Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 99)
Думкі спанавалі:
Адзінокія, старыя...
Каму мы надбалі
Дабра таго?» — «Чакай крыху!
Чуеш? Нехта плача
Ля варот... Нібы дзіцятка!
Пабяжым жа!.. Бачыш?
Казаў жа я, нешта будзе!»
Ускочылі разам,
Падбягаюць, спыніліся!
Перад пералазам,
Ля варот ля самых бачаць —
Дзіцянё спавіта —
Дый не туга, новенькаю
Світкаю накрыта.
Гэта маці спавівала,
Накрыла і летам
Дзіцянё апошняй світкай!..
Здзіўленыя гэтым,
Старэнькія маліліся,
А яно, як знае:
Напружыла ручаняткі
Ды ім выстаўляе
Маленькія... I замоўкла,
Нават і не плача,
Толькі ўсхліпвае. «Ну, Насця?
Я ж казаў! Вось бачыш?
Вось і шчасце, вось і доля
Старым, адзінокім!
Бяры ж хутчэй ды спавівай!..
Вунь які, няўрокам!..
Нясі ў хату, а я зараз
Прыбягу з кумамі
З Гарадзішча...»
Дзіўна неяк
Робіцца між намі!
Адзін сына праклінае,
З хаты выганяе,
Другі свечку, небарака,
Потам зарабляе,
Рыдаючы, ставіць яе
Перад абразамі —
Няма дзяцей!.. Дзіўна неяк
Робіцца між намі!
III
Аж тры пары на радасці
Кумоў назбіралі,
Ды вечарам ахрысцілі
I Маркам назвалі.
Расце Марка. Старэнькія
З радасці часамі,
Дзе пасадзіць, дзе палажыць,
Не ведаюць самі.
Мінае год. Расце Марка —
Для яго карова
У раскошы купаецца,
Каб ён быў здаровы.
Чарнабровая аднойчы
Прыйшла маладзіца
На той хутар да старэнькіх
У наймы прасіцца.
«А што ж? — кажа.—
Возьмем, Насця!»
«Ды возьмем, Трахіме,
Не дагледзім мы, старыя,