Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 174)
Вясёлкавыя дрэвы ззялі за ім. Загорскі ўзняў галаву і стаў глядзець угору, але не вытрымаў і зноў апусціў вочы: “Ну, хутчэй страляй!”
У руцэ ў Якубовіча плесканулася белае… Ударыў пярун.
Алесь пахіснуўся. Потым убачыў, што на левым плячы злёгку дымее сарочка: маленькі карычневы след, бы прыпалілі.
I тады, разумеючы, што Франс прамахнуўся, Алесь уздыхнуў.
Ён убачыў, што твар Хаданскага скрывіўся, нібы Ілля кляў Франса. У выніку яны цяпер не сумняваліся.
Нехта сунуў Алесю ў руку пісталет. Той непаразумела зірнуў на яго, потым на Раўбіча, які стаяў вельмі проста, усімі грудзьмі да яго, і вельмі бледны.
– Глядзі цяпер, – сказаў Выбіцкі.
Мсціслаў глядзеў на Алеся з трывогай, нібы разумеў.
– Нічога, брат, – сказаў Франсу Якубовіч. – Ты… смялей. Гэта нястрашна.
Яны адышлі. Франс скасіў быў вочы, не разумеючы, чаму гэта яны пакідаюць яго на самоце. Потым уздыхнуў і стаў глядзець на Алеся.
Нясцерпна было доўжыць яго страшнае чаканне. I Алесь, не чакаючы ўзмаху хусткі, узняў угору цяжкі пісталет, дачакаўся, пакуль хлапячок дыму паплыве над яго галавой, і адкінуў зброю ўбок. I ўбачыў аблічча Франса. Божа мой, гэтаму абліччу, здавалася, падарылі сонца!
Гусар і Хаданскі, якія не чакалі стрэлу і глядзелі на Мсціслава, кінулі вачыма на Франса і падумалі, што Загорскі ў сваю чаргу прамахнуўся.
– Наш! – закрычаў Ілля. – Наш стрэл!
Кінуўся да Раўбіча з другім пісталетам.
Франс, яшчэ не разумеючы, стаў уздымаць руку.
Мсціслаў крэкнуў з прыкрасці. Выбіцкі з жахам глянуў на Алеся. Усё гэта Загорскі заўважыў у долю секунды… Франс цэліў яму проста ў лоб.
“Ну, вось і ўсё, – падумаў Алесь. – Ён не здаволіўся”.
I раптам нешта здарылася. Твар Франса здрыгануўся і ўвесь нібы закалаціўся.
Франс… кінуў пісталет вобзем.
“Пэўна, курок зломіць”, – яшчэ нічога не разумеючы, падумаў Алесь.
Раўбіч зрабіў некалькі крокаў ад месца сутычкі – цень ягоны загайдаўся на роснай шэрай траве, – а потым кінуўся да Алеся, яшчэ на бягу працягваючы рукі.
– Алесь… Даруй мне… Даруй…
Якубовіч паглядзеў на дзве постаці, што зліліся ля аднаго з плашчоў, і суха сказаў Іллі:
– Мяркую, наша прысутнасць тут больш непатрэбна. Дзіцячыя гульні.
Яны пайшлі да коней. Ніхто не звярнуў увагі, як яны рушылі краем дубовага гаю.
…Калі праз некалькі хвілін з боку сцежкі на Раўбічы даляцеў шалёны пошчак капытоў, Франс адарваўся ад Алеся. Вусны ягоныя трэсліся. Шчокі былі заліты слязымі.
– Братка, – сказаў ён, – адпусці яе са мною. Я клянуся табе, я ўгавару бацьку… Да канца, да самага канца можаш разлічваць на мяне.
ХІІІ
Пецярбург прачынаўся. У лютаўскім гнілым тумане куранты хрыпата, нібы з прастуды, нібы праз піўны кашаль, зайгралі “Коль славен наш господь в Сионе”.
Абрыдліва, увесь у слаце і мокрым снезе, уставаў над зямлёй світанак. Аблупленыя будынкі, шэрыя ад вільгаці палацы, цьмяныя агні ў вокнах, мокры, але моцны яшчэ лёд на Няве.
Мужчына, які выйшаў з глухога, як труна, пад’езда, паглядзеў вакол і сцепануўся, хутаючыся ў футра: так непамысна было вакол.
Фурман Варфаламей падвёў вараных і карэту да самага ганка, і ўсё ж той, што выйшаў, ледзь не чарпануў слаты вышэй галёшаў. Фурманава рука падтрымлівала апушчаную падножку.
– Добрай раніцы, Варфаламей, – з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек.
– Раніцы добрай, Пётра Аляксандравіч, свет вы наш. Ножкі прыкрыйце. Дзьме. Ніякая не добрая тая раніца. Здароўечка каштоўнае страціце.
Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі запонай і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца.
Вуліцай ляцеў ці то жоўты дым, ці туман. Даносіла пахам золі, снегу і гною. Аблічча таго, што ехаў, скрывілася. Зноў цэлы дзень трэба ездзіць. Спачатку да міністра дзяржаўных маёмасцяў, якому ён абавязаны кар’ерай і ў якім, відаць, вось-вось перастане мець патрэбу. Потым, з ім, на пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Праўдзівей – ён пакуль што не член савета, – чакаць у пакоях камісіі, пакуль не спатрэбіцца. Потым справы ў трэцім дэпартаменце міністэрства. Перад гэтым ён ледзь паспее паабедаць. А пасля дэпартамента – вечар у вялікай княгіні Гелены Паўлаўны, адзінае больш-менш прыемнае здарэнне за ўвесь дзень.
Добра толькі тое, што знік з дому. У жонкі мігрэнь. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны, Нікс. Не ўзяў у спадчыну ягонай цвёрдасці і ягонага розуму.
Што ў яго самога ёсть розум, чалавек ані хвіліны не сумняваўся. Ды так яно, бадай, і было.
Чалавеку было сорак пяць год, але ён здаваўся трохі старэйшым ад даўно звыклай карэктнасці і стрыманасці. Высокі лоб, плоска прылізаныя над ім валасы, у дзіўным спалучэнні з імі – кучаравыя бакенбарды, мясістыя вялікія вушы.
Твар звужаўся да падбароддзя, але яно было цяжкае. Відаць, чалавек ведаў, чаго ён хоча. Шкодзіла гэтаму ўражанню толькі іронія ў складцы рота і стомлены сум у вачах. Бровы навісалі над вачыма, высока – ля пераносся, нізка – ля скроняў. І нос навісаў на рот; калісьці просты, а цяпер абвіслы і таўставаты на канцы нос.
Словам, твар паважнага бюракрата. Трывожылі толькі вочы. Іронія, сум, стома, розум, чэрствасць і няўлоўная весялосць арганічна спалучаліся ў іх. Гэта маглі быць вочы іроніка, стомленага бюракрата, дзяржаўнага мужа. Гэта былі адначасова вочы вернападданага і вочы знаўцы свету – пісьменніка. І самае дзіўнае, што так яно ўсё і было.
Чалавек, што ехаў у карэце, быў Пётр Аляксандравіч Валуеў, без двух месяцаў упраўляючы міністэрствам унутраных спраў, без дзевяці месяцаў – міністр і роўна без дзевятнаццаці год – граф. Былы нястойкі ліберал, былы ўлюбёнец Мікалая Першага, а цяперашні “асвечаны кансерватар” і дырэктар двух (а ўсяго было чатыры) дэпартаментаў міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, правая рука міністра Мураўёва, былога магілёўскага губернатара, у будучым ката Беларусі і Літвы.
Варфаламей успомніў, што забыў спытаць, куды ехаць. З касцяной трубкі пачуўся пачцівы голас:
– Куды везці, вашамосць?
– Да міністра дзяржаўных маёмасцяў.
Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам.
Пад’язджалі да дома, які саноўнік не любіў, хоць бываў у ім у гады маладосці, з нявестай, будучай першай жонкай, дачкой паэта князя Вяземскага. Ён не мог не думаць, што зрабіў добры выбар. З усёй маскоўскай моладзі Мікалай найбольш любіў яго, Валуева, і Скараціна, загадаў нават паступіць у першае аддзяленне ўласнай канцылярыі. Трэба было замацаваць прыхільнасць.
А Вяземскі быў адзін з найбольшых улюбёнцаў цара. Невядома за што, бо ў доме князя бывалі Сталыпін і Жэрве, і ледзь не самы блізкі друг гаспадара быў Пушкін. Дзіўны часам звязваецца ланцуг!
Ён, Валуеў, тады быў франдзёр, як цяперашні шэф калісь. Уваходзіў у “гурток шаснаццаці”, дзе былі той самы Жэрве, “Монга” – Сталыпін, нябожчык Лермантаў, цяперашні эмігрант князь Браніцкі. І яшчэ таксама эмігрант і супрацоўнік “Колокола” П.В.Далгарукі. Ды яшчэ Шувалаў Андрэй, што цяпер таксама лезе ў вернападданыя. Адзінае суцяшэнне на шляху.
…Заплюшчыць вочы, праязджаючы паўз дом, дзе памёр Пушкін… Пушкін чамусьці меў да яго сімпатыю.
“Шаснаццаць” збіраліся пасля балю, вячэралі, курылі і размаўлялі, размаўлялі, размаўлялі. Трэцяга аддзялення і ягоных падвалаў быццам не было… Лермантаў крычаў аб тым, што ўладарам трэба разбіць галовы кайданамі, як раіў ілімскі вязень… Бедалага Лермантаў! Вось і з гэтым, пасля Пушкіна, звязаў лёс.
Валуеў, як заўсёды, расплюшчыў вочы зарана. Якраз ля яго была арка пад’езда, у які прывезлі паэта. Потым ля гэтага пад’езда плыў натоўп.
Пушкін любіў яго, Валуева, узяў прататыпам для Грынёва з “Капітанскай дачкі”… Цяпер гэта было Валуеву непрыемна, хоць трохі і казытала недзе, калі трэба было апраўдацца перад сабой… Мішэль Лермантаў плакаў, калі
Цяпер абодва мёртвыя. Не паспелі своечасова адысці ад памылковых поглядаў маладосці. А ён – жыве. Ён быў чыноўнікам асобых даручэнняў пры курляндскім генерал-губернатары, курляндскім грамадзянскім губернатарам, і…
…У глыбіні душы ён ведаў, што вартасць ягонага “служэння айчыне” нічога не варта перад “служэннем” забітых, хоць яны пратэставалі і разбуралі. Каму трэба ведаць, хто быў у Курляндыі грамадзянскі губернатар у час Гогаля? І ён глыбінямі душы здагадваўся, што таму губернатары і помсцяць паэтам: адчуваюць сваю мізэрнасць і непаўнацэннасць. Маўляў, нажыліся, нашкодзілі, лізалі пяты, а ён у гэты час “Мёртвыя душы” пісаў.
Але яму трэба было выбіраць: ці паміраць з голаду на пісьменніцкім хлебе ў прадчуванні славы, ці бясслаўна служыць. Ён вырашыў служыць, але славалюбна, аддана, уедліва. Людзей, якія робяць палітыку краіны, таксама часам памятаюць.
…Валуеў адарваўся ад думак. Урэшце “Северная пчела” абвясціла, што ў “сёмае цараванне Аляксандра” (“Што за дурасць! Якое сёмае цараванне?”) у дні посту адбудзецца вядомая ўсім падзея.
Хай бы хоць лета. Яміны на вуліцах. Бруд, бруд, бруд.
Ён раптам прыпаў да акенца. Манумент Мікалая (“дурань даганяе разумнага”) упрыгожаны ля п’едэстала вянкамі. Таксама маўклівая маніфестацыя крайніх прыгоннікаў: “Глянь, маўляў, вось табе ў лютым жывыя кветкі. Гэты жорстка цараваў, аб рэформах і не думаў, трымаў усё стальной рукой – затое і моцная была Расія. Праўда, набілі пад канец, але лепей ужо з бітай мордай ды на рабах, чым так, як ты, гасудар”.