Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 191)
І таму губернатар сказаў толькі:
– Паказанні мужыка, ды яшчэ зацікаўленага, сапраўды не паказанні. Але чаму вы, капітан, забываеце, што ёсць яшчэ адзін сведка?
Ён цярпець не мог Загорскага, але баяўся яго і Вежы і астатніх дваран. Да таго ж яму было выгодна зрабіць так, быццам ён лічыць Алеся за вернападданага. І таму ён укусіў:
– Прычым такі, які не дапусціў у гэтым інцыдэнце нічога ганебнага. Які трымаў сябе годна. І якому мы можам верыць, дзякуючы яго становішчу, больш, чым… зацікаўленым асобам.
Мусатаў збялеў. Ён разумеў: калі так гавораць – гэта канец кар'еры.
З Алеся знялі паказанні. Ён гаварыў тое, што і раней. Яму непрыемна было валіць усё на Корчака, але Корчак зараз быў у бяспецы; і Корчака ўсё адно чакала смерць – болей ці меней адным грахом. А народ трэба было ратаваць. І ён выгарадзіў усіх, сказаўшы, што сярод параненых і забітых былі толькі сілком выгнаныя гарыпяціцкія ды яшчэ салдаты і людзі Корчака.
Ісленьеў маліў Алеся не выходзіць за межы палаца. Бо над Мусатавым збіраліся хмары. Бо, ратуючы сябе, ён баяўся хлусіць, ведаючы, што сярод соцень нямых сведкаў ёсць адзін-адзіны сведка з голасам. І яшчэ таму, што паказанні Загорскага і тое, што ён мог бы сказаць, лепей за ўсё паказвалі на подлую ганебнасць бездапаможных, ідыёцкіх, мярзотных паводзін капітана і яго людзей.
Нехта з гэтых людзей, каб унікнуць кампраметацыі, мог спецыяльна "апынуцца" недзе побач і не пагрэбаваць нічым.
І таму Алесь не выходзіў. Замкнёны ўласным словам, сядзеў у палацы, адмаўляючы ў спатканні і Мсціславу, і Майцы з Франсам, якія чамусьці хацелі бачыць яго, і Клейне, і ўсім.
Цэлы месяц ён сядзеў у хаце. Цэлы месяц некаторыя людзі з западозраных вёсак сядзелі ў лазе, "на заробкі пайшлі", чакаючы вынікаў следства. І вось сёння ён не вытрымаў. Клікалі зямля, вецер, далёкі гуд вербаў, шалёны грукат бязмежнага Дняпра. Тое, што кожную вясну клікала пана Юрыя і ад чаго Алесь адмовіўся свядома, але з болем. І таму ў яго не было патранташа: толькі два жаканы ў ствалах ды два ў кішэні. Неабходная абарона ў выпадку чаго і адначасова хоць нейкае падабенства таго, як было раней.
Ён лаяў сябе, але яму было прыемна ісці вось так. З ценем сораму ён хлусіў сам сабе, што гэта ад волі, і адчуваў спіной прамы ствол, і з міжвольнай прагнасцю сачыў вачыма за жывым караблікам, які гойсаў наперадзе.
Проста перад Алесем і сабакам узвышаўся трохкутны мыс. Пласкагор'е высокага берага тут, раптам, спачатку павольна, а потым усё больш строма задзіралася і лезла ў нізкае неба.
Мыс трохкутнікам – усё вышэй і вышэй – уразаўся ў раку і там, на вышэйшай кропцы, скамянеўшы, абрываўся ўніз.
На парудзелай траве мыса хадзіла дзесяткі два гусей, белых на бурым. І Алма пагнала гусей. Убачыўшы, не вытрымала і забыла першы сабачы закон: не чыніць шкоды ні Чалавеку, ні блізкім Яго, ні падобным на Яго, ні ўсяму, што належыць Чалавеку.
Вясновая кроў віравала ў жылах сабакі, і, адурманены ёю, жадаючы бегчы і дурэць, пёс кінуўся на гусей, а тыя, веерам пабеглі ад яго.
– Алма! Алма! – крычаў Алесь.
Але спаніэлі, з-за вушэй, дрэнна чуюць. Сабака бег за вялізнымі птушкамі, сцелючыся ў паветры, як страла, а тыя з гогатам, валюхаючыся, беглі ад яго. А паколькі пёс адрэзаў іх ад выхаду з мыса, гусі пабеглі да вышэйшай ягонай кропкі, да вастрыя.
Яны беглі цяжка і, ратуючыся, усё часцей дапамагалі сабе ўзмахамі крылаў, трывожна крычалі і падскоквалі. І не маглі ўратавацца і, зразумеўшы ўрэшце, што паратунак толькі ў той стыхіі, ад якой яны адвыкнулі, узбягалі на высокі абрыў.
Узняліся ў паветра белыя ветразі крылаў. Замахалі ўсё часцей і часцей.
Падляцеў першы. За ім другі, трэці, чацвёрты. З цяжкасцю адрываючы снежныя тулавы ад зямлі.
Гусі склізнулі ўніз. І калі Алесь выбег на вышэйшую кропку мыса, побач з аканфужаным сабакам ён убачыў Дняпро і гусей.
З вышыні сорак сажэняў ён бачыў іхні палёт. Бачыў так, як амаль ніколі не даводзіцца чалавеку бачыць палёт птушкі: зверху. І гэта было так, што ў самога замерла сэрца і, здаецца, выраслі крылы. Птушкі ляцелі зніжаючыся, але так паступова, што гэтага нельга было заўважыць. З выцягнутымі шыямі, з распасцёртымі крыламі, як белыя крыжы, як белыя лебедзі.
А пад імі на добрых дванаццаць вёрст, амаль да гарызонту, ляжаў чорны, пасечаны ветрам Дняпро, і ад гэтага бязмежнага абшару веяла холадам, нязмернай трывогай і адчаем. І па ўсім гэтым абшары хадзілі валы. Адзін за адным, адзін за адным. І з усяго гэтага мора вады ляцеў шолах і гул.
А над чорнай вадой ляцелі ўдалячынь снежныя гусі. Выцягнуўшы шыі, распасцёршы ветразі крылаў, яны ляцелі, будзячы свет трывожным крыкам:
– Анг-анг-анг!
Далей, далей, туды, дзе вада, вада і вада. Горы чорнай вады, пабеленай на грэбнях снежнай, як птушкі, пенай.
Ад лікавання пахаладзела сэрца.
– Анг-анг-анг! – як срэбныя трубы, гучала над чорнай вадой. Пена. Пена. Пена. Базальтава-чорныя прорвы. Паўсюль. Без мяжы. А над імі – гусі. Над пярэстым да краю, над страшным Дняпром. Ён стаяў і глядзеў. Яму хацелася за птушкамі.
Ішлі града за градой высокія, у тры росты, валы. Ішлі, ішлі, каціліся, неслі снежную на чорным пену.
А над валамі, удалячынь, ляцелі белыя гусі.
– Анг-анг-анг!
А потым Дняпро схапіў іх недзе далёка, вярсты за дзве ад берага, і загойдаў на хвалях, як гінучую флатылію, якую разбіваюць валы. Але астатнія яшчэ ляцелі з трывожным крыкам далей і далей.
Далёка. Далёка. Далё-ка.
II
Ён ішоў па задворках Загоршчыны, мінаючы вёску, і ўжо бачыў наперадзе нагія шаты векавога маёнткавага парку, калі раптам пачуў прыглушаны надвор'ем, але гучны хлапок.
Стралялі. І стрэл прагучэў зусім блізка ад яго, у кароткім завулачку, што прымыкаў да галоўнай вулкі сяла.
Упэўнены, што гэта па ім, – Алесь прыгнуўся за калючай глогавай агароджай. Яна была рэдкая і добра схаваць яго не магла, і таму ён шукаў вачыма надзейны прытулак. Яго трохі здзіўляла толькі тое, што замах зрабілі так блізка ад вёскі: той, хто страляў, рызыкаваў тым, што мужыкі, убачыўшы, разарвуць яго. Але думаць не было часу. Дзе ўбачыў, там і стрэліў.
Весніцы гэтага завулка выходзілі на самае нізкае месца наваколля, усё пакрэсленае канавамі, для дрэнажу. Канавы былі адначасова і межамі гародаў. Зямля, выкінутая з іх, утварала ля канаў высокія валы, а на валах, загадам Вежы, былі калісьці пасаджаны яблыні. Цяпер яны былі спрэс старыя, скарлючаныя, зарослыя, нягледзячы на пабелку, лішаямі. Некаторыя гаспадары сцягвалі на гэтыя валы ўсе каменні, што трапляліся на палёх, ад малых і да вялікіх валуноў, і складалі іх там сценкай.
Прыкмеціўшы бліжэйшую такую сценку, Алесь ірвануўся і перабег туды. Цяпер можна было аглядзецца, што і як.
Гароды тут не былі вялікія – так, абы, не трацячы часу, выдраць нейкую морквіну, – і зусім блізка ад сябе Загорскі бачыў высокія весніцы завулка, а за імі шчапляныя, з вельмі доўгай шчапы, дахі. Людзей вакол не было. Тут наогул мала бывалі людзі. Вялікія гароды кожнай хаты былі на плоднай зямлі над Папараццю. А тут прыйдуць, ускапаюць, кінуць сёе-тое ў зямлю ды і спустошаць да жніўня на штодзённы стол. Толькі ўвосень валы кішэлі народам: дзеці і маладзіцы цягалі кіславатыя яблыкі, круціліся пад грудзьмі дзецюкоў білы дзедаўскіх прэсаў, мутны яблычны сок сцякаў у цэбры, і ў паветры пахнула свежым, трохі трывожным, як маладосць, водарам, і сок гэты потым брадзіў і віраваў у бочках і даваў віно, якое пілі разам з півам і мёдам і крупнікам, а часцей за ўсё проста за абедам, як ваду, ці яшчэ лепей, на пахмелку.
Але цяпер, вядома, валы і гароды былі бязлюдныя. Дзеці не чамкалі посеркамі, старыя не бурчэлі на моладзь, што ўпотай цалавалася пад аховай глогавай ці торнавай сцяны.
Цяпер тут нехта страляў. У поўным непаразуменні Алесь аглядзеў хаты, весніцы, раскіслую глебу гародаў, валы, сценкі з белага каменю, каравыя яблыні. Потым азірнуўся і ўбачыў за спіною ўзгорыстыя верасовыя пусткі, зусім яшчэ бурыя ад сухога леташняга верасу.
Нікога. А між тым ён мог бы паклясціся, што чуў, як наводдаль ад яго, сажэняў за пяць, слаба, бо пры канцы лёту, запляскаў па агароджы шрот.
Не разумеючы, што да чаго, ён яшчэ думаў: прабірацца яму да парку ці, можа, насустрач небяспецы, калі пачуў у завулку немы, на вышэйшых нотах, крык. Чалавек крычаў захлынаючыся, відаць, для таго, каб напалохаць кагосьці, і здалёк гэта чулася як неразборлівае "ла-ла-ла-ла!!!". Была нейкая мітусня, нехта за кімсьці гнаўся. Потым ляснуў яшчэ адзін стрэл. І тады Алесь зразумеў, што гэта не па ім, што ў Загоршчыне чыніцца нешта дзіўнае.
Ён кінуўся быў туды, але адразу спыніўся, таму што позірк ягоны ўпаў на Алму.
Сабакі – мужны народ. Часам куды больш мужны, чым людзі. Алма, нягледзячы на тое, што яна была спаніэль, а значыць, сабака падатлівы, лагодны і не заўсёды кемны, – не была выключэннем.
Але тут і Алеся здзівіла змена, якая адбылася з сабакам. Сам захоплены палётам гусей, ён пакараў Алму не вельмі строга, пагардай. І тое, што зараз адбывалася з ёю, не магло быць помстай.
Яна не хацела ісці за гаспадаром, цягнулася нага за нагу, нібы нешта прадчувала. Падціснуты, падведзены зад, вушы абляпілі круглую галаву.
– Алма, што такое?
Пёс ціснуўся да ног. Той пёс, у якім Алесь, з дапамогаю Карпа, развіў мала ўласцівую гэтай пародзе мужнасць кідка, настойлівасць і рэдкую для спаніэляў адчайную смеласць (у наваколлі за апошнія гады развялося чорт ведае колькі дзікіх катоў, і без смеласці ў "плотных", "крэпкіх" месцах было – хоць і не палюй).