реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 150)

18

– Помню толькі, што незвычайнай храбрасці быў чалавек. На што ўжо тыя басурманы, а ён і іх перабасурманіў. Набраў сабе добраахвотнікаў – такія ж адарві-галовы, як ён, – дый пайшоў гуляць. Сам у чырвонай сарочцы, у бешмеце, конь пад ім белы… Што ты думаеш, на такое паглядзеўшы, ды жыццём не рызыкаваць – гэта нельга. Вельмі проста і з розуму з’ехаць або запіць да апошняга салдацкага крыжа ды забыцца, хто ты ёсць, чалавек.

Засмяяўся:

– Мы з ім і ў крэпасцях на лініі стаялі. Гэта толькі кажуць, што “вайна, у, вайна!”, а на самай справе вайна – гэта нудота. Асабліва ў крэпасці. Рэдка вясёлае здарыцца. Быў я некаторы час камендантам крэпасці Шатой. Адна назва, што крэпасць. Вал ды заплот, ды сям-там глінабітны мур. Ну, аднак, у мяне салдаты ды некалькі гармат. Вось аднойчы стаю на муры, аж бачу – пыл на дарозе. Ляціць коннік. Абадраны такі джыгіт. Буркаю нешта прыкрыў. Падлятае пад браму: “Іван! Адчыняй!” – “Чаго табе трэба?” – “Адчыняй! Прапаў зусім, калі не адчыніш!”

Зноў засмяяўся.

– “Ды што табе тут конча трэба?” – пытаю. Той як узаўецца. Вочы бандыцкія, жаласныя, у горле аж клякоча: “Адчыні, шайтан. Марушка карапчыў”. А гэта ў яго, значыць, грошай не было, то ён сабе дзеўку, жонку, узяў ды ўкраў. Добра. Пусціў я яго. Ён дзякаваў. І дзеўка кланяецца. А зброю я ў яго ўсё ж забраў. Ведаю, чым гэта канчаецца. Даў яму з дзеўкай пустую халупу. Думаю: “Паспрабуйце знайсці. А калі і знойдзеце – позна будзе”. Сам пайшоў чай піць. І двух кубкаў не выпіў – кліча салдат: “Ідзіце на муры, ваша высакароддзе”. Іду. Бачу, перад брамай чалавек пяцьдзесят на конях. Усе са стрэльбамі. Ну, думаю, купіў сабе клопату з-за чужога вяселля… Наперадзе коннікаў чачэн. Нос бы ў ястраба, барада рыжая, як, ты скажы, ён яе назнарок пафарбаваў. Вочы бандыцкія. І папаха белым абкружана… Хаджа! “Іван, адчыняй, злодзей у цябе. Карапчыў маю дачку. Мы яго зараз рэзаць будзем”. А я яму: “Ты ў сваім доме дасі кагосьці рэзаць? Вось. А тут – мой дом”. – “Я ў сваім доме зладзеяў не прымаю”. – “То што, – кажу, – ніводны з тваіх гасцей па баранту за Церак не хадзіў?” Некалькі чалавек засмяяліся. Потым рыжы кажа: “Пусці мяне аднаго”. “Ну, адзін, – падумаў я, – нічога не зробіць. Дый позна”. “Ідзі, – кажу. – Толькі астатнія хай ад’едуць, а ты зброю пакладзі”. Рыжы кажа: “Кінжал адзін пакінь, Іван”.

Ну вось, не стаў я Рыжага абражаць. Пусціў. Ідзе той, вачыма толькі па баках зыркае. І як яго хто вядзе, проста да той мазанкі. Ну, думаю, пачнецца зараз.

Вочы Яроцкага смяяліся:

– Узяў кінжал ды як кінуў у дзверы, зубы ашчэрыўшы, – аж той дзюймы на чатыры ўпяўся. Толькі і сказаў: “Гых-х…” Зразумеў, што позна, але злосць сарваў. Ды яшчэ нібы сказаў гэтым ударам: “Узяў ты маю дачку, то на і кінжал, падавіся…” А праз некалькі дзён памірыліся. Такая гулянка перад крэпасцю была – любата! І мяне частавалі, як пасаджонага бацьку.

Памаўчаў:

– Гэта прыемна ўспомніць. А астатняе – хлусня. Народ, галоўнае, харошы. Нельга мне было таго джыгіта не пусціць. Ну што, ну зарэзалі б. Мала зарэзалі людзей? Мала іх і так рэзалі, каб яшчэ за каханне… Ведаеш, як па-іхняму “каханая” будзе? Х’ёме… чуеш? Як падыхаў… О!…

Дзядзька ішоў спаць. А Алесь ляжаў без святла і глядзеў, як у калідоры кідаецца ў печцы агонь.

Домік у садзе. Простыя людзі. Простыя словы і ўспаміны. Простыя спевы жанчын у людской.

Часаў ён сошкі З маіх белых плеч, Віў ён вяроўкі З маіх русых кос, Пускаў ручаінкі З маіх дробных слёз.

І ён яшчэ больш разумеў пасля гэтых дзён: усё ў прастаце, усё ў блізкасці да гэтых. Ім цяжка, трэба быць з імі.

Печка. Водсветы агню.

І ўвогуле, каму было добра жыць на гэтай зямлі? Усё, здавалася, ёсць, а баліць душа.

Твары плылі перад ім… Пан Юры… Маці… Раўбіч…

Чаму такія няшчасныя людзі?!

…Дзядзька… Лермантаў… Чаркесы… Шаўчэнка… Кастусь… Малахоўскі… Віктар… Чорны Война…

Чаму такая няшчасная зямля?! І вакол няшчаная, і асабліва тут няшчасная.

Скакаў у цемры агонь.

І, гледзячы на яго, Алесь думаў:

“Бунт ідзе… Ідзе паўстанне… Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу і ярасці. Няўмольны пажар ад Гродні да Дняпра. Яго не можа не быць, такое зрабілі з людзьмі… Ідзе воля да майго народа і ўсіх народаў…”

Агонь палаў у цемры.

Яна ідзе. Толькі сляпыя не бачаць, толькі глухія не чуюць. “Крывадушныя! Аблічча неба распазнаць умееце, а знаменняў часу не можаце?” Яна немінуча будзе ў тым паганым, паскудным свеце, які вы пабудавалі. Свеце найпадлейшай хлусні, бізуна, турмаў, уціску малых народаў, забароны мовы, заціскання рота… Але галоўнае – у свеце хлусні.

Бо вы не проста забіваеце людзей і народы – вы хлусіце, што вы іхнія дабрадзеі, і прымушаеце таго, каго забіваеце, каб ён крычаў: “Дзякуй!”

Набліжаецца час. Капае вада з рукамыйніка.

Кожная кропля – гэта на кроплю бліжэй да вашай пагібелі, як бы вы ні вішчалі і як бы вы ні трымаліся за жыццё.

Як бы вы ні хлусілі, якіх бы катаў і хлусаў ні куплялі і ні ставілі на сваю абарону.

Кроплі падаюць у цемры, і точаць, і набліжаюць…

Кап…

Кап…

Кап-п…

X

Таямніца Паўлюка Кагута ўсё ж выплыла наверх. Ды яшчэ зусім па-дурному. Даверылася Галінка Кахнова малому брату, Іларыю, паслала да Паўлюка, каб паклікаў. Малы прыбег дахаты да Кагутоў, даведаўся, што Паўлюк у гумне мяняе з братамі ніжні вянец бярвенняў, ускочыў туды ды ляпнуў:

– Паўлюцо-ок… Сястла пласіла, каб не затлымаўся, як учола.

Кандрат з Андрэем так і селі на бервяно.

Яшчэ праз імгненне Ілары ўжо ўцякаў, разумеючы, што зрабіў нешта не так, а Кандрат гнаўся за ім, каб распытаць падрабязна. Хлапчук быў, аднак, разумнейшы, чым можна было меркаваць, шмыгнуў ад дарослага боўдзілы ў лёх, у нару пад магазінам, ды там і астаўся.

Кандрат прапаноўваў яму здацца. Абяцаў розныя даброты салодкім, аж самому брыдка было – такі ўжо Цукар Мядовіч! – голасам. Малы толькі соп.

Кагут са злосці нарваў крапівы і туга запхнуў лаз, а сам, паціраючы далоні, пайшоў у гумно, думаючы, што б гэта ўсё азначала.

А калі прыйшоў – браты біліся.

– Братам… на дарозе… стаў? – выдыхаў Андрэй.

– Не чакаць жа… пакуль вы яе… удвох… сівую… у манастыр паведзяцё, – соп Паўлюк.

Кандрат кінуўся разбараняць і атрымаў ад Паўлюка ў вуха, а ад Андрэя ў сківіцу. Раззлаваўся, насунуў Андрэю, бо той даў першы. І яшчэ ад яго атрымаў. Натхнёны гэтым, Паўлюк нападдаў і пачаў націскаць на Андрэя, пакуль той, адступаючы, не ўпаў за бервяно і не накрыўся нагамі.

І толькі тады Кандрат зразумеў, што пакрыўдзілі і яго. І зусім не Андрэй. Схапіў брата загрудкі, кінуў цераз нагу на салому.

– Ты? З ёю?

Прыціснуў у кут.

– З ёю, – адважна адказаў Паўлюк.

– Будзеш?

– Буду.

– Вочы твае дзе былі? Два гады яна нам дарагая.

– Я спачатку і чакаў. Да не чакала яна. Неахвотна ёй дваццаць год чакаць.

– Не зыгуй. Не нясі. Адступіся.

– Не. – Паўлюк навесіў Кандрату.

І ў гэты час на малодшага наваліўся Андрэй.

Біткі біліся моўчкі, сцяўшы зубы. Браты-блізнюкі адчувалі: насмяяліся з самага дарогога, што ў іх было. Паўлюк быў у ярасці: два на аднаго. Дык чорта ім дзеўка. Спыталі б, халеры, у яе.

Паўлюка прыціснулі да сцяны. Разважлівы і спакойны, ён мог часам выбухаць шалёнай ярасцю. І цяпер, ведаючы, што яго адольваюць і могуць так налупцаваць, што тыдзень да плота не пойдзеш, ён адчуў у вачах чырвоны туман.

Рвануўся між братоў і зняў са сцяны цэп: дубовы біч на адпаліраваным рукамі арэхавым цапільне.

– Гэн! – рыкнуў так, што браты адляцелі. – Сунецеся да яе – заб’ю… Саромеўся вас, а вы з кулакамі… Заб’ю!

І рынуўся на іх. Кандрат быў зарагатаў, але адразу адскочыў. Цэп урэзаўся ў ток ля самых ягоных ног.