реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 173)

18

– Браткі, паездзім яшчэ трохі, – узмаліўся ён.

– Глядзі, – сказаў пан Адам. – Занадта хочаш жыць.

– Не крумкай, – сказаў Мсціслаў Маеўскі. – Лухта гэта. Вядома, паездзім.

…Франс яшчэ здалёк убачыў трох коннікаў, якія вырваліся з лесу.

– Урэшце, – сказаў бледны Ілля.

Коннік раптам спыніўся, потым усе трое пачалі набліжацца ступою.

Нахабныя вочы Якубовіча сталі злосныя:

– Чорт ведае што. Спазніцца на сорак пяць хвілін.

– Я ж казаў: пачакаем, – абыякава сказаў Франс. – Магчыма, гадзіннік.

Якубовіч засмяяўся:

– Па-мойму, яны выгандлёўвалі лішнія хвіліны жыцця. – Ляснуў Франса па плячы: – Ану, куражу, хлопчык.

– Правільна, што я цябе падтрымаў наконт чакання, – сказаў Ілля Франсу.

Прывіталіся.

– Так нельга, панове, – сказаў, выскаляючыся, Ілля.

Мсціслаў паказаў гадзіннік.

– А ваш, пане Загорскі?

– Забыў,- паціснуў плячыма Алесь.

– Што ж, панове, – сказаў гусар, – вам астаецца толькі папрасіць адзін у аднаго даравання.

Франс, бледны, але спакойны, глядзеў убок і маўчаў. Горкая зморшчынка ляжала ў яго між брывамі. Загорскі адчуваў, што любіць у ім усё… I вось грымне стрэл.

“Ах, як усё атрымалася! Трэба было пераводзіць стрэлкі на гадзіну”.

– Панове, я яшчэ раз запрашаю вас памірыцца, – сказаў Выбіцкі.

– Я гатовы, – сказаў Алесь.

Франс маўчаў. У яго толькі злёгку дрыжаў краёчак рота. I тады Алесь сам зрабіў спробу прымірэння. Яго зараз нішто не магло прынізіць.

– Франс, – сказаў ён, усміхаючыся, – ты ведаеш, я не баюся. Але нашто ліць кроў? Ты не ведаеш, але…

Ілля перапыніў яго:

– Панове, ды што ж гэта? Гэта супраць правіл, самім… Калі абодва бакі баяцца, хай так і скажуць. Тады мы зоймемся чым-небудзь больш вартым… Плесці вяночкі будзем, ці што?

Франс не ведаў таго, што ведаў Алесь і што рабіла лухтою ўсе словы і ўсе ўмовы на зямлі. Ён спалохаўся.

– Ілля мае рацыю, – сказаў ён.

Алесь паківаў галавою. Ах, якая гэта ўсё лухта!

Не, ён не будзе чыніць зла гэтаму чалавеку, які не ведае, што робіць. Хай, калі першы стрэл выпадзе яму, забівае. Калі пашэнціць яму, Алесю, ён стрэліць у паветра і, нягледзячы ні на што, папросіць у яго даравання. Тады ніхто не падумае, што ён спалохаўся.

Секунданты пачалі мераць убаку крокі. Нізкае сонца асвятляла шэры ад расы поплаў.

“Дурань, дурань, Франс. Нашто гэта табе? Ну і страляй, калі дурань. Ты не бачыў, як цэлы сусвет быў меншы за адну тваю сястру. Ты яшчэ ні ў чыіх вачах не бачыў зор. Я зраблю так, што ты ўбачыш. Бо ў цябе, у брата яе, я страляць не буду. Ты мой брат. Усе людзі – браты. Калі заб’еш – гэта лепей, чым заб’ю я. Бо калі я заб’ю – шчасце ўсё адно скончана. Бо тады я ўсё адно не змагу гасіць па чарзе зорныя светы: адзін за другім”.

На адлегласці ў дваццаць крокаў адзін ад аднаго ляжалі кінутыя чорныя плашчы, нібы гэта двое з тых чорных ужо ляжалі забітыя, адмячаючы бар’ер смерці. Сапраўды, як два трупы ў чорным. I якраз на тых самых месцах. Ля аднаго з іх праз некалькі хвілін ляжа таварыш.

Секунданты падышлі.

– Чые пісталеты? – нахабна ўсміхнуўся Мішка.

– Мяркую, жэрабя, – раптам раззлаваўся Мсціслаў.

Ён падумаў, што калі людзі вяжуцца да ўсякага выпадку, дык усё адно знойдуць магчымасць прычапіцца. Прапануеш свае – “ага, даражэйшыя, нашымі грэбуеце”. Прапануеш іхнія – “за свае, парыжскія, баіцёся”. Ён ведаў, што ён несправядлівы, і злаваў на гэта.

– Чаму ж, давайце мае, – проста сказаў Алесь.

– Згода, – паспешліва сказаў Франс.

– Пойдзем да бар’ераў,- з уздыхам сказаў Адам Выбіцкі.

Усе сталі блізка ля Алеся.

– Жэрабя? – з нецярплівасцю кінуў Ілля.

– Давайце, – сказаў, скалячы зубы, Якубовіч. – Каб не было спрэчак, хто арол…

– Кінь паяснічаць, – сказаў, сцяўшы вусны, Франс. – На вось табе.

Ён выцягнуў з кішэні жаўтаваты кубік.

– Выбірайце, хто ніжэй трох.

Алесь адчуваў, як усё ў ім звініць.

“Божа, зрабі так, каб першы стрэл быў мой. Я не хачу ў яго страляць. I як дрэнна будзе яму, калі ён, дурны, цёмны чалавек, заб’е мяне, а потым даведаецца”.

Ён адразу ж зразумеў, што просіць не аб тым, і каб хто прачытаў ягоныя думкі, пагарда таго чалавека да яго была б невычэрпная. I Алесь змоўк, то бок перастаў думаць.

Мсціслаў знайшоў у двух кроках вымачынку з голым, як бубен, дном. Усе паселі туды, звесіўшы ногі. Здалёк здавалася, што людзі выпіваюць.

Кубік пакаціўся з Якубовічавай рукі. Усе схіліліся.

– Тры, – сказаў Мішка.

– Дай я, – нецярпліва ўзяў косць Мсціслаў.

Ён паматляў рукою і рэзка кінуў. Алесь глядзеў не на косць, а на яго і ўбачыў, як друг збялеў.

– Пяць, – сказаў Хаданскі.

Цяпер збялеў Франс. Хацеў быў нешта сказаць і змоўк.

Яны спыніліся ля Алесевага бар’ера.

– Ідзі, – сказаў Ілля Франсу.

Франс пайшоў на свой бар’ер. Гусар і Хаданскі дамаўляліся яшчэ аб нечым з Выбіцкім. Мсціслаў стаў ля Алеся.

– Даруй, братка, – сказаў ён. – О, чорт, даруй!

– Нічога, – усміхнуўся Алесь.

Алесь не глядзеў у бок Франса. Ён глядзеў вакол.

Перад ім ляжаў дымна-шэры поплаў, а за ім вясёлкавыя радасныя дрэвы. Нізкае сонца стаяла з боку за Алесевай спіной. Ад секундантаў і ад яго, Алеся, ляжалі доўгія цені на роснай траве.

– Падрыхтавацца, – сказаў Мішка. – Смялей, князь.

Загорскі стаў глядзець на Франса. Раўбіч у дзіўным павароце стаяў супраць яго.