Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 97)
Арол з па-над хмары —
Замест гуся — і расклюе
Папскую ціару.
Дык няхай ім! Разбрыліся,
Як тыя вароны,
З крывавага таго свята
Манахі, бароны,
Парасселіся ў будынках,
Клопату не маюць,
Банкетуюць, час ад часу
Te deum спяваюць.
Ўсё зрабілі... Ды чакайце!
Унь над галавою
Стары Жыжка з Табарова[96]
Махнуў булавою.
1845
с. Мар’інскае
НАЙМІЧКА
Пралог
У нядзелю раным-рана
Поле крылася туманам,
На кургане сярод поля,
Як пахілая таполя,
Маладзіца маладая
Нешта к сэрцу прытуляе
Ды з туманам размаўляе:
«Ой, тумане, тумане,
Мой ты лёс-гараванне!
Чаму мяне не схаваеш
У гэтым кургане?
Чаму ты мяне не ўгоніш
У гэту зямельку,
Маёй долі не засыплеш,
Не ўбавіш мне веку?
Не душы мяне, тумане,
Схавай толькі ў полі,
Каб ніхто не знаў, не бачыў
Маёй цяжкай долі...
Я не адна: у мяне ёсць
I бацька і маці...
У мяне ёсць... Туманочку!!.
Тумане, мой браце!..
Нехрышчоны мой сыночак,
Мой любы саколе!
Не я цябе хрысціць буду
На марную долю,
Перахрысцяць цябе людзі,
Я ж не буду знаці,
Як завешся... Дзіця маё!
Жыла я ў багацці...
Не лай мяне! Я выпрашу
I вымалю ў бога
Долю, выплачу слязамі
Для сына малога!»
Пайшла полем праз туманы,
Ішла і рыдала,
Ды праз слёзы ціха-ціха
Пра ўдаву спявала,
Як яна ў рацэ Дунаі
Сыноў пахавала.
«Ой, у полі магіла,
Удава там хадзіла,
Ой, хадзіла, гуляла,
Зводу-зелля шукала.
Зводу-зелля не знайшла,