Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 153)
Складалася “Ку-гa”, прыдняпроўская мафія.
“Ку-га” існавала вельмі нядоўга і паспела забраць параўнаўча мала ахвяр толькі дзякуючы агідзе мясцовых жыхароў да забойства ў спіну.
Начальства заплюшчвала вочы і на дзейнасць грамады, і на яе знішчэнне. А вынішчалі грунтоўна, не падкапаешся. І той, хто пацікавіцца гэтым пытаннем, павінен будзе толькі прагледзець статыстычныя лічбы. За два гады на тэрыторыі Магілёўшчыны загінула “ад ваўкоў” больш людзей, чым за мінулыя трыста год. Прычым чамусьці сярод тых, што загінулі, не было сялян, а ўсё больш шляхта (да сотні душ), гаспадары дзвюх-трох будаў ці гут і іншыя такія самыя людзі. Якой мераю дасі, такой і аддадуць. Супраць “Ку-гі” выступілі “воўчыя братэрствы”, аб якіх даволі многа і даволі негрунтоўна пісаў Доўнар-Запольскі.
…Сабіна Марыч не звяртала ўвагі на гэта. Яна шукала Алеся. А скончылася ўсё нечакана проста, і тон іхняй апошняй размовы не пакідаў ніякіх надзей на тое, што для Сабіны можа нешта змяніццца ў лепшы бок.
Яны сустрэліся і шмат гаварылі, і яна сказала яму, што свет робіцца лепшы, калі ў ім сустракаеш такіх людзей, як ён. І тады Алесь, нібы раптам зрабіўшыся відушчым, сказаў:
– Не трэба гэтага, Сабіна. Для вас я сусед і друг, як Раткевіч, як іншыя добрыя людзі. Зробіцца дрэнна – паможам. Ваш вораг – наш вораг. Ваш сябра – наш сябра. Вось і ўсё.
Яна бласлаўляла бога, што не паспела далёка зайсці, што не дайшла да апошняга прыніжэння.
– Я гэта і мела на ўвазе, князь. Я стаўлюся да вас, як да пана Юлляна.
– Вось і добра.
– І мне хацелася б ніколі зрабіцца для вас тым, што Хаданскія і Раўбічы.
Ён разумеў, што гэта ўдар, магчыма, нават лёгкая пагроза. Алесь ведаў – яна не паспела далёка зайсці, і радаваўся, што адсек адным ударам усе размовы. Але ён таксама ведаў, што ў думках яна зайшла далёка і цяпер нізавошта гэтага яму не даруе.
– Так, – сказаў ён. – Гэта сапраўды было б непрыемна. Асабліва для мяне.
Яна здагадвалася і раней, чаму яму непрыемна варожасць з Раўбічамі, а цяпер даведалася пра ўсё.
Святло пацьмянела.
Ёй нельга было жыць без яго. Раней – і ў марах – як без каханага. Цяпер – як без недасяжнай і адзіна патрэбнай істоты. У недалёкім будучым – як без ворага.
Міхаліна праз няньку Тэклю паведаміла Алесю, што яна зноў, трэці раз за гэтыя месяцы, выбіраючы час найлепшага яго настрою, зрабіла спробу пагаварыць з бацькам аб варожасці да Загорскіх.
Яна пісала, што гэта цяпер было больш чым цяжка. Наваколле не ведала, чаму пасля нападу Корчака на маёнтак Раўбіч асабліва змяніў свае адносіны да маладога князя. Алесь нікому нічога не расказваў. Раўбіч таксама маўчаў. Ведалі, што Алесь з табуном прыскакаў яму на дапамогу, а наконт далейшага хадзілі розныя чуткі. То казалі, што Загорскі спазніўся і бандыты ўжо зніклі, падпаліўшы дворныя пабудовы і не забіўшы пана, бо не хацелі залішніх ахвяр і вялікай аблавы. То гаварылі аб тым, што Загорскі ледзь не сапсаваў справы, яшчэ здалёк распачаўшы страляніну, бо трохі баяўся, што было цалкам натуральна. Гаварылі і аб нейкай вялізнай страшнай спрэчцы (выводзілі яе лагічнымі збудаваннямі), у якой нібыта абодва бакі асыпалі адзін аднаго ўзаемнымі абразамі. А хто казаў, што Алесь наогул не даехаў. Але ніхто нічога не ведаў.
Майка паведаміла, што паспрабавала растлумачыць бацьку ўсё.
Размовы, аднак, не атрымалася. Пан Яраш, каторы ўжо раз, спыніў яе і заявіў, што, калі яна кіне яшчэ хоць слова пра Загорскіх, ён – хоць ніколі не сказаў ёй нават грубага слова – ні з чым не палічыцца і завязе яе ў манастыр, да цёткі-ігуменні, на дадатковае выхаванне. Гады на чатыры.
Алесь, дачуўшыся аб гэтым, паскакаў да Раўбічаў і дзень гойсаў па гаях вакол маёнтка, пакуль Тэклін пляменнік не адшукаў яго там і не папярэдзіў, што з’яўляцца тут небяспечна, бо пан Яраш перахапіў запіску паненкі Міхаліны, падазрае, што перадавала іх Тэкля.
І Тэкля просіць, каб паніч не з’яўляўся, бо яго могуць падпільнаваць, бо Міхаліна амаль у турме, і Алесь можа толькі папсаваць усё і паненцы і ёй, Тэклі. І яна, Тэкля, абяцае: калі гнеў пана пройдзе – паведаміць Алесю.
Загорскі задыхаўся.
– Хлопчык, мілы, скажы ёй: калі ёй дадуць вольную – я яе да сябе вазьму. Хай перадасць адно слова – дзе можна сустрэцца.
Хлапчук чухаў адной босай нагой другую:
– Яна, дзядзька князь, казала, што есці ёй і так хопіць. Грошы, дзякуй богу, ёсць. Яна казала, што паненку кінуць не можа, бо той адной зусім дрэнна будзе. Едзьце вы, казала, калі ласка.
Загорскі зразумеў: пакуль што нічога не зробіш. Пакуль за Міхалінай і ўсімі, хто верны ёй, сочаць – трэба не насцярожваць Яраша і Франса. І ён паехаў да дзеда.
… Дзед, здаецца, ведаў усё і не ўсё з таго, што рабілася, ухваляў. Падумаеш, маўляў, рыцар бедны. Трыстан – трубадур і менестрэль, капуста а ля правансаль. І, нібы жадаючы паказаць Алесю, што ёсць і іншы погляд на рэчы і таму няхай асабліва не ідэалізуе, літаральна дапякаў яго з’едлівымі, несправядлівымі, але з гэтай прычыны яшчэ больш дасціпнымі разважаннямі аб жанчынах, іхніх адносінах да жыцця, мастацтва, мужчын і поспеху ў жыцці. Бачыў, што ўнук нібыта перастае быць мужчынам, і таму свядома прышчапляў атруту.
“Рыцар бедны” і злаваўся і адчуваў, што яго лечаць, і не мог не рагатаць, з такой смешнай злосцю і так падобна на праўду гэта гаварылася…
Ён не ведаў, што дзед ніколі не дазволіў бы сабе гаварыць так, каб яму не верылі. Асабліва ў такой вялікай справе, як надаванне гарту душы ўнука.
І Алесь сапраўды адчуваў, што яму лягчэй.
Яны гулялі над возерам. Дзед ішоў надзіва вальяжны і прыгожы, хіба што толькі трохі больш павольна, чым дзевяць год назад. Гумарыстычныя зморшчынкі ляжалі ля цвёрдых вуснаў старога вальтэр’янца.
– Ты думаў над тым, чаму яны так любяць займацца мастацтвам? Таму, што ў глыбіні душы пякуча адчуваюць сваю абдзеленасць у гэтым сэнсе. Разумеюць, што тут нічога не зробіш, але хочуць пераканаць мужчын, што гэта не так.
– Супярэчыце сабе, дзеду. Адкуль жа ў іх тады думкі?
– Вельмі проста. Ад першага мужчыны, які вучыў іх мастацтву. Ну і трохі, наколькі дазваляў мозг, развінутыя і дэфармаваныя. Так усё жыццё і таўчэ. У жыцці ёй станоўчая маральнасць чужая. Ведае яна толькі адмоўную – сорам. Ну, а ў мастацтве ў яе і адмоўнай няма.
Алесь успомніў Гелену.
– Гэта няпраўда, дзеду… Я кажу пра жыццё.
– Яны, браце, неэстэтычны пол. Грэкі былі несамыя вялікія дурні, калі не пускалі іх у тэатр.-Усміхнуўся: – Прынамсі, можна было хаця нешта чуць.
– Нават калі так – яны бласлаўляюць нас на подзвігі. Уся паэзія – ад кахання.
– Скажы: уся пагібель паэзіі ад кахання. Мільтан правільна сказаў сваёй жонцы: “Любая мая, табе і іншым – вам хочацца ездзіць у карэтах, а я жадаю аставацца сумленным чалавекам”. На жаль, пераважная большасць людзей аддае перавагу карэтам перад перакананнямі. А жанчына – яна заўсёды скажа: “Праменні – гэта галоўнае ў сонцы”; рэдка скажа: “Сонца кідае свае праменні” (гэта толькі адна Яраслаўна дадумалася, дый то са слоў паэта), і ніколі не скажа, як Дантэ: “Змоўк сонечны прамень…” Э, браце, нават лепшыя ў іх – дзяцінныя і каротказорыя.
І спытаў раптам:
– Ты чытаў добрых паэтаў-жанчын?
– Сафо.
– То я і заўважаю, што ёй усё жыццё была ў цяжар яе жаноцкасць.
– Але ж паэтэса.
– Гэта яе такой Фет у перакладах зрабіў, – без вагання сказаў дзед.
– Дык, можа, яшчэ з’явіцца.
– За тры тысячы год не з’явіліся, а тут з’явяцца. Натура не робіць скачкоў.
Немагчыма было з ім спрачацца, заўсёды ён меў рацыю.
– Ты, дзеду, зусім як магілёўскі Чурыла-Барановіч, – не вельмі выхавана сказаў раззлаваны Алесь. -
Магілёўскі Дыяген. З усяго здзекуецца, кпіць ды смяецца.
Дзед зрабіў выгляд, што не чуў:
– Хто такі?
– Я ж кажу: губернскі Дыяген. З дзівацтвамі. У доме вар’ятаў быў.
– Добрыя дзівацтвы, – сказаў дзед. – За іх і ўзялі?
– Не, сапраўды. Ідзе вуліцай і рагоча.
– Ну-у, каб гэта ўсіх браць, хто ў нас у краіне на вуліцах рагоча…
Алесь толькі рукамі развёў. А дзед ужо казаў далей:
– Ты не прымай усяго блізка да сэрца… Быў такі ў дванаццатым стагоддзі разумны-разумны папа Інакенці трэці. Напісаў ён трактат: “Аб пагардзе да свету”. Трэба табе пачытаць ды над сім-тым задумацца… Урэшце, нашто чытаць? Вось паслухай, што ён аб жыцці кажа… Ра-азумны быў! “Чалавек створан на няшчасце, не з агню, падобна як свяцілы нябесныя, не з вады, як расліны, а з аднаго рэчыва з жывёламі, таму і церпіць роўную з імі долю. Крыніца зла – ягонае цела, што заняволіла сабою дух і стала для яго турмою. Добрыя пакутуюць не менш за злых, – “калі не больш”, – дадаў дзед. – Жыццё ёсць барацьба. Чалавек вядзе яе з падобнымі сабе, з натураю, са сваім целам і з д’яблам. Не мінае дня, каб да асалоды не прымешваліся гнеў, зайздрасць, страх або нянавісць. Жыццё не што іншае, як жывая смерць, таму што мы паміраем, пакуль жывём, і лепей памерці зажыва, чым жыць мёртвым”. – Падумаў-падумаў: – Зрэшты… дурань ён быў, гэты папа. За што і абралі.
…Шмат займаліся справамі.
Прыбылі, урэшце, выпісаныя з Англіі малатарні і насенне. Многія прыязджалі глядзець на іх. Прыехаў і Іван Таркайла. Бегаў вачыма, разглядаючы:
– Што, толькі сваё малаціць будзеце?
І сялянскае. За невялікую плату. Выпішу яшчэ – можа, больш заможныя купяць, а менш заможныя хай бяруць, скажам, удзесяцёх.
– А бабы што ўзімку будуць рабіць?