў:

– Транты – праварыць. Ды заадно і ствалы маёй стрэльбы. У крутым вары. Ну – хоць бы ты. Рукамі сам не чапай.

– А вы, пане?

– Я сваё – удома. Ды на мяне сліна і не трапіла.

Невымоўнае захапленне раптам заліло ўсю ягоную істоту. Укушаны стаяў перад ім, белы, як смятана, і глядзеў з надзеяй і верай і неймаверным шчасцем – аж ззялі вільготныя вочы: паверыў у моц другога. А за спіной ягонай, у дзвярах кузні, у горне, ужо зіхацеў пад частымі лятучымі іскрамі кавалак жалеза. Наліваўся паступова. Мацнеў.

– Не бойся жалеза, – сказаў Алесь. – Ты не бойся… брат. Ты ж хочаш жыць.

Моўчкі хіталася галава.

– І будзеш жыць… Абавязкова… Абавязкова, брат.

Ён апускаў паляўнічы кінжал у прынесены вар і паглыбляў укус, рэзаў яго, стараючыся не зачапіць жылы. І кроў – спачатку кроплямі, а потым струменьчыкам сплывала на зямлю.

– Пацярпі, – маліў Алесь.

Гэтая чужая незагарэлая плоць была зараз даражэйшай за сваю. І як некалькі хвілін таму Алесь хацеў кінуць ваўка ягонаму лёсу – так цяпер ён, калі б толькі яму сказалі, што гэты чужы будзе жыць, высмактаў бы кроў з ягонай раны.

– Цярпі, цярпі, калі ласка.

Лунь з'явіўся ў дзвярах з жалезам, заціснутым у абцугі. Звычайная нарыхтоўка на распорку нарога. Толькі вішнёвая, з залатымі бліскаўкамі, што бегалі па ёй.

– Патрымайце чалавека, – сказаў Алесь.

Хлопец паглядзеў на жалеза, на чалавека, на ваўка і ўздыхнуў:

– Не трэба мяне трымаць… Я сам… Я жыць хачу… Я сам патрымаю.

І сціснуў сваё левае запясце правай рукой.

Студзеньскім цёмным світаннем

У гэты дзень ён выйшаў не ў дзесяць, як звычайна, а нешта каля шасці гадзін раніцы. Позняя зімовая ноч вісела над горадам. Белыя кудлы завеі, сцякаючы са стрэх, з кантрфорсаў, крытых чарапіцай, нагрувасцілі ў двары Сарбевіуса высокія, як дзюны, снегавыя гурбы.

Пасля ночы ў дрэнна напаленым пакоі яго трохі трэсла. Кастусь наставіў баранковы каўнер старэнькага паліто і рушыў дваром да выхаду на Універсітэцкую. Так, як заўсёды, было менш магчымасці трапіць на вочы людзям у гарохавых паліто. Хто з іх, сапраўды, мог падумаць, што галоўныя злачынцы жывуць ля губернатарскага палаца і кожны дзень ходзяць паўз яго?

Скрэб… скрэб… скрэб… Так і ёсць, Ігнась Шоцік устаў раней за ўсіх і ачышчае сцежкі, скрабе драўлянай лапатай.

– Дзень добры, Ігнась.

Шосцік прыўзняў добрае вусатае аблічча, усміхнуўся, убачыўшы знаёмы твар пана з цяжкаватымі гожымі рысамі, яго вялікі, цвёрда сціснуты рот і глыбокія выразныя вочы.

– Дзень добры, пане Вітажэнец.

– Вазьмі, Шоцік, два рублі[158].

– Пабойцеся бога, пане, месяц гэты яшчэ не прайшоў. Вы ж ся святога Міхала…

– Бяры. На той час у мяне можа не быць.

– Ну, то дзенькую… Як, задаволены пане Вітажэнец чысцінёй?

– Усё добра, дзякуй табе, пан Шоцік.

– Які я вашай мосці пан?

– Ну і я табе ніякі не пан. Паны, дзядзька, па прыватных уроках не бегаюць.

Кастусь марудзіў: нельга было доўгі час ацірацца ў Дамініканскім завулку, ды і дзень гэты абяцаў быць страшным днём.