Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 98)
Ды сыноў двух прывяла,
У кітайку спавіла
I Дунаю аддала,
Ціхі-ціхі Дунай!
Маіх дзетак забаўляй,
А ты, жоўценькі пясок,
Даглядай сыноў, браток,—
Іх купай, спавівай
I сабой накрывай!»
I
Быў сабе дзед ды баба.
Ля сажалкі ў гаі з даўных-даўна
Вось так сабе жылі,
Як дзетачак двое,—
Усюды абое.
Пасвілі ягнят, як малыя былі,
А потым пабраліся,
Набытку даждаліся,
Прыдбалі хутар і млынок,
Развялі сабе садок
I пчальнік да яго —
Надбалі ўсяго.
Ды вось няма дзяцей у бабы з дзедам,
А смерць з касою ходзіць следам.
Хто ж іх старасць прывітае,
Дзіцем родным стане?
Хто заплача, пахавае,
Зробіць памінанне?
Хто, дабро спажыўшы, чэсна
Пражыве на свеце?
Хто з падзякай іх успомніць,
Як родныя дзеці?
Цяжка дзетак гадаваці
У бязверхай хаце,
А яшчэ цяжэй старэцца
У белым палацы
I па смерці ўсё пакінуць —
I дабро і хату —
Чужым людзям, чужым дзецям
На здзек, на растрату.
II
На прызбе неяк у нядзелю
Дзед з бабаю сабе сядзелі
Так хораша ў кашулях белых,
Старыя косці сонца грэла —
Ні хмаркі ў небе — ціха-ціха.
Ды люба, быццам гэта рай,
Ды ў сэрцы ім залезла ліха,
Як дзікі звер у цёмны гай.
У такім раю чаго ж бы
Старым сумаваці?
Ці не ліха даўнейшае
Прачнулася ў хаце?
Ці прыдушанаму ўчора
Вярнулася сіла?
Ці мо сёння завялося
Ды рай запаліла?
Аб чым сумуюць, я нічога
Пра гэта не магу сказаць.
Мо ўжо збіраюцца да бога?
Дык хто ў вялікую дарогу
Ім будзе коні запрагаць?
«А хто нас, Насця, пахавае,
Калі памром?» — «Хіба я знаю?
Я сама ўсё меркавала —