«Ой, гоп па вячэры!
Замыкайце, дзеці, дзверы!
Ты, старая, не журыся
Ды да мяне прытуліся!»
Ўсе гуляюць. А дзе ж Гонта?
Чаму не гуляе?
Чаму не п’е з казакамі?
Чаму не спявае?
Няма Гонты, як відаці,
Спяваці не смее
Ў гэтым часе.
А хто гэткі
У чорнай кірэі
Цераз рынак пераходзіць?
Стаў, рые ля слупа,
Ляхаў мёртвых раскідае.
Нагнуўся, два трупы
Узваліў сабе на плечы
I назад з базару
Цераз мёртвых пераходзіць,
Крыецца ў пажары
За касцёлам... Хто ж то гэткі?
Гонта ў горы ўночы
Нясе дзетак пахаваці,
Пяском закрыць вочы,
Каб казацкае іх цела
Сабакі не елі.
I па вуліцах, дзе меней
Калоды гарэлі,
Панёс Гонта сваіх дзетак,
Каб ніхто не бачыў,
Дзе сыноў ён пахавае
I як Гонта плача.
За дарогу ў поле вынес;
Свянцоны вымае
I свянцоным рые яму.
А Умань палае,
Свеціць Гонце пры рабоце
I на дзяцей свеціць.
Як бы спяць яны ў адзежы...
Чаго ж страшны дзеці?
Чаго Гонта, бы крадзе што
Або скарб хавае?
Аж трасецца... А з Умані
Чуваць, як гукаюць
Таварышы-гайдамакі.
Гонта як не чуе,—
Сынам хату сярод стэпу
Глыбоку будуе.
Збудаваў... Бярэ сыноў ён,
Кладзе ў тую хату
I не гляне, нібы чуе:
«Мы не ляхі, тата!»
Абаіх злажыў; з кішэні
Кітайку вымае
I цалуе ў вочы мёртвых,
Хрысціць, накрывае
Той чырвонаю кітайкай
Голавы казачы.
Паглядзеў, раскрыўшы йшчэ раз...
Цяжка-важка плача:
«Ой, сыны мае, сыночкі!
На тую Ўкраіну
Паглядайце! За яе вы —
I я з вамі гіну.