реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 154)

18

– Глупства. Хай ткуць палатніну на продаж. Хай вучацца рабіць сарпінкі, міткаль. Промысел будзе. Скора будуць свае два аграномы.

Таркайла не вытрымаў:

– А не баіцеся?

– Чаго?

– З’явіліся нейкія людзі. Нядаўна за гэтыя рэформы Арсена Стрыбаговіча спалілі… Сына ягонага падстрэлілі. Усё чыста дымам пайшло: і будынкі, і сцірты, і завод… Сын ледзь ачуняў.

– Гэта вы пра тую “Ку-гу”? – сказаў Алесь. – Куга – яна і ёсць куга балотная. Куды вецер, туды і яна гнецца. А паспрабуюць на мяне вякнуць – вылаўлю ўсіх.

– Ды я хіба што кажу, – адступіў Таркайла. – Я і сам гэтых вырадкаў ненавіджу. Сам бы ўсё гэта завёў, ды пабойваюся. – Я – не вы. Спаляць. Нядаўна сустрэлі на дарозе лёкая майго Пятра ды запіску перадалі.

І Таркайла падаў Алесю шматок паперы. У левым верхнім кутку было груба намаляванае вока пугача з пяром-брывом. Ніжэй ішлі літары, ірваныя ад дрэннай паперы і вадкага атраманту.

“Бачым! Пойдзеш за Стрыбаговічам, возьмеш на пільню па вольным найме людзей – труна… Сёння зроблена – заўтра атрымаеш вяроўку, паслязаўтра не павесішся – праз дзень палім тваё пудзіла на Чырвонай гары ці на іншай высокай. Убачыш, не знікнеш – чакай савы. І іншым перадай, будзе ім тое ж…”

Ніжэй быў намаляваны крыж. Алесь усміхнуўся:

– Дайце мне.

– Што вы, – ціха сказаў Іван. – Ніколі!

Дрыжачымі пальцамі схаваў паперку:

– Заб’юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце…

– Ну глядзіце. А атрымаць-то я павінен быў першы. У мяне паўсюль па вольным найме людзі. Нават з маіх прыгонных.

– Я і кажу: сцеражыцеся… І маўчыце… Маўчыце… Хрыстом прашу.

Падышоў Вежа. Іван нібы надумаў новае:

– Усё гэта добра, навіны гэтыя. А капітал абаротны скуль?

– Я дам, – сказаў Вежа

– Яму дасцё. А ўсім іншым хто дасць? На якія такія шэлегі яны вучыцца будуць? – І дадаў: – Алесю Юр’евічу з вамі пашанцавала. Са срэбнай лыжкай у роце нарадзіўся.

Паехаў. Алесь здзіўлена раздумваў. Нашто гэта яму было? Дапамогі на ўсякі выпадак шукаў? То паможам, як спатрэбіцца.

І Алесь махнуў рукою на здарэнне з Таркайлам. “Ку-га”, “шму-га” – лухта якая!

…У жніўні невядомыя людзі конна вылецелі з пушчы на вітахмоўскую бурачную плантацыю. Трыццаць чалавек са стрэльбамі. Ніжняя частка аблічча ў кожнага завешана белым муслінам, каб дыхаць.

На гэтай дзесяціне першы год рос гонар і крывавы пот Алеся: з вялікімі цяжкасцямі, ледзь не зладзействам і хабарам здабыты з поўдня гатунак бурака ”Залаты”, з колькасцю цукру да дваццаці васьмі працэнтаў супраць звычайных шаснаццаці – дваццаці. Гаспадарка, дзе рос “Залаты”, належала барону Мухвіцу, генеральнаму дырэктару суполкі “Мінерва”, і была пад Вінніцай. Насенне Герман Мухвіц дастаў недзе ў Аўстрыі (ён быў яшчэ і член адміністрацыйнай рады Варшаўска-Венскай чыгункі), таксама ледзь не ўкраў і сцярог, трымаючы зубамі. Чалавека, які здабыў Алесю насенне, выгналі са службы, і давялося ўзяць яго на свё ўтрыманне.

Іншыя служачыя наадрэз адмовіліся гаварыць з Выбіцкім.

Вакол “Залатога” хадзілі ледзь не на пальчыках. Плацілі мужыкам і бабам удвая за апрацоўку кожнага рада. Алесь спадзяваўся, што праз год трэць плантацый будзе засеяна сваім “залатым”насеннем.

І тут здарылася.

Пад шалёнае “ку-га” невядомыя стрэламі адагналі працуючых і пачалі гайсаць па дзесяціне, выбіваючы яе капытамі, як ток. З лесу вылецелі каля дваццаці фурманак, распаўзліся па плантацыі і пачалі паліваць з бочак сакавітыя зялёныя рады густа-салёнай ропай.

Людзі пабеглі ў Вітахмо па дапамогу. А пакуль на плантацыю кінуўся Андрэй Пахвіст, аконам Сцюдзёнага Яра, што выпадкова апынуўся ў Вітахмо. Кінуўся адзін: ратаваць.

Прыбег і ўбачыў шабаш знішчэння: струмені ропы, цені коннікаў, што лёталі па полі. Выгукі, сакавітае храбусценне гічкі, стрэлы ў паветра.

Аконама набілі і прагналі з плантацыі.

– Перадай: будзе навіны заводзіць – прырэжам.

Праз гадзіну, убачыўшы, як з боку Вітахмо бягуць са стрэльбамі людзі, невядомыя абсеклі пастронкі і,

кінуўшы новыя бочкі разам з калёсамі ў разорах, прыпусціліся ў пушчу.

Людзі рынулі за імі, але адтуль ірвануў залп, і гнацца далей збаяліся.

Поле было – змешанае з гразёю тулкавіска[124]. Алесь ужо назаўтра ўбачыў, што ропа зрабіла сваю справу: гічаны, там, дзе яны ўцалелі, былі як зморшчаны сухі тытунь.

Ён загадаў выкапаць найбольш ацалелыя карані, перанесці пад аранжарэю і даглядаць, як ружы, загадаў шчодра паліваць поле вадой – а можа? – але сродку змагацца з гэтым у аграномаў не было: ніхто не сее бурак на саланчаку, з неба не ідуць салоныя дажджы. Уратаваць удалося не больш як дзесяткі тры каранёў.

“Залаты” загінуў.

Пахвіст дзёр на сабе валасы.

– За што?

– За тое, што кадлуб длугі, а ногі крутке, – змрочна казаў дзед. – Уцячы не паспеў… Ну до, до, мецьмеш за крыўду.

– Сволачы, – сцяўшы зубы, сказаў Алесь.

Дзед сумна ўсміхнуўся:

– А што такое мера добрага ці дрэннага? Шмат у каго – кішэнь. Дзеля яе іншы не тое што бурак – чалавека стопча.

– Скардзіцца будзем? – спытаў Пахвіст.

– Не, – сказаў Алесь. – Скінь з вітахмоўскіх мужыкоў палову нядоімкі. Прыбаў на цукроўнях вольнанаёмным шэсць грошаў на гадзіну. Вартаўнікам – стрэльбы, і, калі ўбачаць такога, завешанага, – вусны Алеся жорстка скрывіліся, – хай страляюць яго ў маю галаву. І мужыкі, калі заўважаць, хай страляюць.

– Правільна, – сказаў дзед. – То, кажаш, шляхта?

– Канечне, шляхта, – сказаў Пахвіст. – Гаворка выдае. Дый нашто мужыкам на добрыя для іх навіны скадзіцца.

– Ясна, – сказаў дзед. – Вось мы ім міну і падвядзем. Паглядзяць мужыкі, як Загорскім шанцуе, дык, глядзіш, кагосьці са сваіх і цокнуць абухом у лоб.

А праз тыдзень здарылася яшчэ горшае.

Стафан Кагут, старэйшы і пакуль адзіны жанаты з братоў, Юллян Лапата ехалі на адным возе з Сухадола. Вазілі сёе-тое прадаць. Прадаўшы, купілі чвэрць гарэлкі, узялі з яе па чарцы, пад хатняе сала, ды па другой, астатняе закаркавалі і паклалі пад посцілку: у Кагутовых пачыналі капаць студню два майстры, то хоць пры пачатку і не належыць, а напаіць трэба, няхай не кажуць, што Кагут скупірака.

Стафан купіў яшчэ поршнікі для малой. Надта ўжо добрыя былі поршні, як крамныя: ніз суцэльны, вяршок, як андарак, клятчасты, з жоўтых і сіненькіх скураных лычак, а раменьчык, якім зашморгваюць, чырвоны, як мак-відук.

Стафан увесь час даставаў і разглядаў іх, усміхаючыся ў маладыя, густаватыя ўжо вусы, прыемна-залацістыя, як у бацькі. Самы бяскрыўдны з усіх Кагутоў, вады не замуціць, ёнбыў добры муж і добры бацька.

Усе прыезджыя ва ўсіх кнігах хвалілі тутэйшых людзей за тое, што добрыя бацькі і мужы. Але тыя кніг не чыталі, дый здзівіліся б, прачытаўшы: “А як іначай? Малады – дурэй колькі хочаш, хоць у лазу з чаканам ідзі, а ажаніўся – тут ужо не-е!”

Ехалі дадому трохі вясёлыя. У Стафана таксама быў голас, хоць і горшы, чым Андрэеў. Ён спяваў, а Юллян падцягваў яму густым басам:

Былі ў маці тры сыны на раду, Загадалі ўсім тром на вайну. Ой, старэйшаму не хочацца, Малодшаму не прыходзіцца, А сярэдні меч бярэ, збіраецца, З бацькам, з матухнай прашчаецца. “Не кусай вусы, мой татка, пры мне, Не плач, мая родная матка, пры мне, Не плач, не плач, мая матухна, пры мне. Наплачашся, мая мамка, без мяне.