Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 93)
Няма каму раскаваці,
Аднадушна стаці
За евангелле той праўды,
Якой прагнуць людзі!
Няма каму! Божа! Божа!
Ці ж то так і будзе?
Не! Настане час вялікі
Нябеснае кары!
Ці разломім тры кароны
На гордай ціары![84]
Так, разломім! Благаславі
На помсту, на мукі,
Благаславі мае, божа,
Няцвёрдыя рукі!»
Вось так у келлейцы праўдзіва
Іван Гус думаў разарваць
Аковы пеклавы!.. I дзіва,
Святое дзіва паказаць
Вачам нязрачым.
«Пабарусь!..
За мяне бог!.. Хай споўніцца!»
I ў віфліемскую капліцу[85]
Пайшоў маліцца добры Гус.
«У імя госпада Хрыста,
За нас распятага на дрэве,
I ўсіх апосталаў святых,
Пятра і Паўла асабліва,
Мы адпускаема грахі
Вось гэтай булаю[86] святою
Рабыні божай...»
«Вось той самай,
Што вадзілі па вуліцах
Пазаўчора ў Празе.
Вось той самай, што сланялась
Па шынках, па стайнях,
Па пярэсмыках манашых
I па келлях п’янай!
Вось яна і зарабіла
Ды булу купіла:
Святой стала!.. Божа! Божа!
Вялікая сіла!
Вялікая слава! Зірні на людзей!
Адпачынь ад кары у прасветлым раю!
За што прападаюць? За што ты караеш
Сваіх і пакорных, і добрых дзяцей?
За што закрыў іх, божа, вочы
I вольны розум акаваў
Кайданамі ліхое ночы?
Празрыце, людзі,— дзень настаў!
Распраўце рукі, мрок аблуды
Развейце, чэхі, будзьце людзі,
А не пасмешышча папам!
Кáты, разбойнікі ў ціарах
Ўсё патапілі, ўсё ўзялі,
Як у Маскоўшчыне татары,
I нам, сляпым, перадалі
Свае дагматы!.. Кроў, пажары,
Ўсё зло на свеце, як біч кары,
Пякельных мук бясконцы рад...
I поўны Рым байстрат!
Вось догматы іх і іх слава!
То слава ў яве!.. А цяпер
Вось тым паложана канклавам[87]:
Хто без святой булы памёр,—
У пекла пойдзе! Будзе ж плата