Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 152)
Гэтыя шмат ведалі пра Алеся, чулі трохі пра Віктара з Кастусём. Але ці не найбольш звяртаў на сябе ўвагу аднакласнік Вацлава, невялічкі расточкам, трохі цельпукаваты шляхцюк. Аб ім па сакрэту Вацлаў сказаў Сабіне:
– Ведаеце, ён у пятым быў другі год. Ён вельмі разумны, але хваравіты і бедны і часта думае там, дзе думаць забаронена: у касцёле, у класе. Яму ёсць аб чым думаць. А яго падловяць і злуюцца. І смяюцца часам. Я над ім апякуюся. І заўсёды яго выстаўляю з лепшага боку. І хлопцы пачалі паважаць. А я з ім яшчэ гімнастыкай займаюся – і ён стаў зграбнейшы.
Трохі смешны, лабасты, але худы ў шчоках і востры ў падбароддзі, гэты хлопец наіўна цікаваў на свет вузкімі, як шчылінкі, глядзелкамі, якія нібыта толькі што прарэзаліся. Смешнае, сімпатычнае барсучаня. Звалі яго Франц Багушэвіч.
Быў ён значна старэйшы за Вацлава, але Сабіна не сумнявалася, што словы аб “апякунстве” не хлусня.
Адзін не ведаў добра моваў, акрамя сваёй, ды яшчэ, як гэта часта бывала ў беларускіх фальварках, падпсутых рускай і польскай. Другі, як помніў сябе, аднолькава валодаў шасцю.
Адзін чуў размовы аб выгодным у гэтым годзе ячмені (бровары павялічылі закупкі) і аб горшых, чым у
папярэдняга, казанях новага ксяндза. Другі з дзяцінства ведаў, у чым непрыдатная для ўмоў Беларусі аграномія
Лібіха і як менавіта развівалася красамоўства з часоў Цыцэрона і да нашых дзён.
І яны былі аднакласнікі. Не было ніякага дзіва ў тым, што адзін, які цягнуўся да ведаў, прывязаўся да таго, хто ведаў больш, хай сабе ён і быў малодшы. Не было ніякага дзіва, што малодшы цягнуўся да старэйшага, які валодаў адным несумненным веданнем, якога не набудзеш з кнігі: як менавіта даводзіцца на кожным кроку змагацца за сям’ю, за фальварак, за зямлю, за сваю годнасць і як выкручвацца з лап мацнейшага. Веданне Франца было таксама безумоўнае і вартае: веданне жыцця і бяды знізу.
Акрамя таго, Сабіна бачыла яшчэ адно. Франц дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты.
Гімназія рабіла з рамантычна-ўзнёслых, летуценных і справядлівых падлеткаў будучых тайных саветнікаў, пшутаў, снобаў і барычаў, і Франц разумеў, што ён павінен трымацца таго фарпосту чалавечнасці, які хаця і па-юначаму, але змагаўся з гэтым, і перш за ўсё Вацлава.
А душа ў яго была, і не абы-якая. Яна толькі пачынала развівацца, але ў глыбінях сваіх даўно ўсё разумела і абяцала далёка пакінуць за сабою многія і многія душы.
Сабіна аднойчы злавіла на сабе яго позірк. Хлапец глядзеў сваімі вузкімі вочкамі, і былі ў гэтым позірку цяжкаватая дапытлівасць, розум і адвечная – амаль не ад чалавека – прага праўды. Успамінаючы дабрадушныя вочы юнака, Сабіна кожны раз уздрыгвала. Ёй здавалася, што гэты чалавечак раптам спасціг усю яе.
Гэтым пакуль што не мог пахваліцца ніхто. І толькі яна сама ведала, хто яна. Ведала, што яе іранічнасць і яе розум – толькі сродак для таго, каб прыкрыць просты факт уласнай абыякавасці да жыцця.
Яна не жыла. Яшчэ з інстытуцкіх часоў. Пенсіённая сістэма забівала дваяка і не магла, дзякуючы сваёй
пачварнай і ветліва-халоднай бесчалавечнасці, не забіваць. Можна было зберагчы нешта адно: цела або душу. Пазбягалі гэтага адзінкі.
Адных яна забівала фізічна. “Божа, якія жахлівыя ледзяныя калоны, які холад у дартуарах!… Я не магу, я хачу на Дняпро… у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор’е, дзе заўсёды спыняецца маці і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!… Я хачу на мелавыя данскія горы, дзе вясною жар цюльпанаў… Як холадна!… Чаму я не магу гаварыць, як гаварыла?… Чаму я не магу дазволіць сабе маленькі водгук “з”, амаль нячутны, у слове “день”? Я не магу іначай, мой рот не так створаны, і я ж не буду актрысай, каб вымаўляць чыста…”
Такія плакалі па начах, пачыналі кашляць або прагна лавіць пах каменнавугальнага дыму і нафты. Наступала бязлітасная зялёная немач, хлароз.
Другія, мацнейшыя, сціскалі душу ў далонь, каб выжыць. “Гэтыя клоны – мармур? Дзякуй, мадам, спаць у холадзе здаравей… Імператар – душка, мы бачылі яго на акце… Я выпраўлю сваё вымаўленне, дзякуй вам… Мужчыны – гэта брутальна… Толькі тут я зразумела сапраўдную вартасць добрых манер… Гэта не нахабства ў маіх вачах, мадам, гэта пачцівасць, не злуйцеся…”
Такія выходзілі з інстытута здаровыя і ўсмешлівыя і дабіваліся поспеху, таму што ненавідзелі свет, і людзей, і адна адну.
Выходзілі са знявечанай, зламанай душой, з разважліва-халодным сэрцам, з той абрыдлівай бабскай подласцю, якая ў сто разоў горшая за подласць мужчынскую.
Выходзілі, гатовыя ісці цераз трупы. Бедныя душы!
Свет быў варожы і халодны, але ўсё ж яна, як кожная жывая істота, не хацела ледзянець і шукала паратунку. І паратунак з’явіўся.
А гэта быў ягоны брат.
Яна вырашыла ехаць. Хлопцы раптоўна сталі ёй чужыя. Апошнія дні яна таксама сустракалася з імі, але ў душы адчувала – хутчэй адсюль.
А яны жартавалі пры ёй, спаборнічалі ў дасціпнасці і рыцарстве, смяяліся, кідаліся думкамі.
Цёмнымі вачыма глядзеў на яе Цітус Далеўскі, трымалі паядынак Юллян і Алесь. Вацлаў перадражніваў Гедыміна, ідыёта Салаўёва і ханжу Баршчэўскага, як яны гавораць вясною аб выніках іспытаў і неабходнасці трымаць гімназістаў у ёжавых рукавіцах і як кожную хвіліну адхіляюцца, пачынаючы абгаворваць паненак, што праходзяць пад вокнамі.
І дабрадушна глядзела на іх толькі што прарэзанымі вачыма барсучаня, што прагнула праўды: Франц Багушэвіч.
Падрастала другая змена паўстання…
Яна сама не ведала, што з ёю. Ледзь прыехаўшы, пачала пытаць у дзядзькоў аб Алесю. Іван хваліў маладога князя за гаспадарлівасць. Але Тодар раптам накінуўся на Загорскага за залішняе патуранне мужыкам і ўвогуле за мужыкалюбства.
– Выдумаў сабе цацку дый важдаецца з ёю. Торкае сваёй беларускасцю ўсім у вочы. Гаворыць, бы гнойнымі граблямі нешта растрасае.
– Не звятрай увагі, – сказаў Іван.
Сабіна шукала сустрэчы. Паехала да Мсціслава, мяркуючы, што, можа, сустрэне яго там. Мсціслаў ні аб чым не здагадаўся, сказаў ёй, што Алеся ў яго другі тыдзень не было, і калі яна сустрэне яго, хай кіне яму ў вочы вось гэтую пальчатку, што ён тут забыў, маўляў, калі не заедзе днямі, то дуэль.
– Чаму ягоную пальчатку, а не вашу?
– А чаго я сваімі пальчаткамі раскідацца буду?
Пальчатку гэтую Алесь Загорскі не атрымаў.
Паехала яна і да Хаданскіх, не ведаючы, што яны ў сварцы з Загоршчынай. Але і з гэтай паездкі не атрымала нічога. Хіба толькі зрабіла ўражанне на Іллю, які ўжо быў у роспачы, чакаючы канца сваёй раўбічаўскай эпапеі.
Жыла яна ў сваім доме пры бровары, а да дзядзькоў заязджала рэдка, ды прытым была паглыблена толькі ў свае думкі і не заўважыла і другога: частых наездаў гасцей да Івана і Тодара. Ці то яна бачыла іх, але не звятрала ўвагі. А госці былі даволі падазроныя. Прыязджалі хаваючыся. Ад’язджалі ўначы. Вялі доўгія патаемныя размовы з гаспадарамі.
Былі гэта найбольш тыя людзі са шляхты, якія вялі гандаль і шалёна супраціўляліся дзейнасці пана Юрыя, а потым старога Вежы. Ім надыходзіла зараз апошняе разарэнне: выкупу не хопіць і на пашырэнне маленькіх гут і пільняў, душ у кожнага пяцьдзесят – шэсцьдзесят. Зямлю так ці іначай не зберажэш, а грошай не будзе і на тое, каб наняць былых прыгонных.
А тут яшчэ багатыры канкурыруюць. А тут яшчэ чырвоныя Загорскія рвуць зямлю з-пад ног, падлы, журботнікі над малодшым братам. Ім лёгка тужыць, а паспрабуй патужы ты.
Сярод гэтых узлаваных, даведзеных да крайнасці людзей з’явіўся раптам багаты Кроер. Гэтаму не было прычыны хвалявацца: жыў бы і без прыгону. Але ён ненавідзеў самую думку аб волі і аб тым, што ён не будзе мець фізічнай улады над людзьмі.
Акрамя таго, ён баяўся. Баяўся Войны і Корчака, якія гойсалі па пушчах і з якімі нічога не мог зрабіць Мусатаў, баяўся нападу, баяўся таго, што хлопы сталі “нахабныя”, што яны ўсё больш і больш адчуваюць свой гонар.
Гэтага баяліся і іншыя. З двух бакоў насоўвалася страшная небяспека: з боку багатых Клейнаў, Загорскіх, Раўбічаў і іхніх заможных шасцісотгадовых збраяносцаў, усіх гэтых Раткевічаў, Кальчуг, Юдэнічаў, з боку Турскіх, Івіцкіх-Лаўраў, з боку адроддзя магутнага старога дрэва – Ракутовічаў, з боку ўсяго гэтага пераплеценага сваяцтвам, традыцыямі і паданнямі клана, які зараз “чырванеў” на вачах, і яшчэ з боку мужычча, якое адчула сваю сілу і значнасць.
З двух бакоў чакала смерць, пагібель, галеча. І таму трэба было бараніцца аж да зубоў. І тут ужо нікому не было клопату, што Кроер і Таркайлы – беларусы, Панафідзін і Іваноў – рускія, Аўгуст Дзержак – паляк, а Сабаньскія-Юнашы і Стахоўскія-Агеньчыкі лічаць сябе палякамі. Наадварот, людзі, падобныя да апошніх пяці, галасней за беларусаў лямантавалі аб “gente albarutenus”[123], аб тым, што яны зжыліся і цяпер больш беларусы, чым “гнілыя заходнікі і сацыялісты” Загорскія; лямантавалі аб традыцыях і патрэбе “скуць мячы на абарону правоў спрадвеку чыстага шляхецтва, якое надае высакароднасці і ім”. І таму ўсе яны былі кранальна аднадушныя ў патрэбе “ўзняць меч”.
На вачах складалася арганізацыя, якая сваёй падступнасцю за нейкія тры гады запаскудзіла ўсю гісторыю Прыдняпроўя і нават потым мела два кароткія рэцыдывы: пасля забойства Аляксандра і ў 1904 годзе. Складалася самая абрыдлівая за ўсю гісторыю Беларусі грамада, якая каштавала жыцця ледзь не дзвюм сотням чалавек.