Умань запалала.
Ні ў харомах, ні ў касцёле
Нікога не стала.—
Паляглі ўсе. Разні гэткай
Не было паганай,
Што ў Умані бушавала.
Школу базылянаў,
Дзе вучылі дзяцей Гонты,
Сам Гонта руйнуе:
«Ты паіла маіх дзетак! —
Гукае, лютуе.—
Тут паілі невялікіх,
Дабру не наўчылі —
Бурыць сцены!»
Гайдамакі
Сцены развалілі.
Развалілі, аб каменне
Ксяндзоў разбівалі,
А школьнікаў у крыніцы
Жыўцом пахавалі!
Да самае ночы ляхаў выразалі;
I душы не знойдзеш. А Гонта крычыць:
«Дзе вы, людаеды? Дзе вас пахавалі?
З’елі маіх дзетак — цяжанька мне жыць!
Цяжанька мне плакаць! з некім гаварыць!
Ой, сыны, сыночкі, дзе мне вас шукаці?
Дзе вы запрапалі? Крыві, крыві дайце!
А крыві шляхоцкай, бо хочацца піць!
Хочацца ўзірацца, як яна чарнее,
Хочацца напіцца!.. Што вецер не вее,
Ляхаў не навее?.. Цяжанька мне жыць!
Цяжанька мне плакаць! Праведныя зоры!
Пакрыйцеся хмарай — я вас не чапаў,
Я дзяцей зарэзаў!.. Горачка мне, гора!
Дзе я прытулюся?»
Так Гонта крычаў,
Па Умані бегаў. А сярод базару
Сталы гайдамакі ставілі ў крыві;
Дзе што адшукалі, стравы наняслі
I вячэраць селі. Апошняя кара,
Апошняя вячэра!
«Гуляйце, сыны!
Піце, покуль п’ецца! Біце, покуль б’ецца!» —
Залязняк гукае: «Ану, разані
Што-небудзь, бязглузды! Няхай зямля гнецца,
Няхай пагуляюць мае казакі!»
I кабзар усыпаў:
«А мой бацька і купец,
I кравец;
Праля мая маці
Ды свацця;
Браты мае, кавалі,
Прывялі
I карову аж з дубровы
I маніста прыняслі.
А я сабе Хрысця
Ў манісце;
А на ліштве лісце
Ды лісце,
Чаравічкі і падковы.
Выйду ранкам да каровы,—
Я карову напаю,
Падаю,
З дзоцюкамі пастаю,
Пастаю».