Владимир Бутромеев – Новыя прыгоды Несцеркі (страница 6)
Эге, ды тут нехта ёсць!
Хто такі будзеш, і як сюды трапіў?
Бургамістр. Ты што, не бачыш? Развязвай!
Несцерка. Бачыць я бачу, а развязваць не буду.
Бургамістр. Развяжы! Я бургамістр!
Несцерка. А як дакажаш? Пашпарт ё? Няма? А ты ведаеш, што бывае з бяспашпартнымі валацугамі? Ды яшчэ ў мяху? Ты ведаеш, што я магу з табою зрабіць? Я ж цябе — раз-два — і ў рэчку. Няхай там табе ракі дакументы выпісваюць, бо яны вусатыя, як валасны пісар.
Бургамістр. Э-э, пачакай, давай па-добраму. Я табе заўтра пашпарт выпішу.
Несцерка. Патрэбны ён мне, што мерцвяку балалайка. Я лепш цябе бултых — і ў рэчку.
Бургамістр. Э-э, я табе гандляваць без пошлін дазволю.
Несцерка. I гэта мне, што казе гармонік.
Бургамістр. Э, пачакай, ну што ты здзекуешся з чалавека.
Несцерка. А — і табе з бургамістраў у чалавекі захацелася? Заплач, тады адпушчу.
Бургамістр. Э-э-э…
Несцерка. Што, браток, гульнуў, як голы ў крапіве? Ну ды ладна, калі вада з вачэй яшчэ цячэ, то, можа, штось чалавечае засталося, адпушчу. Толькі памятай — прахожых больш не крыўдзі!
Бургамістр. Навошта ж крыўдзіць?
Несцерка. Эх, бачу, і ты чалавек неблагі. Ды толькі вось не жылец ужо.
Бургамістр. Гэта чаму ж?
Несцерка. Чуў краем вуха, зарэзаць цябе хочуць. Жонка твая. Напоіць і… Дамаўлялася яна.
Бургамістр. Брэшаш! З кім дамаўлялася?
Iван. Я табе пакажу — красці!
Несцерка. Эй-э, што красці — я спаць лезу.
Iван. А хто ты такі — спаць у маёй адрыне?
Несцерка. Работнік я, наняўся дровы калоць. А ты што ж, гаспадар гэтай хаце будзеш?
Іван. Быў гаспадар, ды не паспеў вокам маргнуць, як затараканілі мяне, братка, у салдаты.
Несцерка. I што ж — адслужыў!
Іван. Эге, братка. Адтуль толькі старым ці калекам адпусцяць. Армія ідзе маршам да граніцы. Кароль суседні з царом нашым у карты гуляў — ды і хлоп яго па лысіне. Казаў, муху хацеў забіць. А цар кажа: не было ніякай мухі. Адным словам, вайна можа быць. Гэта, брат, палітыка — справа тонкая.
Несцерка. Бач ты?!
Іван. Ну, пайшлі ў хату, што, табе там месца не знайшлося?
Несцерка. Хто яго ведае. Я чалавек прахожы, мне не пад плотам — і то добра. Дзе пакладуць, там і лягу, хоць і не вячэраўшы.
Іван. Ну то і перакусім разам. Мяне ж іх благароддзе на гадзіну адпусціў — дай Бог яму здароўя, паставіў яму выпіць на апошні рубель. Эй, Малання, адчыняй.
Малання
Іван. Што, касатка, — не рада?
Малання. А-о-о-о…
Іван. Сядай, добры чалавек. А ты цягні на стол усё, што ёсць. Можа, апошні раз у сваёй хаце перакусіць давядзецца — палітыка, брат, — тонкая справа. Ды расказвай, як жывеш тут без мужа.
Малання
Іван. Мабыць, не сумуеш?
Малання. А і не павесялішся — на хлебе з салам.
Іван. А салдат і вадзе, бывае, рад. А з салам ды хлебам — то свята.
Несцерка. Гэта так. Сала — добра, а вось гусь — таксама не горш.
Іван. Які гусь?
Несцерка. Тушаны — з печы, вунь там, за ўслонам.
Малання. Што ты мелеш, мо п’яны?
Iван. А ты адкуль ведаеш?
Несцерка. Ды я, міл чалавек, наскрозь бачу. Асабліва, калі есці хочацца. Заглянь, заглянь, гаспадынька, у печ і ў шафу.
Малання. Што ты вярзеш, валацуга!
Іван. Ну-ну, не шумі, я і сам загляну.
Несцерка. Давай, салдацік.
Iван. I як ты на гэтую шафу глянуў? А то бачыш, як з бабаю. А вось у нас таксама быў адзін гэтакі, як і ты. Але ён усё больш чарцей бачыў — дык яго ў манастыр адпусцілі.
Несцерка. Эй, чарцей — гэта я яшчэ ў дзяцінстве мог.
Малання. Ды ты сам чорт бязрогі.
Несцерка. Вось, напрыклад, бачыш бочку?
Іван. Ну.
Несцерка. А ў ёй — бачу — сядзіць чорт.
Іван. Не можа быць. А калі яго перахрысціць?
Несцерка. Не заўсёды дапамагае. Каб чым другім…
Іван. А ну, пачакай…
Малання. Ты што, здурнеў, у хаце…
Іван. Каб сам не бачыў — не паверыў бы. Я думаў, чэрці ўсе чорныя, а гэты голы, як турэцкі святы.
Несцерка. Э-э, братка. Усялякія бываюць.
Іван. А ты, жонка, што скажаш? Даўно ў хаце чэрці завяліся?