Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 176)
Паціраючы халодныя вузкія рукі, вельмі зграбныя, хоць і кастлявыя, ён думаў пра карысць Расіі. Ён любіў падумаць пра карысць Расіі. Ён любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва калі слухаюць санавітыя людзі. Ён, урэшце, быў упэўнены, што ён дбае пра карысць Расіі.
Карысць Расіі, на яго думку, была ў тым, каб інародцы не смелі і падумаць, што яны не рускія, каб яны паступова і сапраўды пераставалі думаць пра гэта. Паны Някрасавы, Чарнышэўскія і Герцэны, нягледзячы на тое, што яны рускія, думаюць іначай і крычаць аб фікцыі братэрства народаў – тым горш для іх.
Пакуль яны яшчэ не павешаныя, яны думаюць. Якая лухта! Нібы справа тут у самадзяржаўі! Дарослыя людзі займаюцца тым, што гуляюць у цацкі!
Яму дастаўляла асалоду думаць, што яны з іхнім сацыялізмам не больш як сляпыя шчанюкі, што сутнасць няўхільнага гістарычнага працэсу зразумеў толькі ён, Валуеў. Гэта ўзвышала яго ў сваіх вачах амаль да ўсяведнага бога, а іх рабіла цацачнай справы людцамі, якім пакуль што дазваляюць чыніць сёе-тое з таго, што яны хочуць.
Ён здзівіўся б, калі б яму сказалі, што на самай справе любяць Расію яны. Так, ён пагарджаў ёю, але ж ён узвышаў яе і намерваўся ўзвышаць усю астачу свайго жыцця.
Узвышэнне, на яго думку, заключалася ў тым, каб усе баяліся. Яму ніколі не прыходзіла ў галаву, што сапраўднае ўзвышэнне любові, што сувязь любові мацнейшая за сувязь ланцуга, што неад’емныя правы нацый, іх вольнасць і свабоднае развіццё іхняй культуры і мовы – ёсць найлепшы сродак для братэрства. Ён ніколі не думаў, што боязь, уціск мовы і культуры і вечнае выстаўленне перад усімі свайго аўтарытэту і сілы можа прывесці толькі да нянавісці і, значыцца, рана ці позна – да паўстання і адкрытай разні. Калі ён двума гадамі пазней пачаў разумець гэта, было позна.
Не разумеў ён і таго, што максімальная свабода кожнай асобы не развальвае грамадства, а вядзе да яго ўзмацнення, што гэта прымушае кожную асобу не шукаць сродкаў для таго, каб узарваць дзяржаву, а, наадварот, прыкладаць усе сілы, каб узмацніць сваю грамаду, сваю айчыну. Ён, Валуеў, знішчаў нават некаторыя дакументы, якія “падлягалі забыццю ў інтарэсах Расіі”.
Якую такую Расію ён меў на ўвазе, вядома было аднаму толькі богу.
Калі гонар краіны не залежыць ад дзеянняў асобных людзей, то што можа яго знішчыць? А калі залежыць, то вінавата ў гэтым не краіна, а людзі.
…Будучы міністр праязджаў паўз нігілістычнае кубло, жарсткавата звузіўшы вочы. Яны не любілі Расіі, не “споспешествовали” яе велічы. Расію любіў ён.
…Карэта спынілася ля пад’езда міністра дзяржаўных маёмасцяў. На прыступках ганка чыста. Добра, што не прамочыць ногі. І яшчэ лепей было б, каб не давялося сустрэць міністрэсу, Пелагею Васільеўну. Рэдка даводзіцца сустракаць больш з’едлівых і злосных жанчын. Валуеў быў амаль упэўнены, што гэта шматгадовае жыццё з ёю сапсавала міністру характар, які і без таго быў не цукар. І яшчэ міністрэса была кар’ерысткай, больш нават, чым муж.
Ён падымаўся па сходах той асаблівай, выхаванай хадою царадворца і саноўніка, злёгку спружынячы на кожным кроку. Той хадою, калі здаецца, што на нагах цывільнага ўздрыгваюць, пазвоньваюць нябачныя шпоры. Ітут яму стала зноў непрыемна. Ішоў яго двайнік па становішчу, таварыш міністра, генерал-ад’ютант Зеляной. Спускаўся па сходах, відаць, з ранняга прыёму.
“Людзі валуеўскага складу не любяць падобных на іх, як адзін еўнух не любіць другога”, – успомніў Валуеў словы кагосьці з гуртка Замятніна. Замятнін мог бы сказаць тое самая і пра сябе, але ўнутрана Валуеў не мог не згадзіцца са справядлівасцю ягоных слоў. Насцярожанасць супраць Зелянога трывала яшчэ і таму, што той часам кідаў – з вока на вока – надта ліберальныя думкі, нібы запісваў да сябе ў аўгуры: мы, маўляў, людзі свае і можам пагаварыць пра ўсё “не чинясь”. Няхай сабе іншыя гавораць што хочуць – мы занадта добра ведаем сапраўдную вартасць гэтых слоў.
Пратэставаць Валуеву не выпадала. Зеляной быў пакуль што занадта моцны, і таму іх звязвала падабенства сяброўства. Таго сяброўства царадворцаў, калі людзі вельмі добра ведаюць, чаго чакаць адзін ад аднаго.
– Добрай раніцы, Пётр Аляксандравіч, – Зеляной ветла патрос вельмі гарачай рукою руку Валуева.
– Добрай раніцы, мілейшы Аляксандр Аляксеевіч, – завучаная ўсмешка блукала на вуснах Валуева.
У душы ён пасылаў Зелянога ў апраметную. Толькі адзін ён ведаў, якую маленькую помсту ён дазваляе сабе, калі ўпарта піша ў сваіў дзённіках яго прозвішча проста “Зялёны”, і гэта, забаўляючы, трохі мірыла яго з таварышам міністра. І ўсё ж, стаяць на сходах у такое надвор’е, гаварыць на вачах ва ўсіх!
– Даволі дзіўныя меры, – канфідэнцыяльна сказаў Зеляной. – Войска кансігнавалі ў казармах. У кожную паліцэйскую частку камандзіравалі па палове ўзвода.
– Я чуў, – з прыемнай з’едлівасцю ўсміхнуўся Валуеў. – Ва ўсіх баявыя патроны, і артылерыю трымаюць напагатове. І, кажуць, трымалі гатовых коней для імператара.
– Як думаеце, чаму?
– Гм, барацьба за вызваленне ў Расіі небяспечная на вынікі. Самі ведаеце, удзячны народ.
Зеляной рагатнуў:
– Прыслуга кажа, ён не начаваў у сваіх апартаментах, а перайшоў на палову вялікай княгіні Вольгі Мікалаеўны. Спадобіліся!
Зноў пачыналася “размова аўгураў”. Яна была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Зеляной не выпрабоўваў, ён не шэф жандараў, ён проста зневажальнік, патаемны брыдкаслоў і аматар адвесці душу. І ён пакуль што моцны.
Твар Зелянога быў рэзкі:
– Я вам скажу чаму. Ва ўсіх іх – дынастычны недавер да рускіх людзей. Людзі нямецкай крыві.
Гэта ўсім было вядома, але Валуеў сказаў з іранічнай усмешкай, якая не пратэставала, а нібы згаджалася:
– Злітуйцеся. Раманавы?
– Што зробіш. Нават калі лічыць, што Павел быў сын Салтыкова, і то ў жылах гасудара адна восьмая рускай крыві. А іначай – ані кроплі.
– Мы з вамі ведаем, кроў лічыцца не працэнтамі, як у іншых. Радавы дух, вось што галоўнае. Нават калі з пакалення ў пакаленне яны жаніліся б на камчадалках – усё адно, корань жа аднекуль ідзе? І гэта корань Раманавых. Вы ж не перастаеце быць Зеляным, хоць вашы продкі з пакалення ў пакаленне жаніліся на жанчынах іншых прозвішчаў.
Сказана было ўдала. Зеляной прыжмурыўся ад асалоды. З Валуевым можна было мець справу: il a de l'esprit – вастраслоў, дасціпнік.
Валуеў вырашыў усё ж і сам сказаць вольнасць. Няма чаго занадта стрымлівацца. Вольнасць у людзей, так звязаных адзін з адным, у людзей, небяспечных адзін для аднаго, узмацняе давер:
– Хоць, вядома, я дорага даў бы, каб усё гэта мела выгляд большай смеласці… Што міністр?
Ён ведаў, адчуваў, што Зеляной непрыкметна падкопваецца пад шэфа, і не зазнаваў з гэтай прычыны ні абурэння, ні ўхвалення. Усё было вельмі звычайна і так, як мае быць. Ён занадта добра ведаў, што за гэтымі ўсмешкамі, даверам, агульным сваяцтвам, балямі і запэўненнямі ў сяброўстве – увесь час другім фонам ідзе патаемная вайна: самае сапраўднае капанне траншэй, падводка мін, папяровыя стрэлы з-за вугла.
– Ён мне не падабаецца, – сказаў Зеляной. – Скажу вам па сакрэту, яго песенька спета. Хоць, паверце, мне шкада. Мне вельмі шкада. Вы ведаеце, я столькі абавязаны Міхаілу Мікалаевічу.
– Усе мы абавязаны яму, – з прыстойнай журбой сказаў Валуеў. – Усім шкада.
Яны зірнулі адзін аднаму ў вочы і лішні раз упэўніліся, што ўсё разумеюць і што можна гаварыць далей.
– Ведаеце, пры апошнім дакладзе гасудар амаль сказаў Мураўёву, што не жадае мець яго міністрам, – сумна сказаў Зеляной. – Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў нібыта можа абысціся без яго.
Без года міністр дзяржаўных маёмасцяў зірнуў на без дзевяці месяцаў міністра ўнутраных спраў і ўбачыў, што Валуеў разумее яго і не здзіўляецца.
– Вось як? – сказаў Валуеў.
– Так, – сказаў Зеляной. – Ён з гневам і ўдарыўшы па стале сказаў, што не дазволіць міністрам процідзейнічаць выкананню зацверджаных ім пастаноў па сялянскай справе і што ўпраўляючыя палатамі дзяржаўных маёмасцей павінны дапамагаць, а не працівіцца выкананню гэтых пастаноў.
– Бедны Міхаіл Мікалаевіч, – спачувальна сказаў Валуеў. – Вось і май пасля гэтага ўласную думку…
Вочы іхнія адначасова сказалі: “Мы-то з вамі не зрабілі б гэтага. Стары выжыў з розуму. Яму здаецца часам, што гэта ён – цар, а з імператарам, няхай і бязвольным, але капрызным, так не жартуюць”.
Уголас Зеляной сказаў з выглядам душы-хлопца, які ўсім рэжа праўду-матку (яму гэтая маска пасавала, як Валуеву – маска крытыкана і ліберала, рупліўца аб Расіі, і ён трымаўся за яе так, што яна прырасла да аблічча):
– І нас з вамі тое самае чакае, Пётр Аляксандравіч. Самастойныя мы занадта, на павадку хадзіць не любім.
Абодва ведалі: калі іх што і зваліць, то чарговы падкоп сяброў, але думаць аб самастойнасці абодвум было прыемна.
– Відаць, вялікі князь Канстанцін абудзіў у гасудару гэтую думку аб процідзеянні міністра дзяржаўных маёмасцяў і яго падначаленых, – задумліва сказаў Валуеў. – Мураўёў сябе трымае з большай годнасцю і спакоем, чым звычайна.
– О, ён дзівосны! Ён сказаў, што воля яго вялікасці будзе свята спаўняцца і што, калі ён, міністр, знойдзе, што прыняцце нейкіх там мер пярэчыць яго сумленню і перакананням, ён будзе прасіць звольніць яго ад абавязку выконваць такія загады. Гасудар на гэта не сказаў ні-чо-га. Толькі “бывайце”.