I славянскія народы
У цьме і няволі
Пералічыў да аднаго,
Пералічыў трупы,
А не славян. I ты стаўся
На вялікіх купах —
На ростані усясветнай —
Іезекіілем[81].
I — о дзіва! Трупы ўсталі
I вочы раскрылі,
I брат з братам абняліся,
I прагаварылі
Слова ціхае любові
Навекі і векі!
I паплылі ў адно мора
Славянскія рэкі!
Слава табе, любамудры,
Чэху-славяніне,
Што не даў ты патануці
У нямецкай плыні
Нашай праўдзе! Тваё мора
Стане морам новым!
Будзе скора яно поўным,
I паплыве човен
З шырокімі ветразямі,
Са стырном удалым,
Паплыве па вольным моры,
На шырокіх хвалях.
Слава табе, Шафарыку,
Вавекі і векі,
Што сабраў ты ў адно мора
Славянскія рэкі!
Прывітай жа ў сваёй славе
I маю нябогу,
Лепту-думку нямудрую
Пра чэха святога,
Вялікага мучальніка,
Пра слаўнага Гуса!
Прымі, ойча. А я ціха
Богу памалюся,
Каб усе славяне сталі
Добрымі братамі,
I сынамі сонца праўды,
I ерэтыкамі,
Вось такімі, як Канстанцкі
Ерэтык вялікі![82]
I мір свету падаруюць,
I славу вавекі!
1845
У Пераяславе
Камень, его же небрегоша зиждущий, сей бысть в[о] главу угла; от господа бысть сей, и есть дивен во очесех наших.
«Кругом няпраўда і няволя,
Народ замучаны маўчыць.
I на апостальскім прастоле
Чарнец адкормлены[83] сядзіць.
Крывёй гандлюе пад’ярэмных
I рай у наймы аддае!
Цару нябесны! Надарэмны
Твой суд і царствіе твае.
Разбойнікі, людаеды
Праўду пабаролі,
Асмяялі тваю славу
I сілу і волю.
У кайданах зямля плача,
Як па дзецях маці.