Як пасярод мора
Крывавага, стаіць Гонта
З Максімам заўзятым.
Крычаць удвух: «Добра, дзеці!
Вось так іх, праклятых!»
Аж вядуць во гайдамакі
Ксяндза езуіта
I двух хлопцаў: «Гонта! Гэта
Твае дзеці ўмыты!
Ты нас рэжаш — рэж і іх ты:
Яны каталікі.
Чаго ж стаў? Чаму не рэжаш?
Покуль невялікі.
Зарэж і іх, бо вырастуць,
Дык цябе зарэжуць!..»
«Забіце пса! А псянятаў
Сваёю зарэжу.
Кліч грамаду. Прызнавайцесь,
Што католікі вы!»
«Католікі... бо нас маці...»
«Божа міласцівы!
Маўчаць! Маўчаць! Знаю, знаю!»
Збеглася грамада.
Католікі — мае дзеці...
Каб не было здрады,
Каб не было перасудаў,
Панове грамада!
Прысягаў, як браў свянцоны,
Католіка рэзаць.
Ой, сыны, сыны мае вы!
Малыя гарэзы!
Што не рэжаце вы ляха?»
«Будзем рэзаць, татка!»
«О, не будзеце вы рэзаць!
Будзь праклятай матка,
Праклятая каталічка,
Што вас спарадзіла!
Чаму вас да ўсходу сонца
Была не ўтапіла?
Менш бы грэху: вы памерлі б
Не каталікамі!
А сягоння, сыны мае,
Горачка мне з вамі!
Пацалуйце мяне, дзеці,
Не я забіваю,
А прысяга!..» Махнуў нажом —
I дзяцей не мае!
Парэзаныя палеглі.
«Тата...— булькаталі.—
Тата, тата!.. Мы не ляхі!
Мы...» — дый замаўчалі.
«Пахаваць, можа?» — «Не трэба
Дзяцей каталічкі.
Ой, сыны, сыны мае вы!
Чаму невялічкі?
Чаму ворага і матку
Не гналі ў магілу?
Тую матку-каталічку,
Што вас спарадзіла?..
Хадзем, браце!»
Ўзяў Максіма,
Пайшлі ўздоўж базару.
I абодва закрычалі:
«Кары ляхам, кары!»
I каралі... Страшна, страшна