Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 101)
Марка выстаўляе
I мамаю няўтомнаю
Ганну велічае.
Ён не знае, расце сабе,
Расце, падрастае.
IV
Гадоў нямала прамінула,
Вады нямала працякло,
На хутар ліха заглянула,
I слёз нямала там было.
Бабусю Насцю пахавалі
I дзеда ледзь адратавалі,
Па свеце ліха прагуло,
Пасля заснула. Стаў нанова
Патроху хутар ажываць,
I шчасце зноў прыйшло з дубровы
Да дзеда ў хату спачываць.
Ужо Марка чумакуе
I восенню не начуе
Ні ў хаце, ні пад хатай,—
Каго-небудзь яму сватай!
Стары думае: «Каго ж бы?»
I просіць парады
У наймічкі. А наймічка
Да царэўны б рада
Сватоў паслаць: «Трэба ў Маркі
Запытаць самога».
«Добра, дачка! Запытаем
Ды за справу з богам!»
Сталі радзіцца, пытацца,
А пасля з сватамі
Пайшоў Марка. Вярнуліся
Людзі з ручнікамі,
З святым хлебам абмененым.
Высваталі панну —
Хоць бы гетману самому,
Дык было б да стану.
I дзе яны гэтакае
Дзіва напаткалі?!
«Дзякуй жа вам! — стары кажа,—
Цяпер, каб вы зналі,
Да канца давесці трэба —
Дзе, калі вянчаці,
Дый вяселле! Вось яшчэ што:
Хто ў нас будзе маці?
Не прыждала мая Насця!..»
Заліўся слязамі.
А наймічка ўхапілася
За вушак рукамі,
У парозе абамлела.
Ціха стала ў хаце,
Толькі наймічка шаптала:
«Маці... маці... маці!»
V
Цераз тыдзень маладзіцы
Каравай мясілі
На хутары. Стары бацька,
Колькі мае сілы,
З маладзіцамі танцуе
Ды двор вымятае,
Каго ўбачыць на дарозе —
У двор запрашае,
Ды гарэлкаю частуе,
На вяселле просіць,—
Забегаўся, аж самога