Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 67)
Аж пакуль снегам занясло
Агрызкі воўчыя.
Не спыніла завіруха
Пякельнае кары:
Ляхі мерзлі, а казакі
Грэліся ў пажары.
Вясна ўстала і зямельку
Сонную збудзіла,
Уквяціла ў зелень кветкі,
Барвінкам пакрыла;
I на полі жаваронак,
Салавейка ў гаі
Зямлю ўбраную вясною
Ўранні сустракаюць...
Рай, ды годзе! Для каго ж ён?
Для людзей... А людзі?
На яго й зірнуць не хочуць,
А зірнуць — асудзяць.
Крывёй трэба змаляваці,
Асвяціць пажарам;
I багата хмараў.
Пекла мала!.. Людзі, людзі!
Калі ўжо з вас будзе
Дабра таго, што маеце?
Дзіўныя вы людзі!
I вясна кроў не спыніла,
Ні злосці людское.
Цяжка глянуць; а прыпомніш —
Так было і ў Троі.
Так і будзе.
Гайдамакі
Гуляюць, караюць;
Дзе праедуць — зямля ў прыску,
Крывёю сплывае.
Максім прыдбаў сабе сына
На ўсю Украіну;
Хоць не родны сын Ярэма,
А шчыры хлапчына.
Максім рэжа, а Ярэма
Не рэжа — лютуе:
З нажом вострым на пажарах
Днюе і начуе.
Не мілуе, не мінае
Нідзе анікога,
За ктытара ляхам плаціць,
За бацьку святога,
За Аксану... Дый замлее,
Ўспомніўшы Аксану.
А Залязняк: «Гуляй, сыну,
Покуль доля ўстане!
Пагуляем!» Пагулялі:
Купаю на купе
Ад Кіева да Умані
Леглі ляхі трупам.
Нібы хмара, гайдамакі
Умань абступілі
Апоўначы; да ўсход сонца
Умань затапілі,
Затапілі, закрычалі:
«Бі ляха, панове!»
Пакацілася па рынку
Jazda narodowa[69];
Пакаціліся і дзеці
I калека хворы.
Гвалт і галас... На базары,