реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 151)

18

– Дур-рыла! Ты што?!

Але Андрэй з белымі вачыма схапіў ужо другі цэп і бег на Паўлюка.

– Гэх-х! – цапы стрэліся ў паветры, закруціліся адзін за адзін.

Паўлюк вырваў свой. Кандрат непаразумела глядзеў, як браты лезлі адзін на аднаго. Гэта быў ужо не жарт. І тады ён таксама схапіў цэп.

Паўлюк ляцеў на Андрэя, і Кандрат падставіў цапільна, ірвануў цэп з рук у брата і адкінуў у кут… Андрэй, нібы не разумеючы, наляцеў на іх, падняў цапільна: біч звыкла круціўся ў паветры.

Кандрат ведаў: адзін удар – і смерць. Скокнуў, схапіў Андрэя за рукі. Тым часам Паўлюк зноў схапіў свой, а заадно і Кандратаў цэп. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спіною прыціснуў Паўлюка ў кут. Не маючы змогі размахнуцца, яны гупалі аднымі бічамі то па сваіх руках, то па чужых спінах. Бічы боўталіся, як язык у звоне, і ляскалі мякка, але адчувальна.

Кандрат атрымаў ад кагосьці па галаве, вышэй падковы. Захістаўся. І ў гэты момант уварваўся ў гумно азярышчанскі пастух Данька. Гнаў каровы, хацеў папрасіць крэсіва і ўбачыў.

– Скачаце? – з лютым гумарком спытаў Данька. – Танцы?

– Аг-га, – нічога не разумеючы, – сказаў Кандрат.

– Ну, то я вам апошні зараз сыграю, – усміхнуўся Данька.

І шліхтануў, са стрэлам, цыганскай пугаю. Ды па ўсіх трох. Ды яшчэ. Яшчэ.

– Аюц, кноразы! Ашкір вам, бараны!

Урэшце да ўсіх трох дайшло, дый жыгала пуга, як гарачым жалезам.

Браты адпусцілі адзін аднаго. Кінулі цапы.

Няладна было ў гумне.

Не глядзелі адзін аднаму ў вочы.

– Вы што ж гэта? – спытаў белы як смерць Данька. – Ах, ёлупы, ах вы, дрэнь навалачная.

Кагуты маўчалі.

– І, пэўна, праз бабу. Я і то бачу: на вёсцы адзін смаляны плот ды тры балваны ля яго…Ды ёсць такая

баба, каб вартая была?!

Кандрат урэшце апамятаўся.

– До ўжо. Не чапай бабы.

– Я яе зачаплю, – пагрозліва сказаў Данька. – Не ўсё мне па жаўнерках ды ўдовах. Падумаю вось, падумаю, ды ў вас, казлы, і ў цябе, пісклюк, так яе смыкну з-пад носа…

Гожы Данькаў твар быў рэзкі. Нешта ястрабінае было ў вачах. Задрыжалі бровы:

– Браты. Ды вы, як пырнік, з адной сувалкі ўсе… Ану мірыцеся!

Маўчанне было доўгае. Потым Паўлюк цяжка ўздыхнуў.

– Я вінаваты, Кандрат… Вінаваты, Андрэйка.

– Чорта нам з таго! – сказаў Андрэй.

– Я сказаць хацеў – духу не хапіла.

– З табою яна хоча? – глуха спытаў Андрэй.

– Але… Не хацеў, браце.

Андрэй махнуў рукою:

– А, ды што там… Спаў ты, як сумленне раздавалі… Хадзем, Кандрат!

…Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Парушыў маўчанне Андрэй:

– Ну?

– Вось табе і ну. Праспалі.

– Ды што ж зробіш? Другому б бакі намялі. А тут… Брат усё ж…

І Андрэй разгублена ўсміхнуўся:

– Дурні мы с табою, дурні. Адразу б спыталі. Вось і дачакаліся.

– Свіння брат, – сказаў “на пяць хвілін малодшы”. – Пад’ехаў-такі.

Кінь, – сказаў Андрэй, – ён добры хлопец.

– Добры хлопец. – Кандрат паліваў вадою гуз. – Як даў, то я аж сем касцёлаў убачыў… Ганьба цяпер! Бож-жа ж мой!

– Праляпалі мы с табой, браце, – сумна ўсміхнуўся Андрэй. – Адно нам з табою суцяшэнне. Быць нам старымі кавалерамі ды чужых дзяцей глядзець… Добра, што хоць не міне нашай хаты тая нявестка. І дзеці будуць – Кагуты.

Ён усміхнуўся, але Кандрат разумеў, як брату дрэнна. І хоць Кандрату таксама было так, што аж сэрца

сціскала, ён пажартаваў:

– Ну не. У адной хаце я з ёй не змагу. Тут, братка, нам з табою або дзяліцца з бацькам, або па бязмену

ў рукі ды да Корчака.

Твар у Андрэя быў спакойны. Толькі хадзіў пад скурай адамаў яблык.

– Нездарма, брат, Адам яблыкам падавіўся, – казаў Кандрат, з усёй сілы хочучы развесяліць брата. -

Урэште, чорт яго ведае. Можа, мы яшчэ з табою радавацца будзем, скакаць кожны вечар, што яе не ўзялі. Вось пачакай, трапіць ён у гэтыя жорны ды да нас і скардзіцца прыйдзе. А мы яму, вольныя казакі, чарку, ды другую, ды ў вуха.

– Што ж, – сказаў Андрэй. – Да Корчака дык да Корчака.

Сабіна Марыч шукала сустрэчы з Алесем. Пецярбург, а потым Вільня не памаглі ёй. У Вільні яна кідалася-кідалася, а потым адшкукала Вацлава Загорскага і наведвала яго ледзь не кожны тыдзень. Прыносіла яму цукеркі і садавіну, пытала, як жыве, як вучыцца, што піша брат.

Адзінаццацігадовы Вацлаў успрымаў усё як належны знак павагі і любові асабіста да яго. Яго, шчасліўца, сапраўды любілі ўсе. Так было ў Загоршчыне, так было і ў Вільні. І таму ён і яго кампанія сустракалі маладую вясёлую цётку радасна, загадвалі дзядзьку ставіць самавар, даставаць прыпасы. А потым ішлі разам з ёю гуляць на гару ці ў парк.

І Сабіна дадала сваёй дабрыні ў чалавечаю пяшчоту, якая ледзь не з нараджэння абмывала маладога Загорскага.

І Вацлаў пакрысе прымірыўся з смерцю маці. Яго, як і Алеся, заўсёды абкружалі сябры, якія рыхтавалі ў яго ўрокі, разам з ім сваволілі і падхарчоўваліся.

Сабіна разумела: гэтыя хлопцы – частка Вацлава. Вацлаў – частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці.

Малодшы Загорскі паехаў у Вільню па пратэкцыі, у шэсць год. Паколькі яму належала толькі палова капіталу – Вежа вырашыў хутчэй вывучыць яго, а потым паслаць вучыцца ў Германію на інжынера-дарожніка. Там чалавек канчаў вучобу не са ступенню магістра або бакалаўра, а са ступенню доктара. З гэтай ступенню ахвотна прымала для падрыхоўкі Англія. Вацлаў павінен быў скончыць падрыхтоўчы курс у кагосьці з кембрыджскіх прафесароў, прайсці практыку на англійскіх чыгунках і вярнуцца ў імперыю адным з майстроў сваёй справы, пасля чаго ўсё жыццё ён будзе чалавекам. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага.

Цяпер Вацлаў быў у шостым класе, але здаваўся замаладым для яго. Быў, праўда, танейшы за равеснікаў, але такі спрытны і моцны, што ў крыўду не даваўся. А чытаў так шмат і меў, галоўнае, столькі кніг, што ў ім сябравалі і сямікласнікі.

Вясёлы, рухавы, як жывое срэбра, дзіўна дасціпны для такога ўзросту, заўсёды гатовы нацягнуць нос начальству і пры гэтым сяброў выгарадзіць і самому не папасціся – ён быў агульны ўлюбёнец. Жанчыны здзіўлена глядзелі на яго на вуліцы, думаючы, які ж ён будзе, як вырасце.

Вацак сапраўды быў прыгожы. Валасы хвалямі, як у Алеся, вочы шэрыя, але ў блакіт, рот з прыемнай, трохі хітраватай складкай, толькі і грызці яму арэхі і жарты. Бровы ганарыстыя і добрыя.

Увесь ён быў ад Загорскіх і адначасова ўвесь свой.

Калі Сабіна ішла з хлапчукамі па вуліцы з ганарыста закінутай галавой – не было, напэўна, ніводнага чалавека, які не звярнуў бы ўвагі на гэтую кампанію.

Грэбень залацістых валасоў, вільготныя, як зялёныя каменьчыкі ў расе, вочы, уся – няўлоўная яшчарка, струменчык вадкага малахіту, якога не бывае на зямлі.

…Вакол Вацлава сабралася акрамя іншых ядро чалавек у сем. Тры сямікласнікі, тры хлопцы з шостага класа, адзін пяцікласнік.

Сямікласнікаў звалі Алесь Міладоўскі, Юллян Чарноўскі і Цітус Далеўскі. Апошні быў з небяспечнай сям’і, але ледзь не самы сціплы і добры з усіх. Глядзеў на Сабіну з адданасцю, танюткі, гарачы, як агеньчык, юнак, вельмі падобны на Вацлава.