реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 194)

18

Не дапаможаш нічым, толькі будуць раздзіраць глотку прыхаваныя для ўсіх слёзы ды гнеў, якога не можна зліць.

Шоцік таптаўся па снезе, набіваючы тытунём люльку.

– Кажуць, сёння зноў… На Лукішках…

– Магчыма, Ігнась, не ведаю.

– Бога забылі людзі, пане Вітажэнец, вось што я вам скажу… Касцёлаў болей і болей, а праўды меней і меней.

– Бог у іх свой, Ігнась.

– Чалавечы бог кожны месяц новенькі з Манетнага двара выходзіць. Бліскучы. А ў матухны Вастрабрамскай і слёзы высахлі на гэткую поскудзь глядзець.

Ад тлеючага агню твар Шоціка быў рэзкі і суровы.

– Ці праўда гэта, пане Вітажэнец, што гэтыя… з шаек, кожны раз, як вешаюць, прыходзяць да шыбеніцы, каб таму не цяжка было паміраць сярод чужых? Закон, значыцца, у іх такі. Хаця аднаму, ды прыйсці.

– Кажуць так.

– Вось і я мяркую. Ксёндз такім суцяшэння не дасць. Бо што ж гэта за ксёндз, калі ён забывае словы "не судзіце"… Гэта ўжо не служка божы, а нешта накшталт первасвяшчэнніка Кайяфы, сто ражноў яму…

– Бывай, Шоцік.

Ігнась глядзеў, як постаць маладога чалавека знікала пад аркай. Уздыхнуў.

– О-хо-хо, грахі… Культуральны такі чалавек, а даводзіцца бегаць па ўроках, як гімназёру.

Праз ноч паплыў ціхі і таямнічы звон. Святы Ян клікаў да ранняй імшы.

…Кастусь назнарок пайшоў паўз губернатарскі палац. Ён не напрошваўся на небяспеку, яму проста здавалася, што небяспека будзе меншай, калі кожны дзень ён будзе бачыць месца, адкуль яна выпаўзае.

У чырвоным будынку гарэлі толькі два-тры акны. Дуйка паўзла па бруку плошчы, ірвалася ў пад'езды, ля якіх мерзлі вартавыя.

"Спяць", – падумаў Кастусь.

Ён выйшаў у Дамініканскі завулак а палове сёмай. На стылых чарапах бруку сям-там дымеў гной. Значыць, пад'ехалі ўжо, а паколькі яны марудзіць не любяць – чакаць давядзецца нядоўга. Вось яны, ля пад'езда Дамініканскага кляштара… Тры павозкі, чалавек сорак конных. У няпэўным святле ліхтароў твары салдат закамянелі. Некаторыя хаваюць вочы, быццам разумеюць ганебнае злачынства таго, што яны збіраюцца рабіць. Некаторыя, наадварот, глядзяць нахабна, быццам загадзя хочуць адбіць вачыма кожны – з папрокам – позірк.

Але і тым і другім за каўнер паўзе з трэцяга паверха, са счарнелых чарапіц калючы дробны снег – не снег, а пыл.

Каліноўскі праціснуўся праз невялікі натоўп разявак, што, чорт ведае якім чынам, даведаўся аб страце, і стаў якраз насупраць аркі. Ён бачыў за ёю, у вузкім двары, заледзянелую рыну, нерухомыя камячкі галубоў пад страхою, маўклівых афіцэраў. І толькі тут як быццам сэрца зразумела ўсю ганебнасць і ўвесь жах таго, што збіраліся рабіць пад покрывам цемры гэтыя змрочныя постаці.

"Франс, брат Майкі, Алесеў, мой брат. Што ж гэта яны збіраюцца ўчыніць з табою, і куды глядзіць пан бог, і чаму ён карае людзей за праўду?"

Раўбіча вывелі з-пад аркі хвілін праз пяць. Обер-аўдытар, дрыжучы ад холаду і нервовага ўзбуджэння, узняў да ягонага аблічча ліхтар, быццам жадаў упэўніцца, той гэта ці не той, ці не ўзялі памылкова каго іншага.

І Кастусь зноў убачыў чорныя валасы і матава-бледны, прыгожы твар хлопца. Дзівіўся, як ён, зусім, здаецца, непадобны, нагадваў цяпер бацьку. Не рысамі аблічча, а выразам, холадам вачэй з шырокімі зрэнкамі, асмужаным цёмным ценем у вачніцах.

Цяжкі, знясілены неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар. Аўдытар падаў яму руку, каб дапамагчы сесці яму ў павозку. І тут усмешка кранула вусны Франса.

– Дзякуй вам, мой маленькі гарсон, – па французску, з сапраўды каралеўскай годнасцю сказаў Раўбіч. – Бог не забудзе вашага рыцарства.

"Так, у яго заўсёды былі манеры маладога прыдворнага. Адзінае, што заўжды ратавала Франса і не рабіла яго смешным – гэта нейкая ўнутраная іронія ў адносінах да таго, што ён казаў".

Аўдытар залыпаў вейкамі. Ён быў у непаразуменні.

– Спадзяюся, вы будзеце малайцом да канца, – на гэты раз па-руску сказаў Франс, – і зачытаеце прыгавор без грубых памылак у вымаўленні… Іначай гэта было б жахліва.

Ён быў бездакорны. І толькі Кастусь, занадта добра ведаючы яго, бачыў у вачах Раўбіча боль, непаразуменне і прыхаваны жах.

Ён не мог не любіць жыцця. Яму было толькі дваццаць чатыры гады. Ён хацеў жыць. Седзячы ў павозцы, ён захінаў на грудзях арыштанцкі халат, накінуты паўзверх цывільнай вопраткі. Яму было холадна.

Поруч з ім, спіною да коней, сеў аўдытар. Насупраць – два салдаты.

– Рушай, – сказаў нехта.

Заляскалі колы першай павозкі, і тут вочы Раўбіча на хвіліну сталі разгубленыя і жаласна абвялі натоўп разявак.

Кастусь зрабіў крок наперад – вочы іх сустрэліся.

І тады Каліноўскі прыклаў кулак шчыльна прыціснутай да тулава левай рукі; прыклаў да таго месца, дзе б'ецца сэрца. Стары ўмоўны знак.

– Люблю Беларусь!

На нейкае адно імгненне вусны Раўбіча затрэсліся, потым у яго вачах з'явіўся жах, – цяпер не за сябе, – пасля жах знік, а вусны склаліся ў сумную любоўную ўсмешку.

Франс зручней прымасціўся ў павозцы і ўзняў галаву.

– Заснулі ўжо вы там, ці што? – на гэты раз па-мужыцку спытаў ён. – Катай, хлопча, атрымаеш ад Мураша злотага на чарку гарэлкі.

Павозка рушыла ў мільгаценні святла і цемры. Вельмі павольна, бо толькі так возяць асуджаных на смерць. Кастусь рушыў следам.

З Універсітэцкай картэж павярнуў на Скапуўку, а потым на Вялікую Замкавую. Натоўп за павозкамі прыбаўляўся. Раўбіч прагнымі вачыма абводзіў дамы, пад'езды, аркі над вузкімі вулачкамі, але вочы ягоныя ўсё адно раз-пораз спыняліся на адзіным светлым у навакольнай цемры, на абліччы маладога чалавека, што ішоў тратуарам акурат за яго павозкай, так, каб асуджаны ўвесь час бачыў яго.

І кожны раз вусны Франса няўмольна ўсміхаліся расчуленай удзячнай усмешкай, быццам ён чэрпаў з вачэй Кастуся цвёрдасць і любоў. А Каліноўскаму з кожным крокам рабілася цяжэй, цяжэй і цяжэй.

Ён адчуваў.

Мінулі катэдру. Над вежай Гедыміна, як заўсёды, павольна варушыў лапкамі ў паветры аптычны тэлеграф – нёс чарговае паскудства гораду і ўсёй навакольнай зямлі.

Што нёс? Можа, чарговы данос, чарговы паклёп, чарговую смерць?! Вочы Франса, звернутыя на вежу, загарэліся раптам такой нянавісцю, што Кастусю стала холадна. Ён улавіў позірк асуджанага і адмоўна паківаў галавою.

Немагчыма, немагчыма было ісці ў шапцы пад цёплым позіркам Франсавых вачэй. І неразумна было зняць шапку і трымаць яе ў руцэ. І тады Кастусь сцягнуў яе і непрыкметна ўпусціў пад ногі. Ззаду адразу насунуўся натоўп, схаваў цёмны камяк, скрыў сляды.

Раўбіч убачыў, як рассыпаліся гожыя цёмна-русыя валасы Каліноўскага, і ноздры ягоныя гонарліва раздзьмуліся.

– Пасунься, дабрадзей, – сказаў ён аўдытару. – Нічога, назад раскашней паедзеш.

Цяпер за павозкамі, як вокам акінуць, калыхаўся натоўп. І ўвесь час, што смяротны картэж рухаўся Георгіеўскім праспектам, рука Франса была прыціснута да сэрца.

"Люблю… люблю… люблю… люблю Беларусь!"

І ўвесь гэты цяжкі шлях непазнаны чалавек у натоўпе плакаў нутром, пра што ведаў толькі смяротнік з яснымі прасветленымі вачыма.

...

Калі пад'ехалі да Лукішскай плошчы, было ўжо зусім шэра і светла. На фоне бруднаватага касцёльнага мура брыдка і пачварна вымалёўваўся эшафот і мярзотны "пакой" на ім.

Раўбіча знялі з павозкі, узвялі на памост і паставілі пад самай пятлёй. Ён з цяжкасцю – згубіўшы на хвіліну – адшукаў у натоўпе твар Кастуся, за самым частаколам багнэтаў, і, перарывіста ўздыхнуўшы, усміхнуўся яму. Вусны асуджанага варухнуліся, і Каліноўскі адгадаў.

– Майка?… Алесь? – спытаў хлопец.

Чалавек у натоўпе, супакойваючы, схіліў галаву.

…Увесь час, пакуль зачытвалі канфірмацыю, Франс прагна, як у вочы каханай, глядзеў у вочы Кастуся. І невымоўна мяккае святло з кожнай хвілінай мацней і мацней лілося з яго вачэй. А кулак быў прыціснуты да сэрца.

Душа Кастуся нема крычала. І Франс, цяпер ужо яго супакойваючы, кінуў, калі скончылі з канфірмацыяй:

– Усіх не схопіце!

Кат замітусіўся вакол яго, абразаючы каўнер сарочкі. Потым сілком адарваў кулак Раўбіча ад грудзей, са страшэннай напругай завёў руку Франса за спіну і там звязаў з другой.

Асуджаны матлянуў галавой.

– Ідзі, сказалі ягоныя вочы. – Далей гэта ўжо буду не я. Ідзі… прашу.

– Я разумею, – сказалі вочы Кастуся. – Я пайду. Але я люблю цябе.

– Я любіў цябе, – сказалі нетутэйшыя ўжо вочы Франса.