Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 175)
На кветкі ляцела брудная слата.
Была дэманстрацыя прыгоннікаў і на паніхідзе па Мікалаю ў Петрапаўлаўцы. Таксама з кветкамі. Ён усміхнуўся, прыдумваючы, што скажа на суарэ ў вялікай княгіні.
“Цветы, впрочем, искусственные; такова же и демонстрация”.
І зноў зморшчыўся. Генерал-губернатор абвясціў ва ўсіх газетах, што ніякіх пастаноў па сялянскай справе не будзе. Так нельга. Сухое адмаўленне, сухое слова “ніякіх” магло толькі раздражніць народ.
Настрой быў благі. Паціраючы вузкія ледзяныя рукі, дырэктар дэпартаментаў, каб палепшыць гумор, думаў аб тым, што заўсёды радавала: аб уласным узвышэнні.
У глыбіні душы ён не верыў у моц сістэмы. І менавіта таму з усіх сіл хацеў палепшыць і ўмацаваць яе. Ён ведаў, што новай сістэмы яму не дачакацца, і таму хацеў спакойна пражыць свой век пры старой. Таму часам быў вернападданы да таго, што аж самога нудзіла. Таму і прапаноўваў аддаць лёс вызваленых, “на першы час”, у рукі ранейшых гаспадароў, а не ў рукі чыноўнікаў. “Конечно, первые не будут часто беспристрастны, но зато последние большей частью будут неблагонадежны”. Ён сам адчуваў, што гэта лухта, але іначай не мог. І менавіта таму, што ён адчуваў хлусню і здзерства, якія чыніліся вакол, ён выбраў сабе, на ўзыходзе сваёй кар’еры, зусім іншы сродак для яе.
Ён заўважыў, што разумная крытыка – не вышэй дапушчальнай нормы – выклікае прыхільнасць начальніка, калі ён не дурань, да таго, хто крытыкуе. Крытыка, калі яна толькі казыча, прымушае начальніка верыць у добрыя намеры падначаленага, у адсутнасць ліслівасці ў ягоным сэрцы. Лухта, што імператар любіў пякучую крытыку і нават сам патрабаваў яе! Пастка для дурняў.
Валуеў з усмешкай успомніў, як ён падаў запіску “Дума рускага ў другой палове 1855 года”. Гэта была міна, да якой ніхто не дадумаўся б.
“Благоприятствует ли развитию духовных и вещественных сил России нынешнее устройство разных отраслей нашего государственного управления?”
Цяпер трэба было толькі не сарвацца, не перагнуць у адказе. Ён не вельмі баяўся. Адказнасць за недахопы нёс нябожчык Мікалай. Цараванне Аляксандра аставалася яшчэ чыстай старонкай, і маладому цару патрэбна было рэнамэ свабодалюбца і дэмакрата. І таму Валуеў адказаў:
“Отличительные черты его заключаются в повсеместном недостатке истины, в недоверии правительства к своим собственным орудиям и пренебрежении ко всему другому. Многочисленность форм составляет у нас сущность административной деятельности и обеспечивает всеобщую официальную ложь. Взгляните на годовые отчеты: везде сделано все возможное, везде приобретены успехи, везде водворяется если не вдруг, то, по крайней мере, постепенно, должный порядок. Взгляните на дело, всмотритесь в него, отделите сущность от бумажной оболочки, то, что есть, от того, что кажется, и редко где окажется прочная плодотворная почва. Сверху – блеск, а внизу – гниль… Везде пренебрежение и нелюбовь к мысли, движущейся без особого на то приказания. Везде опека над малолетними"[139].
Ён усё ж баяўся. На ўсякі выпадак трэба было знайсці моцнага заступніка і абаронцу. І ён падвёў другую міну.
“Лишь Морское министерство… не обнаруживает, подобно другим ведомствам… беспредельного равнодушия ко всему, что думает, чувствует или знает Россия!!!”
Генерал-адміралам Марскога міністэрства быў вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч, брат цара. І адзін бог ведае, як потым ён і вялікая княгіня Гелена Паўлаўна, да якой ён сёння пойдзе, падтрымалі яго. Доступ у салон вялікай княгіні, здзіўленне цара, падтрымка вялікага князя аж да загаду па ведамству, каб начальства не хлусіла, як заўсёды, нібы ўсё ў яго цудоўна.
І дарма. Бо скончыў ён запіску – Валуеў усміхаецца – так:
“В России так легко сеять добром! Русский ум так восприимчив, русское сердце так благородно! Россия – гладкое поле, где воля правительства не встречает преград. Не скажет ли оно народу: да будет истина меж нами, и не вспомнит ли красноречивых слов, сопровождавших герб одного из древних русских дворянских родов: уму нужен простор!… Россия взывает к венценосному вождю своему с безмолвною мольбою. Сердце царево в руце божьей”.
Ён ведаў, усё гэта будзе голасам, які лямантуе ў пустыні, і, як раней, будзе штамп, і бюракратызм, і мярцвячына, і зноў забароняць выезд за мяжу, які накладае “домашний арест на свыше 60 миллионов верноподданных его императорского величества”.
Праз два гады яго прызначылі дырэктарам другога дэпартамента. Яшчэ праз год – трэцяга. І яшчэ ён – старшыня вучонага камітэта міністэрства. І яшчэ – правая рука Мураўёва. І яшчэ – статс-сакратар. І – двойчы! – павялічаная пенсія. І штогод, да канца жыцця, пяць тысяч срэбрам, і ўзнагароды, і пакеты з “благоволениями”.
У час, у час усё было зроблена. У час змагаліся разам з Мураўёвым супраць праектаў рэдакцыйных камісій аб рэформе. Але ўвесь час ён гуляў у бесстароннасць і быў “трохі-трохі не з урадам”, напрыклад, у справах польскіх, бо патрабаваў “маленечкіх” уступак палякам.
Цару не спадабаліся крайнія прыгоннікі. Валуеў ледзь не памыліўся, але хутка спахапіўся. Пачаў крытыкаваць іх, пачаў хваліць меншасць, заўважаць у іх “зрелость и образование, беспристрастие и правильность взглядов”. І зноў паварот.
Ён дапускаў, што яго могуць зваць “флюгерам”. Што ж, флюгера не ломіць ніякі вецер. І ён гаварыў пра неабходнасць свабоды друку, але не разумеў пад гэтым “поўнага прастору для развіцця матэрыялізму і дэмакратычнай прапаганды”. Гаварыў пра неабходнасць уступак палякам, але казаў, што польскае пытанне можна вырашыць не ў Варшаве, а толькі ў Маскве і ў Пецярбургу.
Не любіў Мураўёва, але не падаваў выгляду. Мураўёў пакуль што быў моцны, Мураўёў мог яшчэ дапамагчы Валуеву і лічыў выхаванага і адданага чалавека, які ўсім, многім, быў яму абавязаны, сваёй крэатурай.
Мураўёў рабіў глупства. Не ведаў сапраўдных адносін крэатуры. Крэатура лічыла, што чалавеку, якому шэсцьдзесят пяць год, даўно трэба саступіць сваё месца.
І амаль з радасцю Валуеў адчуў, што за апошні час зорка Мураўёва цьмянее. Гасудар быў халодны з ім. Пры нядаўнім дакладзе не падаў яму рукі. А ці даўно лісіца Клейнміхель называў Мураўёва “агульным збавіцелем”?
Вось яно! Амаль з прагай ён лавіў гэтыя адзнакі няміласці. Нават для гасудара Мураўёў стаў ці не занадта правы. Гнуткасці палітычнай няма. Дык ідзі ж у адстаўку. І ўсё ж, нават калі пойдзе ў адстаўку – адносін занадта не псаваць. Такія часам прыдаюцца ўладам. Калі ўлады пачынаюць забываць аб лібералізме. Тады якраз і патрэбны людзі са стальнымі сківіцамі.
…Коні мясілі брудны снег на Ліцейным. Дворнікі ледзь паспявалі зграбаць яго ў кучы, але на бруку ўсё адно была каша. Валуеў глядзеў у акно. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Стаяў сокры, відаць сухотны, італьянец, прадаваў з латка гіпсавых напалеонаў і бісквітных голых жанчын. Па статуэтках кроплямі сцякала вада. Дырэктар успомніў, што на Беласточчыне ўзнікла дзіўная секта пад назвай “напалеонаўшчына”. Людзі патаемна збіраліся і маліліся перад бюстам Напалеона. Тое самае перакінулася і на Пскоўшчыну. Ідыёцкая краіна! У што б ні верыць, абы не ў добрыя намеры імператара. Сектантаў Валуеў ненавідзеў. Таксама ён цярпець не мог раскольнікаў. Уся гэтая публіка – хай сабе і руская паходжаннем – не была рускай. Назву “рускі” маглі з поўным правам насіць толькі тыя людзі, што моляцца ў Ісакіі (хаця ён і змрочны, як склеп), у дварцовай і Канюшаннай царквах. Трохі падазроныя былі нават людзі, што маліліся ў Петрапаўлаўцы. Вядома, гэта магільня імператараў, але Валуеў не ўхваляў гэтых чужых па стылю збудаванняў, гэтых галандска-нямецкіх штучак вялікага Пятра.
Рускімі ён таксама трохі пагарджаў. І асабліва не любіў славянафілаў, накшталт Пагодзіна, з іхнім “родным квасам”. Гэта называецца – краіна! Ні Таквіляў, ні Гізо, ні Бокляў – нічога. Апошнія дні обер-паліцмайстар сталіцы Паткуль хвастаў дворнікаў і аднаму адваліў шчырай рукою дзвесце пяцьдзесят лозаў за тое,
што ён нібыта сказаў, што калі аб’явяць волю, то ён закрычыць “ура”. Так вось мы і ў еўрапейцаў ператвараемся.
Жорсткія вусны саноўніка сціснуліся. Праязджалі паўз адзін з самых ненавісных у Пецярбургу дамоў. Тут розныя Някрасавы і Дабралюбавы, дваране не з лепшых ды семінарысты, практыкуюцца ў нігілізме і “падкопах пад карэнне”.
Някрасава ён трохі ведаў. Досыць непрыемная асоба, але асабіста ён не змоўшчык. У яго ёсць грошы. І ўсё адно ён чужы.
Вось нядаўна яны шумелі аб “Заходнім краі”. Услед за Герцэнам. Філія рэдакцыі “Колокола”. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ асобную, беларускую нацыянальнасць. Мала ім цяганіны з украінафіламі. Ніякай асаблівай маларасійскай, ніякай беларускай мовы не было, няма і быць не можа.
Ён насілу прызнаваў нават права палякаў на мову. Ва ўсякім разе, яму не хацелася гэтага. Існаванне Польшчы, Літвы, Беларусі азначала, што так ці іначай давядзецца ступіць на шлях рэформ, шлях абрыдлівы, шлях, магчыма, гібельны, але неабходны. Бо, вядома, Расіі трэба толькі існаваць, каб ніколі не было незалежнай Польшчы[140] і іншага такога; але для таго, каб Польшча канчаткова ўлілася ў Расію і з ёю зраднілася, неабходна, каб імператар дараваў рускаму народу палітычнае жыццё. Народ, палітычныя правы якога абмяжоўваюцца правам плаціць падаткі, правам ставіць у армію рэкрутаў і крычаць “ура”, яшчэ не мае асіміляцыйных сіл.